Як вядома, полацкі князь Брачыслаў Ізяславіч (1003-1044 гг.) лічыцца заснавальнікам г. Браслава, пачатковая назва якога «Браслаўль», «Брачыслаўль». Але заснаванне гэтага паўночнага горада Полацкай зямлі — толькі адна старонка рознабаковай дзейнасці полацкага князя. Яго роля як мудрага ўладара і гнуткага палітыка дагэтуль не атрымала належнай ацэнкі ў беларускай гістарычнай навуцы. Аналіз пісьмовых крыніц, як пэўных, так і ўскосных, у спалучэнні з найшоўшымі дадзенымі археалогіі дазваляе паглядзець на постаць гэтага князя, як на аднаго з ініцыятараў аднаўлення і ўсталявання раннефеадальнай дзяржаўнасці.
На слушную думку многіх даследчыкаў, Брачыслаў стаў полацкім князем у малалетнім узросце, пасля смерці свайго (магчыма, старэйшага) брата — Усяслава. Гэтым тлумачыцца тое, што на працягу амаль 18 год аб ім няма ніякіх звестак у вядомых нам летапісах. Але гэта не можа быць сведчаннем пасіўнасці маладога князя ва ўнутрыпалітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці Полацкай зямлі. Пасля адраджэння ў пач. XI ст. на Полаччыне ўласнага княжацкага радаводу — Рагвалодавічаў, можна не сумнявацца, ішоў пакутлівы працэс пазбаўлення гэтых земляў ад вынікаў шматгадовай рабаўнічай палітыкі з боку Кіева, якая была распачата захопам Полацка князем Уладзімірам у 970 г.
Супярэчлівасць працэсу былаў тым, што да 1015 г. быў жывы сам Уладзімір Хрысціцель, а значыцца і размовы аб поўнай колішняй самастойнасці Полацкай зямлі не магло быць. Разам з тым, у нетрах тагачаснага беларускага грамадства выспявалі новыя гаспадарчыя сілы. Аб гэтым сведчаць археалагічныя доследы Паўночнай Беларусі, і ў першую чаргу — Полацка. Доказам узмацнення гэтага горада можа быць тапаграфічнае пашырэнне яго межаў, узвядзенне дадатковых фартыфікацыйных умацаванняў. Пэўныя своеасаблівасці мае насычанасць культурнага слоя рэшткамі матэрыяльнай культуры, у першую чаргу рэчамі скандынаўскага паходжання, або стылізацыямі.
Адначасова з развіццём гаспадаркі і гандлю развівалася ўнутраная палітычная структура Полаччыны. Цікавыя ў гэтым плане звесткі, якія адносяцца да X ст., змяшчае «Сага аб Торвальдзе Вандроўніку» (запісана ў XIII ст.). Яны даюць падставы меркаваць аб першых кроках хрысціянізацыі Полацкай зямлі, аб пранікненні скандынаўскіх месіянераў на тэрыторыю княства. Супастаўляючы «Сагу» з летапіснымі артыкуламі 1000 — 1007 і 1158 гг., можна дапусціць, што праваслаўе было прынята Полацкам напрасткі ад Візантыі, і што ўжо напачатку XI ст. тут існаваў свой святы пантэон. Палітыка ўнутранага ўладкавання дзяржавы ішла ў накірунку спалучэння новай хрысціянскай і старой паганскай рэлігіі. У гэтым, безумоўна, найвялікшую ролю адыгрывала сама асоба полацкага князя Брачыслава.
Пасля смерці Вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча Брачыслаў, як нашчадак старэйшага ў родзе сына — Ізяслава, мог прэтэндаваць на кіеўскі стол. На думку некаторых даследчыкаў, ён і правіў у Кіеве ў 1019 — 1021 гт. Разам з тым, барацьба за панаванне ішла паміж яго дзядзькамі — Яраславам Мудрым і Святаполкам Уладзіміравічам па мянушцы Акаянны. Яна скончылася перамогай Яраслава ў бітве на р. Альце (1019 г.). Далейшае імкненне Яраслава, на той час князя наўгародскага, стаць адзінаўладным гаспадаром усіх зямель так званай Кіеўскай Русі, выклікала нязгоду з боку полацкага князя.
Карыстаючыся адсутнасцю Яраслава, Брачыслаў полацкі робіць напад на Ноўгарад (1021 г.), вывозіць багата каштоўнасцей. У адказ Яраслаў Мудры на чале войска вышаў з Кіева супроць полацкага князя.
Далейшыя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне не толькі на старонках летапісаў, але і ў вельмі цікавай для нас «Эймундавай сазе», дзе Брачыслаў выступае пад імем Варцілаў, а Яраслаў — Ярыцлейв. Як большасць скандынаўскіх саг, «Эймундава сага» мае шмат фантастычнага і прыдуманага, але яе першапачатковая гістарычнасць не выклікае ў навукоўцаў пярэчанняў. 3 яе вынікае не толькі тое, што ў войсках тагачасных кіеўскіх і полацкіх князёў служылі нарманы, але што канфлікт паміж Яраславам і Брачыславам усчаўся з нагоды неабгрунтаваных прэтэнзін кіеўскага князя на полацкія землі. Як сведчаць летапісы, бітва паміж князямі на рацэ Судаміры скончылася паражэннем Брачыслава (1021), але Яраслаў быў вымушаны «дабраахвотна» аддаць полацкаму князю Віцьбеск і Усьвяч. Гэтакія нелагічныя паводзіны князя пераможца, летапісную супярэчнасць можна растлумачыць з улікам сагі як тое, што ніякай перамогі над Брачыславам не было. Заключанае князямі мірна…
Паход Брачыслава прынёс свае важныя вынікі. Полацкая зямля даходзіла да вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра, што дазволіла палачанам кантраляваць гэты ключавы адрэзак вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», г. зн. з краін Скандынавіі ў Візантыю. Нельга адмаўляць сцвярджэнне сагі, што Яраслаў уступіў Брачыславу кіеўскі пасад. З летапісаў вядома, што Яраслаў нейкі час жыў у Ноўгарадзе і кіраваў Кіевам праз сваіх намеснікаў. Верагодна, на Русі ўсталяваўся дуумвірат. Брачыслаў правіў у Кіеве. На гэта можа ўказваць яго згода быць з Яраславам «знадзін», а таксама наяўнасць у Кіяеве «двара Брачыслаўля». Пэўна, нядоўга прасядзеў Брачыслаў у Кіеве і вярнуўся ў Полацк. Інтарэсы Бацькаўшчыны былі вышэй за палітычныя амбіцыі і хвіліннае задавальненне самалюбства.
Пры Брачыславе Полацкая зямля афармляецца як самастойная, незалежная дзяржава. Магчыма, Брачыслаў пашырыў яе межы на паўночны захад. У гэтым кірунку знаходзім шэраг населеных пунктаў, якія носяць ягонае імя (а значыць, ён заснаваў іх). Перш за ўсё гэта горад Брачыслаўль (Браслаў), Браслаў (Абрэнскі раён у Латвіі), Браслаў за 20 км на поўнач ад Оршы.
І, што самае важнае, у час праўлення Брачыслава Полацкая зямля не спазнала варожых нашэсцяў — рэдкі перыяд у гісторыі старажытнай Беларусі. І за гэта Брачыслава можна назваць Вялікім, бо самая вялікая заслуга ўладара перад народам — захаванне міру і спакою на роднай зямлі.