Першыя гарады Панямоння

Узнікненне гарадоў у Панямонні звязана са з’яўленнем тут славян і эвалюцыяй усходнеславянскага грамадства. Можна вылучыць тры этапы ў станаўленні і развіцці гэтых гарадоў: канец X – першая палова XI ст., сярэдзіна XI – першая палова XII ст., другая палова XII-XIII ст. Панямонне было перыферыяй усходнеславянскай каланізацыі, тут няма гарадоў, якія развіваліся з племянных цэнтраў. Усе гарады ўзніклі ў асяроддзі сельскіх паселішчаў, у месцах, дзе былі найбольш спрыяльныя ўмовы для заняткаў земляробствам. У XI ст. на аснове паселішчаў, якія ўзніклі пры асваенні славянамі Верхняга Панямоння, пачынаюць фарміравацца раннегарадскія цэнтры ў Гародні, Наваградку, Ваўкавыску, Слоніме, крыху пазней у Турыйску. Гарады першапачаткова выконвалі функцыі адначасова і памежных крэпасцей, і адміністрацыйных цэнтраў і княжацкіх сядзіб (замкаў). Гэта звязана з актыўнай палітычнай дзейнасцю кіеўскіх і полацкіх князёў, якія імкнуліся пашырыць свой уплыў. Гарады Панямоння належаць да ліку невялікіх з агульнай умацаванай плошчай ад 1,5 да 5 га.

Паселішча на Замкавай гары ў X ст. Рэканструкцыя, мастак Р. Сташкевіч

У Гародні на тэрыторыі Старога замка або Замкавай гары ўжо ў XI ст. існавала славянскае паселішча, само размяшчэнне якога сведчыць аб яго ваенным прызначэнні. Гэта была крэпасць на славяна-літоўскім памежжы, у якой побач з воінамі-дружыннікамі жылі рамеснікі. У пачатку XII ст. крэпасць стала рэзідэнцыяй (замкам) князя, дзядзінцам горада. На паўднёвым краі пляцоўкі над Нёманам быў збудаваны двухпавярховы мураваны палац (церам) князя, у цэнтры ўзведзена вялікая багата ўпрыгожаная так званая Ніжняя царква.

На ўсход ад Старога замка, за ярам размешчаны Новы замак – вакольны горад старажытнага Гродна. Першае паселішча тут таксама ўзнікла ў XI ст. Умацаванні вакольнага горада не захаваліся. Аднак на старажытных планах добра бачны роў, які аддзяляў гэту частку старажытнага горада ад астатняй тэрыторыі. Старажытны горад меў некалькі пасадаў. Цэнтральны пасад размяшчаўся на тэрыторыі, абмежаванай ракой Гараднічанкай і правым берагам Нёмана. Частка гэтай тэрыторыі была заселена ў XI-XII стст., дзе пры раскопках выяўлены рэшткі Прачысценскай царквы.

Першае летапіснае ўпамінанне пра гарадзенскага князя Усеваладка адносіцца да 1116 г. У паходзе 1127 г. (па іншай крыніцы – 1128 г.), які арганізаваў супраць Полацка кіеўскі князь Мсціслаў, прымаў удзел “Усеваладка з Гародні”. У 1132 г. гарадзенскае войска ўдзельнічае ў паходзе Мсціслава на Літву. Гарадзенскія Усеваладкавічы неаднаразова ўдзельнічалі ў паходах, якія арганізоўвалі кіеўскія князі. Сыны Усеваладка Барыс і Глеб прымалі ўдзел у паходзе 1144 г. на Галіч. У 1168,1170 і 1184 гг. гарадзенскія князі ўдзельнічалі па закліку Кіева ў паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў.

Так выглядаў Гродна у XII ст.
Так мог выглядаць Гродна у XII ст. Рэканструкцыя

Наваградак з’явіўся на старонках летапісу больш чым на стагоддзе пазней за Гародню (Гродна). Пад 1235 г. (фактычна 1238 г.) у Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца князь наўгародскі Ізяслаў саюзнік або васал Міндоўга. Першае летапіснае паведамленне аб горадзе адносіцца да 1252 г. і звязана з барацьбой галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў за валоданне панёманскім краем. Цікавасць уяўляе сведчанне Іпацьеўскага летапісу аб існаванні ў Наваградку ўмацаваных частак – дзядзінца і вакольнага горада ў 1274 г. (фактычна – 1275 г.).

Гарадзішча старажытнага Наваградка складаецца з дзвюх пляцовак – Замкавай гары і Малога замка. Мяркуючы па данных археалагічных раскопах, паселішча на Малым замку ўзнікла ў канцы X ст., а на Замкавай гары – у пачатку XI ст. Першапачаткова паселішчы былі неўмацаванымі. Затым пляцоўка Замкавай гары была абнесена валам і ператварылася ў дзядзінец. У пачатку XII ст. валам быў умацаваны пасад на Малым замку і ён стаў вакольным горадам. На ўзгорку, размешчаным на паўднёвы захад ад вакольнага горада, быў збудаваны цагляны храм (папярэднік царквы Барыса і Глеба). У XII ст. побач са звычайнымі наземнымі зрубавымі дамамі з каменнымі або глінабітнымі печамі з’явіліся багатыя плошчай да 75 м2 дамы са шклянымі вокнамі і фрэскавым роспісам сцен. Культура і быт жыхароў багатых дамоў рэзка адрозніваюцца ад культуры і быту простых людзей.

Размяшчэнне Наваградка мае характэрную асаблівасць – горад быў акружаны ў раннім сярэднявеччы шчыльным кальцом сельскіх паселішчаў і курганоў (Брацянка, Гарадзілаўка і інш.).

Ваўкавыск, як і Наваградак, упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 г.  Чатыры гады пазней летапіс называў імя ваўкавыскага князя Глеба, на дачцэ якога быў жанаты сын Данілы Раманавіча, князя галіцкага, Раман, князь наўгародскі. У паходзе зімой 1255-1256 гг., арганізаваным Данілам і Васількам Раманавічамі на яцвягаў, удзельнічалі і войскі Глеба, князя ваўкавыскага.

Гарадзішча старажытнага Ваўкавыска складаецца з дзвюх пляцовак – Шведскай гары і Замчышча. На аснове даных раскопак устаноўлена, што паселішча на Шведскай гары было заснавана ў сярэдзіне або другой палове X ст. Пачатак жыцця на Замчышчы адносіцца да рубяжа X-XI стст. Прыкладна ў гэты час было заселена гарадзішча Муравельнік, якое размешчана за 0,5 км на ўсход ад Шведскай гары.

Гарадзішча (Шведская гара), (X – XIII
ст.) г. Ваўкавыск

Паселішча на Шведскай гары першапачаткова не было ўмацавана валам. Ён быў насыпаны ў канцы X ст. Шведская гара стала дзядзінцам. У пачатку XII ст. валам было ўмацавана Замчышча (гарадскі пасад) і яно ператварылася ў вакольны горад. На Замчышчы пачалося будаўніцтва цаглянага храма, якое па нейкіх прычынах было спынена на стадыі закладкі фундамента.

Умацаванае паселішча на Шведскай гары першапачаткова з’яўлялася крэпасцю, якой кіраваў пастаўлены князем пасаднік. Пазней крэпасць стала замкам, дзе жылі сам князь, знаць, дружына.

Да сярэдзіны XII ст. канчаткова склалася тапаграфія старажытнага Ваўкавыска. На захад ад дзядзінца знаходзіцца ўмацаваны вакольны горад, заселены ў асноўным рамеснікамі, а вакол абедзвюх пляцовак размяшчаюцца неўмацаваныя паселішчы чорнага люду – бяднейшых рамеснікаў і прышлых людзей. Што датычыць Муравельніка, то жыццё на гэтым гарадзішчы спынілася.

Пад назвай Турыйска ў летапісе вядомы два гарады: адзін на Валыні, другі на Нёмане. Турыйск валынскі ўпершыню ўпамінаецца пад 1097 г., Турыйск нёманскі – пад 1253 г. (фактычна 1252 г.). У запісе пад 1276 г. указана больш дакладна месцазнаходжанне пункта – “Турииск на реце на Немне и села около него”.

Гарадзішча летапіснага горада знаходзіцца на ўскраіне Сучаснай вёскі Турэйск у Шчучынскім раёне. Яно займае сярэдзіну выспы, выцягнутай уздоўж правага берага Нёмана. З поўдня і поўначы пляцоўка гарадзішча абмежавана крутымі схіламі, а з захаду і ўсходу адрэзана ад працягу грады дугападобнымі валамі. Уверх па цячэнні Нёмана размяшчалася неўмацаванае паселішча.

У выніку раскопак устаноўлена, што Турыйск на Нёмане ўзнік на мяжы XI-XII стст. Гэта была невялікая крэпасць на славяна-літоўскім памежжы. Горад, відавочна, уваходзіў у склад Гарадзенскага княства. Яго матэрыяльная культура вельмі блізкая да культуры іншых гарадоў Панямоння.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии