Полацк – бацька гарадоў беларускіх. Археалагічныя знаходкі, зробленыя на тэрыторыі горада пацвярджаюць, што пасяленне людзей на месцы Полацкага гарадзішча існавала ў VII стагоддзі да нашай эры. Ці захаваліся якія-небудь звесткі пра гісторыю Полацка ў 1600-гадовы перыяд з VII ст. да н.э. да 862 года (першае паведамленне пра Полацк) ?
Англійская беларусістка Вера Рыч выявіла ў скандынаўскіх сагах паведамленне аб аблозе Полацка гунамі Атылы. Як? Калі? Полацка ж яшчэ не было. Што ж гаворыць сага.
Скандынаўская сага аб Тыдрэку Бернскім расказвае пра подзвігі канунга Тыдрэка, які жыў у часы Атылы. Там жа распавядаецца пра ўдзел Тыдрэка у вайне гунаў супраць русі:
Тыдрэк угаварыў Атылу пачаць татальную вайну супраць Русі. Атыла сабраў не менш за 10 тысяч ваяроў. Затым запатрабаваў, “каб прыйшлі да яго ўсе, якім споўнілася 20 гадоў і больш. І калі ён выехаў з гунскай зямлі, у яго было 20 тысяч ваяроў і шмат іншага войска. Ідзе ён з гэтым войскам на Русь і на Польшчу і спальвае крэпасці і замкі ўсюды, дзе ён праходзіць. І прыйшоў конунг Атыла з усім сваім войскам да горада, які завецца Полацкам (Pallteskiu у сазе). Горад гэты так умацаваны, што яны не ведаюць, як яго ўзяць. Была там моцная каменная сцяна, вялікія вежы і шырокія і глыбокія равы, а ў горадзе было вялікае войска для яго абароны, і тыя, хто ахоўваў горад, мала баяліся войска конунга Атылы. Калі стала зразумелым, што Пальтэск’ю не ўзяць прыступам, Атыла загадаў паставіць шатры ды падзяліў войска на тры часткі: «пад сваёй харугвай ён ставіць 10 тысяч, а іншых 10 тысяч ваяроў размяшчае ў іншым стане, а над імі начальнікам Тыдрэка Бернскага, а за тым аддзелам хадзіла ўслед багата валацуг, а ў трэцім стане ставіць ён 10 тысяч ваяроў пад кіраўніцтвам маркграфа Радынгейра, і мелася ў яго вялікая група блазнаў».
Усе тры начальнікі ставяць у сваіх станах ўласныя шатры насупраць горада, «і шмат дзён змагаюцца яны з гараджанамі, здзяйсняючы шмат вялікіх учынкаў, і кожны з бакоў церпіць ад іншага вялікія страты». Так працягвалася тры месяцы, пакуль конунг Тыдрэк не прапанаваў конунгу Атыле падзяліць сілы — некаму застацца пад Палтэск’ю, а іншым рушыць далей на Русь. Атыле ж здавалася, што «гарадскі мур значна парушаны, бо дзень і ноч дзейнічалі сценабітныя машыны, якія рухала не менш за 300 чалавек, і было іх багата ў кожным аддзеле». І адказваў конунг Атыла конунгу Тыдрэку: «Дарагі дружа, так шмат намаганняў зрабіў я, каб узяць гэты горад, што не жадаю з’ехаць адсюль перш, чым мой сцяг будзе пастаўлены на бастыёнах горада».
Урэшце рэшт Тыдрэк са сваім аддзелам сышоў да Смаланду (Смаленска), а праз тры дні Атыла «робіць такі моцны штурм горада Палтэск’ю з ваеннымі машынамі і самастрэламі, што ім удаецца ўзяць горад. І ў гэты дзень гуны ўвайшлі ў горад з усім сваім войскам, перабілі шмат людзей ды ўзялі незлічоную здабычу, амаль увесь горад зраўнялі з зямлёй. У той час былі здзейснены ўчынкі, якія яшчэ можа бачыць кожны, хто прыходзіць у гэты горад».
Вядома, апісанні Полацка, ды яшчэ ў Атылавы часы, у V ст., выглядаюць нерэальна, але калі гэтыя падзеі і маглі адбывацца, то толькі ў час пахода Атылы на Візантыю, які адбываўся ў 447 годзе.