Агульнае ў гісторыі славян
У гісторыі ці не ўсіх славянскіх народаў, акрамя Расіі, можна адшукаць шмат падабенстваў (не будзем паглыбляцца ў дыскусію пра ўплыў фіна-уграў на фармаванне рускага этнасу). Усе яны мелі ў гісторыі перыяд росквіту (так званае “залатое стагоддзе”), калі межы іх дзяржаваў былі значна больш шырокімі за сучасныя і ахоплівалі суседнія рэгіёны (Сербія – за Стэфанам Душанам, Чэхія – за Карлам ІV і г.д.). У Новы час усе народы трапілі пад уладу адной з імперый – Асманскай, Аўстрыйскай, Расійскай або Германскай (у апошнюю, далучыўшы іншыя нямецкія тэрыторыі, ператварылася Прусія). Панаванне імперый суправаджалася моўным, культурным або рэлігійным уціскам. У пачатку ХІХ стагоддзя незалежнай заставалася толькі Расія, якая сама кантралявала беларусаў, украінцаў, а пазней і частку палякаў.
Нацыянальны рух, бадай, ва ўсіх славянскіх краінах, які распачаўся ў ХVІІІ – ХІХ стагоддзях, прайшоў прыкладна аднолькавыя этапы развіцця. Спачатку яго прадстаўнікі абмяжоўваліся адраджэннем мовы і культуры (напрыклад, дзейнасць чэшскіх, славенскіх, харвацкіх “абуджальнікаў”). Потым уздымалася пытанне аўтаноміі. Нацыянальны рух пэўны час развіваўся ў рэчышчы федэралізму (напрыклад, ідэі панславянскай федэрацыі). А ўжо пазней вылучаліся патрабаванні незалежнасці.
Для беларускіх тэрыторый была ўласцівая падобная сітуацыя. Росквіт дзяржавы за Вітаўтам, паступовы заняпад ВКЛ, паланізацыя ў час існавання Рэчы Паспалітай і ў выніку – залежнасць ад Польшчы. Адметнасцю развіцця краіны стала яе далучэнне да Расійскай імперыі (хоць падобны прыклад ужо меў месца ў гісторыі: Харватыя спачатку падпарадкоўвалася Венгрыі, а потым у складзе гэтай дзяржавы была далучаная да Аўстрыі).
У пачатку ХІХ стагоддзя ў асяроддзі паланізаванай ліцвінскай эліты назіралася паступовае павелічэнне цікавасці да ўласнай культуры і мовы, што знайшло адлюстраванне ў збіранні фальклору і навуковых даследаваннях. Што да палітычнай дзейнасці, то спачатку яна разгортвалася ў рэчышчы руху за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. А ўжо падчас паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі выступаў на паседжаннях Літоўскага правінцыйнага камітэта за прызнанне права Літвы-Беларусі на ўтварэнне самастойнай дзяржавы. Такім чынам, унутраная эвалюцыя ліцвінскага нацыянальнага руху ў сярэдзіне ХІХ ст. у цэлым адпавядала агульнаславянскім тэндэнцыям.
Уплыў паўстання Каліноўскага
Жорсткае здушэнне паўстання 1863 года цалкам змяніла палітычную сітуацыю. Было пакарана смерцю 128 чалавек, больш 900 саслана на катаргу. Каля 12,5 тысяч выселена, у тым ліку 500 – адпраўлена на пасяленне ў Сібір. Шмат удзельнікаў паўстання эмігравала за мяжу. А ў краі да пачатку 1870-х гадоў захоўвалася ваеннае становішча.
Такая сітуацыя вельмі замарудзіла развіццё нацыянальнай ідэі. Наступным яе этапам стала патрабаванне аўтаноміі Беларусі, з якім у 1884 годзе (праз дваццаць гадоў пасля паўстання!) выступіла група “Гоман”. Але такія ідэі распаўсюджваліся ў грамадстве вельмі марудна. Нават у пачатку ХХ стагоддзя нацыятворчы працэс у рэгіёне знаходзіўся на стадыі краёвасці. Нездарма Беларуская сацыялістычная грамада выступала за свабоднае самавызначэнне і культурна-нацыянальную аўтаномію народнасцяў у складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі (праграма 1906 года). У 1915–1917 гадах уздымаліся ідэі пра аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага як канфедэрацыі беларусаў і літоўцаў. І толькі ў 1918-м, падчас абвяшчэння БНР, адбыўся канчатковы пераход ад краёвасці да нацыянальнай ідэі. Атрымліваецца, што больш чым праз паўстагоддзя пасля паўстання Каліноўскага нацыянальная ідэя нарэшце вярнулася да ранейшага ўзроўню развіцця. Але заўважу прынцыповую розніцу: калі да 1863 года гаворка ішла як пра ліцвінаў, так і пра беларусаў, дык пасля рэвалюцыі 1917 года – толькі пра беларусаў.
Змена лідараў у нацыянальным руху
Чаму так адбылося? Пасля паўстання 1863 года адбылася змена сацыяльнай групы, якая знаходзілася ў авангардзе нацыянальнага руху. Ранейшым лідарам быў нешматлікі слой ліцвінскай, пераважна шляхецкай эліты. Гаворка пра асоб, якія ўсведамлялі ўласную сувязь з традыцыямі ВКЛ і былі выразнікамі нацыянальнай ідэі.
Калісьці гісторык Генадзь Сагановіч пісаў пра часы Расійскай імперыі: “Патрыятызм дзяржаўны не даў узрасці патрыятызму нацыянальнаму, проста прыбіў яго”. Менавіта шляхецкая эліта магла б сфармуляваць пераемнасць паміж мінулым (ВКЛ) і будучыняй сучасных беларускіх земляў. Рэпрэсіі, якія мелі месца пасля паўстання 1863 года, фактычна цалкам знішчылі гэты вузкі слой. Яго рэшткі былі выключаныя з палітычнага жыцця.
Другім прэтэндэнтам на лідарства магла б стаць нацыянальная буржуазія. Але яна не паспела сфармавацца. Адна з прычын – у тым, што з прычыны паўстання 1863 года буржуазныя па сваёй сутнасці рэформы Аляксандра ІІ праводзіліся на тэрыторыі Беларусі са спазненнем ці абмежаваннямі (судовая, гарадская, школьная, цэнзурная), а земская наогул была рэалізаваная толькі ў 1911-м. Гэта запаволіла развіццё рэгіёна ў другой палове ХІХ стагоддзя, прывяло да слабага ўзроўню развіцця прамысловасці і маруднага фармавання асноваў грамадзянскай свядомасці.
Таму лідарства ў нацыянальным руху перайшло да так званых разначынцаў (выхадцы з розных чыноў), якія працягнулі змаганне з імператарскай уладай. У 1870-я гады ў народніцкім руху ўдзельнічала нямала выхадцаў менавіта з Усходняй Беларусі (М. Судзілоўскі, С. Кавалік, Р. Ісаеў, Я. Брэшка-Брашкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі, Г. Гельфман, І. Грынявіцкі). Але ў палітычнай барацьбе яны не рабілі акцэнту на сваё беларускае паходжанне і выступалі за вырашэнне праблем усёй Расійскай імперыі без уліку беларускай адметнасці.
Магчыма, пералік гэтых імёнаў – усяго толькі выпадковае супадзенне? Зразумела, сваю ролю ў іх ігнараванні беларускага пытання маглі адыграць два фактары. Па-першае, мяжа аселасці, існаванне якой міжволі штурхала яўрэяў (прадстаўнікі якіх былі сярод названых асобаў) да барацьбы за сацыяльную справядлівасць. Другое тлумачэнне – асаблівасці развіцця сельскай гаспадаркі рэгіёна. Ва ўсходняй частцы Беларусі дамінавала супольнае (абшчыннае) землеўладанне. А народнікі меркавалі, што “ячэйкай” новага грамадства павінная стаць якраз сялянская абшчына. Таму ў згаданым рэгіёне такія погляды трапілі ў падрыхтаваную глебу. Але галоўную прычыну таго, што беларусы ўдзельнічалі не ў ліцвінскім, а ў агульнарасійскім народніцкім руху, трэба шукаць у іншым.
Беларуская стратэгія
Рэпрэсіі, якія мелі месца пасля паўстання 1863 года, абарвалі сувязі вузкай эліты з часамі ВКЛ. Нацыятворчыя працэсы вынішчылі пад корань, таму працу трэба было пачынаць з нуля. Але ў прадстаўнікоў разначынцаў адсутнічала генетычная памяць пра ВКЛ. Таму яны не ўсведамлялі сваёй сувязі з ліцвінамі і спадчынай іх дзяржавы. Свае задачы прадстаўнікі разначынцаў мусілі вырашаць у рэчышчы агульнарасійскага руху. Менавіта таму ў пачатку 1870-х гадоў нацыянальны рух нібыта зведаў перазагрузку. Спярша ён развіваўся ў рэчышчы агульнарасійскага. Адначасова працягвалася вывучэнне краю (толькі не з боку польскамоўных, а і з боку расійскамоўных даследчыкаў). Пазней былі вылучаныя патрабаванні аўтаноміі – развіцця ў складзе федэрацыі – і, нарэшце, незалежнасці.
Калі рух выйшаў на ўзровень аўтаноміі, узнікла патрэба ва ўсведамленні сваёй адметнасці і непадобнасці да рускіх. А таксама блізкасці да іх, бо, нагадаю, развіццё руху адбывалася ў межах агульнарасійскага. Так сталі выкарыстоўвацца тэрміны “Беларусь” і “беларусы”, раней ужо вядомыя ў грамадстве (як і адкуль яны распаўсюджваліся – тэма асобнай, вялікай дыскусіі). У выніку, калі адбывалася фармаванне нацыі, у свядомасці людзей замацавалася саманазва “беларусы”. І вярнуцца да “ліцвінаў” ужо было позна.
Зрэшты, нам яшчэ пашанцавала. Беларусы літаральна ўскочылі ў апошні вагон цягніка і за паўстагоддзя (з 1870-х да рэвалюцыі 1917 года) прайшлі шлях, які іншыя нацыі адольвалі за нашмат больш працяглы час. Так, мы маглі застацца ліцвінамі, але маглі ператварыцца ў палякаў ці рускіх. Атрымаўся прамежкавы варыянт. Але менавіта ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя выявіўся шэраг праблем (у тым ліку слабая самасвядомасць і адсутнасць генетычнай сувязі з мінулым і часамі ВКЛ), якія потым неаднойчы паўплывалі на ход беларускай гісторыі.
© Дзяніс Марціновіч, budzma.by