Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі

Нацыянальна-вызвольнае паўстанне, якое выбухнула ў 1794 г., было накіраванае супраць расейскіх і прускіх акупантаў. Паўстанцы мелі на мэце аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., вяртанне Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. і працяг рэформаў Чатырох-гадовага сойму. На чале змагароў стаў Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, які 24 сакавіка абвясціў у Кракаве Акт паўстання.

Касцюшка быў нашчадкам беларускага шляхоцкага роду і заўсёды падкрэсліваў сваё ліцьвінскае паходжанне. Ён нарадзіўся ў фальварку Марачоўшчына паблізу Косава (цяпер Івацэвіцкі раён). Пасля навучання ў Варшаўскім кадэцкім корпусе і Парыжскай вайсковай школе Тадэвуш добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі, дзе яму было нададзенае званне генерала. За шэраг перамогаў, атрыманых рэспубліканцамі дзякуючы яго таленту вайсковага інжэнера, Касцюшка стаў нацыянальным героем ЗША. Нашаму выдатнаму суайчынніку пастаўленыя помнікі ў Вашынгтоне, Кліўлендзе, Чыкага, а ў штаце Місісіпі ягоным імем названы горад.

Вярнуўшыся на радзіму, Тадэвуш ваяваў супраць прарасейскай Таргавіцкай канфедэрацыі, а як толькі пачалося паўстанне, узначаліў яго. Следам за Польшчай у красавіку 1794 г. паўстала Вялікае Княства. У ноч з 22 на 23 красавіка патрыёты авалодалі Вільняй, дзе ўладу ўзяў у свае рукі часовы ўрад - Найвышэйшая Літоўская Рада.
На абшары Княства арганізатарам і кіраўніком паўстання стаў трыццацітрохгадовы палкоўнік Якуб Ясінскі. Яго паплечнікамі былі Тамаш Ваўжэцкі, Міхал Клеафас Агінскі, Стафан Грабоўскі, Кароль Серакоўскі.

Ясінскі скончыў кадэцкі корпус у Варшаве, браў удзел у ваенных дзеяннях супраць расейскіх войскаў у 1792 г., а потым увайшоў у канспірацыйную групу, якая рыхтавала паўстанне. Ён належаў да «віленскіх якабінцаў» - прыхільнікаў ідэяў Французскай рэвалюцыі, што выступалі з патрабаваннямі рэспубліканскага дзяржаўнага ладу, роўнасці станаў і адмены прыгону. Артыкулы «якабінскага» характару друкавала «Віленская нацыянальная газета», што была органам Найвышэйшай Літоўскай Рады. Маючы літаратурныя здольнасці, Ясінскі пісаў палітычныя і патрыятычныя творы, а ў часе паўстання - вершаваныя пракламацыі на беларускай мове. Найвышэйшая Рада прызначыла Якуба Ясінскага камандзірам арміі Вялікага Княства. У паўстанцкае войска ішлі людзі ўсіх станаў - шляхта, мяшчане, святары, узброеныя косамі сяляне-касінеры. У аддзелах Ясінскага спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:

Нашто землю нам забралі ?
Пашто ў путы закавалі ?
Дакуль будзем так маўчаці ?
Годзё нам сядзець у хаце !
Возьмем косы ды янчаркі,
Пойдзем гордыя гнуць каркі !
Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі !

Напачатку ініцыятыва знаходзілася ў руках інсургентаў (паўстанцаў), якіх у Княстве налічвалася блізу 40 тысяч. Яны вызвалілі Берасце, Горадню, Наваградак, Слонім, Пінск, Ліду, Браслаў... Паўстанцкі рух ахапіў усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага ў межах 1793 г.
Касцюшка заяўляў пра ўраўнанне правоў каталікоў і вернікаў іншых канфесіяў, называў праваслаўных «братамі і суграмадзянамі». Вуніяцкія і праваслаўныя святары ўваходзілі ў склад паўстанцкіх камітэтаў і камісіяў. Палітыка талеранцыі, а таксама абяцанне скасаваць прыгоннае права прывялі да актыўнай падтрымкі паўстанцаў беларускім сялянствам. «Уся зямля змагаецца супраць нас», - гаварылася ў адным з расейскіх вайсковых рапартаў.

У траўні 1794 г. Ясінскі з дывізіяй, дзе большасць складалі сяляне, разграміў расейцаў каля Палянаў паблізу Ашмяны. За гэтую перамогу ды іншыя вайсковыя поспехі камандзір інсургентаў-ліцьвіноў атрымаў ранг генерал-лейтэнанта. 3 мэтаю пашырэння абсягу паўстання ён загадаў стварыць конныя фармаванні для ваенных экспедыцыяў на землі, захопленыя Расеяй у выніку першага і другога падзелаў Рэчы Паспалітай.

Найбольш значнымі былі рэйды аддзела Міхала Клеафаса Агінскага (не толькі здольнага камандзіра, але і аўтара «Маршу паўстанцаў 1794 года» ды іншых папулярных баявых песняў) на Валожын і Івянец, а пазней на Дынабург, а таксама экспедыцыя Стафана Грабоўскага. У жніўні 3-тысячны аддзел Грабоўскага прайшоў праз Івянец, Ракаў, Койданаў, Пухавічы, Асіповічы, Бабруйск, дзе знішчыў расейскі гарнізон, але мусіў вяртацца і пад Любанню быў разбіты. Паспяховы рэйд па маршруце Высокае-Шарашова-Пружаны-Ружаны-Слонім здзейсніў у ліпені-жніўні 4-тысячны корпус Караля Серакоўскага.

Расея кінула на інсургентаў Вялікага Княства Літоўскага 30-тысячную рэгулярную армію. Тым часам у паўстанцкім кіраўніцтве не было адзінства. Касцюшка пабаяўся абаперціся на просты народ і нічога не зрабіў дзеля вызвалення прыгонных. Выкарыстаўшы гэта, царскія ўлады разгарнулі сярод сялянства прапаганду, абяцаючы яму забраную ў «паноў-бунтаўнікоў» зямлю.

Пад ціскам варшаўскіх кансерватараў, напалоханых рэвалюцыйнай праграмай «віленскіх якабінцаў» і намерам аднавіць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага, Касцюшка адхіліў Якуба Ясінскага ад камандавання паўстаннем у Княстве. Яго замяніў польскі генерал Міхал Вяльгорскі, што вылучаўся паслухмянасцю, але не вайсковымі здольнасцямі. Найвышэйшая Літоўская Рада была абвінавачаная ў сепаратызме, дзеяннях супраць «вуніі братніх народаў» і распушчаная. Замест яе ўтваралася памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага Княства. Усё гэта паслабляла і без таго невялікія параўнаўча з карнікамі сілы паўстанцаў. У сярэдзіне жніўня чатыры расейскія дывізіі захапілі Вільню. На пачатку восені на поўдні Беларусі з'явілася войска генерала А. Суворава, якое Санкт-Пецярбург перакінуў сюды пасля замірэння з Турцыяй. 17 верасня каля вёскі Крупчыцы пад Кобрынем адбылася самая буйная за час паўстання бітва. Сувораву супрацьстаялі аддзелы інсургентаў на чале з генералам К. Серакоўскім. 3 абодвух бакоў вялі бой блізу 20 тысяч чалавек. У шэрагах паўстанцаў мужна змагаліся з карнікамі тры тысячы сялян-касінераў, якія амаль цалкам загінулі. Бітва завяршылася арганізаваным адыходам корпуса Серакоўскага пад Берасце, але там праз два дні ён быў разбіты.

Найдаўжэй інсургенты трымаліся ў Горадні, якую 30 верасня наведаў Тадэвуш Касцюшка. На ягоны загад нашыя паўстанцы адступілі да Варшавы. 10 кастрычніка ў бітве пад Мацяёвіцамі Касцюшка пацярпеў паразу і трапіў у палон. Пасля гэтага кіраўніком паўстання на ўсім абшары Рэчы Паспалітай стаў ліцьвін Тамаш Ваўжэцкі родам з Браслаўшчыны.

4 лістапада салдаты Суворава штурмам узялі варшаўскае перадмесце Прагу (на правабярэжжы Віслы) і з нечалавечай лютасцю знішчылі ўсіх яе абаронцаў і жыхароў - блізу 25 тысяч чалавек. У гэты дзень загінуў у баі і Якуб Ясінскі.

Польскі гісторык Г. Масціцкі пісаў пра тыя падзеі: «Расейцы не шкадавалі нікога. У мацярок адбіралі ад грудзей немаўляткаў, каб не выраслі і не адпомсцілі. Манашак, што былі ў кляштары бернардзінак, згвалцілі і зарэзалі. 3 дамоў выцягвалі для п'янай уцехі няшчасных кабетаў, гвалцілі і забівалі... Пляцы былі засланыя трупамі. Разам з людскімі целамі грувасціліся трупы коней, сабак, катоў, бо раз'юшаныя выглядам крыві расейскія салдаты не выпускалі жывымі нават жывёлаў».

6 лістапада Варшава здалася. Частка паўстанцаў трапіла ў расейскі і прускі палон, іншыя перайшлі на нелегальнае становішча і падаліся ў выгнанне.

 

Параза паўстання прывяла ў 1795 г. да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Прусія і Аўстрыя далучылі да сваіх уладанняў рэшту тэрыторыі Польшчы і суседнія землі Заходняй Украіны. Расея захапіла частку заходнеўкраінскага абшару і землі Літвы-Беларусі - 120 тысяч квадратных кіламетраў з 1,2 мільёна жыхароў. Толькі Беластоцкая акруга, населеная пераважна беларусамі, адышла да Прусіі, аднак у 1807 г. і яна трапіла пад царскую ўладу. Такім чынам, адрозна ад Альбова (Львова) ва ўкраінцаў і Караляўца (Кёнігсбэрга) у жамойтаў Беласток страціў магчымасць стаць асяродкам беларускага адраджэння.

25 лістапада 1795 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі зрокся свайго пасаду.

Рэч Паспалітая знікла з палітычнае карты свету. Разам з ёю спыніла сваё існаванне і дзяржава нашых продкаў - Вялікае Княства Літоўскае, ператворанае ў частку к Расейскай імперыі. Нашыя землі ўвайшлі ў тры створаныя ў 1795 г. генерал-губернатарствы: Беларускае (Полацкая і Магілеўская губерні), Літоўскае (Слонімская і Віленская губерні, а таксама Ковенская і Гара-дзенская вобласці) і Падольскае (Менская, Валынская і Падольская губерні).

© У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012