Пачатак другой сусветнай вайны. Падзеі восені 1939 на Беларусі

«Вызваленчы паход» у Заходнюю Беларусь

Бальшавіцкі СССР 23 жніўня 1939 г. падпісаў з нацысцкай Нямеччынай дамову аб ненападзе, вядомую ў гісторыі па прозвішчах кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў дзвюх дзяржаў як пакт Молатава-Рыбентропа. Да пакта быў прыкладзены дадатковы сакрэтны пратакол, у якім Сталін і Гітлер дзялілі Польскую дзяржаву на сферы ўплыву. Мяжа павінна была прайсці прыкладна па рэках Нараў, Буг, Вісла і Сан. Летува пакідалася гітлераўцам. У сакрэтным пратаколе адзначалася, што Савецкі Саюз і Нямеччына прызнаюць прэтэнзіі Летувы на Віленскі край. Абодва бакі планавалі выкарыстаць сітуацыю ва ўласных мэтах.

Першай на Польшчу 1 верасня 1939 г. напала Нямеччына. У той час калі палякі абаранялі Варшаву, свае войскі рушыў на захад Сталін. Савецкая прапаганда абвясціла гэта «вызваленчым паходам» на дапамогу заходнім беларусам і ўкраінцам. На трэці дзень «вызваленчага паходу», 19 верасня 1939 г., часціны Чырвонай арміі ўвайшлі ў Вільню. У зводцы савецкага Генштаба за гэты дзень паведамлялася: «На поўначы – у Заходняй Беларусі – пасля двухгадзіннага бою нашыя войскі занялі Вільню».

Напад Германіі і Савецкага Саюза на Польшчу
Напад Германіі і Савецкага Саюза на Польшчу

На працягу дзесяці дзён Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь апынуліся пад бальшавіцкай уладай. Такім чынам быў скасаваны падзел Беларусі паводле Рыжскага трактата 1921 г. У выніку тэрыторыя рэспублікі вырасла больш чым на 100 тыс. квадратных кіламетраў, а насельніцтва – на 4,5 мільёна чалавек.

Ацэньваючы тыя падзеі, газета «Нью-Ёрк Таймс» ў нумары за 18 верасня 1939 г. называла нацызм «карычневым камунізмам», а камунізм «чырвоным фашызмам» і пісала, што свет хутка зразумее: у яго ёсць толькі адзін выбар – паміж дэмакратыяй, свабодай і мірам, з аднаго боку, і дэспатызмам, тэрорам і вайной – з іншага.

Аднак шмат хто з беларусаў верыў што сапраўды надышоў час вызвалення і далучэння да свабоднай і незалежнай Беларусі. Былі выпадкі, калі пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў жыхары сустракалі чырвонаармейцаў хлебам-соллю і кветкамі. Але большасць насцярожана чакала далейшых падзеяў.

Пры канцы кастрычніка Народны (Нацыянальны) сход у Беластоку, на які былі старанна падабраныя дэпутаты, аднагалосна прагаласаваў за абвяшчэнне ў Заходняй Беларусі савецкай улады. Далучаны абшар стаў часткаю БССР. Тут ствараліся пяць новых абласцей – Баранавіцкая, Беластоцкая, Берасцейская, Вілейская і Пінская. Задзіночанне ў межах адной рэспублікі адпавядала нацыянальным інтарэсам беларусаў і рабіла больш выразнай нашу гістарычную перспектыву. Але за гэта была заплочаная вельмі дарагая цана. Неўзабаве ў былой Заходняй Беларусі пачаліся масавыя дэпартацыі і фізічнае вынішчэнне «антысавецкіх элементаў». Адбывалася рабаванне эканамічнага і культурнага багацця краю. У адукадыі хутка быў узяты курс на русіфікацыю. Захоўвалася нават старая савецка-польская мяжа з заставамі, што дало некаторым гісторыкам падставы параўнаць гэты абшар з велічэзным канцлагерам.

Апрача таго, па-за межамі БССР засталіся вялікія тэрыторыі з беларускім насельніцтвам. Крывадушная палітыка Крамля красамоўна выявілася ў гандлі Вільняй і Віленшчынай.

Вільня зноў беларуская

Заходнія беларусы лічылі Вільню сваім бясспрэчным духоўным і культурным цэнтрам. У беларускім савецкім грамадстве таксама існавала перакананасць у непарыўнасці лёсаў Вільні і Беларусі. Нацыянальныя колы былі ўпэўненыя, што горад нарэшце апынецца ў складзе беларускай рэспублікі. Узбуйнення яе тэрыторыі за кошт Віленшчыны чакалі ў БССР і камуністы. Тым больш Камінтэрн у свой час вызначыў што Заходняя Беларусь улучае ў сябе Вільню і Віленскі край.

15 верасня 1939 г. адбылося паседжанне НКВД БССР, дзе Вільня таксама разглядалася як «частка былых польскіх земляў якія трэба далучыць да Беларускай ССР». (НКВД, вядома, вырашаў уласную задачу – «ізаляцыю» заходнебеларускіх «ворагаў савецкай улады».)

24 верасня ў актавай зале Віленскай беларускай гімназіі адбылася афіцыйная ўрачыстасць з нагоды далучэння Вільні да Беларусі «на векі вякоў». Пра гэта казалі ў сваіх выступах і тагачасны загадчык аддзела прапаганды ЦК КП(б)Б Іван Клімаў які ўзначальваў савецкую адміністрацыю Заходняй Беларусі, і віленскія беларускія дзеячы на чале з былым прэм’ерам урада БНР Антонам Луцкевічам. Ён, у прыватнасці, заявіў: «Беларусь зноў стала адзінай… Вялікая праца перад намі, праца дзеля адбудовы ўсяго таго, што гадамі падміналася і нішчылася польскімі панамі. Утварэнне адзінай вольнай савецкай Беларусі адчыняе для беларускай культуры шлях да хуткага развіцця наперад». Цэнтральныя менскія газеты ў другой палове верасня выйшлі пад лозунгам! «Вільня – зноў беларуская!» У савецкіх выданнях, прычым не толькі ў БССР, друкавалі артыкулы, дзе дав-дзіліся гістарычныя правы Беларусі на Вільню і тлумачылася, што Вялікае Княства Літоўскае было беларускай дзяржаваю.

Віленшчынай у тыя тыдні кіравалі пасланцы з Менска. Была створаная Віленская вобласць. Беларускую мову прызналі афіцыйнай. На ёй, як і ў іншых абласных цэнтрах рэспублікі, пачала выходзіць газета «Віленская праўда», якая з нумара ў нумар змяшчала матэрыялы аб гістарычным праве беларускага народа на Вільню і Віленскі край.

У Вільні знаходзілася і рэдакцыя галоўнай савецкай газеты для Заходняй Беларусі – «Свабодная Беларусь». Адчыняліся беларускія школы і арганізацыі. У беларускую гімназію, якая існавала і за польскім часам, паступалі тысячы заяваў. Каб задаволіць іх, арганізавалі дзесяць паралельных класаў. Але і гэтага было мала, і таму ўлады пастанавілі адчыніць у Вільні Другую беларускую гімназію. Былі створаныя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў беларускай мовы ў вясковых школах.

У Свянцянах (цяпер Швянчоніс у Летуве), Эйшышках (цяпер Эйшышкіс) ды іншых гарадах і мястэчках адбываліся мітынгі, дзе прымаліся рэзалюцыі пра ўваходжанне ў склад БССР. Самы вялікі ва ўсёй Заходняй Беларусі мітынг прайшоў у Вільні. На Лукішскім пляцы сабралася 75 тысяч гараджанаў – траціна ўсяго насельніцтва. У рэзалюцыі мітынга, на якім сярод іншых выступаў і А. Луцкевіч, гаварылася, што працоўныя Вільні галасуюць за ўваходжанне ў склад Беларускай ССР.

Аднак горад заставаўся ў Беларусі ўсяго сорак дзён.

Планы Масквы і Берліна

Падзеі верасня 1939 г. прывялі СССР і Нямеччыну да неабходнасці ўдакладнення ранейшых намераў. Войскі вермахта захапілі на ўсход ад Варшавы вялікую этнічна польскую тэрыторыю, якая паводле пакта Молатава-Рыбентропа належала да савецкай «зоны ўплыву». Сталін і ягонае абкружэнне пагадзіліся з гэтым, убачыўшы сваю выгаду. Акупацыя цэнтральнай Польшчы Чырвонай арміяй не дазваляла б маскаваць захопніцкую акцыю пад «вызваленчы паход» і хавала ў сабе небяспеку, што хаўруснікі Польшчы – Англія і Францыя – абвесцяць вайну не толькі Нямеччыне, але і Савецкаму Саюзу.
28 верасня Масква і Берлін падпісалі новы сакрэтны пратакол. Немцы павінны былі пакінуць захопленыя імі Берасцейскую фартэцу (Брэсцкую крэпасць) і Берасце (на яго цэнтральным пляцы за некалькі дзён да гэтага адбыўся супольны парад савецкіх і гітлераўскіх войскаў). СССР адмаўляўся на карысць немцаў ад цэнтральнапольскіх земляў, але наўзамен атрымаў Летуву.

У пакуль яшчэ незалежнай Летуве з велізарнай увагаю сачылі за падзеямі. На самым пачатку Другой сусветнай вайны там не пагадзіліся з прапановай немцаў – Вільня ў абмен на дапамогу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Польшчы. Супраць былі б Брытанія і Францыя, а магчыма, і Савецкі Саюз. Як піша сучасны амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, летувіскі ўрад «разлічваў што ў каротка-тэрміновай перспектыве нямецкая ўлада будзе горшая за савецкую, у сярэднетэрміновай – што СССР выйдзе пераможцам у будучай вайне з Нямеччынай, а ў доўгатэрміновай – што калі за Вільню давядзецца заплаціць незалежнасцю, то лепей падпісаць гэткае пагадненне з Савецкім Саюзам».

Як толькі чырвонаармейцы захапілі Вільню, летувіскія дыпламаты ў Маскве звярнуліся да савецкіх уладаў з просьбай перадаць горад Летуве. Тады ад звароту проста адмахнуліся, але сітуацыя імкліва мянялася. 1 кастрычніка летувіскі міністр замежных справаў Ёзас Урбшыс даведаўся пра змены сфераў уплыву і пра тое, што за Вільню трэба будзе расплочвацца прысутнасцю 20-тысячнага кантынгенту савецкіх войскаў у Летуве. Масква нават не палічыла патрэбным паведаміць пра гэта ў Менск, што лішні раз падкрэслівае марыянеткавы характар так званай беларускай савецкай дзяржавы.

10 кастрычніка 1939 г. СССР і Летува падпісалі пагадненне, згодна з якім Віленшчына пераходзіла Летуве. У Менску яшчэ нічога не ведалі. У той самы дзень газета «Звязда» апублікавала дзве карэспандэнцыі з Вільні. У адной з іх паведамлялася, як віленчукі рыхтуюцца да выбараў дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі. Адметна, што савецка-летувіская дамова пра Віленшчыну не публікавалася, пакуль Вярхоўны Савет СССР не задаволіў «просьбу» Народнага сходу ў Беластоку пра далучэнне «вызваленых земляў» да БССР. Наркам замежных справаў СССР В. Молатаў даў наступнае тлумачэнне: «Мы ведаем, што большасць насельніцтва гэтага рэгіёну – не летувісы. Але гістарычная мінуўшчына і памкненні летувіскага народа цесна звязаныя з горадам Вільня, і ўрад СССР палічыў за неабходнае пайсці насустрач гэтым маральным фактарам». Зразумела, што насамрэч ні пра якую мараль гаворкі не ішло. СССР атрымаў за сваё «дабрадзейства» права размясціць у Летуве савецкія вайсковыя базы, а ўлетку 1940 г. захапіў усю краіну разам з дзвюма іншымі балтыйскімі рэспублікамі – Латвіяй і Эстоніяй.

Тэрыторыя перададзеная Летуве паводле дамовы паміж Масквой і Коўнай 10 кастрычніка 1939 г.

Каб змякчыць незадаволенасць ужо акупаванай Летувы,савецкі ўрад праявіў новы «клопат» – перадаў ёй у лістападзе 1940 г. яшчэ 2,6 тысячы квадратных кіламетраў памежнай тэрыторыі БССР. 3 прылеглымі, населенымі пераважна беларусамі землямі ад нашай рэспублікі былі адарваныя гарады Свянцяны (цяпер Швянчоніс), Салечнікі (цяпер Шальчынінкай) і славуты курорт Друскенікі (цяпер Друскінінкай).

1 лістапада 1939 г. беларусы даведаліся, што Масква адарвала ад Беларусі і перадала Летуве 7120 квадратных кіламетраў з 457 тыс. жыхароў – Віленшчыну разам з Вільняй.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
23 жніўня 1939 г. Падпісанне пакта Молатава-Рыбентропа з сакрэтным пратаколам пра падзел Польскай дзяржавы.
1 верасня 1939 г. Пачалася Другая сусветная вайна.
17 верасня 1939 г. Пачатак «вызваленчага паходу» Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь.
19 верасня 1939 г. Савецкія войскі занялі Вільню. Віленскі край становіцца часткай Беларусі.
28 верасня 1939 г. Паводле дадатковага сакрэтнага пратакола да пакта Молатава-Рыбентропа Летува і Вільня перададзеныя ў савецкую «зону ўплыву».
10 кастрычніка 1939 г. СССР перадаў Вільню і Віленскую вобласць Летуве ў абмен на згоду стварыць на яе тэрыторыі савецкія вайсковыя базы.

 © У. Арлоў
“Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии