Лацiнамоўная паэзiя
Да нядаўняга часу прыналежным да беларускай лiтаратуры лiчылася толькi тое, што было створана на старабеларускай мове i ў свой час друкавалася кiрылiцай. Але беларусы з’яўляюцца пераемнiкамi ўсёй разнамоўнай лiтаратуры сярэдневяковай Беларусi, бо яе лiтаратура – полiлiнгвiстычная, асаблiва ў XVI ст.
Так склалася, што культура сярэдневяковай Еўропы стваралася на лацiнскай мове. А паколькi Вялiкае княства Лiтоўскае, якое было злучана унiямi 1385 i 1569 гг. з Польскiм каралеўствам, уваходзiла ў абсяг еўрапейскага арэала, то вучоныя, паэты не маглi не карыстацца той мовай, на якой развiвалася навука i лiтаратура Еўропы. XVI стагоддзе ў развiццi культуры Беларусi было апагейным, i яна амаль роўна абапiралася на дзве асноўныя для яе лiтаратурныя традыцыi – рускую i лацiна-польскую. У першай палове гэтага стагоддзя з’яўляецца новы пласт усходнеславянскай духоўнай культуры – рэнесансная лацiнамоўная паэзiя. У канцы стагоддзя з’явiлiся на Беларусi i творы польскамоўныя, напiсаныя беларусамi. Увогуле, многiя пiсьменнiкi, культурныя дзеячы Беларусi XVI ст. былi палiглотамi: бо, як напрыклад, Сымон Будны, ведалi i ўжывалi больш як паўдзесятка моваў, цi, як паэт Андрэй Рымша, пiсалi творы i на старабеларускай, i на старапольскай, i на лацiнскай мовах.
Агульным набыткам культуры беларускага, польскага i лiтоўскага народаў з’яўляецца спадчына паэтаў-лацiнiстаў Яна Вiслiцкага i Мiколы Гусоўскага.
У 1516 г. у Кракаўскай друкарнi Яна Галера выйшаў у свет зборнiк паэтычных твораў Яна Вiслiцкага на лацiнскай мове “Пруская вайна“, якi прынёс яго аўтару еўрапейскую славу.
Бiяграфiчныя звесткi пра паэта надзвычай сцiплыя. Ян Вiслiцкi нарадзiўся каля 1485–1490 гг. Хутчэй за ўсё ён быў выхадцам з сялян цi мяшчан. Вучыўся ў Кракаўскiм унiверсiтэце i, вiдавочна, закончыў яго ў адзiн год з Ф. Скарынам (1506), з якiм мог быць знаёмы. Унiверсiтэцкiя дакументы называюць Я. Вiслiцкага рутэнусам (русiнам), што ўказвае на яго ўсходнеславянскае (беларускае цi ўкраiнскае) паходжанне. У паэме “Пруская вайна” відавочна яго сувязь з Беларуссю. Магчыма, што радзiмай Вiслiцкага была Беларусь, а адукацыю ён атрымаў у Польшчы, якая стала яго другой радзiмай.
Гiстарычную эпiчную паэму Яна Вiслiцкага “Пруская вайна” называюць мастацкiм помнiкам Грунвальду. У цэнтры твора – апiсанне знакамiтай бiтвы 15 лiпеня 1410 г. Паэт усхваляе гераiзм польскага народа, гаворыць пра лiтвiнаў, вядомых сваёй мужнасцю на вайне (гэта адна з найбольш раннiх згадак пра беларусаў у еўрапейскай лiтаратуры), пяе славу Ягайлу i Вiтаўту, дыскрэдытуе ў вачах еўрапейскай грамадскасцi варожую палiтыку Тэўтонскага ордэна, асуджае захопнiцкiя войны. У час працы над творам Ян Вiслiцкі меў пад рукой выпiскi з некаторых важнейшых крынiц аб Грунвальдскай бiтве, таму ў паэме сустракаюцца такiя дэталi, якiх цяпер больш нідзе не знойдзеш. Ён адным з першых еўрапейскiх паэтаў-гуманiстаў усвядомiў эпахальнае значэнне перамогi над магутным нямецкiм ордэнам для далейшага лёсу славянскiх i балтыйскiх народаў. Паэтычнае апавяданне пра Грунвальд напiсана, па словах самога аўтара, з мэтай захаваць у памяцi нашчадкаў гераiчную славу народаў-пераможцаў.
Асобнае месца ў гiсторыi беларускай лiтаратуры XVI ст. займае буйнейшы славянскi паэт эпохi Адраджэння Мiкола Гусоўскi (каля 1480 – пасля 1533).
Бiяграфiчныя звесткi пра яго таксама вельмi скупыя: няма нават дакладных звестак пра тое, дзе i калi ён нарадзiўся i памёр. Даследчык новалацiнскай паэзii Лiтвы першай паловы XVI ст. В.I. Дарашкевiч выказвае меркаванне, што паэт быў родам з Гродзеншчыны. З твораў Гусоўскага i ўскосных сведчанняў мы даведваемся, што ён нарадзiўся ў сям’i чалавека, для якога паляванне было i сродкам жыцця, i прызваннем. Адукацыю паэт атрымаў у Беларусi, паглыбляў веды ў Вiльнi, Польшчы, Iталii.
У другiм дзесяцiгоддзi XVI ст. Гусоўскi служыў пры двары сакратара вялiкакняжацкай канцылярыi, епiскапа Плоцка Вiтэлiя (Эразма Целка) – дыпламата, гуманiста, мецэната рэнесанснай культуры. Разам са сваiм патронам, якi ўзначалiў польска-лiтоўскую дыпламатычную мiсiю да Папы Льва X, М. Гусоўскi ездзiў у Рым i прабыў там больш трох гадоў. Час, праведзены ў Iталii, меў вялiкае значэнне для складвання яго гуманiстычнага светапогляду. Пасля нечаканай смерцi ў 1522 г. Вiтэлiя, Гусоўскі вярнуўся ў Польшчу, дзе i пражыў да канца сваiх дзён.
Самым значным творам Мiколы Гусоўскага з’яўляецца паэма “Песня пра зубра“, створаная ў Рыме ў 1521–1522 гг. i надрукаваная ў Кракаве ў 1523 г. Як сведчыць сам аўтар, аднойчы яму давялося бачыць у Рыме спецыяльна наладжаны для публiкi бой быкоў. Гэта вiдовiшча нечым нагадвала паляванне на зубра i, натуральна, выклiкала ў Мiколы, як былога паляўнiчага, адпаведныя ўспамiны, якiмi ён i падзялiўся з прысутнымi. Гэта апавяданне настолькi зацiкавiла слухачоў, сярод якiх быў i сам Папа Леў X – заўзяты аматар палявання i сапраўдны знаток паэзii, што Гусоўскаму тут жа было даручана скласцi паэму пра насельнiка далёкiх паўночных лясоў.
Такiм чынам, “Песня пра зубра” была напiсана па заказу i адрасавана iтальянскаму чытачу, выхаванаму на класiчных узорах лiтаратуры. I вось з-пад пяра Гусоўскага выходзiць твор вялiкай мастацкай сiлы, выключна арыгiнальны i самабытны, якi з’яўляецца адначасова і палiтычным трактатам. Яго змест заснаваны на багатых асабiстых уражаннях i перажываннях аўтара, якi вырас у лясным краi, на ўлоннi некранутай прыроды Беларусi канца XV ст.
Амаль палову гэтай паэмы займаюць апiсаннi знешняга выгляду, нораву, ладу жыцця зубра – цара беларускiх пушчаў, i сцэны палявання. Вельмi падрабязна, з вялiкай мастацкай сiлай i перакананасцю апiсаны паводзiны цяжка параненага зубра. Зубр для Гусоўскага быў сiмвалам радзiмы. Таму “Песня пра зубра” стала i песняй аб Беларусi (па-тагачаснаму – Лiтве. Побач з вобразам зубра аўтар паэмы стварае велiчны вобраз сваёй радзiмы. Паэт апявае прыгажосць беларускай прыроды, з захапленнем апавядае чытачам пра заняткi, звычаi, норавы, пакуты свайго народа. Мікола Гусоўскі ўслаўляе свайго кумiра – вялiкага князя Вiтаўта, суровага, але справядлiвага, па словах паэта, правiцеля, якi шанаваў доблесць i з пагардай ставiўся да баязлiвасцi, якi ўсе сiлы аддаваў узмацненню магутнасцi, незалежнасцi i мiжнароднага аўтарытэту Вялiкага княства Лiтоўскага. Апяваючы Вiтаўта як iдэальнага ўладара, паэт называе час яго княжання залатым векам у гiсторыi княства.
Напiсаная больш за чатыры з паловай стагоддзя таму, паэма Гусоўскага i сёння нясе чытачам XX ст. эстэтычную асалоду i служыць каштоўнейшай крынiцай пазнання жыцця нашых продкаў. Яе вялiкае значэнне таксама i ў тым, што яна была першым значным лiтаратурным творам аб Лiтве–Беларусi, створаным для Заходняй Еўропы не назiральнiкам-чужаземцам, а ўраджэнцам гэтых зямель, нашым суайчыннiкам-патрыётам.
Сымон Будны
Дастойна прадоўжыў i памножыў скарынаўскiя рэнесансна-гуманiстычныя традыцыi, унёс свой арыгiнальны ўклад у скарбнiцу беларускай культуры i думкi Сымон Будны – беларускi гуманiст i асветнiк, адзiн з буйнейшых дзеячаў рэфармацыйнага руху на Беларусi.
Нарадзiўся Будны каля 1530 г. Пытанне аб месцы яго нараджэння i нацыянальнасцi па сённяшнi дзень застаецца дыскусiйным. Хто ён, беларус цi паляк, нарадзiўся ён у Будах беларускiх (якiх нямала на тэрыторыi нашай рэспублiкi), цi ў Будах, што знаходзяцца на тэрыторыi Мазовii (Польшча), – дакладна не высветлена. Аднак нават тыя, хто лiчаць Буднага палякам, пагаджаюцца, што вельмi многiя факты сведчаць на карысць яго беларускага паходжання: добрае веданне беларускай мовы, жыцця, звычаяў беларускага народа.
Каля 1544 г., прыблiзна ва ўзросце 14 гадоў, Будны паступiў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага унiверсiтэта, якi на працягу некалькiх стагоддзяў з’яўляўся альма-матэр для многiх беларусаў. Потым, магчыма, скончыў тэалагiчны факультэт Базельскага унiверсiтэта. За гады вучобы за мяжой ён далучыўся да пратэстанцкага вучэння. У 1558 г. Будны прыехаў у сталiцу Вялiкага княства Лiтоўскага – Вiльню, дзе заняў пасаду катэхiзiста, г.зн. настаўнiка пратэстанцкага таварыства з абавязкам па нядзелях, аўторках, пятнiцах i ў святочныя днi выкладаць асновы рэфармацыйнага вучэння дзецям i дарослым. Два гады ён працаваў на пасадзе катэхiзiста, што, відаць, і паслужыла штуршком да напісання яго першага твора “Катэхізіс”, якi пазней быў выдадзены ў Нясвiжы на беларускай мове. Гэта сур’ёзны аргумент на карысць беларускага паходжання Сымона Буднага.
У 1560 г. Будны атрымлiвае павышэнне: назначаецца прапаведнiкам у беларускi горад Клецк. Чалавек вялiкага прыроднага даравання i энцыклапедычнага розуму, С. Будны ў пачатку 60-х гадоў XVI ст. становіцца значным грамадска-палiтычным дзеячам пратэстанцкага ўхілу i ў хуткiм часе набывае еўрапейскую вядомасць як мыслiцель-рацыяналiст i таленавiты публiцыст.
У мэтах асветы простых людзей у 1562 г. у Нясвiжскай друкарнi пад апекай Мiкалая Радзiвiла Чорнага ён выдае свой “Катэхiзiс”, а потым i другую кнiгу на беларускай мове “Аб апраўданнi грэшнага чалавека перад Богам”, якая, на жаль, не захавалася.
З прычыны неспрыяльных абставiн Будны вымушаны быў пакiнуць свайго апекуна i ў 70-я гады ў Лоску разгарнуў актыўную лiтаратурна-публiцыстычную дзейнасць. Гэта быў вельмi плённы перыяд, калi Будны выдаваў кнiгу за кнiгай на лацiнскай i польскай мовах. Найбольш вядомымi з яго выданняў гэтага часу з’яўляюцца нясвiжская “Бiблiя” (1572), “Новы Запавет” з аб’ёмнымі каментарыямi да яго, “Аб асновах хрысцiянскай веры” (1576). У iх Будны выклаў свае сацыяльна-палiтычныя, рэлiгiйна-фiласофскiя i педагагiчныя iдэi. Ён праявiў сябе арыгiнальным i самабытным публiцыстам, вялiкiм майстрам пяра. Яго творы характарызуюцца яснасцю думкi, дасцiпнасцю, палемiчнай завостранасцю i пераканаўчасцю аргументацыi.
+Усё сваё жыццё Сымон Будны прысвяцiў справе асветы народа i падрыву аўтарытэту афiцыйнай хрысцiянскай царквы. Ён першым пасля Скарыны пачаў не толькi выкарыстоўваць беларускую мову ў рэлiгiйным пiсьменстве, але i прапагандаваць яе як раўнапраўную мову, як лепшы сродак для распаўсюджвання ведаў сярод простага народа. У сваiх шматлiкiх трактатах i кнiгах Будны паслядоўна вёў барацьбу за вызваленне грамадскай думкi ад цяжару сярэдневяковай схаластыкi. У час, калi ў краiнах Заходняй Еўропы гарэлi кастры iнквiзiцыi, а ўсялякая праява крытычнай думкi i цвярозага погляду на рэчаiснасць разглядалася як небяспечная ерась, С. Будны сеяў зерне разумнага, практычнага падыходу да з’яў жыцця i рэлiгii. Ён заклiкаў правяраць веру розумам. З гэтых пазiцый пiсьменнiк крытыкаваў афiцыйную хрысцiянскую царкву i асаблiва езуiтаў, якiя сваёй прапагандай каталiцызму i фальшывым чалавекалюбствам распальвалi рэлiгiйны фанатызм, наносячы тым самым шкоду грамадству i дзяржаве. Сымон Будны вёў барацьбу за асвету i пашырэнне ведаў у грамадстве, выступаў змагаром за брацкую дружбу i творчае супрацоўнiцтва памiж славянскiмi народамi. Прапагандуючы свае погляды на жыццё i рэлiгiю, ён пракладваў шлях да секулярызацыi грамадскай думкi i вызвалення лiтаратуры ад уплыву хрысцiянскай iдэалогii.
Царкоўна-рэлiгiйная публiцыстыка
Распаўсюджванне публiцыстычнай лiтаратуры – адметная рыса культурнага жыцця Беларусi ў XVI – першай палове XVII ст. Выдатнымi публiцыстамi XVI ст. былi Васiль Цяпiнскi (перакладчык на беларускую мову, выдавец “Евангелля” i аўтар прадмовы да яго), Андрэй Валан (аўтар трактата “Пра дзяржаўнага мужа i яго дабрачыннасцi”), Мiхалон Лiтвiн (яго пяру належыць трактат “Аб норавах масквiцян, лiтоўцаў i татар”,) Леў Сапега (рэдактар i аўтар прадмовы да помніка тагачаснай пісьменнасці – Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г. якi з’яўляецца не толькi помнiкам прававой думкi, але таксама лiтаратуры i дзелавой пiсьменнасцi. Пасля Сапегі засталася багатая эпiсталярная спадчына).
Адным з асноўных літаратурных жанраў, вызначыўшых характар лiтаратурнага працэсу ў Беларусi канца XVI – першай паловы XVII ст., была палемiчная публiцыстыка, царкоўна-рэлiгiйная па форме i афарбоўцы, але сацыяльна-палiтычная па iдэйнаму зместу. Яна з’яўляецца адказам на абвастрэнне рэлiгiйнай барацьбы ў канцы XVI ст. Творы iдэолагаў унiяцка-каталiцкага лагера П. Скаргi, I. Пацея, I. Руцкага і інш., творы апалагетаў праваслаўя Г. i М. Сматрыцкiх, I. Вiшэнскага, З. Капысценскага i iнш., а таксама ананiмныя палiтычныя сачыненнi складаюць цэлы пласт беларускай лiтаратуры.
Апазiцыя рашэнням Берасцейскага унiяцкага сабора вымусiла і творйаў, і апалагетаў даваць тлумачэннi прычын прыняцця унii, даказваць яе законны характар, апраўдваць свае дзеяннi. Яны не замарудзiлi выдаць у Вiльнi кнiгi I. Пацея “Справедливое описанье поступку и справы сынодовое, и оборона згоды и едности свершенное, которая ся стала на сыноде Берестейском в року 1596”, П. Скаргi “Брэсцкi сiнод” (1597, на польскай мове) i “Описанье и оборона събору руского Берестейского” (1597, у перакладзе на беларускую мову I. Пацея). Яны абвiнавачвалi працiўнiкаў унii ў непадпарадкаваннi дзяржаўнай уладзе, чым надалi рэлiгiйнай палемiцы палiтычны характар i яшчэ болей распалiлi спрэчку. Кнiга Пацея была скуплена i знiшчана праваслаўнымi.
З аблiчэннем унii, яе iдэолагаў i дзеячаў у Вiльнi, Львове, Астрогу, Афонскiм манастыры выступiлi абаронцы праваслаўя i нават усходнiя патрыярхi. Найбольш аргументаванай (па сведчанню сучаснiкаў) была выдадзеная ў 1597 г. у Вiльнi кнiга Хрыстафора Фiлалета (пад гэтым псеўданiмам, мабыць, выступiў валынскi пратэстант Марцiн Бранеўскi) “Апокрисис, албо отповедь на книжкы о съборе Берестейском”, якая стала адным з лепшых твораў сатырычнай лiтаратуры таго часу. “Апакрысiс” прынёс шмат непрыемнасцей апалагетам унii i каталiцызму. Яе аўтар не пакiнуў без увагi нiводнага сцвярджэння Скаргi. Усё тое, што езуiт выдаваў за станоўчае, Фiлалет паказаў у рэзка адмоўным плане, i ў сваёй эрудыцыi, логiцы, уменнi пераканаць чытача значна пераўзышоў Скаргу. Таму, каб нейтралiзаваць уздзеянне “Апакрысiса” на грамадства, прыхiльнiкi унii таксама ўзялiся за скупку i знiшчэнне гэтай кнiгi. У вынiку такога ўзаемнага знiшчэння кнiг значная частка палемiчнай публiцыстыкi канца XVI – першай паловы XVII ст. нам вядома толькi па назвах.
