Сярод вядомых беларускіх эмігрантаў ХХ ст. жаночых постацяў небагата. Але ёсць адна, вартая многіх. Яе імя цягам апошняга дзесяцігоддзя старанна выкрэсліваецца з метрапольных падручнікаў і даведнікаў, нягледзячы на тое, што трапіла яно туды толькі на пачатку 1990-х гг., у часы нядоўгага нацыянальнага Адраджэння. Гэтая жанчына стала аб’ектам няспынных нападаў афіцыйнага Мінску, нібыта на ёй адказнасць за ўсю паваенную эміграцыю. Для саміх жа эмігрантаў яна — Наталля Арсеннева — была адна з многіх — выбітная паэтка з зусім незайздросным лёсам.
Сваячка Лермантава?
У асяроддзі беларускай эміграцыі нараджалася багата міфаў. Адзін з іх, створаны даўнім прыхільнікам творчасці паэткі Антонам Адамовічам, сцвярджае, што яна мела далёкае сваяцтва з класікам рускай літаратуры Міхаілам Лермантавым. Аднак сама Наталля Арсеннева нідзе ніколі пра гэта не згадвала і ніякіх пісьмовых пацвярджэнняў гэткага цікавага факту не знойдзена.
Будучая паэтка нарадзілася 20 верасня 1903 г. у Баку ў сям’і начальніка Бакінскай мытнай акругі Аляксея Арсеннева. Аднак праз пару гадоў бацьку скіравалі на іншае месца службы — у Вільню. І менавіта гэты горад Наталля Арсеннева праз усё жыццё лічыла родным. Тут яна пачала вучыцца. Спачатку навучаннем дзяцей займалася маці і рабіла гэта так паспяхова, што не маючы яшчэ 10 гадоў дзяўчынка (яна была найстарэйшай з чатырох дзяцей) паступіла адразу ў другі клас Віленскай марыінскай гімназіі. Скончыўшы тры класы, Наталля Арсеннева была вымушана перарваць навучанне праз падзеі Першай сусветнай вайны. Сям’я апынулася “ў бежанстве” ў Яраслаўлі, дзе перачакала рэвалюцыйныя падзеі і адкуль па сканчэнні вайны вярнулася ў Вільню. Жыццё ў горадзе было галоднае. Бацька не мог уладкавацца на працу, малодшыя брат і сёстры былі яшчэ малыя, таму Наталля мусіла падпрацоўваць разам з маці: давала дадатковыя ўрокі гімназістам. Ва ўспамінах можна прачытаць, што нярэдка сям’я не мела грошай на ежу.
“Жылі мы вельмі дрэнна, — пісала Арсеннева. — Памятаю, што ўсе мы чакалі з нецярплівасцяй, калі пад вечар да мяне прыходзіў на лекцыю адзін нейкі кавалер з нашае клясы, якога я падганяла з моваў, бо ён плаціў адразу за кожную лекцыю, і мы тады за гэтыя грошы куплялі хлеб на вячэру. І памятаю, як адзін раз ён не прыйшоў, бо захварэў, і мы мусілі ісьці спаць галодныя”.
Менавіта у галоднай Вільні Наталля Арсеннева пачала пісаць. Першыя вершы былі рускамоўныя, што вызначалася зусім не сваяцтвам з рускім класікам, а тым асяроддзем, у якім дзяўчынка жыла. Сама яна згадвала, што беларускай паэткай стала ў 1920 г., калі паступіла ў Віленскую беларускую гімназію. Сярод яе настаўнікаў былі Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Максім Гарэцкі. Менавіта адчуваючы сімпатыю да апошняга 17-гадовая Наталля Арсеннева паспрабавала ўпершыню пісаць вершы па-беларуску. І ў яе атрымалася: і вершы складаліся гладка, і ўлюбёны настаўнік звярнуў увагу на таленавітую вучаніцу, вылучыў з іншых, уважліва прачытваў і даваў заўвагі да яе вершаў. Гарэцкі заўважыў у дзяўчыне паэтку, большую “і за Цётку, і за Канстанцыю Буйла”. Адмыслова адзначыў творчасць Наталлі Арсенневай і Антон Луцкевіч, што звычайна пісаў пра ўжо сталых літаратараў.
Жонка вайскоўца
Адной з лепшых Наталля Арсеннева скончыла ў 1921 г. Віленскую беларускую гімназію. Браніслаў Тарашкевіч уладкаваў яе на працу настаўніцай у адну з беларускіх пачатковых школ у Вільні. Дзяўчына пачала крыху зарабляць, сям’я стала жыць лепей. Удзень вучыла ў школе, а па абедзе хадзіла на лекцыі ва ўніверсітэт.
Яшчэ будучы гімназісткай Наталля Арсеннева пазнаёмілася з старэйшым за яе на восем гадоў вайскоўцам Францам Кушалем. Супольнае з ім наведванне ўніверсітэцкіх лекцый часта заканчвалася ў Бернардзінскім садзе ці на Замкавай гары. Не дзіва, што ўжо праз год, у верасні 1922 г. Наталля Арсеннева стала жонкай Кушаля. Маладая пара з’ехала спачатку ў Слонім, а потым на поўнач Польшчы, дзе і жыла амаль да пачатку Другой сусветнай вайны. Ужо праз два гады Наталля Арсеннева — маці двух сыноў (Яраслава і Уладзіміра) і ўзорная жонка вайскоўца, занятая штодзённымі жаночымі клопатамі. Пазней паэтка згадвала: “Быць жонкай і маці — рэч зусім для паэзіі не спрыяючая. Я часам сама дзіўлюся, што я ўсё-ж ня кінула пісаць, што пішу й да сяньня. Сямейнае жыцьцё давала мне вельмі рэдка адрывацца, аддаваць час творчасьці. Штодзённыя жыцьцёвыя клопаты не даюць часу быць аднэй, мець супакой і спакойныя, нічым не занятыя думкі, каб магчы тварыць. За кожную часіну для пісаньня мне даводзілася ходацца, кожную вытаргоўваць, аплачваць прыкрасьцю й непаразуменьнем”.
Былі гады, калі яна не напісала і колькі вершаў. Але Наталля Арсеннева ўсё ж працягнула займацца творчасцю. У 1927 г. у Вільні пабачыў свет яе першы зборнік “Пад небам сінім”, у другой палове 1930-х гадоў быў падрыхтаваны другі — “Жоўтая восень”, які так і не пабачыў свет.
Становішча жонкі польскага афіцэра давала Наталлі Арсенневай пэўныя перавагі. Даволі добра забяспечаная матэрыяльна, яна не павінна была працаваць. Аднак адарванасць ад беларускага асяроддзя зусім не спрыяла творчасці. З часам падрасталі дзеці, і паэтка атрымоўвала больш магчымасцей, каб вырвацца ў родную Вільню, адведаць сваякоў ды пачытаць свае вершы ўдзячнай публіцы. Тут яна пазнаёмілася з Максімам Танкам, што адыграў у яе далейшым жыцці не апошнюю ролю.
Пачаткі ваеннай адысеі
Пачатак Другой сусветнай вайны сям’я Кушаляў сустрэла ў розных месцах: вайсковец Франц — у польскім Пултуску, дзеці — у сваякоў у Дорах на Валожыншчыне, а Наталля Арсеннева — у Вільні каля хворай маці. На той час сухоты ўжо істотна зменшылі бацькоўскую сям’ю: адышлі бацька і сястра, цяпер дагарала маці. Яе хавалі 15 верасня 1939 г. у Вільні падчас нямецкай бамбардзіроўкі. 17 верасня ў Доры прыйшла савецкая ўлада. Наталля Арсеннева, баючыся быць адрэзанай ад дзяцей, пешкі пайшла да іх з Вільні. Гэта было першае з шэрагу яе далёкіх падарожжаў часоў вайны.
У часе гэтага падарожжа Арсеннева ўпершыню трапіла ў рукі НКВД ды прасядзела пяць дзён у пастарунку ў Валожыне. Забраўшы дзяцей, яна вярнулася з імі да брата ў Вільню. Аднак галоднае існаванне без грошай і без вестак ад мужа змусілі паэтку прасіць дазволу на ўезд зноў на тэрыторыю савецкай Беларусі (Вільня ў кастрычніку была аддадзена Літве). 31 снежня 1939 г. яна выехала ў БССР.
З дапамогай Максіма Танка пасялілася ў абласной на той час Вілейцы і стала працаваць у рэдакцыі мясцовай “Сялянскай газеты”. Здавалася, што жыццё наладзілася. Паэтку нават запрасілі прыехаць у Мінск, дзе яна пазнаёмілася з Янкам Купалам, Змітраком Бядулем ды іншымі беларускімі літаратарамі. Адным з моцных уражанняў, што засталіся ў Арсенневай ад беларускай сталіцы, было тое, як на вуліцы Алесь Кучар перасцярог гаваркога Максіма Танка: “Не гаварыце так голасна па-беларуску, у нас гэта не прынята!”.
Праз некалькі дзён пасля гэтае паездкі жонку польскага афіцэра Наталлю Арсенневу разам з дзецьмі ды дзясяткамі іншых “ненадзейных” супрацоўнікі НКВД пасадзілі на цягнік і адправілі на Усход. Пасля 20 дзён падарожжа ў нечалавечых умовах арыштаваных выгрузілі ў Казахстане.
“Наш вагон, усе разам, трапіў у глухую калгасную вёску Дзьмітраўку, дзясяткі кілёмэтраў (больш за 70) ад чыгункі. Тут мы доўга сядзелі на вуліцы, у пяску, ня ведаючы, што рабіць і куды ісьці. Нас проста скінулі з машынаў сярод сяла і ўсё. Калі сьцямнела, мясцовыя калгасьнікі, украінцы, пераселеныя сюды яшчэ царскім урадам, якія дагэтуль маўклівым натоўпам прыглядаліся нам здалёк, пасьмялелі, падышлі бліжэй. Тыя, што мелі мягчэйшыя сэрцы, запрапанавалі начлег”.
Пацягнуліся месяцы паўгалоднага існавання ў высылцы, у невядомасці пра лёс мужа, што апынуўся ў савецкім палоне, з няпэўнасцю ва ўласнай будучыні ды зноў ўдалечыні ад Беларусі. Адзіным з сяброў-літаратараў, хто наважыўся напісаць да яе ў Казахстан, быў той самы Максім Танк. Ён жа рабіў захады па вяртанні паэткі. Невядома, ці гэтыя намаганні паэта спрацавалі, ці ва ўладаў былі іншыя матывы, але ў лютым 1941 г. Арсенневу выклікалі на размову на Лубянку ў Маскву. Там жа ў той час знаходзіўся і яе муж, аднак пра гэта паэтка не ведала.
Былі допыты. Магчыма менавіта тады жанчына была вымушана падпісаць дакументы пра супрацоўніцтва з НКВД пад мянушкай “Казбіч”. Выкарыстанне гэтае мянушкі таксама згадваюць як доказ сваяцтва Арсенневай з Лермантавым, хоць у НКВД маглі проста зрэагаваць на само прозвішча.
Пасля допытаў, прапановаў развесціся з мужам паэтку адправілі зноў у Казахстан з загадам чакаць на пастанову пра яе лёс. Недзе праз тры тыдні пасля вяртання прыйшло пастанаўленне пра вызваленне Арсенневай з высылкі і дазвол ехаць у Беларусь.
Застацца з дзецьмі ў Дорах не далі. Мусіла перабрацца ў Беласток, дзе ёй зноў Максім Танк дапамог уладкавацца на працу ў рэдакцыі газеты. Аднак ужо праз месяц пачалася нямецка-савецкая вайна. Калі першыя бомбы ўпалі на Беласток, Арсеннева вырашыла вяртацца ў Доры, дзе засталіся сыны і куды, як аказалася, незадоўга перад тым вярнуўся Франц Кушаль. Так паэтка пайшла ў сваё чарговае падарожжа да дзяцей, пад бомбамі і абстрэламі. Дабралася да сваіх ужо калі фронт пайшоў за Доры далей на ўсход.
У акупаваным Мінску
Праз колькі месяцаў Кушалі перабраліся ў Мінск. Тут Наталля Арсеннева ўладкавалася на працу ў рэдакцыю “Беларускай газеты”. Для яе гэта была чарговая рэдактарская праца ў айчыннай газеце. Тое самае яна рабіла раней у Вілейцы ды Беластоку. Паэтка зноў была ў нацыянальным асяроддзі і змагла займацца творчасцю. Наталля Арсеннева шмат пісала, перакладала, стварала лібрэта для опер, што ставіліся ў гарадскім тэатры. Напэўна, гэта і было тое страшнае злачынства, якое не магла дараваць ёй савецкая ўлада, не даруе і цяперашняя.
Гады жыцця ў акупаваным Мінску прынеслі ў сям’ю Арсенневай новае гора. У 1942 г. у нямецкім Лейпцыгу памёр яе брат Сяргей — апошні з блізкіх сваякоў. А потым быў дзень 22 чэрвеня 1943 г.
“Найгоршы, найцяжэйшы дзень у маім жыцьці, — пісала яна. — Наш Ярак, якога я так любіла, быў разарваны мінаю, падложанаю ў тэатры. Разам зь ім загінула шмат, шмат іншых. Немагчыма было, здаецца, перажыць гэтыя дні, а трэба было. І я сапраўды ня ведаю, каму я павінна дзякаваць за тую сілу, той дзіўны гарт, які даў мне перажываць гэты час спакойна, — лёсу, Богу? Пахаваньне ахвяраў бальшавіцкага тэрору было ўрачыстае, ды я мала што памятаю. Памятаю толькі, што трунаў было 14. Памятаю, што сьвяціла сонца і што я плакала і плакалі ўсе вакол”…
Трагедыя не зламала жанчыну, а магчыма, творчасць і была паратункам. У 1944 г. пабачыў свет новы зборнік яе вершаў “Сягоння”, куды ўвайшоў і той, што стаўся ці не найбольш вядомым — “Малітва”. Пакладзены ў 1947 г. на музыку Міколам Равенскім, ён стаў своеасаблівым гімнам паваеннай эміграцыі — “Магутны Божа”. Словамі “Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ!” заканчваліся дый сёння заканчваюцца не толькі багаслужбы, але і шмат якія грамадскія мерапрыемствы беларусаў на Захадзе. Думаецца, калі б Арсеннева напісала толькі гэты верш, яна ўжо вартая была б заняць пачэснае месца ў беларускай літаратуры.
На Захад
Улетку 1944 г. Кушалі зноў пакідалі Беларусь, гэтым разам назаўсёды. Досведу жыцця пад савецкай уладай Арсенневай хапіла, каб не чакаць ад яе нічога добрага: невядомасць на захадзе здавалася лепшай за даволі пэўную перспектыву, што несла ўлада з усходу.
У выніку ўцякацкіх бадзянняў Наталля Арсеннева апынулася ў Берліне. Тут пад рэгулярнымі саюзніцкімі авіяналётамі яна зноў… складае вершы. І назбіралася іх на цэлы зборнік, пад назвай “Не астыць нам”, які таксама асобна не выйшаў — нязручны быў час для выдання паэзіі.
Цікава, як у складаных абставінах праяўляліся чалавечыя якасці Арсенневай. У разбураным горадзе ды няпэўным стане, калі невядома, чым карміць сябе ды ўласнага сына, яна ўзяла на сябе клопат пра мінскага падлетка Дзмітрыя Сямёнава, што апынуўся ў Нямеччыне адзін без бацькоў. Гэтым хлопцам паэтка апекавалася ў лагерах і па заканчэнні вайны.
Пасля аднаго з найбольшых бамбаванняў Берліну, Арсеннева з дзецьмі, а таксама з сем’ямі дзеяча БЦР Аўгена Каханоўскага (Калубовіча) ды кампазітара Міколы Шчаглова, вырашылі шукаць прытулку па-за нямецкай сталіцай. Зноў былі доўгія бадзянні па гарадах і мястэчках у пошуках прытулку. Урэшце спыніліся ў невялікім гарадку Амберг каля чэшскай мяжы. “Умовы ў якіх мы, уцекачы, апынуліся, былі вельмі цяжкія. Мы спалі на падлозе, на саломе ўсе разам. Ня мелі ніколі цёплай вады, ня мелі гарачае кавы ці проста звычайнага вару раніцамі. Ледзь не галадалі. Але гумару, як і заўсёды, ня трацілі й духам ня падалі”… Тут заспеў выгнанцаў прыход амерыканцаў і пачалося новае жыццё.
У лагерах для перамешчаных асобаў, створаных беларусамі ў паваеннай Нямеччыне, было багата грамадскай працы. Наталля Арсеннева выкладала ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, дапамагала пры падрыхтоўцы святочных пастановак, удзельнічала ў заснаванні Літаратурна-грамадскага згуртавання “Шыпшына”. Вершы паэткі ў гэты час з’яўляліся ў розных беларускіх перыёдыках, на іх выхоўвалася моладзь.
Амерыка
У 1950 г. Кушалі пераехалі ў ЗША. Пасяліліся ў Нью-Ёрку, дзе ўсім давялося шукаць працу. І былы вайсковец Франц Кушаль, і рэдактарка Наталля Арсеннева маглі разлічваць тут толькі на некваліфікаваную працу. Ён пайшоў працаваць ліфцёрам, яна — закрывала слоікі з агуркамі на фабрыцы кансерваў. Праца давала сродкі для жыцця, а таксама пакідала магчымасці для творчай і грамадскай дзейнасці.
У Нью-Ёрку ў 1950-х Наталля Арсеннева была даволі актыўнай. У 1952-1954 гг. яна працавала ў рэдакцыі газеты “Беларус”, пазней супрацоўнічала ў ньюёрскім офісе Радыё “Свабода”. Паэтка стала адной з ініцыятараў заснавання Беларускага інстытута навукі і мастацтва, была сяброўкай Беларуска-амерыканскага задзіночання, сакратаркай Прэзідыума Рады БНР.
У 1952 г. яна пісала сваёй сяброўцы Яніне Каханоўскай: “Сьвяты так хутка праляцелі, што я й не пасьпела імі нацешыцца. Заўсёды, апрача працы й хатніх клопатаў, ёсьць аб чым думаць і што рабіць. Цяпер у нас заснавалася Акадэмія (Беларускі інстытут навукі й мастацтва), і я выбраная ў Урад і мушу быць сакратаром, прыбавілася яшчэ новая праца. Заўсёды нешта апрача таго ладзіцца. Нашае Слуцкае паўстаньне выпала сёлета незвычайна добра. Цяпер трэба думаць аб 25 Сакавіка. Канцэрты ўжо сталіся звычайным зьявішчам, і таму я думаю спрабаваць паставіць “Кастуся Каліноўскага”…”.
Прыемныя грамадскія клопаты, разнастайная, у тым ліку і літаратурная дзейнасць спыніліся ў 1967 г. чарговай сямейнай трагедыяй. У маладым веку памерла нявестка Наталля Кушаль, пакінуўшы двух малых дзяцей. Наталля Арсеннева, каб дапамагчы сыну гадаваць іх, разам з ўжо хворым мужам мусіла перабрацца далей ад Нью-Ёрка ў правінцыйны Рочэстар. Тут у хуткім часе памёр Франц Кушаль, і паэтка засталася адна ў клопатах пра сына і ўнукаў. Усе наступныя дзесяцігоддзі яна прысвяціла сям’і. Яе лісты з гэтага часу ўжо не такія аптымістычныя, як раней, поўныя штодзённых клопатаў і адзіноты.
Час ад часу, асабліва калі дзеці сталі большымі, Арсеннева магла выбірацца на вялікія імпрэзы ў Нью-Ёрк ці Таронта, менш, але ўсё яшчэ пісала. У 1979 г. намаганнямі Беларускага інстытуту навукі і мастацтва выйшаў вялікі збор яе твораў пад назвай “Між берагамі”, куды ўвайшлі ўсе ранейшыя выдадзеныя ды нявыдадзеныя зборнікі, а таксама пасляваенныя ды “амерыканскія” вершы.
Наталля Арсеннева была шанаваная сярод суродзічаў-эмігрантаў. Вітаўт Тумаш называў яе ў ліку найбольш значных эміграцыйных творцаў, побач з Алесем Салаўём, Масеем Сяднёвым. Яе імя і творы з аднолькавым піетэтам згадваліся ў асяроддзі прыхільнікаў як Рады БНР, так і БЦР.
Дажыла Арсеннева і да вяртання сваёй творчасці і на бацькаўшчыну. У 1991 г. выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдала факсімільна яе “Пад небам сінім”, у 1996 г. у серыі “Галасы беларускага замежжа” выйшаў зборнік выбраных вершаў “Яшчэ адна вясна”, а ў 2002 г. том яе твораў выдаў і “Беларускі кнізазбор”.
Наталля Арсеннева памерла 25 ліпеня 1997 г. і пахавана побач з мужам у Рочэстэры. Прайшло крыху больш за 10 гадоў, і яе імя знікла з беларускіх падручнікаў і было адмыслова выкрэслена з тэксту, прысвечанага беларускай дыяспары ў ЗША, у энцыклапедычным даведніку “Беларускае замежжа”.
© Матэрыял з сайту: http://naviny.by/