29 Лістапада 1830 г. у Царстве Польскім пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне, выкліканае комплексам сацыяльна-палітычных прычынаў, звязаных з палітыкай расійскага самадзяржаўя на далучаных пасля падзелаў Рэчы Паспалітай землях.
Вясной 1831 г. паўстанцкая барацьба разгарнулася ў Літве, Заходняй і Паўднёвай Беларусі, хоць яе ўсходняя частка заставалася, па вялікім рахунку, спакойнай. Але памылкова было б меркаваць, што паўстанне амаль не закранула сучасную Магілёўшчыну. Пасля пачатку польска-рускай вайны ў канцы 1830 года на беларускія землі цяжкім цяжарам ляглі яе нягоды – шматлікія рэквізіцыі, рэкруцкія наборы, свавольства з боку вайскоўцаў. Цяжка даводзілася сялянству. Гэтыя беды закранулі і жыхароў Магілёўшчыны. Для падаўлення паўстання ў сваім тыле – беларуска-літоўскіх землях – расійскае ваеннае камандаванне кінула буйныя сілы.
З мэтай лакалізацыі небяспечных ачагоў і хутчэйшага падаўлення паўстання ў красавіку 1831 была створана шматтысячная рэзервовая армія пад камандаваннем генерала П. А. Талстога з падначаленнем яму беларуска-літоўскіх губерняў. Першая лінія кватэрнага размяшчэння войскаў Рускай рэзервовай арміі праходзіла праз Полацк, Сянно, Оршу, Магілёў, Бабруйск, Быхаў, да Новай Беліцы. Штаб арміі першапачаткова размяшчаўся ў Віцебску.
На тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці значных хваляванняў народа, а таксама баявых дзеянняў амаль не адбывалася. Ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай знайшлі слабую падтрымку ў нашага, па большай частцы праваслаўнага насельніцтва. Да таго ж «нядобранадзейныя» грамадзяне высылаліся ў аддаленыя губерні Расіі альбо на працягу ўсяго паўстання ўтрымліваліся пад строгім паліцэйскім наглядам.
Тым не менш, ідэя адраджэння незалежнай дзяржавы ўсё ж знайшла свой водгук і ў нашых землякоў – былі і тыя, хто ваяваў з царскай арміяй на польскіх і землях ВКЛ, сярод іх было нямала афіцэраў польскай рэгулярнай арміі. Біяграфічныя звесткі пра гэтых людзей ёсць у кнізе О. Гарбачовай «Удзельнiкi паўстання 1830–1831 гадоў на Беларусi». Такім чынам, можна зрабіць выснову, што колькасць паўстанцаў з Магілёўшчыны – некалькі дзясяткаў чалавек (агульная колькасць паўстанцаў у беларускіх землях – больш за 10 тыс.).
Асобнае пытанне – гэта Бабруйская крэпасць у паўстанні 1830-1831 гг. Пасля пачатку лістападаўскага паўстання ў Варшаве імператар Мікалай I загадаў неадкладна узброіць і прывесці ў ваеннае становішча «фартэцыю» на Бярэзіне. Яе камендант генерал-маёр К.Берг атрымаў з С.-Пецярбурга сакрэтныя загады і дакладна выканаў іх. На «верках» (валах) крэпасці ў Бабруйску ён падрыхтаваў 146 гармат, хоць і не самага вялікага калібра. Такім чынам, Бабруйская крэпасць стала грозным і непрыступным бастыёнам рускіх войскаў і, акрамя таго, месцам зняволення для вялікай колькасці паўстанцаў.
Паўстанне 1830-1831 гг. хоць і ўскосным чынам, але вельмі негатыўна адбілася на Быхаўскім замку. Пасля падаўлення паўстання замак быў канфіскаваны ў Сапегаў і перайшоў у расейскую казну, прыйшоўшы разам з тым у запусценне. У канцы XIX стагоддзя тут размяшчаліся казармы, а ў ХХ стагоддзі замак прыйшоў у стан поўнай занядбанасці.
Вялікімі намаганнямі ў жніўні 1831 паўстанне было задушана па ўсёй Беларусі і Літве. Ўзброеная барацьба 1831 на тэрыторыі гістарычнай літвы працягвалася да восені, аднак весткі аб узяцці ў пачатку верасня рускімі войскамі Варшавы і паражэнні паўстання ў Каралеўстве Польскім прымусілі беларускіх паўстанцаў канчаткова скласці зброю.
Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. расейскі ўрад значна ўзмацніў русіфікатарскаю палітыку на землях былога ВКЛ. Маёнткі многіх памешчыкаў былі канфіскаваныя. На тэрыторыі Магілёўскай губерні такіх маёнткаў быў ўсяго адзін, у адрозненні, напрыклад, ад Гродзенскай губерні (70 канфіскаваных маёнткаў), дзе разгарнулася найбольш актыўная на тэрыторыі Беларусі вызваленчая барацьба.
Можна па-рознаму ставіцца да паўстання 1830-1831 гг. і да яго ўдзельнікаў-паўстанцаў. Але, варта памятаць, што паўстанне гэтае нацыянальна-вызваленчае па сваім характары, бо грамадзяне Рэчы Паспалітай, у тым ліку і беларусы, ураджэнцы Магілёўшчыны, адважна са зброяй у руках падняліся супраць вялікай несправядлівасці, звернутай супраць іх, – ганебнага захопу і падзелу іх Айчыны. Гісторыя дапамагае нам не рабіць памылак мінулага. Далёка не заўсёды паўстанні, мецяжы або мітынгі агрэсіўна настроенага народа з’яўляюцца эфектыўным сродкам барацьбы, часта прыносячы толькі непапраўную шкоду. Пра гэта варта памятаць, жывучы ў сучасным свеце.
© Вячаслаў Зайцаў, «Гістарычная праўда»