Турысту або падарожніку, які выпраўляецца ў Швецыю, пытанне пра магчымасць убачыць у далёкай Скандынавіі помнікі беларускай культуры можа падацца парадаксальным. Тым не менш нашы краіны звязвала як гісторыя агульнай пануючай дынастыі Вазаў, так і ваенныя супрацьстаянні ў XVII–XVIII стагоддзях. Таму ў Швецыю траплялі як прадметы дыпламатычнага абмену, каштоўныя падарункі, так і ваенныя трафеі, якія захоўваюцца ў шведскіх музеях.
Дынастычны звяз
«Прыгажосць на вадзе», як называюць Швецыю, а асабліва Стакгольм, мае дастаткова беларускіх слядоў, якія пакінулі тут складаныя перакрыжаванні гістарычных лёсаў.
Жыгімонт ІІІ Ваза, польскі кароль і вялікі літоўскі князь (у 1587–1632), чыя велічная трыумфальная калона ўпрыгожвае пляц перад каралеўскім замкам у Варшаве ў памяць пра перанясенне ім туды польскай сталіцы з Кракава, быў першым прадстаўніком шведскай дынастыі на троне Рэчы Паспалітай. Яго дзед, просты шляхціц Густаў Ваза, ачоліў шведскае вызваленчае паўстанне супраць Даніі (1521–1523) і зрабіўся шведскім каралём, заснаваўшы новую дынастыю. Дынастычны шлюб звязаў яго сына Яна (Юхана) ІІІ Вазу з ВКЛ (яго жонкай, а затым маці Жыгімонта ІІІ зрабілася Кацярына з Ягайлавічаў, дачка Жыгімонта Старога і Боны Сфорца). Такім чынам, з Беларуссю Жыгімонта ІІІ ад нараджэння лучылі сямейныя карані. Але нарадзіўся ён, натуральна, у Швецыі ў 1566 годзе, у замку Грыпсхольм, дзе яго бацькі знаходзіліся пад хатнім арыштам па загадзе тагачаснага шведскага манарха Эрыка XIV.
Пасля смерці бацькі Жыгімонт ІІІ (ужо намеснік польска-літоўскага пасаду з 1587 года) атрымаў спадчынны шведскі трон, і Рэч Паспалітая аказалася звязанай са Швецыяй персанальнай уніяй. Жыгімонт ІІІ разам з жонкай Ганнай Аўстрыйскай наведаў Стакгольм, каранаваўся і пакінуў замест сябе рэгентам дзядзьку Карла, герцага Сёдэрманланда. Рэгент пачаў прыбіраць уладу ў Швецыі. І калі Жыгімонт ІІІ адмовіўся паслаць у Швецыю сына Уладзіслава для выхавання ў пратэстанцкім духу, яго дэтранізавалі на гістарычнай радзіме, і ў 1599 годзе Карл Сюдэрманландскі адразу зрабіўся паўнамоцным правіцелем, а з 1604 года — каралём Карлам ІХ. Так узніклі падставы для працяглай (1600–1629 гады) вайны са Швецыяй, «Першай паўночнай», або «Бітвы за Інфлянты» (Лівонію), якімі ВКЛ валодала з 1560-х. У ёй Жыгімонт ІІІ спрабаваў адстойваць свой шведскі пасаг.
Гісторыя войнаў
Першапачаткова ў вайне шанцавала Рэчы Паспалітай. 405 гадоў таму, 27 верасня 1605 года гетман Ян Караль Хадкевіч разграміў войскі Карла ІХ пад Рыгай ля мястэчка Кіргольм (Саласпілс). Але з прыходам да ўлады новага караля Швецыі, «льва Поўначы» Густава ІІ Адольфа, сітуацыя змянілася: літоўскае войска ў Лівоніі тройчы цярпела паразы (1617, 1621, 1625). Палякі імкнуліся перакласці цяжар вайны на ВКЛ. А захоп Густавам Адольфам у 1621 годзе Рыгі з вусцем Дзвіны паставіў пад пагрозу ўвесь замежны балтыйскі гандаль ВКЛ. Так узнікла сітуацыя, калі эліта ВКЛ фактычным кансенсусам пачала рыхтаваць сепаратны мір са Швецыяй — пралог будучай Кейданскай уніі 1655 года.
19 студзеня 1627 года ў памежным з Лівоніяй мястэчку Балдэнмойжа беларуская і шведская дэлегацыі падпісалі пагадненне, паводле якога ваенныя дзеянні спыняліся, адбываўся абмен палоннымі (некаторыя не бачылі радзімы па 20 гадоў), а вольны гандаль праз Рыгу аднаўляўся. У гэтым былі зацікаўлены і новыя падданыя Швецыі — рыжскія купцы ды лівонская шляхта. Урэшце мір паміж усёй Рэччу Паспалітай і Швецыяй зафіксавала дамова ў прускім Альтмарку (26 верасня 1629 года): Лівонія падзялілася на шведскія і польска-літоўскія Інфлянты (за ВКЛ да 1721 года засталася каталіцкая Латгалія), а Жыгімонт ІІІ адмовіўся ад шведскага трона.
«Тытанік» XVII стагоддзя
У Першай паўночнай вайне здарыўся і трагікамічны эпізод, дзякуючы якому ў цэнтры Стакгольма зараз існуе ўнікальны музей. У 1625 годзе, марачы пра дамінаванне на Балтыцы і канчатковую перамогу над Рэччу Паспалітай, Густаў Адольф загадаў закласці на стакгольмскіх верфях шэраг караблёў на чале з цудам інжынернай думкі свайго часу флагманам «Ваза». Велічэзнае, названае ў гонар заснавальніка дынастыі Густава Вазы, судна 10 жніўня 1628 года рушыла ў першае падарожжа пад гарматныя салюты ў прысутнасці караля і вялікай колькасці важных гасцей, але праз мілю нахілілася, чэрпаючы ваду праз адчыненыя баявыя люкі, і вокамгненна патанула, пахаваўшы на дне 40 са 150 членаў экіпажу. Карабель даўжынёй 69 метраў і вышынёй ад кіля да верхаліны мачты 52,5 метра, з 64 гарматамі на дзвюх баявых палубах — такіх не было тады ні ў адной краіне свету — загінуў без бою. Катастрофу справакавалі няправільная загрузка і памылкі планавання, у якім браў удзел сам кароль. Апошні факт прымусіў замяць расследаванне скандалу.
Падняты ў 1961 годзе, захаваны на 95% адзіны на сёння цэлы карабель XVII стагоддзя, сведка нашай агульнай гісторыі — цяпер самы папулярны музей сталіцы Швецыі. Размешчаны на адной са стакгольмскіх выспаў спецыяльны будынак за гады экспанавання рарытэту наведала 30 мільёнаў турыстаў. Цікава, што «Ваза» з’яўляўся адначасова ўнікальным агіткараблём: сярод мноства дэкаратыўных скульптур на яго бартах ёсць карыкатурныя постаці каталіцкіх манахаў — выклік лютэранскай Швецыі папскаму Рыму.
Падарункі і трафеі
Далей у гісторыі беларуска-шведскіх дачыненняў была вайна 1655–1660 гадоў, у якой Швецыя выступіла як апякунка ВКЛ ад маскоўскай навалы, спадзеючыся атрымаць пратэктарат. Губернатар Лівоніі Магнус Дэ ла Гарды выдаў універсал да шляхты ВКЛ: «Кароль польскі Ян Казімір Ваза давёў вашу краіну да руінаў і не можа абараніць вас ад Масквы. Мы, шведы, абаронім». Уступленне шведскага войска ў ліпені 1655 года ў беларускае Падзвінне вітала шляхта, асабліва праваслаўная і пратэстанцкая. Перамовы са шведскім дваром вялі стрыечныя браты Януш і Багуслаў Радзівілы, апошні — сваяк шведскага караля Карла Х (на троне ў 1654–1660).
На заключэнні дамовы 17 жніўня 1655 года ў Кейданах Радзівілы адстаялі канцэпцыю роўнай уніі са Швецыяй і гарантый усіх правоў грамадзянам ВКЛ розных веравызнанняў, ажыццявіўшы апошнюю спробу самастойнай ад Польшчы знешнепалітычнай дзейнасці ВКЛ. Акт уніі падпісала 1163 шляхціцы ВКЛ. На балі ў Кейданах з нагоды уніі Дэ ла Гарды ўручыў Янушу Радзівілу найвышэйшы шведскі каралеўскі ордэн «Імя Ісуса», залаты з 16 дыяментамі (пасля 1914 года гэты ювелірны шэдэўр пераехаў з Нясвіжскага замка ў экспазіцыю стакгольмскага музея «Каралеўскі цэйхгауз»).
31 снежня 1655 года Януш Радзівіл памёр, атручаны агентамі Яна Казіміра ў Тыкоціне. У 1656 годзе Кейданская унія практычна перастала дзейнічаць, бо ў стаўленні да яе беларуская шляхта падзялілася папалам, але да самага замірэння Рэчы Паспалітай са Швецыяй у Аліве ў 1660 годзе факт уніі зберагаў землі ВКЛ ад шведскіх рабункаў, якія практыкаваліся арміяй Карла Х у Польшчы.
Не так было падчас Вялікай Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў, калі шляхта ВКЛ, падзеленая па прыхільнасцях на прарасійскую і прашведскую партыі, падпала пад рабункі сваіх маёнткаў з супрацьлеглых бакоў. І для Швецыі, і для Расіі ВКЛ зрабілася папросту полем бою і прыладай задавальнення матэрыяльных патрэбаў. Магнус Стэнбок, правая рука шведскага караля, пісаў з Беларусі да жонкі: «Добра нам тут, ад пачатку спімо, ямо і п’ем задарма, а час ад часу і грошы здабываем».
Рабуючы здадзены пад пагрозай знішчэння Нясвіжскі замак (яго уладар Кароль Станіслаў Радзівіл належаў да прарасійскай партыі) фанатычны калекцыянер зброі Карл ХІІ вывез у Стакгольм некалькі радзівілаўскіх гармат. Гэта творы еўрапейскіх і нясвіжскіх людвісараў, у тым ліку немца Германа Мольцфельта, які ліў цяжкую зброю ў нясвіжскай людвісарні пры князі Сіротку ў 1597–1600 гадах. Сёння 21 гармата з ВКЛ зберагаецца ў Вайсковым музеі Швецыі ў Стакгольме (Armemuseum), з іх 9 — нясвіжскія. Роўна столькі ж — 17 медных і 4 жалезныя — не маючы магчымасці забраць з сабой, Карл ХІІ загадаў у Нясвіжы пераплавіць. Тады ж па-варварску былі ўзарваны і замкавыя бастыёны.
У музейных залах
Вандруючы па ваколіцах Стакгольма, апрача згаданых, варта наведаць іншыя адрасы, сярод якіх ператвораныя ў музеі былыя замкі, дзе зберагаюцца шматлікія трафеі ванных канфліктаў Рэчы Паспалітай і Швецыі. Гэта Каралеўскі палац у Старым горадзе (Gamla stan), а таксама размешчаны ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Стакгольма па дарозе на Упсалу пры возеры Маларен замак Скуклостэр (Skokloster). Замак збудаваны ў 1654–1676 гадах графам Карлам Густафам Урангелем, сынам Германа Урангеля, з якім, рыхтуючы Балдэнмойжскае замірэнне (1627), ліставаўся адзін з уплывовых беларускіх магнатаў смаленскі падваявода Самойла Друцкі-Сакалінскі.
Экспазіцыя замка — выключна трафеі часоў «патопу». Мы прыводзім выяву замка з гравюры 1690-х, выкананай Эрыкам Дальбергам (1625–1703), генерал-губернатарам Лівоніі, аўтарам цікавага дзённіка паходу Карла Х на Беларусь. Таго самага афіцэра, які выканаў і шырокавядомую ўнікальную гравюру аблогі Берасця шведскімі войскамі Карла Х у 1657-м.
У размешчаным на захад ад Стакгольма Грыпсхольме (Gripsholm), дзе, як памятаем, нарадзіўся Жыгімонт ІІІ, іншая беларусістыка: цэлы зал партрэтаў шляхты і вялікіх літоўскіх князёў. Вобраз Жыгімонта ІІІ на кані — твор майстэрні Рубенса. Партрэт Яна Казіміра Вазы, які ў выніку міра ў Аліве 1660 года адрокся ад прэтэнзій на шведскі трон, — праца гданьскага мастака Даніеля Шульца (1615–1683). Апошні таксама працаваў для Радзівілаў, Пацаў, Вішнявецкіх.
У каралеўскай збраёўні Стакгольма (Livrustkammaren) можна агледзець унікальны конны даспех Жыгімонта Аўгуста работы нюрнбергскага збраёўніка Кунца Лохнера 1550-х гадоў. А яшчэ ж ёсць лісты беларускіх магнатаў Льва Сапегі, Яна Караля Хадкевіча, Багуслава і Януша Радзівілаў, Казіміра Сапегі шведскім каралям і генералам, дзённік Льва Сапегі 1608–1611 гадоў у Нацыянальным архіве, збор малюнкаў Марка Шагала ў Нацыянальным мастацкім музеі. Ды шмат іншага.
Праз гэтыя рэчы далёкая Швецыя робіцца бліжэй нашаму падарожніку. Можа, звязаныя з Беларуссю скарбы калісьці пашчасціць убачыць на спецыяльнай абменнай выставе і тым беларусам, якія застаюцца на радзіме. А зацікаўленых пазнаёміцца бліжэй з гістарычнай канвой вышэйзгаданых падзей запрашаем прачытаць захапляльную манаграфію шведска-беларускага даследчыка Андрэя Катлярчука «Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў», якая вытрымала пры спрыянні шведскіх спонсараў ужо два выданні ў 2003 і 2007 гадах.
© Аляксей Хадыка, «Новы Час»