У траўні 2014 году споўнілася 70 гадоў ад часу штурму гітлераўскай умацаванай цытадэлі ў сярэднявечным кляштары на гары Montecassino ў 120 кіламетрах на поўдзень ад Рыму. Тут стратэгічную дарогу на Рым кантралявалі спецыяльныя аддзелы Вермахту. Пасля высадкі саюзнікаў на Сіцыліі ў 1943 годзе сітуацыя ў Італіі для немцаў пагоршылася. Трэці Рэйх вымушаны быў падтрымліваць ненадзейнага саюзніка на новым фронце. Пасьля капітуляцыі маршалка П’етра Бадольё — распачаць акупацыю краіны. Але саюзнікі няўстанна прасоўваліся на поўнач. Немцы разумелі стратэгічную значнасць узвышша Монтэ-Касіна. На ім і суседніх узгорках была збудавана лінія ўзмацненняў, празваная лінія Густава. Са студзеня 1944 году было некалькі беспасьпяховых спробаў з ходу ўзяць умацаваньні. Эфекту не прынеслі і шматлікія бамбаванні з паветра. Напачатку камандаванне альянсу даручыла штурмаваць узвышша новазеландскім і індыйскім злучэнням, якія там амаль усе і палеглі. Тады Брытанскае камандаванне для ўзяцця Монтэкассіно вызначала Другі польскі корпус пад камандваньнем генерала Уладыслава Андэрса, у якім служылі тысячы беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, у атацы прымалі ўдзел брытанскія, амэрыканскія, новазэлядзкія, паўднёваафрыканскія і францускія аддзелы. Для заходнебеларускіх жаўнераў трапіць у польскае войска азначала вырвацца з савецкага сталінскага пекла. Яны былі ваеннапалоннымі і хоць лічылі за вялікі шанец, што не загінулі ў Катыні ці іншых лагерах, але штодня адчуваць на сабе прыніжэнне і здзек было невыносным. Вядома, што з 120 тысяч польскіх ваеннапалоных і грамадзян розных станаў, дэпартаваных з Заходняй Беларусі, 20 тыс. складалі беларусы. Гэта паводле афіцыйнай статыстыкі. Мы мяркуем, што гэтая лічба магла быць большая. А ў Гразавецкім, Суздальскім, Старабельскім і Южскім лагерох ваеннапалонных на ліпень 1941 г. беларусы складалі 2848 чалавек і з іх толькі 111 асобаў адмовіліся ўступаць у Польскую армію. Апрача ўсяго, шмат беларусаў запісвалася палякамі дзеля таго, каб трапіць у Польскія збройныя сілы. Бо паводле загаду Народнага Камітэту Абароны СССР было забаронена браць у Польскае войска беларусаў і ўкраінцаў. Вось па гэтай прычыне рэальная колькасць беларусаў у Польскай арміі, якая была сфармаваная ў Савецкім Саюзе з грамадзян былой Рэчы Паспалітай Польскай да 1939 г. якія трапілі ў Савецкі палон і дэпартаваных грамадзян, дакладна невядомая і сёння.
Шлях Войска Польскага з беларускімі жаўнерамі ляжаў праз Савецкую Расею, Казахскую ССР, Узбекскую ССР, Іран, Ірак, Егіпет, Палесціну ў Італію. У складзе Войска Польскага пад брытанскім камандаваннем служылі такія вядомыя і выдатныя людзі з Заходняй Беларусі як Пётра Сыч – афіцэр, журналіст і пісьменнік, Вінцэнт Жук-Грышкевіч – гісторык і філолаг, у далейшым грамадска-культурны і палітычны дзеяч, Старшыня Рады БНР (1970-1982), Кастусь Маскалік – грэка-каталіцкі святар, Міхась Ляўдар, Яўген Русак і многія іншыя…
Пасля праходжання адпаведнай вайсковай падрыхтоўкі брытанскае камандаванне накіравала корпус Уладзіслава Андэрса ў Італію, дзе ўжо пачаліся актыўныя баявыя дзеянні саюзнікаў, і ен быў улучаны ў склад 8-й Брытанскай арміі. 23 сакавіка 1944 г. са згоды генерала Андэрса 2-гі корпус быў накіраваны на ключавыя пазіцыі нямецкай абароны каля ўзвышша Монтэкассіно. Тут праходзілі выдатна умацаваныя лініі “Густава” і “Гітлер”, якія заміналі праходжанню войскам Альянса на поўнач Італіі і, практычна, кантралявалі тэрыторыю ад Адрыятычнага да Тэрэнскага ўзбярэжжа. Камандаванне пастанавіла штурмам авалодаць узвышшам Монтэкассіно, ліквідаваць абарону гітлераўцаў і выйсці на поўнач Італіі дзеля далейшага вызваленне Еўропы.
У ноч з 11 на 12 траўня громам тысячаў гарматаў пачаўся штурм цытадэлі на дзікіх скалах гары Монтэкассіно. Перад гэтым амерыканская авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку ўмацаванняў Вермахта. Беларускія жаўнеры змагаліся ў 5-й крэсавай дывізіі “Зубры”. Асаблівую адвагу, спрыт і бясстрашша выяўлялі вайскоўцы 13-га батальёну “Рысь”. Пісменнік і журналіст Мельхіёр Ваньковіч апісвае адзін унікальны гераічны эпізод гэтага штурму: 12 траўня наперадзе батальёну ўжо не засталося аніводнага сапёра, а дарога ўсыпана мінамі. Таму пяхотнікам прыйшлося прабівацца самім наперад. Рыгор Булак – праваслаўны хлопец з-пад Вільні, яму міна адарвала нагу. Тады ён стаў на адной назе і павёў батальён наперад, упаўшы ніцма. Другая міна выбухнула пад ім.. Гэты выбух адарваў яму руку і выбіў вока… Але жаўнеры батальёна прарваліся наперад. Доўгі час меркавалі, што Булак загінуў, але яго падабралі немцы, падлячылі і трымалі ў палоне…
Нашы жаўнеры ў гэтым змаганні паказалі высокую вайсковую вывучку, бясстрашша і гераізм. Шматлікія з іх загінулі геройскай смерцю. Штурм працягваўся 7 дзён і 18 траўня фашысты былі выбіты з Монтэкассіно. Войскі альянсу рушылі на Рым. Некаторыя жаўнеры ваявалі ў Італіі аж да 11 красавіка 1945 г. і скончылі вайну ўзяццем Болонні.
У 1945 г. яшчэ ў Італіі, а ў 1947-48 гг. У Брытаніі беларускія жаўнеры актыўна ўключыліся ў беларускае культурнае жыццё. У гэты ж час пачаўся працэс дэмабілізацыі. Многія вайскоўцы вярнуліся на Радзіму. А ў 1950-51 гг. былыя змагары з фашызмам былі рэпрэсаваныя, асуджаныя на 10 гадоў і высланыя разам з сем’ямі ў Іркуцкую вобласць. Толькі тыя удзельнікі Італьянскай кампаніі, якія вярнуліся ў Беларусь пасля 1960 года і пазней пазбеглі рэпрэсіяў бальшавіцкага рэжыму, а тым больш тыя, хто застаўся на Захадзе. Па вяртанні на Радзіму з высылкі некаторыя камбатанты Монтэкассіно, нягледзячы на раненні і кантузіі пражылі доўгае і плённае жыццё. Так, напрыклад, Якуб Конан з мястэчка Бярэзінскае Маладзечанскага раёну пражыў 100 гадоў і адышоў у іншы свет у 2013 г.
У зялёнай даліне, ніжэй за кляштар Монтэкассіно (ён апаноўвае верхнюю пляцоўку гары на вышыні 527 м.), збудаваны мемарыял у памяць польскіх жаўнераў, якія загінулі пры штурме нямецкай цытадэлі і цьвінтар, на якім пахаваныя ўсе жаўнеры і афіцэры Войска Польскага. На гэтым цьвінтары пахаваныя і больш за 180 беларускіх жаўнераў. На кожнай магіле стаіць белы крыж з надпісам імя і прозвішча, датаў жыцця і месца нараджэння. На магілах каталікоў стаяць каталіцкія крыжы, на магілах праваслаўных – праваслаўныя. Нашыя жаўнеры фактычна былі з усёй Заходняй Беларусі: Вільні, Гародні, Берасьця, Ваўкавыску, Баранавічаў, Ліды, Валожына, Пінску, Браслава, Паставаў і іншых гарадоў, мястэчак і вёсак.
Мы павінны быць удзячнымі Польскай дзяржаве, якая збудавала гэты мемарыял, увекавечыўшы памяць і нашых жаўнераў !
20 траўня 2014 г. у Італію прыляцела зусім невялікая група мастакоў дзеля правядзення пленэра на месцы баявых дзеянняў на гары Монтэкассіно: сябры Беларускага саюза мастакоў Алесь Цыркуноў і аўтар гэтых радкоў, а таксама сябра Беларускага саюза народных майстроў Юрась Камандзірчык і Вітаўт Купава – выпускнік Каледжа мастацтваў імя І.Ахрэмчыка. Перакладчыцай, правадніцай і зусім незаменным чалавекам у гэтай кампаніі была Наста Цыркунова, якая ўжо 3 гады жыве ў Італіі.
Зразумела, што найважнейшай місіяй нашай дэлегацыі было ўшанаванне памяці беларускіх жаўнераў, якія тут загінулі і пахаваныя на цьвінтары Мемарыяла Монтэкассіно. Да падножжа мемарыяла намі быў ускладзены беларускі сцяг, кветкі і бел-чырвона-белая стужка з надпісам. Сёлета на юбілейных святкаваннях ужо не было ні беларускай дэлегацыі камбатантаў Монтэкассіно, ні дэлегацыі беларускіх жаўнераў з замежжа. Гэта было відаць і па тых вянках, якія ўжо ўсклалі розныя дэлегацыі свету. І мы зразумелі наколькі важным быў наш прыезд на Монтэкассіно. Цяпер клопат па ўсталяванні памяці герояў Італьянскай кампаніі ляжыць цалкам на плячах грамадскіх арганізацыяў Беларусі.
Наша ўдзячнасць палеглым і тым нешматлікім былым жаўнерам корпуса Андэрса, якія жывуць у вольным свеце. Нізкі ім паклон!
© Мікола Купава