Атрымаўшы ў 1645 годзе Магдэбургскае права, Малеч набыў і ўласны герб – «святога апостала Пятра з ключамі». Пра тое, як выглядаў герб горада ў XVII-XVIII стст., нам дае ўяўленне бясколерны адбітак малецкай гарадской пячаткі на дакуменце, датаваным 1792 годам. Пакуль гэта адзіны адбітак, выяўлены ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва ў г. Мінску. Герб гэтага перыяду мае біблейскую сюжэтную лінію з вялікай колькасцю ўзаемазвязаных паміж сабой элементаў, якія мы і паспрабуем разгледзець.
Так, цэнтральнай фігурай герба з’яўляецца, як і згадваецца ў прывілеі Малечу на Магдэбургскае права, апостал Пётр з ключамі. Ніжэй яго знаходзіцца малюнак рыбацкай лодкі, так як святы Пётр (Сымон) па паданню быў рыбаком. Аўтары кнігі “Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі” Сяргей Расадзін і Аляксандр Міхальчанка лічаць, што ніжэй фігуры апостала Пятра знаходзіцца схематычны малюнак карабля як знака апостальскага падарожжа Святога Пятра з Сінапу ў Рым.
На наш погляд, гэтая інтэрпрэтацыя малюнка не зусім дакладная, бо на гербе відавочна праглядаецца лодка з двума чалавекамі, якія сядзяць у ёй, і схематычным малюнкам рыбалоўных сетак у выглядзе ліній, якія ідуць у мора ад лодкі. Тут прадугледжваецца падвойнае тлумачэнне малюнка: як ілюстрацыя да евангельскага апісання першай сустрэчы Пятра і Андрэя з Ісусам Хрыстом (Праходзячы ж каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбаловы; [Матвея: 4-18]), а таксама ўказанне на Св. Пятра як «лаўца душ чалавечых».
Па левую руку ад апостала Пятра знаходзіцца малюнак пеўня, які сядзіць на плоце ці частаколе. Гэта сімвал адрачэння і пакаяння, бо паводле Евангелля Св. Пётр тры разы адрокся ад Хрыста да першага крыку пеўня, у чым пасля раскаяўся. Па правую руку ад Пятра – два сімвалы: Укрыжаванне і галіна расліны.
Калі першы з іх не мае патрэбы ў дадатковых каментарах, то датычна другога сімвала думкі некаторых даследчыкаў-геральдыстаў разыходзяцца. Так, А. Цітоў у кнізе “Геральдыка беларускіх местаў (XVI-пач. XX ст.)” сцвярджаў, што гэта расліна – пальма. Сяргей Расадзін і Аляксандр Міхальчанка лічаць, што на гербе схематычны малюнак лілеі, як хрысціянскага сімвала цноты. Па нашай жа думцы, на гербе намаляваная звычайная беларуская вярба з набрынялымі пупышкамі, як гэта адбываецца вясной.
Па хрысціянскай традыцыі лічыцца, што калі Хрыстос уязджаў у Іерусалім, народ, сустракаючы яго, кідаў на яго шляху галінкі пальмы як сімвала царскай славы і перамогі. На беларускіх землях, на свята Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім прынята асвячаць галінкі вярбы, якія сімвалізуюць сабой пальмавыя галіны. Па ўсёй бачнасці, малецкая гарадская пячатка выраблялася мясцовымі майстрамі, якія і ўнеслі ў біблейскую сюжэтную лінію беларускія асаблівасці. Гэта і малюнак вярбы, і малюнак пеўня, які сядзіць менавіта на частаколе (на якім панавешаны керамічны посуд для прасушкі – таксама тыповая беларуская прыкмета).
Пацвярджае гэта і легенда (кругавы надпіс) пячаткі. З польскай мовы яна перакладаецца як: «Пячатка горада Мальча Я.К.М. [Яго Каралеўскай Міласці] і Рэчы Паспалітай С. [Святы] Пётр». Справа ў тым, што ў слове «pieczenc» дапушчаная памылка. На польскай мове слова «пячатка» павінна было пісацца як “pieczec”. Гэты факт пацвярджае тое, што яна выраблялася мясцовымі майстрамі.
Звязана гэта было з наступнымі ўнутрыпалітычнымі падзеямі. Як ужо казалася раней, у 1776 годзе Магдэбургскае права засталося толькі ў найбольш буйных гарадах, дробныя мястэчкі яго страцілі. Але 18 красавіка 1791 года сойм Рэчы Паспалітай прыняў першы ў гісторыі дзяржавы закон аб гарадах і адразу ж уключыў яго ў Канстытуцыю 3 Траўня. Гэтым законам месцічы атрымалі такое ж права асабістай недатыкальнасці, якім карысталася беларуска-літоўская шляхта па Статуту 1588 г. Гэта значыць, забаранялася знявольваць падазраваемага пад ахову да судовага разбіральніцтва, за выключэннем выпадкаў затрымання на месцы злачынства, фальшывых банкрутаў, якія не прадставілі дадатковага залога ў судзе. Месцічам дазвалялася набываць маёнткі, населеныя залежнымі сялянамі, а ўласнікі маёнткаў коштам звыш 2 тыс. злотых атрымалі права ўзводзіцца соймам у шляхецкае званне. Акрамя таго, на кожным сойме яшчэ па 30 месцічаў, якія мелі нерухомую маёмасць у гарадах, маглі аб’яўляцца шляхтай. Месцічы, якія даслужыліся ў арміі да званняў штабс-капітана, капітана і ротмістра, станавіліся са сваімі нашчадкамі шляхцічамі. Ім дазвалялася займаць ніжэйшыя пасады ў дзяржаўных установах і судах, а таксама быць адвакатамі. Месцічы атрымалі права прадстаўляць свае інтарэсы ў соймавых камісіях пры разглядзе пытанняў, што датычыліся гарадоў. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што жыхары невялікіх гарадоў і мястэчак, не маючых права на самакіраванне (або страціўшых іх) адразу кінуліся шукаць дакументальныя пацверджанні таго, што яны жывуць у горадзе, а некаторыя дробныя мястэчкі ўводзілі самакіраванне, не чакаючы прывілеяў. Магчымасцямі, прадстаўленымі Законам аб гарадах ад 18 красавіка 1791 г., паспелі скарыстацца 74 гарады. Жадаючых атрымаць такія прывілеі было больш, але перашкодзіў роспуск Чатырохгадовага сойма летам 1792 года, калі праціўнікі рэформаў паклікалі на дапамогу расійскую армію. Цалкам натуральна, што малецкія месцічы таксама не прамінулі выкарыстаць гэты зручны момант для аднаўлення Магдэбурскага права.
Такім чынам, гербавая малецкая пячатка 1792 года мела мноства сюжэтна звязаных паміж сабой элементаў (сустрэча Хрыста з будучымі апосталамі Пятром і Андрэем, Уваход Гасподні ў Ерусалім, адрачэнне апостала Пятра ад Хрыста, Укрыжаванне Хрыста), несла ў сабе вялікую сэнсавую нагрузку і мела нацыянальныя беларускія адметныя асаблівасці.
Існуе яшчэ адно, галоўнае пытанне, якое патрабуе адказу: чаму Малечу быў дадзены герб з выявай менавіта апостала Пятра, а не іншага святога? Адказ заключаецца ў рэлігійнай геральдычнай традыцыі перыяду Рэчы Паспалітай і назве малецкага храма, які насіў да Берасцейскай царкоўнай уніі імя Сямёнаўскага. У XVII стагоддзі каралеўскія геральдысты, хутчэй за ўсё, па памылцы, а можа і па рэлігійных перакананнях, звязалі назву храма не з імёнамі праваслаўнага святога і праваслаўнага князя, а з апосталам Пятром, які да сустрэчы з Хрыстом насіў імя Сымон. Апостал Пётр і быў выбраны ў якасці галоўнага сімвала гарадскога герба.
Сучасны малецкі герб, зацверджаны Рашэннем № 89 ад 15.09.1998 Малецкага сельскага выканкама. Унесены ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь 24.09.1998 пад № 24 і ўяўляе сабой «барочны» або «германскі» шчыт, у срэбраным полі якога знаходзіцца паясная выява Святога Апостала Пятра з зялёнай раслінай, ключамі і чорным пеўнем. Рэстаўрацыяй герба займаўся вядомы беларускі геральдыст А. К. Цітоў, які выкарыстаў для гэтага вышэйапісаны адбітак гарадской пячаткі. У выніку, яе сюжэт ў аднаўленні варыянта герба патрапіў толькі часткова. Былі апушчаны такія важныя элементы, як «Укрыжаванне» і «рыбацкая лодка». Зразумела, гэта прывяло да парушэння ўсёй сюжэтнай лініі ў цэлым. Акрамя таго, улічваючы, што адбітак на дакуменце з’яўляўся бясколерным, колеры герба прыйшлося аднаўляць адносна, і ў выніку ў Святога Пятра з’явілася два залатых ключа. Але, згодна з Евангеллем, з ключоў, уручаных Пятру Ісусам Хрыстом, залатым павінен быць толькі адзін («ключ дазваляючы»), другі жа ключ павінен быць срэбраным («ключ звязваючы»). Паводле дадзеных кнігі “Гербы і сцягі …” менавіта такія іх выявы ў гербе Ватыкана.
© Алесь Кенда, Рэха Берасцейшчыны