Фердынанд Рушчыц (польск. Ferdynand Ruszczyc; 1870 – 1936) — мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог, які пакінуў глыбокі адбітак у мастацтве і грамадска-культурным жыцці Беларусі, Польшчы, Літвы, а таксама атрымаў прызнанне ў Расіі і Еўропе.. Яскравы прадстаўнік культурных супярэчнасцей сваёй эпохі. Наследваў традыцыі беларускага, рускага, польскага, французскага мастацтва, у некаторых творах адметны ўплыў мадэрну.
Аказаў значны ўплыў на далейшае развіццё жанру пейзажу ў польскім і беларускім мастацтве. У яго творчасці знайшлі адлюстраванне жыццё і побыт беларускага народа, пераламіліся традыцыі беларускага рэалістычнага жывапісу. Дачка мастака Яніна Рушчыц сцвяржала, што яе бацька заўсёды лічыў сябе «тутэйшым», г. зн. беларусам.
Нарадзіўся 10 снежня 1870 года ў маёнтку Багданаў Ашмянскага павета Віленскай губерні (зараз вёска Багданава Валожынскага раёна Мінскай вобласці) у шляхецкай сям’і, якая належала да гербу “Ліс”.
Дзяцінства і юнацтва Фердынанда прайшло ў Мінску. На працягу сямі гадоў Рушчыц навучаўся ў мясцовай класічнай гімназіі, якую скончыў ў 1890 годзе з залатым медалем. Адначасова наведваў урокі жывапісу мастака Кузьмы Ермакова.
У 1892-97 гадах Рушчыц атрымоўваў адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Першым яго настаўнікам быў Іван Шышкін, а з 1895 года Фердынанд займаўся ў майстэрні Архіпа Куінджы, пад чуйным кіраўніцтвам якога вырасла цэлая плеяда таленавітых вучняў: Аркадзій Рылоў, Мікалай Рэрых, Вільгельм Пурвіт, Канстанцін Урублеўскі і інш. Рушчыц быў адным з іх.
У 1897 годзе малады мастак з поспехам дэбютаваў на паказе дыпломных працаў. Адну з карцін гэтай выставы – “Вясна” – набыў для сваёй калекцыі Павел Трэцякоў. Другі калекцыянер – Сава Марозаў – купіў палатно Рушчыца “Зімні млын”. Гэта дало мастаку магчымасць здзейсніць падарожжа па Заходняй Еўропе. За два месяцы ён наведаў Германію, Францыю, Бельгію, Аўстрыю, Швейцарыю, Італію.
Росквіт творчай кар’еры Рушчыца звязаны з яго вяртаннем у фальварак пасля сканчэння акадэміі. Гады, праведзеные ў Багданаве, лічацца найбольш плённымі. Тут у 1898 годзе Фердынанд Рушчыц пачаў працаваць над адным са сваіх знакамітых палотнаў – “Зямля”, якое захоўваецца сёння ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. У 1899 годзе прайшла першая выстаўка ў Вільні. Браў удзел у грамадскім і культурным жыцці горада, супрацоўнічаў з тэатрам.
“Як я мару, перш за ўсё, быць добрым сынам сваёй Радзімы, для яе працаваць, араць. І калі штосьці вырасце, аддаць ёй у падарунак увесь плён, бо я люблю яе сэрцам і толькі ёй належу целам і душой…“
Ф. Рушчыц
Акрамя поспехаў ў станковым жывапісе, Рушчыц здабыў сабе славу выдатнага афарміцеля спектакляў, кніжнага графіка, ілюстратара часопісаў; ён рабіў эскізы медалёў, штандараў, тэатральных афішаў, касцюмаў і шмат іншага. Культурнае жыццё Вільні 1910-20 гадоў немагчыма прадставіць без постаці Рушчыца, яго ўнёсак сапраўды велізарны. Акрамя гэтага наш зямляк з’яўляўся старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, шмат вандраваў па Беларусі, рабіў замалёўкі старадаўніх замкаў і іх руінаў.
Таксама Рушчыц застаўся ў памяці сучаснікаў як выдатны педагог. Быў прафесарам Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, Кракаўскай акадэміі мастацтваў, актыўна ўдзельнічаў у адраджэнні Віленскага універсітэта.
Памёр Фердынанд Рушчыц 30 кастрычніка 1936 года ў Багданаве, пахаваны на мясцовых могілках.
Палотны мастака з’яўляюцца сапраўдным упрыгажэннем музеяў Польшчы, Літвы, Расіі, а таксама еўрапейскіх і амерыканскіх збораў, у тым ліку і прыватных.