Рацы – сербы на службе ў ВКЛ

Само слова «рацы» паходзіць ад горада Рас на рацэ Рашка – калысцы сербскай дзяржавы Неманічаў. У выніку асманскага заваявання Балкан мноства сербаў пакінула свой родны край і аселі на тэрыторыі сучасных Румыніі, Венгрыі, Славакіі. Гэтак жа як Стогадовая вайна кідала брэтонцаў і валійцаў да Пірэнеяў і Апенін, як гусіцкія войны прымушалі «падарожнічаць» чэхаў да сучаснай Украіны і Літвы, сербы не былі выключна мірнымі бежанцамі. Гэта былі людзі, якія мелі вопыт доўгай вайны, валодалі сапраўды каласальнай перавагай — спалучалі розныя метады вядзення вайны, камбінуючы заходнія і ўсходнія традыцыі.

Пераселеныя ў Венгрыю рацы досыць хутка ўліліся ў рэаліі новай радзімы. Ужо ў студзені 1474 года жыхары польскага горада Кросна ледзь не падвергліся жорсткаму разарэнню, калі: «… рацы разам з венграмі прыходзілі пад Кросна. З дапамогай сваіх хітрасцей ўтойліва падышоўшы да горада, ворагі ня захапілі яго толькі дзякуючы вартавому ля галоўных варот, які выбіў бервяно, на якім трымаўся мост … »

Баявыя якасці рацаў па вартасці ацанілі сучаснікі. Таму з’яўленне некалькі экзатычнай для ВКЛ ваеннай фармацыі было толькі справай часу. Літоўскі гісторык Гедзімінас Лесмайціс адносіць з’яўленне рацаў да 1499 года, калі аднаму з іх адмовілі ў найманні. Пазней рацы сустракаюцца значна часцей.

Магчыма, некаторае лабіраванне рацаў як выдатных воінаў, здольных выконваць адразу некалькі задач на полі бою, адбывалася з боку сямейства Глінскіх. Міхаіл Глінскі, як маршалак дворны валодаў дастатковым уплывам на Вялікага князя Аляксандра, а яго багаты ваенны вопыт дазваляў разглядзець масу пераваг ў прыцягненні сербаў да службы ў ВКЛ. Перавагі ж былі вельмі істотнымі: акрамя мабільнасці і рознабаковай ваеннай падрыхтоўкі, рацы былі салдатамі вельмі недарагімі. Рота Рэя колькасцю ў 80 чалавек абышлася казне роўна ў два разы танней, чым аналагічнае кавалерыйскае падраздзяленне ў расцэнках свайго часу (1503 г.).

Рацы
Бой гусара з туркам. Гравюра з кнігі Адама Чахроўскага “Розныя рэчы …”, 1598 г.

Міхаіл Глінскі як удзельнік італьянскіх войнаў цалкам мог сутыкацца з аналагам рацаў, якія прымалі ўдзел у тых кампаніях: выхадцы з Балкан пад найменнем «страдыёты» на рубяжы XV-XVI стагоддзяў з’яўляліся найбольш значнай часткай наёмнай кавалерыі Венецыянскай рэспублікі, а ў кампаніі 1497 года двухтысячны атрад страдыётаў наняў французскі кароль. У Клецкай бітве 1506 года, калі М. Глінскі разграміў татараў, рацы таксама прымалі ўдзел і паказалі сябе вышэй усялякіх пахвал. Акрамя таго, сямейства Глінскіх знаходзілася ў сваяцтве з кіраўнікамі Сербіі (дэспатамі) Бранкавічамі. А дзве малодшыя дачкі апошняга дэспата Ёвана Бранкавіча выйшлі замуж за прадстаўнікоў Гедымінавічаў: Марына за князя Вішнявецкага, у другі раз за Чартарыйскага, а Ганна за князя Сангушку (у наступным шлюбе мужам стаў князь Збаражскі).

Фарміраванні рацаў ўяўлялі сабой кавалерыйскія падраздзяленні. Узбраенне складала дзіда даўжынёй 2,5 метры і шабля. Даспехаў рацы не насілі. Але па прынцыпах вядзення бою іх нярэдка таксама называлі гусарамі. Часам адбывалася элементарная блытаніна: нанятыя сербы менавіта як «рацы» атрымлівалі жалаванне ў адным месцы, а на наступны год як гусары – у іншым. Адзіным адрозненнем рацаў ад гусараў таго часу была адсутнасць даспехаў.

Пазней выхадцаў з Балкан з не меншым поспехам сталі замяняць венгры, ды і сутыкненні з Крымам і Валахіяй прывялі да таго, што некалькі дапрацаваны варыянт ранніх гусараў ператварыўся ў цалкам «свой» выгляд кавалерыі. Пацяжэнне конніцы ў сярэдзіне XVI стагоддзя адбывалася паралельна і ў Венгрыі, і ў Польшчы, і ВКЛ.

 

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии