Не з-за клопату пра беларусаў, а праз свае імперскія планы, вынікам партнёрскіх перамоў Савецкага Саюзу з нацыскай Германіяй для нас стаў т.зв. вызваленчы паход і ўз’яднанне Заходняй і Ўсходняй Беларусі. А шмат хто ведае, што пасля такога “ўз’яднання” існавала мяжа паміж Заходняй і Ўсходняй часткамі? Гэтую мяжу пільна ахоўвалі сілы памежнікаў, а яе вольнае перасячэнне не дазвалялася. Фактычна мяжу скасавала толькі нямецкая акупацыя ў 1941 г.
Ахвярай тых жа імперскіх планаў Масквы мы сталі амаль адразу ж пасля такога “ўз’ядняючага паходу” на Заходнюю Беларусь, калі праз некалькі тыдняў Крэмль дорыць Віленшчыну і Вільню Летуве. Пазней да падарунка далучацца яшчэ некаторыя землі БССР. У выніку атрымалася, што Масква далучала да сабе Летуву, а плаціла за гэта Беларусь. Прычым, Масква так і казала, што гэтыя землі не з летувіскім насельніцтвам.
Як гэта было? Пакт Молатава-Рыбентропа і пасля “вызваленчага паходу” Чырвонай Арміі ад 17 верасня 1939 г. савецкая ўлада пачала падрыхтоўку да склiкання ў Вiльнi Народнага сходу Заходняй Беларусi. Згодна з Камінтэрнам, Заходняя Беларусь уключае у сабе і Вільню з Віленскім Краем. Напярэдадні будучы кіраўнік савецкай адміністрацыі Заходняй Беларусі І.Клімаў нават атрымаў паўнамоцтвы на абвяшчэнне Заходнебеларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з Вільняй ў якасці сталіцы. Сам жа Клімаў 24 верасня на адным з беларускіх сходаў сказаў, что Вільня будзе ў складзе Савецкай Беларусі. На здзіўленне тагачасныя газеты пісалі аб дастатковай гістарычнай абгрунтаванасці правоў беларусаў на спадчыну ВКЛ і, як вынік, на Вільню. Вільню бычылі ў якасці абласнога цэнтру, а то і сталіцы БССР. На Віленшчыне праходзілі мітынгі і дэманстрацыі, выказвалася жаданне жыць у адзінай беларускай дзяржаве (цікава, ці сапраўды на цэнтральнай плошчы Вільні сабралося 75 тыс. віленскіх жыхароў, а гэта трэць ад гарадскога насельніцтва?). Улады праводзілі святочнае мерапрыемства з нагоды далучэння Вільні да Беларусі. Прычым апрацоўка насельніцтва вялася па-беларуску (таксама добры адказ, хто там жыў). Канешна, адбываліся і рэпрэсіі супраць нацыянальна свядомых і іншых – усё, як належыць у Савецкім Саюзе. Зазначым, што яшчэ за чатыры дні, як савецкія войскі ўвайшлі ў Вільню 19 верасня, беларускім НКУС ставілася пытанне ачысткі ад нядобранадзейных элементаў (асабліва беларускiх палiтычных лiдараў) у зрэзе далучэння Вільні да БССР.
Такім чынам, пачаў рэалізоўвацца план – які быў яшчэ да 17 верасня – па далучэнню Віленчшыны і Вільні да Савецкай Беларусі. Але ў межах Заходняй Беларусі Віленшчына прабыла тры тыдні, бо ўжо 10 кастрычніка 1939 г. Масква перадае яе Летуве (а гэта 550 тыс. чалавек). Працяг традыцый, якія яскрава дэманструюць акупацыйны характар адносін паміж Масквой і беларусамі, не прыпыніўся і ў гэта раз: перамовы аб беларускіх тэрыторыях і падпісанні дакументаў па “нарэзцы” беларускіх зямель праходзілі без удзелу прадстаўнікоў ад Беларусі і без ўліку інтарэсаў саміх беларусаў.
Вось простае пытанне: ці сапраўды вялікая агрэсіўная экспансіянісцкая і рэпрэсіўная дзяржава на чале са Сталіным можа адарваць ад сабе кавалак і проста так падарыць яго нейкай маленькай этнічна іншай краіне? Толькі халодны пралік і імперская выгада. Саміх летувісаў да 1939 г. у Вільні практычна ніколі не было.
Для сёняшняй моладзі далучэнне Віленшчыны да БССР можа здацца дзіўным, але ў той час гэта было лагічным з’яднаннем этнічных беларускіх зямель з БССР. Таму ў кастрычніку 1939 г. здзіўленне было выклікана менавіта рашэннем забраць у БССР і перадаць Летуве. Прычым, нават, па афіцыйнай заяве таго ж М. Молатава, насельніцтва Вільні нелетувіскае. Разумееце, што тыя, на кім адказнасць за размеркаванне беларускіх зямель, на афіцыйным узроўні прызнавалі, што Віленшчына не летувіская? Саміх летувісаў было толькі 2% ад усяго насельніцтва Вільні. Большасць у горадзе мелі габрэі ды палякі. Пражыванне першых добра тлумачыцца мяжой яўрэйскай аселасці, а хто такія Віленскіе палякі ў канцы 1930-ых і наколькі яны польскія – нязручнае для Польшчы пытанне, бо польская акупацыйная ўлада ўпарта рабіла сваё па знішчэнню беларускай самасвядомасці. Па першае, сіламі ўраду польская мова і культура – гэта статус (прагматычны чыннік), па-другое, дзеці беларуска- ці польскамоўных беларусаў праз школы, універсітэт ды армію перарабляліся ў палякаў, бо беларускія школы зачыняліся, а творы беларускамоўнай публіцыстыкі палякі канфіскоўвалі і знішчалі. Таксама адбывалася ператварэнне ў палякаў і дарослых людзей. Беларускіх каталікоў яны прыраўноўвалі да палякаў.
Не сакрэт, большасць насельніцтва пражывала ў сельскай мясцовасці (аграрны рэгіён). І калі казаць за дарэвалюцыйную Віленшчыну, то атрымліваецца, што абсалютную большасць складаюць беларусы.
Асаблівасці перапісаў і ступень даверу
Канешна, для большасці з нас, хто спрабуе знайсці праўду аб нацыянальным складзе гэтых земляў у інтэрнэце, хапае перашкод. Не кожныя 10 год праводзіліся перапісы, але галоўнае – кожны перапіс з’яўляецца жаданнем навуковым метадам загадзя атрымаць патрэбныя для сябе вынікі. І ўжо потым з такой “аргументаванай” базай здзяйсняць запланаваную палітыку. На справе гэта было так: Расійская імперыя ды Польшча карысталіся канфесійным падыходам і без пытання аб нацыянальнасці залічвалі беларусаў-каталікоў ў палякі (а пазней на Віленшыне беларус трапляў у летувісаў), а праваслаўных беларусаў – у расейцаў/вялікаросаў. Варта ўвагі, што напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай на тэрыторыі сучаснай Беларусі 75% насельніцтва з’яўляліся ўніятамі. У 1839 г. расейская ўлада ліквідуе (знічшае) на Беларусі ўніяцтва з пераводам беларусаў у праваслаўе, каб адрэзаць этнічную памяць і ператварыць у расейцаў. Паказальна, як вынікі перапісаў па крытэрыям рэлігійнай прыналежнасці маюць сваё адлюстраванне ў наступных перапісах ужо па нацыянальнай прыналежнасці (не беларус-католік, а паляк/летувіс, не праваслаўны беларус, а вялікарус) – адсоткавыя суадносіны беларус-католік/беларус-праваслаўны захоўваюцца ў катыгорыях паляк/вялікарус. Ці без пытання аб нацыянальнасці запісваюць, якой мовай карыстаецца чалавек, а потым інтэрпрэтуюць нацыянальнасць у сваіх інтарэсах. Таксама можна дадаць і падрыхтоўчую работу з прынцыпам “не запішацесь ў вялікаросы, будзеце пад панскім прыгнётам” ці наадварот. Вось яшчэ адзін метадалагічны фокус: акрамя беларусаў і вялікаросаў зрабіць графу змешаные “белорусы-велікоруссы”, разумеецца, ў наступным з залічэннем да вялікаросаў ці дзеля магчымасці мінусаваць гэту групу ад групы “беларусы”, каб знізіць удзельную вагу апошніх.
