Хваля Мікалаеўскай русіфікацыі

Спробы ператварэння Беларусі ў Паўночна-Заходні край

Польска-руская вайна падштурхнула Мікалая I да барацьбы супраць паланізацыі Беларусі. Здавалася б, падтрымка беларускага рэгіяналізму набывала для царскага рэжыму палітычны сэнс. Але ў кіраўніцтве Расіі не знайшлося ніводнага чалавека, які падтрымліваў бы такі накірунак.

 З’яўленне русіфікатара. Калі да паўстання 1831 г. царскі ўрад карыстаўся пераважна палітычнымі сродкамі русіфікацыі, гэта значыць абмяжоўваўся дасягненнем лаяльнасці і пакорлівасці расійскай дзяржаве, дык у далейшым — пераважна сродкамі ідэалагічнымі. Імперская ідэалогія патрабавала аднастайнасці не толькі ў палітычным, але і ў нацыянальна-культурным жыцці. На думку ўрада, у Расіі не толькі беларусы, але і ўкраінцы павінны былі пачувацца рускімі. Тады дзяржава будзе моцная, і імперыя ўтрымаецца. Гэтага дамагаліся нават рускія рэвалюцыянеры. I невыпадкова, што першым праграму русіфікацыі заходніх губерняў склаў для мікалаеўскага ўрада былы дзекабрыст Міхаіл Мураўёў. Сваю чыноўніцкую кар’еру ён рабіў у Беларусі: спачатку ў якасці віцебскага губернатара (1827), потым – магілёўскага (1828—1830) і гарадзенскага (1831—1835), а паміж прызначэннямі выконваў абавязкі чыноўніка па асаблівых даручэннях пры штабе арміі графа Талстога, які душыў паўстанцаў у Беларусі і Літве. Амаль усё, што Мураўёў прапаноўваў у сваіх запісках 1831 г. да цара, праводзілася потым рускім урадам у жыццё.

Насаджэнне рускай мовы і рускай адміністрацыі. Справамі русіфікацыі Беларусі кіраваў створаны ў 1832 г. Заходні камітэт. Ён адразу ўвёў замест польскай рускую мову не толькі для вуснага карыстання, але і для справаводства ва ўсіх дзяржаўных установах краю. Аднак сярод мясцовых ураднікаў (чыноўнікаў) мала хто ўмеў добра чытаць і пісаць па-руску, што давала падставу замяняць іх ураджэнцамі ўнутранай Расіі. Для заахвочвання да пераезду ў Беларусь перасяленцам давалі вышэйшыя пасады і большыя аклады, чым у цэнтральных губернях. Толькі ахвотнікаў працаваць у расійскай адміністрацыі чужога краю знаходзілася не надта шмат. У1855 г. колькасць выкліканых ураднікаў у Віленскай і Гарадзенскай губернях складала ўсяго 20%. Увядзенне ў Беларусі рускай адміністрацыі практычна правалілася. Ехаць у нярускую правінцыю ў пошуку выгодаў адважваліся звычайна не найлепшыя прадстаўнікі рускага народа. Яны не маглі паспрыяць тут росту аўтарытэту Расіі. Мясцовыя сяляне ставіліся да іх з яшчэ болыпым недаверам, чым да мясцовых ураднікаў, якія хоць бы ведалі беларускае жыццё і мову, а значыць, маглі растлумачыць вяскоўцам, чаго ад іх патрабуе адміністрацыя. Рускаму ўраду даводзілася мірыцца з тым, што большасць дзяржаўных служачых у Беларусі складалі спаланізаваныя шляхціцы, якія патроху вучыліся рускай мове.

Увядзенне расійскага заканадаўства. Мясцовым уладам не падабалася, што справаводства ў Беларусі ажыццяўлялася паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага. Міхаіл Мураўёў і беларускі генерал-губернатар Н.М. Хаванскі дамагаліся ўвядзення расійскага заканадаўства і адмены польскага, да якога яны адносілі па сваёй гістарычнай і палітычнай непісменнасці Літоўскі Статут. I ён быў скасаваны спачатку ў Віцебскай і Магілёўскай (1831), а потым ва ўсіх астатніх заходніх губернях Расіі (1840). На той час вядомы рускі рэфарматар Міхаіл Спяранскі завершыў працу над сістэматызацыяй расійскіх законаў. Адначасова з Міхаілам Спяранскім вядомы вучоны-юрыст, прафесар Віленскага універсітэта Ігнат Даніловіч падрыхтаваў да друку так званы “Заходні звод законаў”, у аснову якога быў пакладзены Статут Вялікага Княства Літоўскага. Гэты звод прызначаўся для Беларускага краю. Але Мікалай I забракаваў працу Ігната Даніловіча за яе “польскі характар”. Яна хоць і выконвалася на замову ўрада і найбольш адпавядала мясцовым умовам жыцця, але мела “недахоп” – грунтавалася на нормах старажытнабеларускага права. Хутка жыццё паказала, што ўвесці рускія законы ў Беларусі – з яе багатымі юрыдычнымі традыцыямі – адначасна немагчыма. Таму мясцовыя прававыя асаблівасці ўносіліся ў агульны звод законаў Расійскай імперыі. Такім чынам дзейнасць беларускіх законаў захоўвалася пад выглядам рускіх.

Вынаходніцтва правінцыйнай назвы. У 1840 г. Мікалаю I трапіў на вочы праект загада, дзе гаворка ішла пра губерні беларускія (Віцебскую, Магілёўскую, Смаленскую) і літоўскія (Віленскую, Гарадзенскую і Мінскую). Цар выкрасліў этнаграфічныя назвы, аддаў загад перапісаць з пазначэннем кожнай губерні асобна і распарадзіўся, каб такі парадак захоўваўся і надалей. I праўда, у далейшым урад пазбягаў называць адзначаныя губерні беларускімі ці літоўскімі. Трошкі пазней для іх прынялі назву “Паўночна-Заходні край”, Такім чынам і на нашыя землі пашырылася агульнаімперскае правіла не надаваць адміністрацыйным назвам этнаграфічную афарбоўку. Пад забарону падпалі найперш назвы “Літва” і “літоўскі”. Афіцыйна яны ў дачыненні да заходніх земляў былога Вялікага Княства Літоўскага ўжо ніколі не ўжываліся. Што да назваў “Беларусь”, “беларускі”, то яны зберагаліся і патрошкі распаўсюдзіліся і на былыя літоўскія губерні, але ўжо ў другой палове XIX ст.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии