Альгерд

 Альгерд (1296 — 1377 г.г.) Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага (1345 — 1377 г.г.)
Яшчэ пры жыцці славуты Гедымін падзяліў Беларуска-Літоўскую краіну паміж сваімі сынамі. Больш за ўсіх пашанцавала Яўнуцію (Яўнуту), менавіта ён атрымаў вялікакняскую пасаду, нягледзячы на відавочную немагчымасць разумна кіраваць Беларуска-Літоўскай дзяржавай. У дадатак ён быў вельмі слабы як асоба.
Альгерд павінен быў задаволіцца Крэўскім і Віцебскім княствамі, а Кейстут — княствамі Троцкім, Жмудскім, Берасцейскім і Гарадзенскім. 

Вільня - сталіца ВКЛ

Альгерд і Кейстут вырашылі ратаваць магутнае княства. Вось што піша аб падзеях тых часоў "Летапіс Вялікіх князёў Літоўскіх": "Альгерд, бацька караля Ягайлы, і Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові. I не спадабалася ім, што вялікі князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою браты, князь вялікі Альгерд і князь вялікі Кейстут, як бы яго адтуль (з Вільні) выгнаць, яны выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, вялікім князем Яўнутам". Адбылося гэта ў 1345 годзе, калі браты, напаўшы на Вільню, пакінулі слабага і недарэчнага кіраўніка без дзяржаўнай улады. Альгерд быў аб'яўлены Вялікім князем, Кейстут захаваў папярэднія пасады, а Яўнуту яны далі Заслаўе. Праўда, той палічыў за лепшае ўцякаць у Маскву. (Праз два гады вярнуўся назад).

 Пры новым князі Беларуска-Літоўская дзяржава пашырылася на поўдзень і на ўсход удвая. Альгерд змог вызваліць Украiну ад татарскага панавання і далучыць Валынь, Кіеўшчыну і Падолле да свайго княства.

 Не даваў спакою ён і крыжакам. Некалькі разоў нападаў на Лівонію, дайшоў аж да Юр'ева (сучасны Тарту), змог разбіць Каралевац (Кенігсберг). Не жылі спакойна пры Альгердзе і ўсходнія суседзі. Ён тройчы разбіваў (1368, 1370, 1373 гг.) маскоўскае войска. Спрабаваў падпарадкаваць сабе Ноўгарад і Пскоў. Усё сваё жыццё Альгерд з прыхільнасцю ставіўся да хрысціян. Ён сам паставіў дзве царквы ў Віцебску. Абедзве ягоныя жонкі Марыя і Юліяна будавалі новыя хрысціянскія храмы. Баярын Альгерда Гастольд заснаваў колькі каталіцкіх касцёлаў. У той час Вільня займела францысканскі кляштар. Але, нягледзячы на такое ліберальнае стаўленне да паслядоўнікаў хрыстовага вучэння, было некалькі выпадкаў, калі паганцы забівалі хрысціян. Трое такіх (Іаан, Антоній і Яўстахій) праваслаўнай царквой абвешчаны святымі. Паводле летапісаў, сам вялікі князь Альгерд незадоўга да смерці прыняў праваслаўную веру і быў пахаваны ў царкве Прасвятой Багародзіцы ў Вільні.

 

 У Альгерда было дванаццаць сыноў, у тым ліку Ягайла, Свідрыгайла і Скіргайла, — асобы, якія ў будучым адыграюць не апошнюю ролю ў гісторыі нашай дзяржавы. Як валадара дзяржавы, Альгерда вызначала мужнасць і шырыня палітычных поглядаў. Кейстут заўжды дапамагаў свайму брату Альгерду, і той меў у яго асобе моцную падтрымку. Сучаснікі пакінулі сведчанні пра Альгерда як пра загартаванага ў паходах чалавека, які вёў суровы лад жыцця, быў непераборлівы ў ежы і зусім не ўжываў хмельных напояў. Адзін з маскоўскіх летапісцаў даў нашаму гаспадару такую характарыстыку: «Ён не піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў шмат земляў. Свае паходы рыхтаваў скрытна, ваяваў не колькасцю ваяроў, а розумам і ўменнем». За часы Альгерда Вялікае княства стала яшчэ больш моцным палітычна і эканамічна, у гарадах краіны развіваўся гандаль і рамёствы; беларускае праваслаўе пазбавілася моцных маскоўскіх уплываў, займеўшы мітраполію; новыя імпульсы развіцця атрымала беларуская літаратура і культура, наша мова выкарыстоўвалася ў якасці дзяржаўнай.