Менавіта праз такі “граматны” падыход зніклі некалькі міль’ёнаў беларусаў, а на іх месцы з’яўляліся ты я ж міль’ёны, але ўжо палякаў, расейцаў і ў параўнанні крышачку летувісаў.
Калі на Віленшчыне ў пачатку ХХ ст. больш за міль’ён беларусаў складалі большасць насельніцтва, то праз палову стагоддзя – толькі адзін адсотак (30 тыс.). Калі ж адбылася “Вялікая міграцыя” віленскіх беларусаў на тэрыторыі БССР ці куды яшчэ? Ці была “Вялікая летувіская” міграцыя і з Жамойці прыехаў міль’ён летувісаў? Хіба толькі ў міжваенны час адбылася “Вялікая польская” міграцыя ў абмен на беларусаў у Польшчу.
У гэтым пытанні нам таксама патрэбна дапамога беларускіх гісторыкаў, бо, калі прымаць на веру адэкватнасць такіх перапісаў і іх інтэрпрэтацыяў, можна атрымаць мяжу з поўначы на поўдзень праз Менск, дзе заходняя частка – гэта былі палякі, а ўсходняя – расейцы. Вось толькі беларусаў не было. Нядзіўна, што ў канцы XIX – пачатку ХХ стст. на нашых землях узнікае такі фенамен як тутыйшыя. Але, муруючы свае канцэпцыі, польская і летувіская гісторыяграфія і такія адказы беларусаў можа тлумачыць і лічыць адпаведна за этнічных палякаў і летувісаў.
Дык вернемся да Вільні, перадача якой з боку Крамля – гэта, яшчэ раз зазначым, чыстая геапалітыка. Калі першапачаткова па дагавору аб ненападзе ад 1939 г. Летува з Вільняй адыходзілі ў склад Германіі, то, згодна з іншым дагаворам аб дружбе i мяжы памiж СССР i Германiяй, Летува становіцца сферай інтэрэсаў СССР (наўзамен Германія ад Савецкага Саюзу атрымлівала Люблiнскае i частку Варшаўскага ваяводства). Пазней паміж Масквой і летувісамі адбылося “гандлёвае пагадненне”: перадача Вільні была абумоўлена згодай Летувы на размяшчэнне на яе тэрыторыі 20 тысяч савецкіх салдатаў. Мэта – далучэнне Летувы да СССР, iнкарпарацыя. І летувісы, разумеючы гэта, пагаджаюцца. Дарэчы, першапачаткова было 50 тысяч, але летувісы змаглі збіць да дваццаці. Што адметна, у той час у летувісаў з’яўляецца прымаўка: Vilnius mūsų – Lietuva rusų (“Вільнюс нам – Летуву расейцам”).
Вядомы ўспаміны летувіскіх салдатаў, сведкаў тых падзей (параду ў Вільне). Нягледзячы на тое, што пісалі летувіскія газеты пра цёплы і квяточны прыём горада, самі салдаты не бачылі радасці ў гараджан. З іх слоў, было відавочна, што ніхто іх тут не чакае. Сярод салдатаў былі такія (цікава, колькі?), хто шчыра не разумеў, навошта ісці ў нелетувіскі горад. Пасля пачалася “летувізацыя” Вільні і рэгіёну, а дакладней – прымусовая асіміляцыя, якая ўкаранялася, перш за ўсё, паліцэйскімі сродкамі. Варта зазначыць з такога пункту погляду: у стагоддзямі талерантнай шмат этнічнай, шмат моўнай і шмат канфесійнай Вільні адразу ж пасля атрымання гораду пачаўся летувіскі нацыяналізм і антысемітызм. Згадзіцеся, вельмі сімвалічна, што “векавыя гаспадары” ВКЛ і яго сталіцы павялі сябе менавіта так.
На конт перадачы Вільні не Летуве, а БССР звярнулася да ЦК ВКП(б) частка беларускай партыйнай наменклатуры, але амаль усіх з іх арыштавалі. Добра, што потым усе ж адпусцілі, але Вільня пашла летувісам, і засталося зразумела, што ўздымаць такое пытанне небяспечна. Прычым, з тымі беларусамі Віленшчыны, якія таксама былі супраць такого рашэння, на карысць Летувы разбіраліся працаўнікі НКУС СССР.
21 ліпеня 1940 г. была абвешчана ЛССР, а 3 жнiўня 1940 г. ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага Савета СССР Летува становіцца часткай Савецкага Саюза. У лістападзе 1940 года ад таварыша Сталіна (але нібы з ініцыятывы П.Панамарэнкі) ЛССР атрымлівае новы тэрытарыяльны падарунак: у склад Летувы ад Беларусі перадалі амаль увесь Сьвянцянскі раён, частку Астравецкага раёна і іншых зямель, у тым ліку курортны Друскенiкi.
13 ліпеня 1944 г. войскі Трэцяга Беларускага фронту вызваляюць Вільню ад немцаў. Л.Берыя пісаў Сталіну пра задаволенасць жыхароў, што служба ў касцелах будзе весціся на польскай мове, а не на летувіскай, і што жыхары спадзяюцца на далучэнне да Заходняй Беларусі, а не да Летувы. Але горад зноў стаў належыць Летуве. Самі летувісы не дазвалялі адчыняць беларускамоўныя школы, летувіскі ўрад спыніў дзейнасць беларускай гімназіі і настаўніцкай семінарыі, быў ліквідаваны музей імя І.Луцкевіча. Як і ў 1939г., у 1945г. амаль уся беларуская інтэлігентная эліта прайшла праз арэшты і дэпартацыю.
Пасля вайны летувіскае насельніцтва з вясковых раёнаў Летувы звозілася ў Вільню. Праз десятак год пасля вайны летувісы сталі адноснай нацыянальнай большасцю гораду (што не можа не ўразіць за такі кароткі час), а мяжу ў 50% перасякнулі напярэдадні 1980-х. Прычым самая першая мабілізацыя была па-просту правальная: план быў выкананы на 2,7%. Уявіце сабе, што ў сэрца дзяржавы – Вільню, сваю нацыянальную калыску, ніхто не захацеў ехаць. Таму першыя патокі працаздольнага насельніцтва былі з іншых саюзных рэспублік.
Што кажуць нашы паўночныя суседзі пра передачу Вільні? Не, яны не згадваюць, што ні ў 1919 г., а ні ў 1939 г. насельніцтва Віленчшыны не было летувіскім. Пра большасць беларусаў у рэгіёне таксама маўчок. Пра гвалтоўную летувізацыю цішіня. Кажуць, што гэта гістарычная справядлівасць. Калі глянуць вышэй пра нашы разважанні аб дасягненнях сучаснай гісторыяграфіі ў пытанні генэзы ВКЛ і паглядзець навуковыя працы навукоўцаў (ад слова навука, а не ідэалогія) па этнічным беларускім землям у пачатку ХХ ст., то маем права сказаць, што гістарычная справядлівасць была б, калі Віленшчыну атрымалі б менавіта беларусы. Але беларусаў не пыталі і слухаць не збіраліся.
Яшчэ цікавую рэч кажуць летувісы, спасылаючыся на Дагавор аб перадачы Летуве горада Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж СССР і Летувы ад 10.10.1939г. Летувісы нагадваюць арт.8 Дагавору, дзе прапісаны тэрмін дзеяння пагаднення (15 гадоў), і сцвярджаюць, што іх краіна гэты 15-ці гадовы тэрмін выканала, а, значыць, і прэтэнзій наконт Вільні быць не можа. І яны ўсё правільна кажуць. Тыя 15 гадоў даўно прайшлі. Але той жа артыкул Дагавору ўключае ў сябе і наступнае: калі за год да заканчэння названага тэрміну адзiн з Дагаворных Бакоў не прызнае неабходным дэнансаваць устаноўленых на тэрмін пастаноў гэтага Дагавора, гэтыя пастановы аўтаматычна захоўваюць сілу яшчэ на наступныя дзесяць гадоў. То бок, Дагавор працягвае працаваць наступныя 10 гадоў, потым яшчэ 10 і гэтак далей. Але адбыўся час і Летува выйшла з складу СССР – значыць, і падпісанае пагадненне аб узаемадапамозе паміж СССР і Летувы перастае быць правадзейным, а гэта значыць, што і першы артыкул Дагавора не дзейнічае, і СССР не перадае Вільню і Віленскую вобласць – калі ласка, вяртайце назад.
Калі ж і самі летувісы пра гэты Дагавор кажуць, то нагадаем, што арт.2 абавязвае аказваць адзін аднаму ўсялякую дапамогу, у тым ліку і ваенную, у выпадку нападу або пагрозы нападу на Летуву, а таксама ў выпадку нападу або пагрозы нападу праз тэрыторыю Летувы на Савецкі Саюз з боку любой еўрапейскай дзяржавы. А арт.5 патрабуе не заключаць якіх-небудзь саюзаў ці ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з Дагаворных Бакоў. У працяг гэтага варта ўспомніць, як Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі МУС Летувы і гітлераўскае гестапа заключылі сакрэтнае пагадненне, па якому летувісы шпіёнілі на карысць Германіі, перадавалі ім падпольшчыкаў і дапамагалі з перакідкай іх агентаў на тэрыторыю СССР. Падкрэслім, што гэта рабілася на ўзроўні дзяржаўнага супрацоўніцтва Летувы і Трэцяга рэйха.
У 1990-ых Летува прынялі шэраг дзяржаўных актаў аб непрызнанні савецка-германскіх дамоўленасцей 1939г. і дамовы аб уваходжанні ў склад СССР ад 1940 г. А толькі ўжо гэта юрыдычна не прадугледжвае лагічнае вяртанне сучаснай Летувы ў межы 1939 г.? Дзе сёняшняя беларуская ўлада?
У сакавіку 1990 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР заявіў, што ў выпадку выхаду Летувы са складу СССР, будзе выдвінута патрабаванне аб вяртанні Вільні з Віленской вобласцю, а таксама іншых этнічных беларускіх зямель, якія былі ўключаны ў ЛССР за кошт тэрыторый БССР. На прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне ў чэрвене 1990 г. у гэтым пытанні беларускі бок падтрымаў М.Гарбачоў, заявіўшы, што ў склад Летувы ўваходзяць тэрыторыі, якія раней належылі Беларусі.
Як хто памятае ці проста бачыць відавочнае, Віленчшына засталася летувіскай. Нават больш, ў 90-ых было пытанне за чыгуначную станцыю Гадуцішкі. Спачатку беларусы запатрабавалі кампенсацыю за адмову, але потым увосень 1994 г. беларускі бок з энергетычным падсілкоўваннем першага прэзідента Беларусі пагадзіўся саступіць без прад’яўлення дадатковых умоў. А сам Дагавор аб мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Летува быў падпісана 6 лютага 1995 г. ў Вільні падчас афіцыйнага візіту прэзідэнта Беларусі. Працэдура дэмаркацыі беларуска-летувіскай мяжы шла з 1996 г. і да 2006 г., а абмен фінальнымі дакументамі адбыўся толькі ў 2008г. Вось вам і гісторык савецкага выхавання.
© Васілька, (традыцыйна па-беларуску) спадар з-пад Вільні