І сусветная вайна засведчыла поўнае банкруцтва і нежыццёвасць рускай імперскай дзяржаўнай мадэлі. Яна не магла забяспечыць ні эканамічнай, ні ваеннай, ні палітычнай стабільнасці расійскай шматэтнічнай супольнасці. Для выхаду з крызісу патрабавалася не толькі знішчэнне самаўладдзя, але і расфармаванне імперыі (на ўзор Аўстра-Венгрыі).
Паспяховы бальшавіцкі пераварот у сталіцы (25 кастрычніка) не прывёў да аўтаматычнага захопу ўлады паслядоўнікамі Уладзіміра Леніна на беларускіх землях. Трыумфальнага шэсця саветаў, як пра гэта пасля хваліліся камуністы, напраўду тут не было. Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю (так звычайна называлі гэтую падзею пры савецкай уладзе) беларусы сустрэлі больш як назіральнікі, а не актыўныя ўдзельнікі. Таму ў шэрагах творцаў Кастрычніка ў Беларусі, нягледзячы на вялікія “намаганні” пазнейшых камуністычных гісторыкаў, не відаць тутэйшых дзеячоў, а калі яны і ёсць, то тэта, як правіла, не беларусы. Галоўных дзейных асобаў рэвалюцыі — Аляксандра Мяснікова, Вільгельма Кнорына, Карла Ландэра, Станіслава Берсана ды іншых — закінула сюды хваля першай сусветнай вайны. Рэвалюцыю ў Беларусі ажыццяўлялі, такім чынам, чужынцы (паводле азначэння нашага гісторыка Усевалада Ігнатоўскага, “прышлыя” бальшавікі).
Рэвалюцыйныя падзеі аніяк не вынікалі з развіцця тагачаснага беларускага грамадства. Для іх, па сутнасці не было тут сацыяльнай базы. Пра гэта даволі красамоўна сведчаць прызнанні саміх балышвіцкіх функцыянераў: “Моцных сувязяў з рабочымі няма, дзеля блізкасці да фронту наша арганізацыя па сутнасці ваенная” (А.Мяснікоў); “Гэтая шматтысячная маса ў салдацкіх шынэлях і была той самай сілай, што ажыццявіла кастрычніцкі пераварот у Менску і на Заходнім фронце”; “25 кастрычніка 1917 года бальшавізм быў чужы для шырокіх масаў” (В.Кнорын).
Наконт рэвалюцыйнасці мясцовага рабочага класа прышлыя бальшавікі ілюзіяў не мелі і таму асаблівых спадзяванняў на яго не пакладалі. Паводле словаў таго ж Кнорына, бальшыня рабочай секцыі Менскага савета складалася тады з бундаўцаў і меншавікоў. Падобна, што менскі пралетарыят застаўся ўбаку ад кастрычніцкіх падзеяў. У “героя” рэвалюцыйных барыкадаў ён ператварыўся значна пазней, калі савецкія гісторыкі пачалі падганяць падзеі пад свае шаблонныя схемы.
Нацыянальна-дэмакратычныя сілы не прызналі законнасці бальшавіцкай улады ў Беларусі “Гэтая ўлада была заўсёды чужая, небеларуская. Камуністычную ўладу стварылі не беларускія сяляне і рабочыя, а расейскае войска, якое стаяла на Заходнім фронце”, — пісала беларуская газета “Крыніца”.
Такім чынам, Кастрычніцкая рэвалюцыя была прынесеная ў Беларусь на расейскіх штыхах. Яна не была тут ні вялікай, ні сацыялістычнай, ні рэвалюцыяй. Гэтую падзею ў нас больш правільна называць военным пераваротам, як, дарэчы, яна і называлася напачатку яе творцамі.
© Ніна СТУЖЫНСКАЯ, кацдыдат гістарычных навук