Дачыненні паміж БНР і Летувой

Міністэрства беларускіх справаў у Летуве

Міністэрства беларускіх справаў у Летуве было ўтворанае ў адпаведнасці з дамоваю паміж Віленскай беларускай радай і Летувіскай тарыбай у лістападзе 1918 г. Тады сама ў склад Тарыбы ўвайшлі шэсць прадстаўнікоў Рады, у тым ліку В. Ластоўскі, I. Луцкевіч, Я. Станкевіч.

Юрысдыкцыя міністэрства пашыралася на тэрыторыю былой Гарадзенскай губерні, Лідскі, Ашмянскі і Вілейскі паветы Віленскай і Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерні. Гэты абшар плошчаю 40 тысяч квадратных кіламетраў і з насельніцтвам блізу 2 мільёнаў чалавек павінен быў мець статус аўтаномнай адзінкі з дзяржаўнай беларускай мовай.

Віленская беларуская рада
Удзельнікі Беларускага з’езда ў Вільні, на якім была ўтвораная Віленская беларуская рада. Люты 1918 г.

Ва ўмовах нямецкай, а затым польскай акупацыі Беларусі дзейнасць Міністэрства беларускіх справаў, скіраваная на забеспячэнне нацыянальных інтарэсаў, была цалкам апраўданая. У яго кампетэнцыі знаходзіліся пытанні мясцовага самакіравання, прызначэнне школьных інспектараў, суддзяў, следчых ды іншых службоўцаў. Міністэрства накіравала сваіх камісараў у Горадню, Беласток, Вельск, Ліду, Дзятлава, Белавежу, Саколку і Крынкі. Яно афіцыйна пратэставала супроць увядзення на абшар Беларусі польскіх войскаў.

У снежні 1918 г. у Горадню з захопленай бальшавіцкімі войскамі Вільні пераехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам. На нейкі час Горадня стала сталіцай БНР. Там размяшчаўся таксама створаны Міністэрствам беларускіх справаў у Летуве Першы гарадзенскі беларускі полк.

Міністр Язэп Варонка ў жніўні 1919 г. накіраваў краінам Антанты ноту пратэсту, дзе абгрунтоўвалася права беларускага народа на тэрытарыяльную цэласць. Аднак усё больш моцнае процідзеянне польскіх акупацыйных уладаў прывяло да пераезду міністэрства ў Коўну (Каўнас). Пазней там апынуліся таксама Прэзідыум Рады і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Вацлавам Ластоўскім.

У 1920-1930-х гадах у Коўне існаваў Беларускі цэнтр, кіраўніком якога пэўны час быў аўтарытэтны палітычны дзяяч Клаўдусь Дуж-Душэўскі. У тагачаснай сталіцы Летувы выходзіў літаратурна-навуковы і грамадскі часопіс «Крывіч», друкавалася іншая беларуская літаратура. Тут В. Ластоўскі выпусціў такія значныя выданні, як «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыю беларускай (крыўскай)» кнігі, якая ўяўляла сабой агляд больш як 1000 рукапісных кніг, грамат і старадрукаў «з пачатку зараджэньня беларускага пісьма да XIX ст.»

Беларуска-летувіскія супярэчнасці

Кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ад самага пачатку няраз сутыкалася з прэтэнзіямі Летувы на велізарную частку нашага этнічнага абшару. У адказ на заявы ўрада БНР, што Вільня – адвечная сталіца Беларусі, яе палітычны і духоўны цэнтр, летувісы запатрабавалі Гарадзенскую і Віленскую губерні, якія былі большымі за тэрыторыю ўсёй Летувы. Яе ўрад прызнаваў, што на згаданым абшары, у прыватнасці ў Вільні і Віленскім краі, абсалютная бальшыня насельніцтва не лічыць сябе летувісамі і не ведае летувіскай мовы, але безапеляцыйна сцвярджаў, што гэта – збеларушаная частка Летувіскай дзяржавы.

А.Смятона
У 1919-1920 прэзідэнтам Летувы быў А.Смятона

Новай прычынай абвастрэння стасункаў сталася падпісанне ў ліпені 1920 г. савецка-летувіскай мірнай дамовы, у якой РСФСР прызнавала незалежнасць Летувы. Паводле дададзенай да тэксту гэтага дакумента карты дзяржаўная мяжа Летувы падыходзіла да Валожына, Мядзела, Вілейкі і Маладзечна. На летувіскім баку заставаліся Нарач і Браслаўскія азёры. Аднак летувіская дэлегацыя на перамовах (беларускі бок ад удзелу ў іх быў наагул адхілены) настойвала на ўлучэнні ў склад сваёй дзяржавы значна большай тэрыторыі – не толькі Віленскай і Гарадзенскай губерняў, але і часткі Менскай.

Кіраўніцтва БНР 22 ліпеня 1920 г. накіравала ўрадам РСФСР і Летувы, а таксама мірнай канферэнцыі ў Парыжы, «ўсім дзяржавам і культурным народам свету» ноту пратэсту. «Умовы гэтага міру, – падкрэслівалася ў ёй, – парушаюць самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народа, бо гэты мір заключаны за кошт гістарычных і этнаграфічных беларускіх земляў

Перадаючы Летуве Віленшчыну і Гарадзеншчыну, расейскія бальшавікі цалкам ігнаравалі абвешчаны імі ж самімі прынцып свабоднага самавызначэння нацый. Дадзеныя першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расейскай імперыі 1897 г. сведчылі, што, да прыкладу, у Гарадзенскім павеце беларусы складалі 65,7%, летувісы -1,4%, у Лідскім адпаведна 73,1 і 8,7%, у Ашмянскім – 79,5 і 3,7%.

Пасля падпісання савецка-летувіскай мірнай дамовы стаўленне да беларускіх структураў у Летуве рэзка змянілася. Летувіскі ўрад ліквідаваў асобныя беларускія вайсковыя часціны. Міністэрства беларускіх справаў урэшце мусіла спыніць сваё існаванне. У 1923 г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі пераехала з Коўны ў Прагу.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1918-1923 гг. Дзейнасць Міністэрства беларускіх справаў у Летуве.
12 ліпеня 1920 г. Падпісанне савецка-летувіскай мірнай дамовы.
22 ліпеня 1920 г. Нота пратэсту ўрада БНР супроць перадачы беларускіх этнінных тэрыторыяў Летуве.
11 лістапала 1921 г. Падпісанне міжурадавай дамовы паміж БНР і Летувіскай Рэспублікай пра ўзаемнае прызнанне, супрацоўніцтва і аб’яднаныя дзеянні супраць Польшчы.
Лістапад 1923 г. Прэзідыум Рады і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі пакінулі Летуву.

©  У. Арлоў
“Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии