Палітычныя пратэсты. Усе дзеячы БНР паставіліся да прэлімінарнай савецка-польскай дамовы рэзка адмоўна і не прызналі яе. 8 лістапада сумесны пратэст супраць савецка-польскай змовы выказалі дэлегацыі Усходне-Галіцыйскай Рэспублікі і БНР, якія прыбылі ў Рыгу для абароны сваіх дзяржаўных інтарэсаў. Перад пагрозай падзелу Беларусі і агрэсіі з боку Расіі і Польшчы 27 кастрычніка беларускі ўрад В. Ластоўскага звярнуўся да краінаў Балтыі з ідэяй Чарнаморска-Балтыйскага саюза. Крыху пазней (18 снежня 1920 г.) урад БНР папрасіў Лігу Нацыяў у Жэневе правесці на беларускіх землях плебісцыт.
Спадзяванні на Літву. 11 лістапада 1920 г. у Коўне была заключаная літоўска-беларуская дамова аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскіх захопніцкіх памкненняў. Абодва бакі прыйшлі да згоды, што не будуць падымаць пытанняў пра межы, пакуль беларускія і літоўскія землі не будуць вызваленыя ад акупантаў. Урад В. Ластоўскага атрымаў дыпламатычнае прадстаўніцтва пры літоўскім урадзе, права экстэрытарыяльнасці ў Літве і ўрадавую пазыку. Дамова 1920 г. давала беларусам базу для нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Узамен на гэта беларускі ўрад у Коўне абавязваўся падтрымаць літоўскае кіраўніцтва падчас планаванага плебісцыту ў Сярэдняй Літве і накіраваць беларускія вайсковыя злучэнні на абарону тэрыторыі літоўскай дзяржавы. У складзе арміі Літвы дзейнічаў Беларускі асобны батальён, дзе, праўда, служылі рускія афіцэры. У адпаведнасці з пагадненнем з літоўскім генеральным штабам ад 3 верасня 1920 г., пачалося фармаванне “Саюза вольных беларускіх стралкоу” для партызанскай дзейнасці на беларускіх землях, занятых палякамі. Пагроза падзелу беларускіх земляў прымусіла ўрад БНР у канцы 1920 г. ужо адкрыта заявіць у лісце на адрас Лігі Нацыяў, што беларускаму насельніцтву выгадней увайсці на дагаворных пачатках у склад Літоўскай Рэспублікі, чым быць захопленым Польшчай. У стварэнні адзінага беларуска-літоўскага фронту супраць Польшчы праяўляла зацікаўленасць і Германія. Яна выдзеліла ўраду В. Ластоўскага 40 млн. марак крэдыту на арганізацыю партызанскай барацьбы.
Антысавецкія настроі. Расла незадаволенасць савецкімі парадкамі і ў народзе. Колькі ўжо разоў з 1915 г. паміж Дняпром і Бугам праходзілі варожыя войскі: спачатку нямецкія, потым бальшавіцкія, за імі польскія і, нарэшце, зноў бальшавіцкія. Чарговы прыход бальшавікоў у 1920 г. з іх харчразвёрсткай стаў апошняю кропляй, якая перапоўніла народнае цярпенне. Людзі не маглі змірыцца, што новая дзяржаўная мяжа парушыла іх сваяцкія і сяброўскія сувязі. А таму ўзброеная барацьба беларускага народа за незалежнасць пачалася якраз там, дзе панавалі маскоўскія ўлады – пераважна на савецкім памежжы. Змаганне з бальшавіцкімі акупантамі вялося, як правіла, пад сцягам БНР, але адзінага кіраўнічага цэнтра ў паўстанцаў не было.
Урад Народнай рады БНР В. Ластоўскага знаходзіўся у далёкай Коўне. А ўрад Найвышэйшай рады БНР фактычна застаўся без аўтарытэтнага лідэра. А. Луцкевіч не належаў да правадыроў кшталту Рабесп’ера ці Леніна.
Уступленне ў палітычную барацьбу Булак-Балаховіча. Найбольш вядомым арганізатарам антыбальшавіцкага ўзброенага супраціўлення быў Станіслаў Булак-Балаховіч, былы аграном з Віленшчыны, які ў час першай сусветнай і грамадзянскай войнаў прайшоў шлях ад шарагоўца царскай арміі да генерал-маёра ў войску Мікалая Юдзеніча (таксама па паходжанні беларуса). Пад уплывам кіраўніка вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі Канстанціна Езавітава генерал у лістападзе 1919 г. перайшоў на службу Беларускай Народнай Рэспублікі. Часовае ўтрыманне яго аддзела ўзяў на сябе эстонскі ўрад. У сакавіку 1920 г. гэты аддзел (да тысячы чалавек) перадыслакаваўся з дазволу польскага ўрада з Эстоніі ў Брэст. Але адразу пачаць змаганне за Беларусь Булак-Балаховічу не прыйшлося. Пілсудскі накіраваў яго на ўкраінскі фронт. Была засцярога, што генерал аб’яднаецца з беларускімі эсэрамі, якія рыхтавалі антыпольскае паўстанне. У верасні 1920 г. Булак-Балаховіч прарваў фронт Чырвонай Арміі і вызваліў Пінск. Генерал ішоў па пятах адступаючых чырвонаармейцаў і тым вельмі паспрыяў контрнаступленню польскага войска.
