Палітычная пераарыентацыя на Расію (1863—1904)

У другой палове XIX ст. заходнееўрапейскія народы адмаўляліся ад рэвалюцыяў як сродку абнаўлення грамадскага ладу і пераходзілі да рэфарматарскіх метадаў і парламентарызму. У Расіі ж, наадварот, пасля няўдалых і не даведзеных да канца рэформаў Аляксандра II колькасць прыхільнікаў рэвалюцыйных пераменаў узрастала.

Беларускае сялянства і расійскія народнікі

Дух незадаволенасці. Умовы жыцця на беларускіх землях складаліся так, што царскім рэжымам былі не задаволеныя практычна ўсе пласты насельніцтва. Ад рэакцыйнай нацыянальнай палітыкі цярпелі яўрэі, палякі, татары і беларусы-каталікі. Мясцовае сялянства пакутавала ад малазямелля і адміністрацыйных здзекаў.  Беларуская інтэлігенцыя, што выходзіла з народных гушчаў, хваравіта рэагавала на згаленне вёскі і на занядбанне нацыянальнай культуры. Нешматлікія рабочыя атрымлівалі за празмерную працу мізэрны заробак. Нават прадстаўнікі расійскай адміністрацыі пранікаліся тут духам лібералізму.

Сацыялістычная дактрына (народніцтва) і Беларусь. Барацьбу супраць царызму ўзначальвала руская інтэлігенцыя. У пошуках шляхоў пераходу да справядлівага грамадства яна захапілася ідэяй сацыялізму, якая ўзнікла ў заходнееўрапейскіх краінах. Але для расійскіх сацыялістаў ідэалам служыла не свабода, а сацыяльная роўнасць. У аграрнай Расіі сацыялізм мог быць толькі сялянскі. Ён атрымаў назву народніцтва, заснавальнікамі якога былі Аляксандр Герцэн і Мікалай Чарнышэўскі. Найвышэйшы ўздым рэвалюцыйнай актыўнасці народнікаў прыпаў у Расіі на 70-я – пачатак 80-х гадоў. Расійская сацыялістычная дактрына не магла прыжыцца ў Беларусі, бо тут не было моцных традыцыяў сялянскага абшчыннага жыцця. Мясцовыя вяскоўцы пасля царскай волі і падачак 1863 г. жылі яшчэ больш-менш выцерпна і ўсе свае надзеі на лепшае звязвалі з існуючым манархічным ладам. Палітызаваная інтэлігенцыя Беларусі жыла найперш ідэаламі вольнасці, а не роўнасці, якую абаранялі народнікі.

Сялянскае змаганне за зямлю. Сялянскі рух развіваўся на беларускіх землях незалежна ад дзейнасці народнікаў, сам па сабе. Калі да 1863 г. беларускія сяляне змагаліся за волю, то пасля 1863 г. і да канца XIX ст. – выключна за зямлю. Як бы сялянам ні было цяжка, яны стрымліваліся ад захопаў чужой уласнасці і спадзяваліся, што цар сам перадасць ім частку абшарніцкіх земляў. Толькі ў барацьбе за спрэчныя ўгоддзі, якімі карысталіся іх продкі яшчэ ў часы прыгону, вяскоўцы дэманстравалі зайздросную ўпартасць.
Перасяленне ў Сібір. Зямельная нястача прымушала сялянаў яшчэ на адзін крок адчаю. 3 80-х гадоў яны распачалі масавы рух за перасяленне ў Сібір на “вольныя” землі. У 1896 г. амаль сёмая частка сялянскага насельніцтва Магілёўскай губерні была гатовая пакінуць родныя мясціны. Спыніць перасяленцаў удалося толькі з дапамогаю войскаў.

Дзейнасць расійскіх народнікаў у Беларусі. Народніцкі рух у Беларусі канцэнтраваўся ў гарадах. Тут пад уплывам студэнцкай моладзі, што вучылася ў расійскіх універсітэтах, узнікалі вучнёўскія народніцкія гурткі. Гарадская інтэлігенцыя агітавала сярод рабочых і рамеснікаў – пераважна гарадскіх паўпераў (беднякоў), якія ўспрымалі ідэі сацыялізму болей прыхільна. Асабліва плённа працаваў мінскі гурток Я. Хургіна. Беларусь стала для рускіх народнікаў своеасаблівай базай. Пасля расколу агульнарасійскай народніцкай арганізацыі “Зямля і воля” (1876—1879) і ўтварэння замест яе дзвюх новых – “Чорнага перадзелу” і “Народнай волі” – у Мінск прыязджаў Георгій Пляханаў. Пасля гарачых спрэчак большасць тутэйшых рэвалюцыянераў аддзялілася ад “Народнай волі”, якая заклікала да палітычнай барацьбы шляхам тэрору, і падтрымала Георгія Пляханава, прадстаўніка «Чорнага перадзелу» – народніцкай арганізацыі, якая ставіла сабе за мэту весці сталую агітацыйную працу сярод сялянства для падрыхтоўкі ўзброенага паўстання. У Мінску (1881—1882) працавала падпольная друкарня “Чорнага перадзелу”. Яе выданні распаўсюджваліся па ўсёй Расіі. Тут быў наладжаны выраб фальшывых пашпартоў для рэвалюцыянераў Расіі. Узмацнялі свае пазіцыі ў Беларусі і нарадавольцы. У 1882 г. ім удалося стварыць арганізацыю “Народнай волі” ў Паўночна-Заходнім краі з цэнтрам у Вільні. Рэгіянальны орган павінен быў кіраваць народніцкімі гурткамі на беларускіх землях. Але арышты і правалы паралізавалі яго дзейнасць. 3 сярэдзіны 80-х гадоў народніцкі рух перажываў крызіс і слабеў. Яго прадстаўнікі адмаўляліся ад рэвалюцыйных метадаў барацьбы і пераходзілі на пазіцыі лібералізму.

Першыя нацыянальныя праекты

Пецярбургскія ініцыятывы. Заснавальнікам сялянскага сацыялізму ў Беларусі фактычна быў Вікенцій Канстанцін Каліноўскі. Знайшліся і паслядоўнікі. У 1881 г. створанае пры Пецярбургскім універсітэце беларускае зямляцтва звярнулася з адозвай “Да беларускай моладзі”. Студэнты заклікалі сваіх раўналеткаў набліжаць час вызвалення Беларусі, але не рэвалюцыйным, а мірным шляхам. А для гэтага раілі вывучаць жыццё народа, уздымаць яго маральнасць і эканамічны дабрабыт. Прыкладна ў такім самым духу была складзеная і гектаграфічная запіска “Пісьмы пра Беларусь” (1882). Яе аўтар хаваўся пад псеўданімам Даніла Баравік.Названыя дакументы складаліся не без уплыву прыхільнікаў “арганічнай працы”, погляды якіх набылі вялікую папулярнасць у Польшчы пасля паўстання 1863 г., і заклікалі да мірнай асветнай і эканамічнай дзейнасці.

Пад уплывам расійскіх народнікаў. Левае крыло беларускага зямляцтва не задавальнялася мірнай працай. 1 студзеня 1884 г. яно склала сваю гектаграфічную запіску пад назвай “Пасланне да землякоў-беларусаў”, падпісаную псеўданімам Шчыры Беларус. У ёй ставілася агульная задача дасягнення вольнага жыцця ў Беларусі рэвалюцыйным шляхам, але без канкрэтызацыі. Радыкальнае студэнцтва Пецярбургскага універсітэта яшчэ ў 1881 г. узнімала пытанне пра стварэнне беларускай народнай партыі на ўзор расійскай “Народнай волі”, якая аб’ядноўвала б усе рэвалюцыйныя гурткі беларусаў. У стварэнні партыі актыўны ўдзел бралі студэнт з Віцебска Аляксандр Марчанка і нарадаволец Ігнат Грынявіцкі. Але давесці справу да канца не ўдалося. Студэнцкая ініцыятыўная група сутыкнулася з абыякавасцю мясцовай інтэлігенцыі і супрацьдзеяннем прадстаўнікоў “Народнай волі” ў Беларусі.

Першая тэорыя развіцця беларускай нацыі. Менавіта гэтую тэорыю выпрацавалі сябры “Гомана”, для чаго спатрэбілася сур’ёзная аналітычная праца па вывучэнні як мясцовых традыцыяў вызваленчай барацьбы, так і публіцыстыкі ўкраінскага нацыянальнага лідэра Міхаіла Драгаманава, рускай народніцкай дактрыны. На думку сябраў “Гомана”, нацыі існавалі спрадвеку. Яны – роўныя. Іх нельга падзяляць на “вышэйшыя” і “ніжэйшыя”, на “дзяржаўныя” і “недзяржаўныя”. I, што вельмі важна, гоманаўцы першыя на поўны голас заявілі аб існаванні самастойнай беларускай нацыі. Яны паказалі, што беларусы, як і іншыя нацыянальныя супольнасці, маюць сваю мову, культуру, тэрыторыю, гістарычнае мінулае. З’яўленне першай беларускай тэорыі нацыі адмаўляла думку тых рускіх народнікаў, якія не лічылі беларускі народ самастойным і не верылі, што ён, такі цёмны і забіты, можа змагацца за захаванне сваёй самабытнасці і дасягненне палітычнай незалежнасці. Будучую Беларусь рэвалюцыянеры-беларусы бачылі ў складзе сацыялістычнай Расіі, пабудаванай на грунце федэралізму. Гэта была б краіна свабодных, самастойных, раўнапраўных і добраахвотна аб’яднаных краёў. Гоманаўцы не прымалі нарадавольскую ідэю адзінага федэральнага ўрада, бо баяліся дыктату рускай нацыі, але дапускалі магчымасць стварэння агульнарасійскага заканадаўчага сходу. Пастулат аб праве нацыяў на палітычную самастойнасць, які абвясціў у 1830-х гадах Францішак Савіч, напаўняўся гоманаўцамі канкрэтнай палітычнай праграмай. Свае ідэалы беларускія рэвалюцыянеры імкнуліся ажыццявіць шляхам рэвалюцыйнай барацьбы ўсіх прыгнечаных народаў імперыі супраць агульнага ворага – самаўладства.

Перагрупоўка сілаў апазіцыі. Пасля 1863 г. характар палітычнай апазіцыі царызму ў Беларусі істотна змяніўся. Сепаратызм зямельнай арыстакратыі быў прыдушаны. Наўзамен яшчэ больш пагрозліва для царскай манархіі ўзвысілася апазіцыйнасць, якая ахоплівала цяпер практычна ўсё грамадства. У рэчышчы гэтай плыні набірала сілу і новая генерацыя барацьбітоў за нацыянальную незалежнасць Беларусі.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии