Крызіс урада БНР, яго самаліквідацыя

27 снежня 1918 г. Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а затым (у выніку наступлення Чырвонай Арміі і дзейнасці польскіх дабраахвотніцкіх ваенізаваных фарміраванняў) у Гродна. Пад эгідаю ўрада БНР знаходзіліся некаторыя мясцовыя арганізацыі, быў наладжаны выпуск 5 беларускіх газет. Урад БНР у гэты час вёў барацьбу супраць прэтэнзій Польскай дзяржавы на беларускія тэрыторыі, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, паспяхова прайшлі перагаворы з урадам УНР аб дзяржаўнай пазыцы для ўрада А. Луцкевіча.

У сувязі з дзеяннямі польскіх легіянераў у канцы сакавіка 1919 г. урад БНР выехаў у Берлін. Тут была дэзавуіравана рэзалюцыя “Усебеларускага з’езда “, які нібыты адбыўся ў Навагрудку, аб далучэнні Беларусі да Польшчы. У маі 1919 г. ад старшыні мірнай канферэнцыі быў атрыманы дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж.

На пачатку чэрвеня 1919 г. урадавая дэлегацыя БНР прыбыла ў Парыж. Дэлегацыя разам з прадстаўнікамі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і інш. дабівалася прызнання іх дзяржаў поўнапраўнымі суб’ектамі міжнародных адносін.

Тым часам у красавіку 1919 г. рэгулярныя польскія войскі занялі Вільню і Гродна, на пачатку жніўня быў заняты Мінск. 19 верасня А. Смоліч і Я. Лёсік накіравалі Начальніку Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскаму ліст, у якім прасілі аднавіць дзейнасць структур БНР. Увосень 1919 г. доўгі час у Варшаве знаходзіўся А. Луцкевіч, які дабіваўся прызнання Польскай дзяржавай самастойнасці Беларусі.

1 снежня 1919 г. А. Луцкевіч, В. Захарка, П. Крачэўскі і інш. члены ўрада БНР пераехалі ў Мінск. 13 снежня адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду БНР і Народную Раду БНР па пытанні знешнепалітычнай арыентацыі і адносін да польскіх акупантаў. Іх старшынямі сталі адпаведна сацыял-дэмакрат Я. Лёсік і сацыяліст-федэраліст П. Крачэўскі. Таксама былі створаны і два ўрады БНР. Найвышэйшая Рада на чале кабінета пакінула А. Луцкевіча, Народная Рада прызнала кіраўніком кабінета В. Ластоўскага. Польскія ўлады хутка распарадзіліся аб разгоне Народнай Рады, арыштавалі В. Ластоўскага, П. Бадунову, Я. Мамоньку. Убачыўшы, што польскі ўрад не прызнае права Беларусі на дзяржаўную самастойнасць, 28 лютага 1920 г. А. Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў. Раней, у студзені, у Берлін выехалі старшыня Народнай Рады П. Крачэўскі і яго памочнік В. Захарка. Толькі ў маі змаглі выехаць у Рыгу В. Ластоўскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Я. Мамонька.

У сакавіку 1920 г. кіраўніцтва Польшчы пачало перагаворы з Найвышэйшаю Радаю БНР, польская камісія адхіліла большасць прапаноў Найвышэйшай Рады, аднак выдзеліла пэўныя сродкі на патрэбы беларускай школы і культуры. Ва ўмовах польска-савецкай вайны дзеячы БНР шукалі падтрымку як з польскага, так і з савкецкага боку. Аднак, калі ў ліпені савецкія войскі ўступілі ў Мінск, а ўрад РСФСР заключыў дагавор з Літвою, паводле якога значная частка беларускіх зямель перадавалася ў яе склад, гэта выклікала пратэст і Найвышэйшай і Народнай Рады. Надзея на тое, што БНР будзе прызнана Савецкай Расіяй знікла.

У той час калі савецкі і польскі бакі абмяркоўвалі ў Рызе без удзелу прадстаўнікоў беларускага народу ўмовы мірнага дагавору, у Рызе адбылася палітычная канферэнцыя, на якой было вырашана стварыць вакол урада В. Ластоўскага адзіны нацыянальны блок. Народная Рада БНР прызнавалася адзіным прадстаўніком беларускага народа і стала называцца Радаю БНР. Тым часам урад Латвіі на падставе дагавора з РСФСР ад 11 жніўня 1920 г. прапанаваў Радзе і ўраду Ластоўскага пакінуць тэрыторыю дзяржавы. 11 лістапада быў заключаны дагавор паміж БНР і Літоўскай Рэспублікай аб узаемным прызнанні, аб супрацоўніцтве і супольнай барацьбе за вызваленне беларускіх і літоўскіх зямель з-пад польскай акупацыі. Рада БНР і ўрад Ластоўскага пераехалі ў сталіцу Літвы Каўнас. У гэты час урад БНР спрабаваў сарваць савецка-польскія перагаворы ў Рызе, шукаючы падтрымкі ў розных еўрапейскіх краінах. Адзінае, што далі гэтыя намаганні, тое, што Парыжская мірная канферэнцыя паставіла Польшчы ў абавязак паважаць правы нацыянальных меншасцей. 18 сакавіка 1921 г. быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор.

25 – 28 верасня (паводле іншых крыніц 26 – 29 верасня) 1921 г. у Празе адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя (Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада) – сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый Заходняй Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася.

У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чалавек. Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С. Баран, К. Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л. Заяц, А. Карабач, В. Ластоўскі, Я. Мамонька, М. Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў – В. Захарка, К. Езавітаў, П. Крачэўскі, А. Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю – Б. Тарашкевіч.

Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920 г., у якой перасцерагала беларускі народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б. Савінкава адзначалася, што ён “Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі”, “не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа”. У рэзалюцыі аб дзейнасці С. Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку беларускіх нацыянальных палітычных арганізацый і з’яўляецца “узурпатарам і авантурнікам”. Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь – край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць “дзяржавай працоўнага народа”, пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рэзалюцыі з асуджэннем Рыжскага дагавора і аб становішчы беларускага народа пад акупантамі былі накіраваны ў роўнай ступені і супраць палякаў, і супраць Савецкай Расіі. Напрыклад, дэлегат К. Душэўскі адзначаў: “І Жэліговія, і Савецкая Беларусь — нежыццяздольныя і штучныя фарміраванні”. Яго падтрымаў Я. Мамонька, прадстаўнік Рады БНР, які вярнуўся з паездкі па БССР. Ён заявіў, што савецкая рэспубліка створана маскоўскімі камуністамі і “кіруюць там не беларусы”. Антыпольскі ўхіл не задавальняў некаторых беларускіх нацыянал-дэмакратаў, якія выбралі шлях супрацоўніцтва з палітычнымі і ваеннымі структурамі Польшчы. Так, А. Паўлюкевіч выказаў падзяку польскім уладам за падтрымку Слуцкага паўстання 1920 г. і выступіў рашуча супраць першай часткі лозунга “ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў”. П. Аляксюк, хаця і прызнаў недахопы ў палітыцы Варшавы, усё ж настойваў на больш сур’ёзнай пагрозе, якая ішла з Усходу, а не з Захаду: “І таму Беларусь павінна шукаць сабе падтрымку і дапамогу на Захадзе, у Польшчы і Антанты”, – падкрэсліў ён.

Урад БНР не спыняў дзейнасці на міжнароднай арэне. 27 красавіка 1922 г. на Генуэзскую міжнародную канферэнцыю па эканамічных і фінансавых пытаннях прыбылі В. Ластоўскі і міністр замежных спраў А. Цвікевіч. Старшыні канферэнцыі была ўручана нота аб прызнанні ўрадам БНР Вільні як сталіцы Літвы і згодзе на ўключэнне Сярэдняй Літвы ў склад Літоўскай дзяржавы ў якасці аўтаноміі. Мемарандум з просьбаю паставіць пытанне аб прызнанні БНР быў заслуханы на паяседжанні палітычнай камісіі канферэнцыі, аднак пасля дэмаршу дэлегацыі РСФСР беларускае пытанне ў парадак дня канферэнцыі пастаўлена не было.

Нота Ластоўскага і Цвікевіча 20 мая 1922 г. была асуджана ўрадам БНР. В. Ластоўскі падаў у адстаўку, але яна не была прынята. Затым Ластоўскі хацеў склікаць у Дзвінску нацыянальную нараду, аднак Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі выступіў супраць. Пачаўся ўрадавы крызіс. 11 кастрычніка 1922 г. была створана Дзяржаўная калегія з членаў Прэзідыума Рады БНР і некаторых міністраў. 20 красавіка 1923 г. В. Ластоўскі і дзяржаўны пісар К. Дуж-Душэўскі заявілі аб выхадзе з Дзяржаўнай калегіі.

23 жніўня 1923 г. сход беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў, які адбыўся ў Каўнасе, сфарміраваў новы ўрад БНР на чале з А. Цвікевічам. Палітыка літоўскага ўрада неўзабаве прывяла да таго, што 1 лістапада 1923 г. Прэзідыум Рады і ўрад БНР выехалі з Каўнаса ў Прагу (Цвікевіч застаўся ў Літве).

Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі.

У 1925 г. савецкія спецслужбы распрацавалі аперацыю па скасаванні Беларускай Народнай Рэспублікі і перадачы мандатаў урада БНР у Менск. Бальшавіцкія агенты пачалі актыўную “апрацоўку” часткі сяброў Рады, спасылаючыся на дасягненні беларусізацыі, абяцаючы тым, хто вернецца ў Менск, высокія пасады ў дзяржаўных установах. ЦК КПБ ухваліў гэтую працу і на адным з закрытых пасяджэнняў выдзеліў для такой справы пэўную суму ў замежнай валюце.

Тым часам палітыка беларусізацыі, якая праводзілася ў БССР і абвешчаная амністыя спрыяла таму, што сярод дзеячаў БНР раслі прасавецкія настроі, якія ўзмацніліся пасля ўзбуйнення БССР. 4 кастрычніка 1925 г. Рада Народных Міністраў падала П. Крэчэўскаму просьбу аб адстаўцы, якая і была задаволеная. 12 – 16 кастрычніка 1925 г. па ініцыятыве А. І. Цвікевіча ў Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя. На Другую Усебеларускую канферэнцыю прыехалі З. Х. Жылуновіч і намеснік паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы А. Ульянаў. Перад канферэнцыяй урад БНР прыняў дзве пастановы. Паводле першай, супраць якой галасаваў В. Захарка, Рада Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнала Менск “адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі”. Паводле другой, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным. Пасля гэтага Другая Усебеларусукая канферэнцыя большасцю галасоў прызнала Менск цэнтрам беларускага адраджэння.

Пастановы Рады Міністраў не мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі і яго намеснік В. Захарка не прызналі рашэнні Другой Усебеларускай канферэнцыі, а член Прэзідыума Рады БНР Я. Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К. Езавітава. У лістападзе ў газетах Чэхаславакіі з’явіліся паведамленні, падпісаныя Старшынёю Прэзідыума Рады П. Крэчэўскім, у якіх пераканаўча даказвалася несапраўднасць абвешчанай у БССР “самаліквідацыі БНР”.

Прэзідыум Рады БНР не прызнаў рашэння канферэнцыі і застаўся верны акту 25 сакавіка 1918. Хоць пасля члены Прэзідыума П. Бадунова і Я. Мамонька таксама пераехалі ў БССР, Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі і яго намеснік В. Захарка не прызналі Савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і дзяржаўны архіў БНР засталіся ў іх.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии