Вайна з Швецыяй 1655-1660 гг. (Паўночная вайна)

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

Места Силы Алтая смотрите на www.jeep-altai.ru .

Нападам шведскага караля Карла X Густава на Польшчу ў 1655 г. распачалася вайна. Шведы хутка акупавалі большую частку польскіх земляў з Варшавай і Кракавам і занялі Жамойць. Улетку першага года вайны непрыяцель захапіў Браслаў і Друю, а пазней узяў у аблогу Берасце.

У тых умовах частка магнатаў, каталіцкіх герархаў і вайсковых чыноў Вялікага Княства на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам заключылі ў жніўні 1655 г. у Кейданах пагадненне пра вунію з Швецыяй. Кейданскі акт прадугледжваў аб'яднанне Княства і Швецыі на роўных правах (вунія з Польшчай скасоўвалася). Пры гэтым кароль Карл X Густаў абавязваўся спрыяць выгнанню з нашых абшараў расейскага войска, а вызваленыя гарады, замкі і землі вярнуць былым уладальнікам. Прыхільнікі вуніі з Швецыяй разлічвалі такім шляхам і надалей бараніць Вялікае Княства Літоўскае ад агрэсіі з боку Масквы і ад польскай экспансіі. Свае подпісы пад дамовай паставілі блізу 1150 асобаў. Аднак бальшыня шляхты і войска не прынялі аб'яднання з Швецыяй і захавалі вернасць гаспадару Яну Казіміру Вазу. Супраць Януша Радзівіла ўзбунтавалася ягоная ж армія. Гетман неўзабаве памёр (магчыма, быў атручаны). Акт Кейданскай вуніі не ажыццявіўся.

Для Рэчы Паспалітай гэтая вайна завяршылася падпісаннем ў 1660 г. Аліўскага замірэння. Паводле яго Ян Казімір Ваза адмаўляўся ад прэтэнзіяў на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнавала за Швецыяй заваёвы на поўнач ад Дзвіны. Курляндскае і Земгальскае герцагствы і Інфлянцкае ваяводства заставаліся супольным уладаннем Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

 

 

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012