Полацк і Смаленск на Эбсторфскай карце

Фотарэпрадукцыя Эбсторфскай карты

Эбсторфская карта (ням. Ebstorfer Weltkarte) створаная каля 1284 года (паводле іншых звестак, у 1240 годзе) круглая (дыяметр каля 3,5 м) каляровая карта вядомага свету на пергаментным аркушы агульнай плошчай 13 м².

Стварэнне гэтай карты XIII стагоддзя звычайна звязваецца з імем Гервасія Тыльберыйскага, кіраўніка Эбстарфскага манастыра (на поўдзень ад Гамбурга), у якім яна была знойдзена ў XIX стагоддзі і ўведзена ў навуковы абарот. У 1943 годзе пад час бамбардзіроўкі Гановера арыгінал загінуў, захаваліся 4 копіі XIX—XX стагоддзяў.

Такія тыповыя для Сярэднявечча карты, арыентаваныя, у адрозненне ад сучасных, не на поўнач, а на ўсход, служылі ілюстрацыяй да біблейскага апавядання аб рассяленні сыноў Ноя пасля патопу. Традыцыйна мелі выгляд круга, у які ўпісвалася літара «T», утвараючы манаграму «O-T», што расшыфроўвалася як Orbis Terrarum (круг зямны). Верхні сектар круга адпавядаў Азіі, заселенай нашчадкамі Сіма; левы ніжні — Еўропе (Яфета); правы ніжні — Афрыцы (Хама). Вертыкальнай рысай «T» служыла Міжземнае мора, гарызантальнай — Дон, Чорнае, Мармуровае, Эгейскае мора і Ніл (ці Чырвонае мора). У цэнтры знаходзіўся Іерусалім.

Фрагмент знакамітай карты

Эбсторфская карта — самая славутая з карт гэтага тыпу і першая з вядомых еўрапейскіх карт, на якой адлюстравана тэрыторыя Беларусі: рэкі Нёман (Memela) і Дзвіна (Duna); над апошняй размешчаны Смаленск (Smalentike) у абліччы зубра і Полацк (Plosceke civitas) у выглядзе аленя, апошні далей ад вусця Дзвіны, чым першы. Тагачасныя заходнееўрапейскія картографы падкрэслівалі тым самым значнасць гэтых гарадоў для хрысціянскага свету. Выдуманая выява Полацка — адна з першых у заходнееўрапейскай іканаграфіі. Эбсторфская карта сведчыць пра важнасць гандлёвага шляху па Дзвіне і разнастайныя сувязі, якія існавалі паміж Полацкам, Віцебскам, Смаленскам і нямецкімі гарадамі Інфлянтаў і Готланда ў XIII стагоддзі.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии