Паліўны крызіс
Адкрыццё і эксплуатацыя ў Беларусі з 1963—1964 гг. радовішчаў калійнай солі (раён Салігорска) і нафты (раён Рэчыцы) не зрабілі беларусаў багацейшымі. Сваімі нетрамі яны не маглі распараджацца, выкарыстоўваць іх па гаспадарску. У 60-х-пач. 70-х гадоў на беларускіх нафтавых вышках палалі факелы спадарожнага газу. Саюзнае міністэрства несла адказнасць толькі за нафту, а каштоўнае паліва бессэнсоўна страчвалася. У той жа час залежная ад саюзных паставак паліва і сыравіны БССР перажывала востры газавы крызіс. Міністзрства газавай прамысловасці СССР рэзка скараціла на пачатку 70-х гадоў падачу паліва. Адвольна, у выніку нізкага ціску ў газаправодзе, газ адключаўся ў кватэрах цэлых кварталаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Оршы, Наваполацка, Барысава, Жодзіна. Прастойваў Гарадзенскі хімкамбінат, іншыя прадпрыемствы. Па газіфікацыі жылля гарады БССР займалі адно з апошніх месцаў сярод іншых рэспублік. У 1971 г. газам карысталася ўсяго 13,5% вясковых жыхароў, тады як па ўсім Савецкім Саюзе – 21,3%. Паліўны крызіс абвастраўся і нястачай мазуту, які паступаў з Башкірыі. А той мазут, што атрымліваўся ад нафтаперапрацоўкі ў Наваполацку, адпраўляўся за межы БССР. У шэрагу выпадкаў прыпынялася праца прамысловых і камунальна- бытавых прадпрыемстваў. 3 уводам у 1972 г. у дзеянне газаправода Таржок-Мінск крызіс пайшоў на спад, але перыядычна абвастраўся і пазней.
Характар прамысловага развіцця
Эканамічныя рэформы, якія праводзіліся з сярэдзіны 60-х гадоў саюзным прэм’ерам Аляксеем Касыгіным, павысілі эканамічную самастойнасць прадпрыемстваў і ўзнялі ролю эканамічных стымулаў. У другой палове 60-х гадоў прамысловасць Беларусі развівалася даволі паспяхова. Значную долю ў ёй заняла радыётэхніка, электроніка, оптыка, якія выкарыстоўваліся ў асноўным у ваенных мэтах. У 70-х гадах БССР па аб’ёме прамысловай вытворчасці зраўнялася ці нават пераўзышла такія дзяржавы, як Аўстрыя, Венгрыя. У 1985 г. прамысловасць Беларусі давала 60% валавага нацыянальнага прадукту. Але ўжо ў 70-х гадах рэформы пачалі згортвацца. 3 мэтай наўмыснага далейшага павелічэння эканамічнай узаемазалежнасці розных рэгіёнаў СССР брэжнеўская адміністрацыя насаджала ўсесаюзнае каапераванне. Беларусі даводзілася кааперавацца не толькі з еўрапейскай Расіяй, але і з Казахстанам, Сібір’ю. Каб не дапусціць беспрацоўя, прадпрыемствы ўтрымлівалі празмерную колькасць рабочых і разгалінаваную заводскую адміністрацыю, што рабіла немагчымай рацыянальную арганізацыю працы. У сувязі з індустрыялізацыяй большая частка жыхароў БССР сканцэнтравалася ў гарадах. Праз горад беларускае насельніцтва ўцягвалася ў бессэнсоўную мілітарызаваную эканоміку. Толькі да ваенных прадпрыемстваў даходзіла тэхнічная мадэрнізацыя, якая ў сувязі з фінансавым і нафтавым крызісам ахапіла ў 70-х гг. увесь капіталістычны свет. Для карэннага тэхнічнага пераўзбраення масавай вытворчасці амаль нічога не рабілася. Звышпрыбыткі ад экспарту нафты расхалоджвалі, нібыта спрыяльная рыначная кан’юнктура на нафту магла быць вечнай. I ці былі ў камандна-адміністрацыйнай сістэмы хоць нейкія рэсурсы? Як толькі пачаліся спробы павысіць якасць прадукцыі і абмежаваць страты, сярэднегадавыя тэмпы прыросту прамысловасці ў Беларусі скараціліся ў 1981—1985 гг. у параўнанні з 1961—1965 гг. амаль удвая. У выніку беларуская прамысловасць па ўзроўні новых тэхналогіяў пачала безнадзейна адставаць ад краінаў Захаду. I толькі асобныя прадпрыемствы выпускалі прадукцыю высокай якасці. Сярод іх быў, напрыклад, Мінскі гадзіннікавы завод.
Абвастрэнне экалагічных праблемаў
У БССР выпускалася каля 25% хімічнай прадукцыі Савецкага Саюза. Ужо на пачатку 80-х гадоў у Салігорску, Наваполацку, Магілёве, Гародні ўзніклі асяродкі сур’ёзнай экалагічнай пагрозы. Хімічныя гіганты будаваліся ў БССР, як правіла, з парушэннем набытай за мяжой тэхналогіі. Шырокамаштабная кампанія хімізацыі прывяла да знішчэння глебавых мікраарганізмаў, якія забяспечвалі ўрадлівасць. На працягу 70-х гадоў было асушана каля аднаго мільёна гектараў забалочаных земляў. Грунтовыя воды ішлі ў глыбіню, а балоты ператвараліся ў пустэльні і лядоўні, на якіх збажына то высушваецца, то вымярзае. Экалагічныя страты прынесла і будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў каля рэк. Тысячы гектараў адводзіліся пад ваенныя аб’екты. Па насычанасці вайскоўцамі і ядзернай зброяй Беларусь займала сярод іншых савецкіх рэспублік першае месца. 3 44 ракетных баз 23 ваеннае ведамства размясціла на тэрыторыі БССР. У снежні 1972 г. і Масква звярнула ўвагу на неабходнасць аховы прыроды, а ў 1973 г. спынілася нарэшце драпежніцкае вынішчэнне беларускіх лясоў.
© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.