Контррэфармацыя. Дзейнасць езуітаў на Беларусі

Рэфармацыя моцна пахiснула пазiцыi каталiцкай царквы i яе кiруючага цэнтра — папства — у Заходняй Еўропе. Яны згубiлi мiльёны вернiкаў, але змаглi аправiцца ад нанесенага ўдару, рэарганiзавацца i пайсцi ў наступ, каб рэстаўрыраваць страчаныя пазiцыi. Новую дактрыну i царкоўную палiтыку Ватыкана вызначыў Трыдэнцкi сабор (1545—1563). Наступiла эпоха контррэфармацыi — узначаленага папствам рэлiгiйна-палiтычнага руху ў Еўропе ў сярэдзiне XVI—XVII стст. супраць Рэфармацыi, якi быў формай умацавання феадальнага ладу ў эпоху яго распаду.

Папства зрабiла стаўку ў выратаваннi каталiцкай царквы ад рэфармацыйнага крызiсу на Ордэн езуiтаў, створаны ў 1534 г. у Iталii iспанскiм дваранiнам Iгнацiем Лаёлай. Езуiты ўваходзiлi ва ўсе сферы эканамiчнага, палiтычнага. культурнага, iдэалагiчнага жыцця еўрапейскiх народаў, якiя паддалiся пратэстанцкiм павевам, i ўплывалi на свет ва ўгодным для рымскай курыi напрамку. Яны паставiлi сабе на службу адукацыю, навуку, лiтаратуру, мастацтва.

Арганiзацыйная i iдэйная пабудова касцёла прадугледжвала стварэнне iнквiзiцыi, з’яўленне iндэкса (спiса) забароненых кнiг, падлеглых знiшчэнню, паяўленне сеткi навучальных устаноў (калегiй) для падрыхтоўкi кадраў мiсiянераў для ахопленых рэфармацыйным полымем краiн. Сваёй трывалай сiстэмай асветы, высокiм узроўнем выхавання i адукацыi моладзi езуiты ў хуткiм часе здабылi добрую славу ў Еўропе.

Пачаткам контррэфармацыi ў ВКЛ лiчыцца 1570 г., калi першыя езуiты з’явiлiся ў Вiльнi. Iх паклiкаў сюды вiленскi бiскуп Валер’ян Пратасевiч дзеля барацьбы з пратэстантамi i арганiзацыi ўнiверсiтэта ў сталiцы княства. У ахопленую Рэфармацыяй дзяржаву Ордэн накiраваў вопытных мiсiянераў, таленавiтых багасловаў, прапаведнiкаў, пiсьменнiкаў Пятра Скаргу, Францыска Сун’ера, Станiслава Лянчыцкага, Станiслава Влошака, Станiслава Варшавiцкага i iншых. Галоўным iдэолагам контррэфармацыi ў ВКЛ стаў Пётр Скарга. Па ўказанню Папы княства было выдзелена ў асобную Лiтоўскую езуiцкую правiнцыю — адну з 35-цi ў Еўропе. Талерантнасць дзяржавы стварала добры грунт для дзейнасцi Ордэна.

Акрамя езуiтаў на працягу XIV—XVIII стст. на тэрыторыi Беларусi дзейнiчалi 17 мужчынскiх каталiцкiх манаскiх ордэнаў (бернардзiнцы, францысканцы, кармелiты, бенедыкцiнцы, канонiкi латэранскiя, цыстэрыянцы, мiсiянары, пiяры, рахiты, марыяне, камедулы, рэфарматы, трынiтарыi, банiфраты, картузы, аўгусцiнцы) i сем жаночых (дамiнiканкi, бернардзiнкi, кармелiткi, цыстэрыянкi, марыявiткi, брыгiткi, бенедыкцiнкi).

У апошняй трэцi XVI ст. правячыя колы Рэчы Паспалiтай, улiчваючы цэнтралiзаваны характар каталiцкай царквы, яе палiтычныя сувязi i сацыяльны вопыт, сталi ўсё больш яе падтрымлiваць. Прыхiльнiкам Ордэна езуiтаў быў Стэфан Баторый, якi абапiраўся на падтрымку касцёла ў сваей унутранай i знешняй палiтыцы. Пра сябе ён гаварыў: “Калi б я не быў каралём, быў бы езуiтам”. Ужо пры Баторыi езуiты карысталiся вялiкiм ўплывам у Рэчы Паспалiтай. Спрыяў “гвардзейцам Лаёлы” Жыгiмонт III (1588—1632), “езуiцкi кароль”, як ён сам сябе называў. Каралеўская ўлада i арыстакратычныя колы Рэчы Паспалiтай шчодра надзялялi езуiтаў вялiкiмi зямельнымi ўладаннямi з прыгоннымi сялянамi, ахвяравалi значныя грашовыя сумы на патрэбы Ордэна. Эканамiчная моц забяспечыла яму магутны iдэалагiчны i палiтычны ўплыў.

Езуiты пакiнулi след у гiстарычных лёсах некалькiх пакаленняў беларусаў. Iх першачарговай задачай было вяртанне ў лона рымскай царквы спакушаных пратэстанцтвам вышэйшых слаёў i распаўсюджванне каталiцтва сярод праваслаўнага насельнiцтва Беларусi. Галоўнымi сродкамi ажыццяўлення гэтых мэтаў былi палiтыка, школа, лiтаратура, пропаведзь, набажэнства.
Каб кантраляваць палiтыку, езуiты ўвайшлi ў палацы заможнага панства як духоўнiкi, дарадчыкi, хатнiя настаўнiкi. На моладзь яны ўплывалi праз школу. У 1570 г. у Вiльнi Ордэн адкрыў свой калегiум, пераўтвораны ў 1579 г. у акадэмiю. Гэта першая вышэйшая навучальная ўстанова ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, яе заснаванне было важнай падзеяй у гiсторыi культуры Беларусi. Першым рэктарам стаў Пётр Скарга. Вучнi i прафесары вiленскай альмаматэр заваявалi ёй славу па ўсёй тагачаснай Еўропе. “Логiка” Марцiна Смiглецкага быда перадрукавана i карысталася вялiкiм попытам у Англii. Творы паэта i тэарэтыка лiтаратуры Мацея Казiмiра Сарбеўскага вывучалiся ў Заходняй Еўропе, а сам ён здабыў лаўровы вянок з рук Папы. Грунтоўная гiсторыя ВКЛ Войцэха Каяловiча мела поспех i пасля ягонай смерцi. Вядомым у Еўропе быў астраном Марцiн Пачобут-Адлянiцкi.

Вялікі двор Віленскай акадэміі. 1786 г.

У 1579 г. езуiты заснавалi калегiю ў Полацку, у 1584 г. — у Нясвiжы, пазней — у Оршы, Бярэсцi, Пiнску, Наваградку, Гароднi, Вiцебску, Менску, Слуцку. 3 iх сцен выходзiлi не толькi фанатычныя прыхiльнiкi каталiцкай iдэi, але i буйныя вучоныя, пiсьменнiкi, педагогi праваслаўна-унiяцкай арыентацыi (Мялецiй Сматрыцкi, Сiмяон Полацкi) i нават матэрыялiсты (Казiмiр Лышчынскi — гадаванец Брэсцкай калегii). Пры шэрагу ўстаноў Ордэна iснавалi друкарнi i багацейшыя бiблiятэкi. У хуткiм часе пiсьменнiкi, прапаведнiкi Ордэна запаланiлi кнiжны рынак Беларусi сваёй друкаванай прадукцыяй, у якой дыскрэдытавалi пратэстанцкую i праваслаўную цэрквы i прапагандавалi каталiцкае веравучэнне.

Езуiты дамаглiся ад улад пастановы аб закрыццi ўсiх арыянскiх школ i друкарняў у Рэчы Паспалiтай, прыступiлi да знiшчэння кнiг, унесеных у iндэкс забароненых. У 1579 г. у Вiльнi па загаду бiскупа Георгiя Радзiвiла ўпершыню ў ВКЛ запалала вогнiшча з пратэстанцкiх i праваслаўных кнiг.крыж

Езуiты не забылiся i пра шырокiя масы грамадства. У хуткiм часе тэрыторыя Беларусi пакрылася сеткай кляштараў i пышных касцёлаў, упрыгожаных абразамi, скульптурай, з велiчнай арганнай музыкай. Народ пайшоў у iх. Езуiцкiя прапаведнiкi — сярод iх былi сапраўдныя свяцiлы царкоўнага красамоўства (П. Скарга, С. Варшавiцкi i iнш.) — ўзрушвалi люд сваiмi пропаведзямi, вымушалi слухачоў плакаць i каяцца.

Пасля прыбыцця на Беларусь езуiты пастаралiся дасканала вывучыць мову яе жыхароў i пачалi карыстацца ею ў храмах у час казанняў. Каб наблiзiць да сябе мясцовае насельнiцтва, яны пайшлi на выкладанне беларускай мовы у Полацкiм калегiуме, на пераклад i выданне на мове нашага народа свяшчэнных кнiг i рэлiгiйнай лiтаратуры. I гэта ў той час, калi праваслаўная царква абвяшчала ератычнымi ўсялякiя спробы (напрыклад. першадрукароў Ф.Скарыны, I.Фёдарава) ўнясення ўсяго толькi элементаў мясцовых моў у свяшчэнныя кнiгi з мэтай iх лепшага разумення.

Езуiты займелi добрую рэпутацыю сярод насельнiцтва дабрачыннай дзейнасцю, аказаннем медыцынскай дапамогi: арганiзацыяй аптэк, шпiталяў, прытулкаў для беднякоў. Старэйшай аптэкай Беларусi з’яўляецца менавiта езуiцкая аптэка, заснаваная у 1687 г. у Гароднi. Усё гэта дало свой плён. Паступова абноўленае i ўзмоцненае езуiтамi каталiцтва пачало выцiскаць кальвiнiзм, арыянства i iншыя пратэстанцкiя секты.

Гарадзенская фара

Контррэфармацыя на Беларусi — частка еўрапейскага працэсу. Але яна мела тут свае асаблiвасцi. Рэфармацыя i контррэфармацыя на Беларусi часткова супалi ў сваiм развiццi, што прывяло да асаблiвай канфесiйнай напружанасцi ў апошнiя дзесяцiгоддзi XVI ст. У той жа час гiстарычнае суiснаванне дзвюх, а потым трох хрысцiянскiх цэркваў у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм выпрацавала нормы талерантнасцi, таму контррэфармацыя не набыла тут такiх жудасных i агiдных формаў, як месцамi ў Заходняй Еўропе, i рэлiгiйныя ганеннi не былi такiмi суровымi, як у Маскоўскай дзяржаве, дзе панавала iдэалогiя адной царквы. У адрозненне ад заходнееўрапейскiх краiн, дзе ў вынiку Рэфармацыi ад каталiцкай царквы адкалолася яе частка i ўтварыла нацыянальныя пратэстанцкiя цэрквы (гусiцкая ў Чэхii, кальвiнiзм у Швейцарыi, лютэранства ў Германii, англiканства ў Англii i iнш.), на Беларусi сiлам контррэфармацыi ўдалося вярнуць у каталiцтва захопленую пратэстанцтвам знаць i далучыць да яго знаць праваслаўную, а народныя масы наблiзiць праз унiю. Контррэфармацыя на Беларусi была накiравана не толькi супраць пратэстантызму, але i супраць праваслаўя, якое адыгрывала ролю iдэалагiчнай апазiцыi каталiцызму. Ватыкан намерваўся кампенсаваць страту мiльёнаў вернiкаў у Заходняй Еўропе праз духоўнае падпарадкаванне сабе ўсходнеславянскiх народаў. Беларусi ў планах Ватыкана адводзiлася роля плацдарма для пранiкнення ў Маскоўскую дзяржаву (гэты план выкладзены ў працы А.Пасевiна “Масковiя”), а праз яе — у Азiю для распаўсюджвання свайго уплыву на народы Кiтая, Iндыi i iншых краiн. Гэты намер выказаў Папа Рымскi Клiмент VIII: “О, мае русiны. Спадзяюся праз вас перавярнуць у каталiцызм увесь усход!” Адной з мэт польскiх духоўных i свецкiх улад у контррэфармацыi была лiквiдацыя палiканфесiйнага характару Вялiкага княства Лiтоўскага шляхам акаталiчвання прадстаўнiкоў iншых рэлiгiй i ўмацаванне дзяржаўна-палiтычнага адзiнства Рэчы Паспалiтай адзiнствам веры. На хвалi контррэфармацыi нарадзiлася Берасцейская царкоўная унiя 1596 г., якая падпарадкавала праваслаўную царкву Рэчы Паспалiтай Папе Рымскаму i гэтым умацавала пазiцыi Ватыкана на беларуска-ўкраiнскiх землях. Iдэолагi контррэфармацыi разглядалi унiю як пераходны этап да каталiцтва. Будучы кампрамiсам у супрацьстаяннi двух хрысцiянскiх веравызнанняў, унiяцтва, аднак, недалёка адышло ад праваслаўя i не апраўдала надзей на акаталiчванне беларусаў.

Каталiцкая экспансiя абвастрыла супярэчнасцi ў княстве i сустрэла рашучы адпор з боку праваслаўных брацтваў i палемiстаў, якiя ўзнялiся на абарону нацыянальна-рэлiгiйнай традыцыi. Наступ контррэфармацыi намецiў шляхi да зблiжэння пратэстантаў i праваслаўных. У 1599 г. у Вiльнi iх прадстаўнiкi — 168 лiтоўскiх магнатаў i шляхцiчаў — падпiсалi акт аб узаемнай дапамозе супраць ваяўнiчага каталiцызму. Але спынiць яго нацiск апазiцыя не змагла. Супрацiў гвалтоўнаму акаталiчванню i насаджэнню унiяцтва не раз вылiваўся ў народныя паўстаннi (супраць увядзення грыгарыянскага календара ў Полацку ў канцы XVI ст., расправа з унiяцкiм архiепiскапам I.Кунцэвiчам у Вiцебску ў 1623 г., антыкаталiцкая i антыунiяцкая накiраванасць паўстанняў 1648—1649 гг.). У абстаноўцы абвастрэння рэлiгiйнай барацьбы ў Трэцi Статут быў унесены артыкул аб верацярпiмасцi, аднак супярэчнасцяў ён не зняў i сiтуацыi не змянiў. Талерантнасць Вялiкага княства Лiтоўскага ў перыяд контррэфармацыi была паступова скасавана.

Асаблiвым праследаванням з боку каталiцкай царквы i дзяржавы падверглiся прыхiльнiкi радыкальнай Рэфармацыi — антытрынiтарыi (арыяне). 3 40-х гадоў XVII ст. iх становiшча ў Рэчы Паспалiтай пачынае рэзка пагаршацца. У барацьбе з iмi выкарыстоўваюцца самыя подлыя прыёмы: паклёп, пагромы. Усё мацней сказвалася сацыяльная iзаляцыя арыян ад сялянскiх мас. Польшча, ВКЛ, якiя ў 20—60-я гады XVI ст. лiчылiся найбольш талерантнымi краiнамi, на пачатку XVII ст. становяцца арэнай жорсткiх праследаванняў i пагромаў iншадумцаў. У 1647 г. прыгаворам соймавага суда ў Рэчы Паспалiтай зачынялiся усе арыянскiя друкарнi i школы. У 1648 г. арыяне былi пазбаўлены апекi Варшаўскай канфедэрацыi 1573 г. Заключным актам арыянскай трагедыi з’явiлiся падзеi 1658 г. У гэтым годзе сойм прыгаварыў iх да выгнання з дзяржавы. Iм было дадзена тры гады на ўладкаванне маёмасных спраў. Пасля гэтага тэрмiну кожны, хто асмельваўся спавядаць цi распаўсюджваць антытрынiтарызм, падлягаў пакаранню смерцю. Застацца ў краiне мелi права толькi тыя, хто выказаў гатоўнасць перайсцi ў каталiцтва. Наступны сойм скарацiў тэрмiн да двух гадоў. Найбольш паслядоўныя iдэолагi антытрынiтарызму аддалiлiся ў выгнанне. Але большасць прыхiльнiкаў руху не адважылася пакiнуць радзiму i папоўнiла шэрагi каталiцкай паствы.

Умовы для перамогi контррэфармацыi стварыла Люблiнская унiя 1569 г. Новая палiтычная рэальнасць — аб’яднанне э дзяржавай, з пануючай каталiцкай рэлiгiяй, дамiнуючая роля Польшчы у Рэчы Паспалiтай — падштурхнула найбольш адчувальную да палiтычнай кан’юнктуры кальвiнiсцкую шляхту да пераходу ў каталiцтва. Яе гнаў туды таксама страх перад нарастаючай хваляй народных рухаў, радыкалiзм Рэфармацыi. Большасць беларускiх феадалаў як уцягнутых у вiр рэфармацыйнага руху, так i праваслаўных у канцы XVI — пачатку XVII ст. кансалiдуюцца з польскiмi на аснове каталiцтва.

М. Сматрыцкi ў творы “Фрынас” (1610 г.) пералiчвае 47 магнацкiх праваслаўных фамiлiй, прыняўшых тады каталiцтва (Сапегi, Валовiчы, Храптовiчы, Сангушкi, Скумiны, Чартарыйскiя i iнш.). Па iронii лёсу прынялi гэту веру чатыры сыны пратэктара Рэфармацыi Мiкалая Радзiвiла Чорнага (адзiн з iх, Мiкалай Крыштаф Сiротка, прымусiў кальвiнiстаў пакiнуць Нясвiж, Клецк, Iшкальдзь, Койданава), дзецi i ўнукi “стаўпа праваслаўя” Канстанцiна Астрожскага. Зразумела, мянялi веру не ўсе пагалоўна. Маласхiльнай да каталiцтва была дробная праваслаўная шляхта, большая яе частка ў XVII ст. прыняла унiю.

Плён езуiцкай працы можна выразiць мовай статыстыкi. Праз пяць год пасля прыбыцця ў Вiльню яны перавярнулi у каталiцтва каля 6 тыс. чалавек. Адзiн толькi Андрэй Баболя падчас мiсiйнай працы ў Нясвiжы (1622—1624) схiлiў да пераходу ў каталiцтва 10 пратэстантаў, 34 праваслаўных, 20 “недаверкаў-бязбожнiкаў”. Працуючы ў 1652—1653 гг. у Пiнску, ён дамогся пераходу ў сваю веру дзвюх праваслаўных вёсак Баландзiчы i Уздрожын (каля 80 двароў), пад яго уплывам пераважна каталiцкiм стала праваслаўнае раней мястэчка Янаў. Ён паў ахвярай сваей мiсiйнай дзейнасцi i быў кананiзаваны Ватыканам. У 1660 г. у Рэчы Паспалiтай католiкi складалi 43%, унiяты — 33% (гэта былi, галоўным чынам, беларусы i ўкраiнцы), праваслаўныя — 10%, iўдзеi — 9%, пратэстанты i прадстаўнiкi iншых рэлiгiй — 5% ад колькасцi ўсiх жыхароў дзяржавы.

Духоўнае жыццё Беларусi вызначалася iдэямi контррэфармацыi i пасля падаўлення Рэфармацыi — амаль да сярэдзiны XVIII ст. На змену ёй прыйшла эпоха Асветнiцтва. Рубяжом памiж iмi лiчыцца мяжа 30—40-х гадоў гэтага стагоддзя.

У савецкай гiстарыяграфii паняцце “контррэфармацыя” несла на сабе адмоўную ацэначную нагрузку. Акцэнт рабiўся на яе рэакцыйнасць, дэнацыяналiзатарскiя тэндэнцыi, засiлле рэлiгiйнай iдэалогii. Панаваў погляд, што актывiзацыя сiл контррэфармацыi у другой палове XVII ст. ператварыла Беларусь амаль што ў iнтэлектуальную пустэльню. Даследаваннi Л.Бiрылы, У.Конана, А.Мальдзiса i iнш. абверглi яго. Улiк складанасцi i супярэчлiвасцi эпохi, наднацыянальнай неаднароднасцi культуры Беларусi XVII—XVIII стст., яе полiлiнгвiстычнасцi, iнтэграванасцi ў сiстэме культуры Рэчы Паспалiтай, бесперапыннасцi працэсу фармiравання нацыянальных асаблiвасцяў лiтаратуры, навукi, фiласофii i мастацтва ва ўмовах перавагi касмапалiтычных тэндэнцый даюць падставу гаварыць аб шматзначнасцi духоўна-культурнай функцыi контррэфармацыi на Беларусi.

Езуiцкая прапаганда, iдэалагiчная i псiхалагiчная апрацоўка далi вынiкi. Лiтоўская знаць, зацягнутая раней у рэфармацыйны рух, цяпер пераходзiла ў каталiцтва. Вядома, што ў Вiльнi праз пяць гадоў пасля прыезду езуiтаў перайшло ў каталiцтва каля 6 тыс. жыхароў горада. У канцы XVII ст. контррэфармацыя ў ВКЛ перамагла.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии