Рэфармацыя на Беларусі

Рэфармацыя (ад лацінскага слова reformatio – пераўтварэнне, выпраўленне) – гэта шырокі сацыяльны і рэлігійны рух у еўрапейскіх краінах, які набыў асаблівы размах у XVI ст. Ён узнік як пратэст супраць каталіцкай царквы і яе ролі ў грамадстве (адсюль ягоны другі назоў – пратэстанцтва). Яго прыхільнікі былі абураныя масавым продажам індульгенцыяў (якія нібыта пазбаўлялі ад грахоў),маральнай разбэшчанасцю герархаў, выступалі супраць жорсткай царкоўнай дысцыпліны і падпарадкаванасці папу рымскаму. У Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў іншых дзяржавах Еўропы, Рэфармацыя была шчыльна звязаная з Рэнесансам.

Інквізіцыя. Допыт на дыбе
Інквізіцыя. Допыт на дыбе. Сярэднявечная гравюра

Ідэі і праграма рэфарматаў

У першай палове XVI ст. большасць жыхароў Княства вызнавалі праваслаўе. Старой «грэцкай» веры трымаліся 23 княскія і большасць шляхоцкіх родаў. За вялікім князем Жыгімонтам Старым у сталічнай Вільні на чатырнаццаць праваслаўных храмаў прыпадала сем каталіцкіх, а ў Магілёве, Амсціславе і Воршы першыя касцёлы з’явіліся толькі на пачатку XVII ст.
Тым часам каталіцтва няўхільна ўмацоўвала пазіцыі. Маючы падтрымку вялікіх князёў, актыўна дзейнічалі манаскія ордэны. Касцёл рабіўся буйным землеўласнікам: да прыкладу, Віленскае біскупства валодала 11500 сялянскімі «дымамі». Гэта выклікала незадавальненне магнатаў і набліжанай да іх шляхты.

Праваслаўная царква ў Вялікім Княстве перажывала глыбокі крызіс. Яна была занадта кансерватыўнай і не прымала пераменаў, што адбываліся ў еўрапейскай адукацыі і культуры. Святары звычайна мелі нізкі ровень асветы, часта не разумелі нават царкоўнаславянскай мовы, на якой маліліся, і не здольныя былі канкураваць з добра адукаваным каталіцкім духавенствам. Глыбокія карані ў асяроддзі праваслаўнага духавенства пусціла паланізацыя. 3 іншага боку, у брацкіх школах выкаранялася «простая» (беларуская) мова. Да таго ж прыхадскія і брацкія праваслаўныя навучальні не маглі даць вышэйшай адукацыі. Па яе даводзілася выпраўляцца на Захад.

Марцін Лютэр
Марцін Лютэр

Якраз з Заходняй Еўропы ў Літву-Беларусь і прыйшлі ідэі Рэфармацыі. Упершыню гэта здарылася яшчэ ў часы Яна Гуса, калі ў нашай краіне прапаведваў ягоны найбліжэйшы паплечнік Геранім Пражскі. Праграма новай царквы была дэмакратычнай і прывабнай для ўсіх сацыяльных станаў. Рэфарматы адмаўлялі царкву як пасярэдніка паміж Богам і чалавекам, спрасцілі набажэнства, адмовіліся ад багатага аздаблення храмаў. Адзінай крыніцаю веры прызнавалася Біблія (усе акты царкоўных сабораў, папскія пасланні ды іншыя дакументы такога кшталту адмаўляліся). Святароў замянілі настаўнікі. Правадыры Рэфармацыі асуджалі тыранію і выступалі за праўную дзяржаву, дзе чалавек меў бы магчымасці свабоднай працы, духоўнага і фізічнага разняволення.

У сярэдзіне XVI ст. рэфармацыйны рух у Вялікім Княстве набыў агульнадзяржаўны характар. Асабліва масавым ён стаў пасля таго, як пра падтрымку пратэстантаў афіцыйна заявіў канцлер Мікалай Радзівіл Чорны.

Прыхільнікі новай царквы

Арыстакраты-пратэстанты заходнееўрапейскіх краінаў імкнуліся да перадзелу на сваю карысць велізарных царкоўных землеўладанняў. У нашай дзяржаве, дзе такія ўладанні былі значна меншыя, існавала іншая сітуацыя. Падтрымаўшы Рэфармацыю, магнацкія роды Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Глябовічаў, Храбтовічаў, Валовічаў, Корсакаў разлічвалі адасобіцца ад каталіцкай Польшчы і замацаваць суверэнітэт Княства.

У новае веравызнанне пераходзіла і шмат мяшчанаў у Віцебску, Менску, Полацку ды іншых гарадах. На землях паноў-пратэстантаў шэрагі іх паслядоўнікаў папаўняліся за кошт сялянаў. Але параўнаўча з Заходняй Еўропай у нас гэты рух не паспеў ператварыцца ў народны.

Рэфармацыя ўключала некалькі плыняў – лютэранства, кальвінізм, сацыніянства (арыянства). Найбольшае пашырэнне ў Вялікім Княстве атрымаў кальвінізм. У 1550-х гадах кальвінісцкія супольні дзейнічалі ў Нясвіжы, Берасці, Клецку, Наваградку, Койданаве, Ляхавічах, крыху пазней з’явіліся ў Віцебску, Менску, Полацку, Воршы, Глыбокім, Івянцы, Смаргоні. У 1557 г. пратэстанты Вялікага Княства правялі ў Вільні свой устаноўчы сінод (з’езд). Пры канцы XVI ст. з 207 пратэстанцкіх святыняў у нашай краіне 189 былі кальвінісцкімі.

Да рэфармацыйнага руху далучыліся амаль усе магнацкія і княскія, а таксама шматлікія шляхоцкія роды Вялікага Княства. У 1572 г. у Радзе з 22 сенатараў 16 (або З/4) былі пратэстантамі, і толькі 6 месцаў належалі пароўну каталікам і праваслаўным.

Культурна-асветная дзейнасць пратэстантаў

У другой палове XVI ст. пратэстантам належала блізу дзесяці друкарняў, найбуйнейшымі з якіх былі Берасцейская, Нясвіжская, Лоская і Любчанская. Дзякуючы ім выйшлі ў свет сотні твораў айчынных і замежных аўтараў на беларускай, польскай, лацінскай ды іншых мовах. Сярод гэтых кніг – выдадзеная ў Берасці ў 1563 г. славутая пратэстанцкая Біблія. Тэхнічнае абсталяванне рэфармацкіх друкарняў, мастацкае афармленне і разнастайнасць іх выданняў адпавядалі тагачаснаму еўрапейскаму роўню.

Евангелікі заснавалі некалькі дзясяткаў школаў, у тым ліку знакамітую Слуцкую кальвінісцкую гімназію, якая праіснавала два з паловаю стагоддзі і дала такіх вядомых дзеячоў культуры, як паэт і філосаф Андрэй Белабоцкі, асветнік Галляш Капіевіч, вучоны-славяназнавец Зарыян Даленга-Хадакоўскі, астраном Вітаўт Цэраскі. Ствараючы свае самыя лепшыя на той час школы, Таварыства Ісуса шмат што пераймала якраз у пратэстантаў. Напачатку годнае месца ў рэфармацкіх навучальнях з іх гуманістычнай сістэмай выкладання займала беларуская мова, на якой прамаўлялі казана, пісалі творы. Разам з тым бальшыня кніг выдавалася пратэстантамі-ліцьвінамі па-польску.

Рэфармацыя спрыяла развіццю ўсяго духоўнага жыцця грамадства. Культура Вялікага Княства Літоўскага ўзбагачалася здабыткамі еўрапейскай філасофскай думкі. Беларускія мысляры і асветнікі станавіліся ўпоравень з заходнееўрапейскімі братамі па духу.

Рэфармацыя пакінула глыбокі след у нашай гісторыі і культуры. Евангелікі (так называлі рэфарматаў) збудавалі ў Вялікім Княстве блізу 250 сваіх збораў (храмаў). Некаторыя з іх, да прыкладу ў Заслаўі, Койданаве, Смаргоні, сталі адметнымі помнікамі беларускай архітэктуры.

Дзеячы Рэфармацыі

Мікалай Радзівіл Чорны
Мікалай Радзівіл Чорны

Адным з лідэраў рэфармацыйнага руху быў выдатны дзяржаўны дзяяч і мецэнат, перакананы прыхільнік незалежнасці Вялікага Княства Мікалай Радзівіл Чорны, які займаў высокія пасады канцлера і віленскага ваяводы. У сваіх уладаннях ён зачыніў 187 каталіцкіх храмаў, перавёўшы падданых у кальвінізм. Канцлер штогод фундаваў пратэстанцкія друкарні ў Берасці і Нясвіжы, адчыняў кальвінскія зборы і школы.

Пад апекаю Радзівіла Чорнага пэўны час працаваў адзін з найадукаванейшых людзей той эпохі філосаф-гуманіст Сымон Будны.

Ён скончыў Кракаўскі ўніверсітэт, ліставаўся з ангельскім гісторыкам Дж. Фоксам ды іншымі вядомымі еўрапейскімі вучонымі. У заснаванай Будным Нясвіжскай друкарні выйшлі напісаныя па-беларуску ягоныя кнігі «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам».

У Лоскай друкарні, якую заснаваў прыхільнік плыні арыянства магнат Ян Кішка, Будны выпусціў Новы Запавет з сваімі каментарамі, а таксама трактаты «Аб дзвюх прыродах Хрыста» і «Аб свецкай і духоўнай уладзе». На думку шмат якіх даследнікаў, навукова-крытычны ровень выдадзенага С. Будным Новага Запавету – самы высокі сярод вядомых на той час аналагічных выданняў у Еўропе. Сымон Будны стаў ідэйным правадыром беларускай Рэфармацыі. Ён выступаў за творчую свабоду асобы, за абмежаванне прыгонніцтва і роўнасць усіх станаў перад законам. Філосаф не прымаў рэлігійнага фанатызму, заклікаў уладароў клапаціцца пра асвету простага народа. Адстойваючы свае погляды, ён разгарнуў шырокую публіцыстычную і выдавецкую дзейнасць.

Аднадумцам і прадаўжальнікам гуманістычнай традыцыі Сымона Буднага быў Васіль Цяпінскі. У сваёй друкарні ў маёнтку Цяпіна на Полаччыне ён выдаў беларускі пераклад Евангелля, у прадмове да якога бараніў родную мову, гісторыю і звычаі народа. Асноўнай мэтаю чалавечага жыцця Цяпінскі лічыў служэнне радзіме.

Выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта, мысляр, пісьменнік і таленавіты прамоўца Ян Ліцыній Намыслоўскі надрукаваў у Лоску рэфармацкі падручнік «Зброя вучэння Арыстоцеля» і зборнік вершаваных маральна-павучальных выказванняў «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці», які быў напісаны па-лацінску, па-польску і па-нямецку і стаў першым у Вялікім Княстве падручнікам замежных моваў. Вялікі розгалас мела яшчэ адна ягоная кніга – «Анатомія і гарманічнасць хрысціянскага чалавека». Доўгі час Намыслоўскі ўзначальваў славутую арыянскую школу ў Іўі.
Да тых або іншых рэфармацыйных плыняў належалі шмат якія палітыкі, філосафы, пісьменнікі – Астафей Валовіч, Леў Сапега, Саламон Рысінскі, Андрэй Валян, Андрэй Рымша, Галляш Пельфымоўскі.

Рэфармацыя ў Еўропе і ў Вялікім Княстве змянілася перыядам Контррэфармацыі. Каталіцкая царква перайшла ў наступ. Але ў нашай дзяржаве змаганне з рэфарматамі не магло набыць такіх жорсткіх формаў, як у заходнееўрапейскіх краінах, дзе адбываліся працяглыя рэлігійныя войны. У нас немагчыма было нават уявіць крывавай Варфаламееўскай ночы, калі з згоды караля каталікі перарэзалі ў французскай сталіцы больш за тры тысячы пратэстантаў-гугенотаў.

У час Контррэфармацыі амаль уся ліцьвінская арыстакратыя прыняла каталіцтва. (Да ранейшай праваслаўнай веры вярнуўся толькі Астафей Валовіч.) Гэты працэс паглыбіў паланізацыю вышэйшых слаёў грамадства.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1515-1565 гг. Жыццё і дзейнасць Мікалая Радзівіла Чорнага.
1530-1593 гг. Жыццё і дзейнасць Сымона Буднага.
1530-я гг. -1600(?) г. Жыццё і дзейнасць Васіля Цяпінскага.
1553 г. Вялікі канцлер Радзівіл Чорны абвясціў пра сваю падтрымку Рэфармацыі.

© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии