На Тэгеранскай канферэнцыі ў 1943 г. была абумоўлена будучая савецка-польская мяжа – па «лініі Керзону» (з адступленнем у шэрагу перыферыйных раёнаў на карысць Польшчы), а прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволены за кошт Германіі (землі Сілезіі і Памор’я, што ў 1,5 разы павялічылі Польшчу). Такім чынам, Сталін захаваў мяжу на Захадзе, якая атрымалася ў 1939 г. у час супрацоўніцтва з немцамі, і ў дадатак змог скампенсаваць сабе перадачу Польшчы Беласточчыны землямі паўночнай часткі Ўсходняй Прусіі – Кёнігсбергам – якія зараз нам вядомыя як Калінінградская вобласць. Відавочна, для Масквы апошняя мае непараўнальную геапалітычную вартасць перад Беластокам. Тое, што ад беларусаў адразаюць іх этнічныя землі, нікаго ў дзяржаве па-ранейшаму не клапоціць. Зноў Крэмль мае палітычна выгадны “кантракт” за кошт беларусаў, тым больш, Беласток не мае выхада да мора, а палякаў трэба залагодзіць.
Савецкія гульні з камуністамі з Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення ў 1944 г. каштавалі беларусам і амаль паловы Белавежскай пушчы (на ўсход ад “лініі Керзона”). Палякі выбілі сабе гэтую тэрыторыю з тым аргументам, што Польшча ў час вайны страціла многа лесу. Ці яны на дошкі збіраліся парубіць тыя дрэвы-веліканы, якім больш за шэсць стагоддзяў? Зразумела, ні зубра, а ні дзіка ты не запытаеш, аб нацыянальнай прыналежнасці, дык кіраўніцтва БССР таксама ніхто не пытаў. Відаць, перад Масквой беларусы на адным узроўні з жывёламі з той самай пушчы.
Сувалкі і Аўгустаў (у часы ВКЛ Радзівілаўскае ўладанне) таксама пайшлі на залагоджванне палякаў. Пра Аўгустаў можна нагадаць і савецка-нямецкія перамовы аб супрацоўніцтве 1939 г., калі немцы выбілі сабе аўгустаўскія лясы, карыстаючыся аргументам аб недахопу таго ж лесу. Таксама вядома, што на мяжу паўплываў фактар асабістага жадання Рыбентропа мець магчымасць палявання на аўгустаўскіх аленяў, якое падтрымаў Сталін. Як проста робіцца гісторыя.
У выніку падпісання дагавору аб савецка-польская мяжы 16 жніўня 1945 г. палякам перадавалась амаль уся Беласточчына, часткі Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Такім чынам, ад беларусаў адрэзалі нават больш, чым было прадугледжана дамовамі Крымскай канферэнцыi ў лютым 1945 г., у тым ліку, калі першапачаткова было абумоўлена, что Белавежская пушча застаецца СССР, то пазней Сталін аддаў палякам 55 тыс.га Пушчы разам з яе гістарычным цэнтрам (Белавежа), Нацыянальным паркам і зубрагадавальнікам, пакідаючы беларусам 74,5 тыс.га практычна без базы для навуковай працы і арганізацыйнай дзейнасці.
Пазначым, што сам Сталін сцвярджаў, што лінія Керзона ў дачыненні да беларусаў несправядлівая, што гэтыя землі ўсё ж такі з’яўляюцца беларускай этнiчнай тэрыторыяй. Тым не менш, вось такі падыход да беларусаў ў памкненні прыцягнуць польскіх камуністаў і планамі на Польскую ССР. Пры гэтым у склад БССР перайшло 15 вёсак, дзе нават па меркаванню палякаў, большасць насельніцтва былі беларусы. Таксама мяжа крыху змянілася і ў 1946 г., на жаль, не на нашу карысць. Такім чынам, ужо пасля вайны БССР страціла каля 650 тысяч чалавек (па перапісу 1931 г. на гэтай тэрыторыі было больш за 730 тыс.). Пазней яшчэ рабіліся карэктыроўкі (1949, 1950, 1955 гг.): 73 вёскі і 16 хутараў перададзены Польшчы, а 13 вёсак і 4 хутары атрымала БССР.
Цікаўна, ці сапраўды Панамарэнка ў 1945 г. накіраваў Молатаву пісьмо, што залішне аддадзеныя ад лініі Керзона тэрыторыі былі этнічна беларускія, бо палякі там складалі толькі 20%, а Масква ў адказ – не падымаць падобныя пытынні (так ці не, але ж беларускі ўрад, нягледзячы на мову зносін, размяжоўваў палякаў ад польскамоўных беларусаў / беларусаў каталікоў). Для Масквы беларускае каталіцтва было элементам рызыкі, таму, можа, беларускія каталікі патрэбныя БССР, але не Маскве.
Кажучы пра кампенсацыю савецка-польскай мяжы ў выглядзе паўночнай часткі Ўсходняй Прусіі (Калінінградскай вобласці), адзначым, што яна была далучана да РСФСР. Таксама праява стаўлення Крамля да БССР (зноў жа гэта імперыя і геапалітыка). У 1945 г. Панамарэнка накіраваў прапанову аб кампенсацыі і яе абгрунтаванне ў Маскву аб далучэнні гэтай тэрыторыі да БССР. У прапанове было адказана словамі Сталіна, што пытанне Панамарэнкі правільнае, але звернуцца да гэтага крыху пазней.
Але ж не будзем няўдзячнымі і нагадаем, што Сталін, які з заявай аб несправядлівасці для беларусаў лініі Керзону пазней ўсё ж аддаў Польшчы нават болей, чым было агаворана на канферэнцыі, дзе выбіў кампенсацыю, па звароту да якой Панамарэнка атрымаў адказ, ўрэшце рэшт зрабіў шчодрую кампенсацыю ўсяму беларускаму народу: дзякуючы прынцыповай зацятасці Савецкага ўраду за самаахвяраванне і пакуты БССР стала краінай-удзельніцай ААН. Да, там, дзе зараз 193 дзяржавы-чальца, і трэбы прыкласці неверагодныя намаганні, каб быць таксама ўключаным у гэты элітны спіс. Вялікі дзякуй за кампенсацыю. Ды нават і тут Сталін разважаў не катэгорыямі справядлівасці для беларусаў, а выгадай для Масквы, бо дэлегацыя БССР – гэта заўсёды +1 голас для СССР на міжнароднай арэне. Дарэчы, калі пазней адразаліся землі на карысць Польшчы, зноў жа без ўзгаднення беларусаў, тытул краіны-удзельніцы ААН ніяк нам не дапамог.
Ці шмат з нас памятае/ведае, што ў кастрычніку 1990 г. беларуская ўлада заявіла палякам, што дагавор аб мяжы ў 1945 г. падпісвалі Польшча і СССР, а не БССР, і таму беларускі ўрад не можа прызнаць яго сапраўдным для Беларусі? Было такое, праўда, ў чэрвене 1992 г. беларусы ўсё ж такі падпісаліся пад недатыкальнасцю і непарушнасцю беларуска-польскай мяжы, якая была сфарміравана ячшэ паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. А ў 1995 г. мяжа была зацверджана першым і пакуль адзіным прэзідэнтам Беларусі, калі ён за ўсю Беларусь падпісаў указ аб правапераемнасці таго самаго савецка-польскага дагавору ад 1945 г.
© Васілька, (традыцыйна па-беларуску) спадар з-пад Вільні