Аблiчэнне царкоўнай унii вымушала яе абаронцаў адбiваць удары сваiх працiўнiкаў. Каб адказаць Філалету, за пяро ўзяўся кіраўнік уніяцкага епіскапату І. Пацей. У 1599 г. ён выдаў сатырычны твор “Антырызіс”, у якім дыскрэдытаваў Хрыстафора, не паскупіўшыся на абразлівыя словы і мянушкі на яго кнігу і ўвесь антыуніяцкі рух.
Першая чвэрць XVII ст. адзначылася далейшым развiццём палемiкi. На лiтаратурна-публiцыстычнай нiве ад iмя праваслаўнага лагера выступалi Мялецiй Сматрыцкi, Лявонцiй Карповiч, Iоў Барэцкi, Андрэй Мужылоўскi, Захарый Капысценскi, а ад унiятаў – Iпацiй Пацей, Iосiф Вельямiн Руцкi, Iасафат Кунцэвiч, Леў Крэўза, Анастасiй Сялява, Iлля Марахоўскi i iнш. Вядучая роля ў гэты перыяд у палемiцы належала з праваслаўнага боку Мялецiю Сматрыцкаму, Iпацію Пацею, а потым Iосiфу Руцкаму – з унiяцкага. У гэты час было напiсана i часткова выдадзена шмат цiкавых i разнастайных па зместу i iдэйна-палiтычнай накiраванасцi твораў. Жорсткiя ўмовы барацьбы прывялi да таго, што многiя з iх выходзiлi ананiмна.
Асаблiвую руплiвасць у палемiцы з праваслаўнымi публiцыстамi праявiў унiяцкi мiтрапалiт I. Пацей. Ён упарта iмкнуўся адстаяць i ўмацаваць царкоўную унiю i на працягу апошнiх дзесяцi гадоў жыцця напiсаў шмат твораў у яе абарону: “Отпис на лист неякога Клирика Острожского безъименного” (1599), “Защита св. Синода Флорентийского” (1603), “Розмова берестянина с братчиком” (1603), “Воскресший Наливайко” (1607), “Гармония, албо согласие веры…” (1608) i iнш.
Творы палемiчнай публiцыстыкi з’яўляюцца набыткам беларускай i ўкраiнскай лiтаратур таго часу. Яны ўпiсалi яскравую старонку ў грамадска-палiтычную думку гэтых народаў.
Вядучае месца ў лiтаратурным працэсе Беларусi канца XVI – першай паловы XVII ст. належыць буйнейшаму царкоўнаму дзеячу i пiсьменнiку Мялецiю Сматрыцкаму (1577–1633), чыя грамадская i лiтаратурная дзейнасць звязана з Беларуссю, Украiнай i Летувай. Нарадзiўся ён на Украiне. Яго бацька, Герасiм Сматрыцкi, быў адным з першых пiсьменнiкаў-палемiстаў. Першапачатковую адукацыю Мялецiй атрымаў у Астрожскай гiмназii. У пачатку 1590-х гадоў вучыўся на фiласофскiм факультэце Вiленскай езуiцкай акадэмii, а пасля заканчэння займаўся педагагiчнай дзейнасцю, працаваў хатнiм настаўнiкам. З 1600 г. па запрашэннi князя Б. Саламярэцкага вучыў яго сына, разам з выхаванцам паехаў у Германiю i там слухаў лекцыi ў Нюрнбергскiм, Лейпцыгскiм, Вiтэнбергскiм унiверсiтэтах. Пасля вяртання жыў пад Менскам. Потым пераехаў у Вiльню, дзе ўступiў у праваслаўнае брацтва i прыняў удзел у барацьбе супраць унii i каталiцызму. Тут напiсаў каля 20 твораў.
“Фрынас” (“Плач”) Тэафiла Артолага (псеўданiм Мялецiя Сматрыцкага) – адзiн з самых выдатных помнiкаў палемiчнай лiтаратуры. Ён з’явiўся ў 1610 г. як водгук на драматычныя падзеi ў Вiльнi ў 1609 г. – захоп па загаду мiтрапалiта Пацея праваслаўных цэркваў унiятамi. “Фрынас” меў вялiкую папулярнасць сярод праваслаўнага насельнiцтва Рэчы Паспалiтай i лiчыцца самым лепшым творам пiсьменнiка, дзе даецца яркi малюнак сучаснага яму стану праваслаўнай царквы. Сматрыцкi раскрывае ўнутраны разлад у самой царкве, абураецца бяздзейнасцю духавенства, практыкай куплi-продажу вышэйшых царкоўных пасад. Ён кiдае палiтычнае абвiнавачванне ў адрас папства, паказвае небяспеку для народа i радзiмы працэсу акаталiчвання i дэнацыяналiзацыi мясцовай феадальнай знацi, служылай шляхты i нават мяшчанства. Напалоханыя “Фрынасам” , прасякнутым “смяротным ядам” для каталiцызму, езуiты i унiяты адразу ж выступiлi супраць кнiгi Сматрыцкага. Першымi, хто напiсаў адказ, былi Пётр Скарга i Iлля Марахоўскi. Яны абвiнавачвалі аўтара ў прапагандзе аднолькава небяспечных як для праваслаўнай, так i для каталiцкай цэркваў пратэстанцкiх iдэй Лютэра i Кальвiна. А кароль Жыгiмонт III сваiм унiверсалам забаранiў продаж i куплю кнiжкi Сматрыцкага пад пагрозай вялiкага штрафу, яна падлягала спальванню, а аўтар i выдавец – арышту.
Напалоханы суровасцю каралеўскiх санкцый, Сматрыцкi на нейкi час адышоў ад лiтаратурнай палемiкi i заняўся педагагiчнай дзейнасцю ў брацкiх школах Вiльнi i Кiева, якая прынесла яму не меншую славу, чым яго “Фрынас”. Ён абессмяроцiў сваё iмя як таленавiты аўтар першай грунтоўнай у навуковых адносiнах працай “Граматика словенския правилное синтагма”. Выдадзеная ў 1619 г. для практычных патрэб школьнай адукацыi, яна мела выключнае культурнае i палiтычнае значэнне для свайго часу, склала цэлы этап у станаўленнi славянскага мовазнаўства. На працягу амаль паўтараста гадоў “Граматыка” Сматрыцкага была агульнапрызнаным школьным падручнiкам па старажытнаславянскай мове не толькi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, але i ў Расii, была вядома i ў краiнах Захаду. Яшчэ ў 1617 г. Мялецiй пастрыгся ў манахi Вiленскага Святадухаўскага манастыра. Актыўная грамадска-палiтычная дзейнасць у радах праваслаўнай апазiцыi, аўтарытэт выдатнага палемiста забяспечылі яму пры жыццi вялiкую славу сярод суайчыннiкаў, а з 1620 г. – i высокi духоўны сан архiепiскапа полацкага, епiскапа вiцебскага i мсцiслаўскага.
Страх паўстаць перад дзяржаўным судом пасля забойства ў Вiцебску Кунцэвiча вымусiў Мялецiя Сматрыцкага пакiнуць радзiму. Ён адбыў у падарожжа па “святых месцах” Блiзкага Усходу (1624–1626). За час яго падарожжа ў асяроддзi праваслаўнага духавенства распаўсюдзiлася чутка, быццам Мялецiй адправiўся да ўсходнiх патрыярхаў за атрыманнем благаславення на аб’яднанне праваслаўнай царквы з унiяцкай. Таму пасля вяртання ён адчуў недавер, варожыя адносiны да сябе. Яму прыйшлося апраўдвацца i публiчна абараняцца ад наветаў на спецыяльна склiканым у Кiеве царкоўным саборы для высвятлення мэты яго паездкi на Усход. Гэта, а таксама разлад, якi ён убачыў у патрыярхаце – вышэйшым кiруючым органе праваслаўнай царквы, – абумовiлi крах яго ранейшых рэлiгiйна-палiтычных iлюзiй. Сматрыцкi прыйшоў да высновы, што далейшая барацьба за рэлiгiйную дактрыну праваслаўя ўжо не мае сэнсу. Спачатку тайна, а потым яўна ён парывае з праваслаўнай царквой i пасля 1628 г. адкрыта пераходзіць у лагер унiятаў. Усе астатнiя сiлы Сматрыцкi аддаў на абарону iдэi унii, заклiкаў праваслаўнае насельнiцтва ўзяць з яго прыклад. Ва унiяцкi перыяд Мялецiй напiсаў шэраг высокамастацкiх твораў: “Пратэстацыя” (1628), “Паранезiс” (1629), “Экзатэзiс” (1629). Апошнiя гады свайго жыцця ён правёў у сценах Дзярманскага манастыра на Валынi, дзе i памёр, пакiнуўшы аб сабе памяць таленавiтага палемiста i пiсьменнiка, але чалавека, супярэчлiвага ў сваiх поглядах. Мялецiй Сматрыцкi быў чалавекам вялiкага iнтэлекту, таленавiтым пiсьменнiкам, вучоным. Ён заняў пачэснае месца ў гiсторыi лiтаратуры, навукi i грамадскай думкi беларускага i ўкраiнскага народаў.
Зацятым барацьбiтом супраць Берасцейскай унii быў Афанасiй Фiлiповiч (каля 1595/1600–1648). Выхадзец з Берасцейшчыны, з сям’i збяднелага шляхцiча, ён атрымаў адукацыю ў Вiленскай езуiцкай акадэмii. Потым працаваў хатнiм настаўнiкам у дамах шляхты i магнатаў i меў аўтарытэт выдатнага педагога. Пастрыгся ў манахi i жыў у манастырах Берасцейшчыны. У 1637 г. дабраўся да Масквы, дамогся аўдыенцыi ў маскоўскага цара, на якой заклiкаў яго заступiцца за праваслаўных аднаверцаў у Рэчы Паспалiтай.
Вярнуўся Афанасiй на радзiму з багатымi ахвяраваннямi для сваёй царквы, але з рэпутацыяй здраднiка. У апошняе дзесяцiгоддзе жыцця А. Фiлiповiч пiсаў “Дыярыуш”, у якiм паказаў паўвекавую гiсторыю царкоўнай унii як гiсторыю ганенняў i здзекаў над духоўным жыццём праваслаўнага насельнiцтва.
Абвiнавачаны ў сувязях з казакамi i ў тым, што “унию святую оскорблял и проклинал”, 5 верасня 1648 г. пасля жорсткiх катаванняў быў расстраляны ў лесе непадалёк ад Бярэсця. А. Фiлiповiч кананiзаваны праваслаўнай царквой.
За час свайго iснавання царкоўна-палемiчная публiцыстыка, увабраўшы ў сябе лiтаратуру адкрытых лiстоў, адозваў, памфлетаў, трактатаў i iншых вiдаў творчасцi, прайшла складаны i супярэчлiвы шлях развiцця. У ёй назiралiся ўздымы i спады, iдэйна-мастацкi рост i таптанне на адным месцы вакол нагнаўшых аскому адных i тых жа багаслоўска-дагматычных пытанняў. Але яна адыграла станоўчую ролю ў гiсторыi, упiсаўшы яркую старонку ў грамадска-палiтычную думку i лiтаратуру беларускага i ўкраiнскага народаў. На працягу больш як паўстагоддзя яна карысталася вялiкай папулярнасцю ў шырокiх колах грамадскасцi, для якой выконвала функцыю зброi вострай iдэалагiчнай барацьбы.
Летапiсы, гiсторыка-мемуарная і палiтычная лiтаратура
У XVI – першай палове XVII ст. на беларускiх землях працягвалася стварэнне летапiсаў. Ва ўмовах узмоцненай цiкавасцi да мiнулага, выклiканай фармiраваннем нацыянальнай самасвядомасцi, уплывам iдэй Адраджэння, была зроблена спроба стварыць новую гiсторыю Лiтвы i Русi.
Арыгiнальным помнiкам гiстарыяграфii i грамадска-палiтычнай думкi Вялiкага княства Лiтоўскага першай паловы XVI ст. з’яўляецца “Хронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага”, створаная ў асяроддзi патрыятычна настроенай лiтоўскай знацi. У яе аснову пакладзена легенда аб паходжаннi старажытных лiтоўцаў ад рымлян. Летапiсец падае велiчную, iдэалiзаваную i не пазбаўленую фактычных памылак i недакладнасцяў гiсторыю Лiтвы. Выдатным помнiкам агульнадзяржаўнага летапiсання ВКЛ з’яўляецца “Хронiка Быхаўца”, заснаваная на матэрыялах папярэднiх беларускiх летапiсаў i хронiк. Сваю назву яна атрымала ад iмя беларускага пана А. Быхаўца, уладальнiка адзiнага рукапiснага экземпляра гэтага летапiсу. У XIX ст. рукапiс быў згублены, але тэкст твора захаваўся дзякуючы гiсторыку Тэадору Нарбуту, якi надрукаваў яго ў 1846 г. У навуцы няма адзiнай думкi наконт часу i месца стварэння “Хронiкi Быхаўца”. Iмкнучыся стварыць максiмальна поўную гераiзаваную гiсторыю Вялiкага княства Лiтоўскага, невядомы аўтар (аўтары) стварыў этапны твор у гiсторыi агульнадзяржаўнага летапiсання, якое згасла разам са стратай у другой палове XVI ст.
У гiсторыi беларускай лiтаратуры другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. важнае месца займаюць гiсторыка-мемуарная лiтаратура i творы палiтычнай сатыры. На змену цяжкавагавай мове пiсьменнiкаў-палемiстаў прыйшла лёгкая i ясная, вобразная мова пiсьменнiкаў-мемуарыстаў i сатырыкаў. Славесная творчасць прыкметна пачала наблiжацца да жыцця, рабiлася неад’емным духоўным спажыткам пiсьменнага грамадства.
Узорам эпiсталярнай творчасцi другой паловы XVI ст. з’яўляюцца лiсты аршанскага старасты Фiлона Сямёнавiча Кмiты-Чарнабыльскага да членаў каралеўскай Pады Вялiкага княства Лiтоўскага за 1573–1574 гг. Гэта былi сакрэтныя службовыя данясеннi аб стане спраў у Маскоўскай дзяржаве i памежных раёнах Вялiкага княства Лiтоўскага. “Лiсты” Ф. Кмiты да сённяшняга дня захавалi не толькi гiстарычна-пазнавальную каштоўнасць, але i чыста лiтаратурную цiкавасць. Гэта своеасаблiвы лiтаратурна-мастацкi помнiк канца XVI ст.
Насычанае падзеямi грамадска-палiтычнае жыццё Беларусi другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. заахвочвала яго ўдзельнiкаў i сведкаў брацца за пяро i расказваць пра перажытае, убачанае, пачутае сваiм сучаснiкам. Самым раннiм з вядомых у сучасны момант мемуарных помнiкаў з’яўляецца “Дзённiк”, цi “Гiстарычныя запiскi” Фёдара Еўлашоўскага, напiсаныя на беларускай мове ў 1603–1604 гг. У iх аснову, вiдаць, пакладзены дзённiкавыя запiсы аўтара за папярэднiя 40 гадоў. У дзённiку знайшлi адлюстраванне падзеi таго часу, дарожныя прыгоды аўтара, урачыстыя прыёмы паслоў i замежных гасцей, маравыя пошасцi i пажары, пададзены малюнкi жыцця беларускай i польскай шляхты, яе паводзiн, звычаяў, настрояў i падзеi сямейнага жыцця Еўлашоўскага. Мемуары пра сваё жыццё пакiнуў таксама беларускi шляхцiч Ян Цадроўскi.
Адным з цiкавых лiтаратурных помнiкаў канца XVI – пачатку XVII ст. з’яўляецца “Баркулабаўская хронiка”, напiсаная невядомым жыхаром в. Баркулабава (цяпер Быхаўскi раён), якi добра ведаў быт i норавы простых людзей, iх думкi i настроi. Чалавек адукаваны i шчыры, ён iмкнуўся быць аб’ектыўным i праўдзiвым летапiсцам. Гэтыя якасцi робяць хронiку цiкавым дакументам i добрым узорам мемуарнай лiтаратурнай творчасцi той эпохi. Яе аўтар па праву называецца выдатным пiсьменнiкам свайго часу, а “Баркулабаўская хронiка” – важнейшым помнiкам беларускай нацыянальнай культуры.
Цiкавымi лiтаратурнымi здабыткамi XVII ст. з’яўляюцца “Прамова Мялешкi” i “Лiст да Абуховiча”. “Прамова Мялешкi”, як мяркуюць даследчыкi, была напiсана памiж 1622 i 1632 гг. i ўяўляе сабой блiскучую сатырычную пародыю на парламенцкае выступленне, пародыю, у якой яскрава паказаны сумныя вынiкi згубнай паланiзатарскай палiтыкi Польшчы на Беларусi i Украiне, мараль i сапсаваныя норавы разбэшчаных раскошай i чужаземнымi ўплывамi прывiлеяваных слаёў беларускай i ўкраiнскай шляхты. Невядомы пiсьменнiк вуснамi дэпутата Варшаўскага сойма 1589 г., смаленскага кашталяна Iвана Мялешкi абвiнавачвае самога караля ў марнатраўстве i патураннi марнатраўцам. Само iмя I. Мялешкi – творчая выдумка пiсьменнiка.
Палiтычны памфлет “Лiст да Абуховiча” (1655) высмейвае грамадска-палiтычную дзейнасць смаленскага ваяводы Пiлiпа Казiмiра Абуховiча (рэальная гiстарычная асоба), якi здаў Смаленск маскоўскаму цару. Аўтар пiсьма (яго iмя невядома) дакарае свайго адрасата за здраду, крытыкуе тагачаснае дзяржаўнае ўпарадкаванне.
Названыя творы палiтычнай сатыры былi шырока папулярнымi, бытавалi ў шматлiкiх спiсках-копiях i вуснай перадачы.
На другую палову XVI ст. прыпадае лiтаратурная дзейнасць паэта-гiмнатворца Андрэя Рымшы. Ён жыў у Вiльнi, у 1585–1591 гг. напiсаў дыфiрамбiчныя вершы, прысвечаныя “знакамітым асобам”: Астафію Валовiчу, Льву Сапегу, Фёдару Скумiну. У канцы XVI – пачатку XVII ст. тварылi Ян Радван, Гальяш Пельгрымоўскi. Iх паэтычныя творы (“Дэкатэрас” А. Рымшы, “Радзiвiлiяда” Я. Радвана i “Пасольства да вялiкага князя Маскоўскага” Г. Пельгрымоўскага) былi вядомыя ў тагачаснай Еўропе.