Рыжскі мірны дагавор (Рыжскі мір) быў заключаны 18 сакавіка 1921 г. у Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку, і Польшчай з другога.
Беларускія дэлегацыі ні ад БССР, ні ад БНР не былі дапушчаныя да падрыхтоўкі і падпісання дамовы. Аднак польскі гісторык Здзіслаў Вінніцкі адзначае, што фармальна бакі вайны не ваявалі з Беларуссю, таму беларуская дэлегацыя не магла быць бокам дамовы. Дэлегацыя БССР прысутнічала ў Рызе з самага пачатку перамоваў, але яе паўнамоцтвы не былі прызнаныя польскім бокам. Расейскі бок таксама ня быў зацікаўлены ва ўдзеле беларускіх прадстаўнікоў у працэсе выпрацоўкі пагаднення, паколькі гэта магло разбурыць дыпламатычную камбінацыю і нават сарваць заключэнне міру (ва ўмовах нежадання РСФСР рыхтавацца да зімовай кампаніі). Ад імя БССР выступала РСФСР. БНР апэлявала да вядучых еўрапейскіх дзяржаваў праз Раду амбасадараў у Парыжы, але сябры Антанты падтрымлівалі Польшчу, якая была адным з асноўных элемэнтаў пасляваеннай версальскай сістэмы.
Малавядомым з’яўляецца факт, што ў сустрэчах камісіі па тэрытарыяльных справах удзельнічаў у якасці эксперта беларускі камуніст Аляксандар Чарвякоў. Паводле прэамбулы, расейская дэлегацыя падпісала дамову «з даверанасцю» ўраду БССР і УССР. Артыкул другі дамовы прызнаваў «незалежнасць» (у арыгінале: «niepodległość», «независимость») «Украіны» і «Беларусі» 1.
Вялікабрытанія на працягу савецка-польскай вайны неаднаразова рабіла захады па спыненні вайны і выпрацавала прапановы па размежаванні, — «лінія Керзона» павінна была ўсталяваць усходнюю граніцу Польшчы па мяжы рассяленьня палякаў, з аднаго боку, і беларусаў і ўкраінцаў, з другога. Расія адмаўлялася ад ангельскага пасярэдніцтва і перамоваў з Польшчай да паразы Чырвонай Арміі пад Варшавай у жніўні 1920, якое прывяло да пералому ў вайне і, урэшце, перамогі Польшчы.
Вынікі
Канчатковы варыянт савецка-польскай граніцы прайшоў значна далей на ўсход ад лініі Керзона. Да Польшчы адышла 4,5-мільённая Заходняя Беларусь плошчай больш за 110 тыс. км². Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. Іёфэ, увогуле, прапаноўваў саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да Бярэзіны) наўзамен на тэрытарыяльныя саступкі ва Ўкраіне, аднак польскі бок не прыняў гэтую прапанову. Апроч таго, Расія пагадзілася вярнуць Польшчы розныя культурныя каштоўнасці і выплаціць 30 млн руб. золатам. У далейшым савецкія выплаты па дамове рабіліся інструментам міжнароднага ціску, напрыклад, пры спробе заключэння савецка-польскіх гандлёвых пагадненняў (1925)2.
Рыжскі мір не прызналі і асудзілі: кіраўніцтва БНР, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, дзеячы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі БССР (у тым ліку Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка), Першая (1921, Прага) і Другая (1925, Берлін) Усебеларускія канферэнцыі.
Таксама Рыжскі мір не прызнала і асудзіла Ўкраінская Народная Рэспубліка.
Канец вайны не прынёс супакою мірнаму насельніцтву памежжа. Рабункі, кантрабанда, атакі бальшавіцкіх бандаў не былі рэдкімі. Толькі ў 1924 годзе паліцыя зафіксавала на польска-савецкім памежжы 189 рабункаў і дыверсійных нападаў ды 28 актаў сабатажу, у якіх удзельнічала каля 1000 чалавек. Імаверна, найбольшымі гэтакімі здарэннямі былі: бандыцкі напад на Стоўбцы ды напад на цягнік каля Лунінца. Усе гэтыя акцыі мусілі засведчыць, што польская адміністрацыя некампетэнтная і ня можа гарантаваць бяспеку сваіх грамадзянаў. У сувязі з дзейнасьцю дыверсантаў польскія ўлады актывізавалі паланізацыю3.
- Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, s.108-114
- В. М. Цынкевіч. Беларуска-польскія гандлёва-эканамічныя сувязі ў 1923—1939 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. №2, 2002
- Jerzy Paciorkowski, Służba na wygnaniu, Policja 997, nr 1 (58), styczeń 2010, s. 14