Канстытуцыя 1791 года

3 траўня 1791 г. бальшыня дэпутатаў Сойма аддала свае галасы за першую ў Еўропе і другую ў свеце (пасля Злучаных Штатаў Амерыкі) Канстытуцыю.

Адпаведна з ёю ствараўся адзіны ўрад, які павінен быў служыць «усяму грамадству, Кароне Польскай і Вялікаму Княству Літоўскаму». Абвяшчаліся свабода друку і сумлення, галоснасць і незалежнасць суда. Мяшчанам гарантавалася недатыкальнасць асобы. Дзяржава абяцала захоўваць рэлігійную талерантнасць.

Канстытуцыя выводзіла краіну на шлях буржуазнага развіцця, давала ёй шанец супрацьстаяць вонкавай пагрозе. Аднак дзяржава ў тэксте канстытуцыі называлася «Польшчай». Нічога не гаварылася пра захаванне ўласных дзяржаўных органаў Вялікага Княства Літоўскага. Гэта давала некаторым гісторыкам падставы сцвярджаць, што Княства ўвайшло ў склад Польшчы. Насамрэч справа выглядала іначай. Віленскі, гарадзенскі, лідскі ды большая частка іншых павятовых соймікаў пад час працы чатырохгадовага патрабавалі ад сваіх паслоў захаваць для Вялікага Княства асобную Скарбовую камісію, Статут 1588 г., права правядзення кожнага трэцяга вальнага Сойму ў Вільні або Горадні.

Канстытуцыя скасоўвала выбарнасць караля і права «лібэрум вэта», тым самым ліквідоўваючы феадальную анархію.
20 кастрычніка 1791 г. дэпутаты-ліцьвіны правялі праз Вялікі сойм ухвалу пад назовам «Узаемнае заручэнне Абодвух Народаў», якая замацоўвала федэрацыйную аснову Рэчы Паспалітай. У прынятым дакуменце пастанаўлялася, што Вялікае Княства Літоўскае павінна мець «такую самую колькасць міністраў і нацыянальных пасадаў ды з такімі самымі тытуламі і паўнамоцтвамі, як і Карона».

Паводле новага адміністрацыйнага падзелу агульная дзяржава ўтварала тры часткі: Вялікапольшча, Малапольшча і Літва, ці Вялікае Княства Літоўскае, якое ў сваю чаргу складалася з Віленскага, Троцкага, Полацкага, Берасцейскага і Менскага ваяводстваў, а таксама Інфлянцкага і Жамойцкага княстваў.

У другой палове XVIII ст. Вялікае Княства Літоўскае пераадолела эканамічны і грамадска-палітычны крызіс. Але час быў упушчаны. Далейшы лёс краіны трымалі ў сваіх руках замежныя манархі.

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012