Булак-Балаховіч у планах Пілсудскага. Кіраўнік польскай дзяржавы імкнуўся скарыстаць балахоўцаў у барацьбе за “трэцюю Расію”, вольную ад бальшавікоў і манархістаў. 27 верасня Станіслаў Булак-Балаховіч мусіў заключыць дамову з лідэрам рускіх эсэраў Барысам Савінкавым, які ў той час узначальваў Рускі палітычны камітэт у Польшчы. Узамен на камандаванне расійскімі вайсковымі злучэннямі генерал прызнаў палітычнае верхавенства расійскага лідэра. Адначасова вёўся актыўны пошук добраахвотнікаў. Меўся план прарваць фронт каля Мазыра і рушыць на Смаленск, скарыстаўшы наступленне з Украіны генерала Урангеля. Падчас перамоваў з Расіяй аб міры ўвосень 1920 г. у Пілсудскага (насуперак волі польскага ўрада) выспявае план стварэння буфернай беларускай дзяржавы з цэнтрам у Мінску. Яго выкананне прадугледжвала выкарыстанне арміі Булак-Балаховіча, які мусіў прабіцца праз савецкія тылы да Мінска і там атрымаць уладу з рук польскай арміі, якая няспынна наступала на ўсход. У якасці палітычнай шыльды для акцыі Булак- Балаховіча за плячыма Найвышэйшай рады БНР ствараўся Беларускі палітычны камітэт з 7 чалавек (Вячаслаў Адамовіч, Павел Аляксюк, Радаслаў Астроўскі і інш.). 12 кастрычніка генерал заключае дамову з Беларускім палітычным камітэтам. Узамен на дапамогу ў арганізацыі беларускага войска Булак-Балаховіч абяцае перадаць Беларускаму палітычнаму камітэту ўладу пасля заняцця тэрыторыі Беларусі. Не адкідалася і мара пра паход на Маскву сумесна з арміяй генерала Урангеля. Таму акцыя Булак-Балаховіча праводзілася супольна з аддзеламі Барыса Савінкава. Аднак план перадачы ўлады ў Мінску праваліўся, бо быў зусім не рэальны. Булак-Балаховіч не меў дастаткова часу і сілы, каб у патрэбны момант апынуцца ў Мінску. Генерал чакаў падыходу ваенных атрадаў, якія фармаваліся ў Любліне і іншых польскіх цэнтрах намаганнямі Расійскага палітычнага камітэта. А тым часам 12 кастрычніка 1920 г. увайшло ў сілу польска-савецкае перамір’е, у адпаведнасці з якім усе антысавецкія злучэнні на тэрыторыях, падкантрольных Польшчы, мусілі быць распушчаныя. 17 кастрычніка польскае войска пакінула Мінск, а на пачатку лістапада пачало пакідаць і тыя раёны, якія па дамоўленасці адыходзілі да бальшавікоў. Тады Булак-Балаховіч атрымлівае неафіцыйны дазвол Пілсудскага дзейнічаць у справе ўтварэння беларускай дзяржавы самастойна.
Беларускі паход Булак-Балаховіча. 25 кастрычніка армія Станіслава Булак-Балаховіча перайшла мяжу савецкай Беларусі. Упершыню за ўсю гісторыю ідэя вызвалення беларускіх земляў ад бальшавізму часова аб’яднала беларусаў, палякаў і рускіх, хоць у складзе вызваленчай арміі згоды паміж імі не было. Тым не менш, 6 лістапада Булак-Балаховіч вызваліў Тураў, 8 – Петрыкаў, 10 – Мазыр. Бальшавіцкая харчразвёрстка спрыяла колькаснаму росту арміі (з 5,5 тыс. чалавек у кастрычніку да 11 тыс. чалавек у лістападзе). У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў незалежнасць Беларусі і прыняў пасаду галоўнакамандуючага, адразу абвясціўшы загад на фармаванне Беларускага войска. Камандванне рускімі ваеннымі аддзеламі галоўна- камандуючы перадаў свайму брату – палкоўніку Язэпу Булак-Балаховічу. Урады Ластоўскага і Луцкевіча, а таксама бальшавіцкі ўрад Чарвякова абвяшчаліся самазванымі. Беларускі палітычны камітэт ператвараўся ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта быў першы беларускі урад, які меў рэальную ўладу над канкрэтнай часткай беларускай тэрыторыі. На пасаду беларускага прэм’ер-міністра быў прызначаны Вячаслаў Адамовіч (старэйшы). Павел Аляксюк стаў намеснікам прэм’ер-міністра і міністрам замежных справаў, Юрый Сінкевіч – міністрам эканомікі, Радаслаў Астроўскі – міністрам асветы, палкоўнік Бяляеў – ваенным міністрам. Урад Вячаслава Адамовіча выдаў маніфест да беларускага народа, у якім выклаў наступную праграму: барацьба за незалежнасць Беларусі, выпрацоўка канстытуцыі, канфіскацыя буйной памешчыцкай маёмасці, цесны саюз з Польшчай і апора на краіны Антанты. Урад надаў Станіславу Булак- Балаховічу тытул начальніка беларускай дзяржавы. На працягу тыдня быў сфармаваны Сялянскі партызанскі аддзел і вайсковы полк. Ніякіх пярэчанняў у рускіх усё гэта не выклікала.
Паражэнне Булак-Балаховіча. Пасля Мазыра, відаць, пад уплывам рускіх афіцэраў і Барыса Савінкава армія Станіслава Булак- Балаховіча, замест наступлення на Бабруйск – Мінск, рушыла ў напрамку Рэчыца – Гомель з надзеяй злучыцца з арміяй Пятра Урангеля. Але неўзабаве прыйшлі звесткі, што 14 лістапада рускі генерал быў разбіты чырвонаармейцамі. Гэта вельмі пахіснула баявы дух балахоўцаў. Заняць Рэчыцу не ўдалося. Камандаванне Чырвонай Арміі кінула на Палессе значныя сілы, якія акружылі войскі Булак-Балаховіча. Дывізіі генерала вымушаныя былі адступаць. У канцы лістапада – пачатку снежня 1920 г. яны прабіваліся праз чырвоныя заслоны на падкантрольную Польшчы тэрыторыю, дзе і былі інтэрнаваныя.
I толькі некаторыя беларускія аддзелы засталіся ў савецкай Беларусі, каб распачаць антыбальшавіцкую партызанскую барацьбу. Пасля вайны праслаўлены генерал асталяваўся ў Белавежы, дзе займаўся дрэваапрацоўчай прамысловасцю, а ў маі 1940 г. загінуў у Варшаве падчас гестапаўскай аблавы як удзельнік польскага супраціўлення.
Прычыны паражэння. План захопу Станіславам Булак-Балаховічам Беларусі праваліўся. Гэты план не меў належнай падтрымкі з боку Польшчы, бо ўяўляў сабой толькі частку стратэгічнага разліку Юзафа Пілсудскага – аднавіць пры ўдзеле генерала Люцыяна Жалігоўскага саюзнае Польшчы Вялікае Княства Літоўскае і пры ўдзеле генерала Пятра Урангеля стварыць “Трэцюю Расію”. Аднак паходы Урангеля на Маскву і Жалігоўскага на Коўну не ўдаліся. Разлік на сялянскае паўстанне ў прыфрантавой Беларусі, нашпігаванай чырвонаармейцамі, не спраўдзіўся. Большасць вайскоўцаў арміі генерала Булак-Балаховіча складалі рускія чырвонаармейцы, што трапілі ў палон да палякаў і потым былі завербаваныя людзьмі Савінкава. Натуральна, што яны не мелі вялікага жадання ваяваць за незалежнасць Беларусі і пры першай магчымасці пераходзілі на бок Чырвонай Арміі. У тых умовах памкненні Булак-Балаховіча абапіраліся на рэвалюцыйны рамантызм і межавалі з палітычным авантурызмам. Змагаючыся з бальшавізмам, генерал недаацэньваў народную падтрымку, гнуў спіну перад Пілсудскім, дзейнічаў на свой страх і рызыку і не пазбегнуў памылак. Вядома, што яго вайсковыя злучэнні, пераважна аддзелы рускіх эсэраў, дазвалялі сабе яўрэйскія пагромы. За жорсткасць асуджаў Булак-Балаховіча і Антон Луцкевіч. Але антысемітызм не быў лозунгам кіраўніцтва балахоўцаў. Дастаткова сказаць, што ў склад арміі Булак-Балаховіча ўваходзіў яўрэйскі эскадрон паручніка Цэйтліна. Відавочная залежнасць Булак-Балаховіча ад Польшчы, а таксама саюз з Савінкавым звязвалі рукі генерала і не дадавалі яму аўтарытэту сярод палітычных лідэраў Беларусі. Але яго паход сведчыў пра жывучасць беларускай ідэі.
© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.