Кейданская унія — дамова паміж магнатамі Вялікага княства Літоўскага і Каралём Швецыі Карлам X Густавам, падпісанная па ініцыятыве Януша Радзівіла у 1655 годзе падчас “Крывавага Патопа” 1654-1667.
Падчас “Патопа” ішла яшчэ і Паўночная вайна 1655-60 гг. паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй. Незадоўга да падзення Вільні групоўка магнатаў і шляхты ВКЛ на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам і яго племяннікам Багуславам у пошуках выхаду з трагічнай сітуацыі звярнулася да шведскага караля Карла X з прозьбай аб заступніцтве Швецыі над ВКЛ.
17 жніўня 1655 года ў ваенным лагеры каля Кейданаў была падпісана Кейданскай дэкларацыя. Пад гэтым дакументам падпісаліся амаль 550 шляхцічаў і святароў. Яны прадстаўлялі войска ВКЛ, але падпісваліся ад імя ўсяго Вялікага Княства.
Згодна дэкларацыі ВКЛ разрывала унію з Польскім каралеўствам і ўступала ў канфедэратыўны саюз са Швецыяй. Шведскі кароль станавіўся яшчэ і вялікім князем літоўскім. Ён абавязваўся паважаць шляхецкія вольнасці і прывілеі, заступацца касцёлу. У ВКЛ захоўваліся свае органы ўлады, законы і суды. Становішча ўсіх рэлігійных канфесій захоўвалася без змен. Войска ВКЛ перадавалася ў падпарадкаванне шведскаму каралю, але не павінна было ваяваць з польскім войскам. Пасля вызвалення тэрыторыі ВКЛ ад маскоўскіх акупантаў ўсе маёнткі належала вярнуць ранейшым уладальнікам.
Па ацэнцы сучасных беларускіх гісторыкаў, Кейданская унія з’явілася кампрамісам паміж Я. Радзівілам і В. Гансеўскім, пратэстантамі і каталікамі, шляхтай Жамойці і вярхоўнай уладай ВКЛ. Яны пайшлі на саступкі адзін аднаму дзеля таго, каб выратаваць ад захопу Масквой хоць бы рэшткі дзяржавы.
Польшча ўспрыняла ўнію як дзяржаўную здраду. Бо па ўмовах Люблінскай уніі ВКЛ не мела права ўступаць у сепаратныя дыпламатычныя адносіны і заключаць міжнародныя дамовы. Але Статут ВКЛ 1588 года тлумачыў Вялікае Княства як незалежную дзяржаву, якая мае права весці самастойную замежную палітыку.
Шведскі парламент адмовіўся зацвердзіць Кейданскую унію – яго не задавальняла адмова войска ВКЛ ваяваць супраць Польшчы, патрабаванне пачаць вайну супраць Масковіі, прынцып роўнасці ВКЛ і Шведскага каралеўства. Таму перамовы працягваліся.
За два месяцы, якія прайшлі з моманту аб’яўлення Кейданскай уніі палітычнае становішча ВКЛ і Польшчы рэзка змянілася.
Шведскі корпус (звыш 10 тыс. чал.) заняў паўночную частку ВКЛ. Шведы патрабавалі рэкрутаў, спаганялі падымны падатак, рэквізавалі коней і фураж. Гэта выклікала супраціў шляхты і сялянства, якія перайшлі ў некаторых месцах да партызанскай барацьбы. Частка войска ВКЛ пакінула лагер у Кейданах, перайшла ў Вярбілава і стварыла канфедэрацыю, супраць Радзівілаў.
У Польшчы шведскія войскі 8 верасня занялі Варшаву, а 25 верасня – Кракаў. Да кастрычніка больш за дзве траціны тэрыторыі Польшчы апынуліся пад уладай шведскага ваеннага камандавання і прызначанай ім адміністрацыі.
Цяпер шведскія прадстаўнікі маглі навязаць Радзівілам свае ўмовы. Насуперак жаданню апошніх, ВКЛ станавілася пратэктаратам Швецыі, а не раўнапраўным партнёрам. Вярхоўную ўладу ў ВКЛ павінен быў ажыццяўляць намеснік караля. Толькі кароль (а не вальны сойм) меў права аб’яўляць вайну і заключаць мір. Але ўсе юрыдычныя і маёмасныя правы шляхты захоўваліся, роўна як правы і маёмасць рымска-каталіцкай, уніяцкай і праваслаўнай цэркваў.
20 кастрычніка 1655 года ў Кейданах быў падпісаны акт уніі паміж ВКЛ і Швецыяй. Дакумент падпісалі 1172 прадстаўніка ВКЛ, у тым ліку 75 ураднікаў (дзяржаўных чыноўнікаў), шмат афіцэраў і святароў, вялікая група лютэранскіх баронаў з Лівоніі. Аднак большасць магнатаў і шляхты ВКЛ не падтрымалі новую унію. У першую чаргу іх не задавальняла ліквідацыя выбараў караля і патрабаванне ваяваць супраць Польшчы.
Неўзабаве Януш Радзівіл памёр у Тыкоціне (31 снежня 1655 года), мяркуючы па абставінах смерці – у выніку атручвання1.