Віленска-Радамская унія 1401 г.

Унутраная палітыка. Бітва на Ворскле скончылася паразай, якая парушыла далёкасяжныя планы Вітаўта і перакрыла шлях да яго ўсходнееўрапейскай гегемоніі. З іншага боку, смерць жонкі паставіла таксама і Ягайлу ў цяжкае становішча, бо сваёй каронай ён быў абавязаны толькі шлюбу з ёй. Зноў, толькі ўлагоджваючы польскую знаць, ён мог разлічваць на захаванне ўлады. Калі б польскія шляхцічы прымусілі Ягайлу адмовіцца ад трону, яму б давялося спрабаваць вярнуць сабе княскую пасаду ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт, у сваю чаргу, мусіў бы ці вярнуцца ў Трокскае княства, ці распачаць чарговую грамадзянскую вайну. У гэтых умовах і Вітаўт зусім не быў зацікаўлены ў тым, каб Ягайла вярнуўся ў Літву, дзе давялося б зноў дзяліць з ім уладу.

Акрамя таго, выкарыстоўваючы паслабленне ваенна-палітычных пазіцый феадалынай верхавіны Вялікага княства Літоўскага, такія буйныя цэнтры ўсходнеславянскіх зямель, як Смаленск і Разань, ў 1401 г. распачалі спробу дамагчыся незалежнасці ад Літвы і перайсці на бок Масквы. Мабыць, падобныя працэсы адбываліся і ў Сярэднім Падняпроўі , куды Вітаўт паспяшаўся прызначыць намеснікам свайго сваяка і найбольш дакладнага прыхільніка князя Івана Альгімунтавіча Гальшанскага1. Выбухнулі паўстанні ў Ноўгарадскай і Пскоўскай рэспубліках. Паслабленне ўлады Вітаўта спрыяла таксама ўзрастанню уплыву Свідрыгайлы, які прэтэндаваў на ўладу ў ВКЛ.

Выйсце з новых цяжкасцей Ягайла і Вітаўт пачалі шукаць у новым польска-літоўскім збліжэнні, вынікам чаго з’явілася падпісанне на пачатку новага стагоздзя новай дзяржаўнай уніі. Пасля паражэння на Ворскле Вітаўт з’явіўся да Ягайлы ў Кракаў, а на пачатку 1400 г. польскі кароль сам прыехаў да яго ў Вільню. Мяркуецца, што ўжо тады Ягайла саступіў Вітаўту “supremum principatum” (вяршэнства) над усім ВКЛ.

Акт, што заклаў асновы новых узаемадачыненняў паміж ВКЛ і Польшчай, Ягайла выдаў у канцы 1400 г. каля возера Круды паміж Гародняй і Мераччу (не захаваўся). 18 студзеня 1401 г. у Вільні Вітаўт выдаў прысяжны акт Ягайлу, які перадаў яму ў пажыццёвае трыманне ВКЛ разам з рускімі ўдзельнымі княствамі. Ягайла захаваў тытул вярхоўнага князя літоўскага, а Вітаўт афіцыйна набыў тытул вялікага князя літоўскага (фактычна ён ім быў паводле ўмоў Востраўскага пагаднення 1392 г.). Вітаўт стаў пажыццёвым гаспадаром ВКЛ і атрымаў поўную свабоду ў вырашэнні ўнутраных спраў. Пасля яго смерці ВКЛ павінна было перайсці да Ягайлы і яго нашчадкаў. Польскі бок абяцаў, што ў выпадку смерці Ягайлы і згасання яго дынастыі баяры ВКЛ будуць удзельнічаць у выбарах новага агульнага манарха. 18 студзеня 1401 г. у Вільні біскупы, князі і баяры ВКЛ выдалі акт, у якім абавязаліся не парушаць дагавору паміж Ягайлам і Вітаўтам (да яго было прывешана 40 пячатак). Польскія паны аналагічны акт выдалі 11 сакавіка 1401 г. у Радаме (з 49 пячаткамі). Упершыню унія паміж ВКЛ і Польшчай набыла характар дагавора паміж дзвюмя “палітычнымі народамі”. Упершыню ў вырашэнні дзяржаўна-прававых спраў ВКЛ з Польскім каралеўствам удзельнічала баярства рускіх зямель (з абодвух бакоў). У выніку заключэння Віленска-Радамскай уніі ВКЛ было адроджана не толькі як тэрытарыяльная адзінка (што адбылося ў 1392 г.), але і як дзяржаўнае ўтварэнне (хоць і падлеглае Польшчы), тым самым адбылося юрыдычнае аднаўленне дзяржаўнасці ВКЛ2.

Віленска-Радамская унія
Паўночна-заходнія і заходнія землі ВКЛ у перыяд: 1400 – 1404 гг.

Падпісанне дамовы па-рознаму трактуецца літоўскімі і польскімі гісторыкамі. Некаторыя называюць унію Вітаўтавай памылкай, бо гэта пазбавіла яго магчымасьці атрымаць тытул караля Літвы. Іншыя сцвярджаюць, што гэта была саступка Польшчы, пляны якой пра інкарпарацыю Вялікага Княства ў яе склад праваліліся. Больш познія даследванні не надаюць асаблівай значнасці пагадненню, называючы яго звычайнай мадыфікацыяй літоўска-польскіх стасункаў, паўсталых у 1392 г.

Дачыненні з Ардой. Паражэнне на Ворскле не азначала канчатковай адмовы Вітаўта ад рэалізацыі сваіх планаў па падпарадкаванні рускіх зямель. Гэтаму спрыялі тыя абставіны, што Арда, у палітычныя планы якой не ўваходзіла празмернае ўмацаванне Масквы, сама зрабіла як пэўныя крокі ў нармалізацыі адносін з Вялікім Княствам Літоўскім, так і шэраг антымаскоўскіх захадаў. У 1400 г. хан Шадыбек накіраваў да Вітаўта пасольства, выдаў ярлык на вялікае княжанне даўняму апаненту Масквы – цвярскому князю Івану Міхайлавічу, сыну памерлага ў 1399 г. Міхаіла Аляксандравіча. Была зроблена спроба разарваць саюз паміж Маскоўскім і Ніжагародскім княствамі.

Дачыненні з Ордэнам. Фармальна ад бітвы на Ворскле да падпісання Віленска-Радамскай уніі 1401 г. паміж Вітаўтам і Нямецкім ордэыам захоўваліся прыязныя дачыненні, тады як паміж Польскай Каронай і рыцарскай дзяржавай нарастала напруга. У свой час супярэчнасці з тэўтонцамі да абвастрэння старалася не даводзіць каралева Ядвіга, якая памерла ў 1399 г. Вітаўт яшчэ нейкі час стараўся не канфліктаваць ні з Каронай, ні з Ордэнам, якому быў абавязаны за дапамогу3.

  1. Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, “Наукова думка”, 1987
  2. Валерый Пазднякоў. В. Віленска-радамская унія (Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў двух тамах. Том 1. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Патруся Броўкі”, 2005. ст. 410)
  3. Ю. Бохан, Г. Галенчанка, В. Голубеў і інш. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Другі том. Мінск, “Современная школа”, “Экоперспектива”, 2008
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии