Дзьвінск, Дынабург (па-латышску: Daugavpils, па-расейску: Даугавпилс) — места на паўднёвым усходзе сучаснай Латвіі, на рацэ Дзьвіна. Дзьвінск — культурны, адукацыйны, прамысловы цэнтар гістарычнага рэґіёну Латгалія.
ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ | |
---|---|
1275 г. | першы летапісны ўспамін, крыжацкая фартэцыя Дынабург (па-нямецку: Dünaburg, Дэнэнбурґ). |
1278 г. | войскі пад кіраўніцтвам Трайдзеня безвынікова спрабавалі ўзяць умацаваньне. |
1403 г. | места захапіў і знішчыў Вітаўт ды ўзяў шмат здабычы і палонных. |
30 жніўня 1559 г. | ратуючыся ад Масковіі, Ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага і адпаведна з дамоваю замак і места Дынабург былі перададзеныя ВКЛ як кампэнсацыя вайсковых стратаў на абарону супраць маскоўскіх войскаў. Дынабург зрабіўся адміністрацыйным цэнтрам Інфляндзкага (Задзьвінскага) княства. Кіраваў гэтай калёніяй губэрнатар, які прызначаўся вялікім князем літоўскім |
1569 г. | у зьвязку з утварэньнем Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, Інфлянты (разам з Дынабургам) абвясьцілі супольным уладаньнем (канданіміюмам) Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага |
1577 г. | у ходзе Лівонскай вайны маскоўскі цар Іван Жахлівы захапіў Дынабург; як толькі маскоўскія войскі адышлі, пакінуўшы невялікую залогу, мясцовыя жыхары пад кіраўніцтвам В. Плятэра перабілі акупантаў і вызвалілі места |
1625 г. | швэдзкі кароль Густаў Адольф падпарадкаваў Дынабург, але праз год смаленскі ваявода Аляксандар Гансеўскі вярнуў яго. |
1635-1655 гг. | знаходзіўся пад швэдзкай акупацыяй, а ў 1656—1667 — пад маскоўскай, на гэты час маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч перайменаваў места ў Барысаглебск. |
1772 г. | у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзьвінскай правінцыі. |
1893 г. | перайменаваны ў Дзвінск |
1918 г. | увайшоў у склад абвешчанай Беларускай Народнае Рэспублікі |
11 жніўня 1920 г. | бальшавікі перадалі места Латвіі |
25 сакавіка 1921 г. | у Дзьвінску было створанае беларускае культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына»; сярод вынікаў працы таварыства было заснаваньне Дзьвінскай беларускай гімназіі. |
1924-1925 гг. | латвійская паліцыя сфабрыкавала матэрыялы пра «спробы далучэньня Латгаліі да БССР», пасьля чаго былі арыштаваныя ды зьвінавачаныя ў дзяржаўнай здрадзе многія настаўнікі, сябры таварыства «Бацькаўшчына». Хоць суд і апраўдаў беларусаў, але пасьля гэтага былі ліквідаваныя многія беларускія культурніцка-адукацыйныя ўстановы. Неўзабаве латвійскі ўрад зачыніў усе беларускія адукацыйныя ўстановы Дзьвіншчыны |
1940 г. | у складзе Латвійскай ССР |
26 ліпеня 1941 — 27 ліпеня 1944 г. | знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй |