Смаленскае княства

Смаленскае княства — сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне, якое сфарміравалася ў ХІІ ст. вакол горада Смаленска. Займала тэрыторыю сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абласцей Расіі, усходнія раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей Беларусі.

Княства ўтварылася на аснове смаленскай групоўкі крывічоў, якая стала адасоблівацца ў VIII—IX ст. у вярхоўях Дняпра і Дзясны. Першыя паведамленні пра Смаленск летапісцы пакінулі пад 863 г. У 885 Смаленск быў падпарадкаваны кіеўскім князем Алегам.

Смаленскае княства

Палітычнае адасабленне Смаленска пачалося ў ХІ ст., але да пач. ХІІ ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. У 1120-я г. тут усталявалася самастойная дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам, які валадарыў болей за трыццаць гадоў і стаў пачынальнікам дынастыі смаленскіх князёў. Смаленская зямля вылучылася ў асобную дзяржаву-княства. Пры Расціславе Мсціславічу (1125—59), Смаленскае княства дасягала найбольшых памераў. У 1136 у княстве арганізавана самастойная епархія.

У ХІІ ст. Смаленскае княства пачало ўваходзіць у лік найбольш моцных дзяржаўных утварэнняў Русі. У другой палове ХІІ ст. Смаленск пашырыў свой уплыў на Полацкую ды Ноўгарадскую землі і за іх кошт павялічыў уласную тэрыторыю. У 1127 Расціслаў Мсціславіч захапіў у Чарнігаўскага княства паўночныя землі радзімічаў — Крычаў, Прапошаск і, верагодна, Лучын. У выніку 2-га паходу на землі радзімічаў (1142) ён пашырыў свае ўладанні да р. Унеча. З 1116 ў Глеба Менскага былі адабраныя Копысь і Орша. Часова ў залежнасць ад Смаленска трапілі Віцебск (з 1165 па 1195) і Друцк.

Пры Расціславе Мсціславічу пачалося драбленне Смаленскага княства на ўдзелы. У 1165 ён вылучыў «Романови Вячеславлю внуку» Васілеў і Красн. Пры пераемніках Рамана Расціславіча (1159—80) працэс драблення паскорыўся: у 1180 згадваецца ўдзел у Мсціславе, якім валодаў Мсціслаў Раманавіч, у 1209 — таропецкі ўдзел Мсціслава Мсціславіча Удатнага. У канцы ХІІ — пач. ХІІІ ст. ўплыў Смаленскага княства на іншыя землі паменшаў. Пасля смерці князя Мсціслава Давыдавіча (1230) пачаўся яго заняпад, абумоўлены ўсобіцамі паміж 2 лініямі смаленскіх князёў — Раманавічамі і Давыдавічамі. У 2-й пал. ХІІІ ст. са складу Смаленскага княства вылучыліся Вяземскі і Мажайскі ўдзелы. У пач. XIV ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам, але ў сферу яго ўплыву трапіў Бранск.

З сярэдзіны XIII ст. на Смаленск пачаліся набегі Літвы. Княства, якое ўсё больш слабела, паступова губляе землі, і Смаленск усё больш трапляе ў залежнасць ад Масквы і Літвы. У пач. XIV ст. ад Смаленскага княства адышлі да Вялікага княства літоўскага (ВКЛ) землі Падняпроўя, басейн Проні, верхняе Паволжа. Пры князі Іване Аляксандравічу (1313—58) Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Князь Святаслаў Іванавіч (1358—86) імкнуўся да захавання незалежнасці Смаленскага княства, але ў выніку паходаў ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на поўдні і поўначы, у т.л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у 1386, калі смаленская раць была разбіта ў бітве на рацэ Віхра (пад Мсціславам). Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч (1386—92) і Глеб Святаславіч (1392—96) знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вялікі князь ВКЛ Вітаўт у 1396 захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў; Глеб Святаславіч быў адпраўлены ў ВКЛ, а Юрый Святаславіч уцёк у Разань да свайго цесця Алега Іванавіча і з яго дапамогай у 1401 вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў вярнуць горад у 1401, 1402 і 1403; у 1403 ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць Алега Іванавіча ў 1404, Вітаўт вярнуў Смаленск: «винных всех… позабивал до троих тысячей, и, абы в Смоленску не было болшей уже бунтов, а княжество обернул в воеводство». Такім чынам, Смаленскае княства было ліквідавана і на яго аснове створана Смаленскае ваяводства.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии