Сын кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны, Ізяслаў княжыў у Полацку з 988 па 1001 г.
Каля 987 года Рагнеда, помсцячы за забойства сваіх бацькоў і братоў, зрабіла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра. За гэта Уладзімір вырашыў яе смяротна пакараць, загадаў ёй апрануцца ва ўсё княжацкае адзенне і чакаць яго. Ізяслаў, навучаны Рагнедай, сімвалічна з мячом у руках выступіў на абарону маці.
Заступніцтва Ізяслава ўразіла Уладзіміра, і ён звярнуўся па раду да сваіх баяраў. Баяры параілі: «Уж не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, але аднаві отчыну яе, і дай ёй з сынам сваім».
Уладзімір заснаваў у Полацкай зямлі новы горад — Ізяслаўль (цяпер Заслаўе), куды былі адасланы Рагнеда і Ізяслаў.Вяртанне з Кіева малалетняга Ізяслава разам з маці ў новапабудаваны горад Полацкай зямлі, якому было нададзена яго імя (цяпер Заслаўе, што каля Мінску) – сведчанне аднаўлення кіеўскім князем раней ім знішчанай дынастыі полацкіх князёў, стварэнне ўмоваў для захавання незалежнай дзяржаўнасці Полацкага княства.
Горад Ізяслаў збудаваны ў вярхоўях Свіслачы, дзе сутыкаліся Дняпроўскі і Нёманскі басейны, хутчэй за ўсё стаў уладаннем Рагнеды, бо Ізяслаў жыў у Полацку.
На жаль, пісьмовыя крыніцы нічога не гавораць пра Ізяслава як пра дзяржаўнага дзеяча. Затое ў Ніканаўскім летапісу дадзена высокая пахвала Ізяславу як чалавеку і хрысціяніну: ”Бысть же сий князь тих и краток, смирен и милостив, и любое зело, и почитая священический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественный писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив”.
Ізяслаў выступае як кніжнік першаасветнік Полаччыны, які, бясспрэчна, увёў у ёй пісьменства. Тое, што пры ім пісаліся ў Полацку граматы, пацвярджаецца яго пячаткай з надпісам, які лічыцца адным з самых старажытных помнікаў пісьменства на тэрыторыі Усходняй Еўропы.
Гэты факт сведчыць аб тым, што Полаччына ішла ў авангардзе культурнага развіцця Усходняй Еўропы.
Стаўшы Полацкім князем, Ізяслаў прыняў ад сваёй маці эстафету, распачатую ягоным дзедам. Памёр ён у 1001 г. (годам пазней за сваю маці), пражыўшы крыху болей як 20 гадоў.
Красамоўным з’яўляецца той факт, што пасля смерці Ізяслава вялікі кіеўскі князь Уладзімір з шырокага выбару шматлікіх братоў Ізяслава нікога не пасылае на полацкі пасад, а пакідае трон за малалетнім сынам Ізяслава – Усяславам, а пасля яго смерці ў 1003 годзе княжанне пераходзіць да другога сына Ізяслава – Брачыслава. І з гэтага часу Полацкае княства застаецца за Ізяславічамі, нашчадкамі Рагвалода.