Савецка-польская вайна 1920 г. завяршылася падпісаным без удзелу беларускіх палітыкаў (іх не дапусцілі на перамовы) Рыжскім мірным трактатам 1921 г. Паводле яго велізарная частка нашай краіны была далучаная да Польшчы. Гэтыя землі атрымалі назоў «Заходняя Беларусь». Дзяржаўная мяжа прайшла зусім побач з Полацкам, Менскам і Слуцкам. (У пэўны момант бальшавікі былі згодныя аддаць палякам усю Беларусь, але на гэта не пагадзілася польская дэлегацыя. Пераважыла меркаванне, што гэтак шмат “праглынуць” не ўдасца.)
Неафіцыйнай палітычнай, культурнай і навуковай сталіцай адрэзаных земляў стала Вільня, якую называлі «сэрцам Заходняй Беларусі». Беларускі нацыянальны камітэт да 1938 г. каардынаваў адсюль дзейнасць заходнебеларускіх грамадскіх арганізацый і ўстаноў. У Вільні знаходзіліся кіраўнічыя органы Беларускай партыі эсэраў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), Беларускага сялянскага саюза, Таварыства беларускай школы… Нейкі час у Вільні нелегальна працаваў ЦК Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Былая сталіца Вялікага Княства зрабілася найбуйнейшым цэнтрам беларускага друку. Тут дзейнічалі заснаванае яшчэ ў 1913 г. Беларускае выдавецкае таварыства, а таксама выдавецтвы Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага сялянска-работніцкага клуба, Таварыства беларускай школы, выдавецтва У. Знамяроўскага…
Заходняя Беларусь складалася з 29 паветаў, якія ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Наваградскае і Палескае ваяводствы. Край меў плошчу 113 тыс. км² і насельніцтва больш за 3,5 мільёна чалавек (1921 г.). Найбуйнейшымі гарадамі былі Вільня, Горадня, Беласток, Наваградак, Пінск, Баранавічы, Ліда, Слонім.
У Вільні выходзілі дзясяткі перыядычных выданняў разнастайных кірункаў. Адна толькі БСРГ выпускала газеты «Жыцьцё беларуса», «Беларускі звон», «Беларуская крыніца», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Наш голас», «Наша справа», «Народны звон», «Народная справа», часопіс «Маланка» ды іншыя перыёдыкі. 3 мэтаю пашырэння хрысціянскага веравучэння і беларускай ідэі царкоўныя арганізацыі розных канфесіяў выдавалі газеты і часопісы «Беларуская зарніца», «Праваслаўны беларус», «Студэнцкая думка», «Светач Беларусі», «Хрысьціянская думка». Вялікую чытацкую аўдыторыю меў створаны БХД часопіс «Калосьсе». Дзякуючы адчыненай хрысціянскімі дэмакратамі Віленскай друкарні імя Францішка Скарыны чытачы рэгулярна атрымлівалі навуковую, грамадска-палітычную, мастацкую і рэлігійную літаратуру, а таксама папулярны часопіс «Шлях моладзі». Паводле статыстычных звестак, пададзеных Віленскім універсітэтам у 1928 г., па колькасці і накладах перыядычных выданняў у Вільні другое месца (следам за палякамі, якім належала ўлада) займалі беларусы. На трэцім месцы быў габрайскі друк, на чацвертым – расейскі і на пятым – летувіскі.
Шматстайным было літаратурна-мастацкае і навуковае жыццё горада. У Вільні дзейнічалі Беларускі народны тэатр ды яшчэ некалькі тэатральных калектываў. Асабліва шмат для папулярызацыі нацыянальнага тэатра зрабіла Беларуская драматычная майстроўня. У 1927 г. маладыя літаратары і мастакі Заходняй Беларусі заснавалі сваю арганізацыю «Веснаход». Тысячы наведнікаў штомесяц прымаў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Беларускае навуковае таварыства адзначыла 400-я ўгодкі беларускага кнігадрукавання ў Вільні і Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г.
У 1920-х-1930-х гадах у Вільні жылі і працавалі вядомыя дзеячы нашага нацыянальнага Адраджэння, культуры і навукі Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Уладзімір Самойла, Адам Станкевіч, Ігнат Дварчанін, Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Францішак Аляхновіч, Максім Танк, Пётра Сергіевіч…
Выключная роля ў нацыянальнай адукацыі належала Віленскай беларускай гімназіі, якая была заснаваная Іванам Луцкевічам і ягонымі паплечнікамі і дзейнічала ў 1919-1944 гг. У розны час у ёй працавалі Адам Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Рыгор Шырма, Барыс Кіт, Антон Грыневіч, Язэп Драздовіч, Антон Неканда-Трэпка, Францішак Грышкевіч ды іншыя выдатныя вучоныя, літаратары, педагогі. 3 гімназіі пачалі свой творчы і грамадскі шлях паэты Наталля Арсеннева (аўтарка беларускага рэлігійнага гімну «Магутны Божа»), Хведар Ілляшэвіч, Алесь Салагуб, Валянцін Таўлай, пісьменнік Кастусь Акула, мастак Раман Семашкевіч, навуковец, старшыня Рады БНР Вінцук Жук-Грышкевіч. Тут вучыліся вучоны-скарыназнавец, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Тумаш, гісторык, аўтар папулярнай кнігі «Беларусь учора і сяньня» Язэп Найдзюк, журналіст і педагог Янка Багдановіч, гісторык і выдавец Вацлаў Пануцэвіч, публіцыст і грамадскі дзяяч Лявон Луцкевіч… Нездарма Віленскую беларускую гімназію называюць нашым нацыянальным універсітэтам.
Параўнальна з дзейнасцю беларусаў летувіская прысутнасць у тагачаснай Вільні адчувалася нязмерна слабей. Іначай і не магло быць, бо летувісы складалі тут усяго 1,5% насельніцтва.
«Муры старой, каханай Вільні» апяваў паэт Уладзімір Жылка. Свае творы прысвячалі ёй Наталля Арсеннева, Казімір Сваяк, Максім Танк, Вінцук Адважны, дзясяткі іншых беларускіх літаратараў.
Ты, Вільня, мяне ўзгадавала,
Тут сьніў я дзіцячыя сны!..-
з удзячнасцю пісаў Францішак Аляхновіч. А Міхась Козыр (Кастусь Акула) у адным з сваіх вершаў падкрэсліваў старажытную крывіцкую гісторыю нашай даўнейшай сталіцы:
Прывітаньне табе, Вільня!
Слаўны горад Крывічоў,
-Места памятак магільных
Нашых прадзедаў, дзядоў.
У той час на Віленскім радыё працаваў паэт, будучы нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш, які сімпатызаваў беларусам. Дзякуючы гэтаму ў эфіры гучалі нашы песні, лекцыі на беларускую тэматыку.
Актыўнасць беларускага жыцця ў Вільні не азначала, што яно не сутыкалася з перашкодамі. Наадварот, польскія ўлады ўвесь час рабілі захады, каб абмежаваць, а ў перспектыве і знішчыць беларускі нацыянальны рух. Да прыкладу, з палітычных прычынаў няраз праводзілі звальненні выкладчыкаў Віленскай беларускай гімназіі. Як «недастаткова кваліфікаваны» быў пазбаўлены права выкладаць беларускую літаратуру выдатны публіцыст і літаратурны крытык Антон Луцкевіч. У сумна вядомай віленскай турме Лукішкі праходзілі загартоўку Максім Танк, Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай, Міхась Машара ды іншыя заходнебеларускія пісьменнікі. Рэпрэсіі зазналі тысячы актывістаў палітычных партыяў і грамадскіх арганізацый. Тым не менш у гэты перыяд Вільня зрабіла велізарны ўнёсак у беларускую справу, у захаванне нацыянальнай ідэі, мовы і культуры народа.
Ліга Нацыяў фактычна прызнала адыход Віленшчыны з Вільняй да заходнебеларускага абшару. У незалежнай Летуве з сталіцаю ў Коўне шмат хто ўспрымаў гэта як незваротную страту. У 1930-х гадах у летувіскім друку гучалі прапановы памяняць назоў дзяржавы на Жэмайцію, а герб «Пагоня» – на жамойцкага «Мядзведзя».
Такія публікацыі адлюстроўвалі не толькі настроі ў грамадстве, але і пазіцыю ўрадавых колаў. Тагачасны прэм’ер-міністр Летувы Ёзас Тубяліс у 1935 г. афіцыйна заявіў пра славянскае паходжанне «Пагоні» і падрыхтоўку новага герба.
Такім чынам, страціўшы Вільню, летувісы гатовыя былі адмовіцца і ад прэтэнзіяў на гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Аднак падзеі пачатку другой сусветнай вайны прынеслі ім неспадзяваны падарунак з Масквы.
ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ | |
---|---|
1919-1938 гг. | Дзейнасць у Вільні Беларускага нацыянальнага камітэта. |
1921 г. | Рыжская мірная дамова, паводле якой Заходняя Беларусь адыходзіла да Польшчы. У Вільні пачынае працу Таварыства беларускай школы. Заснаванне ў Віленскім універсітэце Беларускага студэнцкага саюза. |
1923 г. | У Вільні размяшчаецца ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі. |
1925 г. | Заснаванне ў Вільні Беларускага сялянскага саюза. |
1926-1936 гг. | Дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. |
1927 г. | Стварэнне ў Вільні арганізацыі маладых беларускіх пісьменнікаў і мастакоў «Веснаход». |
© У. Арлоў
“Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012.