Рагвалод

Рагвалод
Князь Рагвалод

Рагвалод — першы полацкі князь, імя якога ўпомнена ў гістарычных крыніцах. Ці былі да яго князі ў Полацку? Бясспрэчна, што былі, бо ў летапісе пад 907 г. пра гарады, сярод якіх быў і Полацк, сказана, што ў іх «седяху велнции князи под Ольгом суши».

Найбольш спрэчным з’яўляецца пытанне: адкуль з’явіўся Рагвалод у Полацку і хто ён па паходжанні? У летапісе сказана, што Рагвалод прыйшоў «з-за мора». Для гісторыкаў-нарманістаў гэтага было дастаткова, каб аб’явіць яго нарманам, якому ўдалося ў канцы X ст. падначаліць сабе Полацк і стаць у ім князем. Імя яго, як і яго дачкі Рагнеды, стала выводзіцца са скандынаўскіх моваў. Але з гэтым пагадзіцца нельга. Імя Рагвалод (у некаторых варыянтах Рагаварод) — чыста славянскае, яно азначае «ўладар рога», г. зн. мыса, і пашырана ў іншых славянскіх народаў, у прыватнасці ў чэхаў, да якіх нарманы не даходзілі. Славянскім з’яўляецца і імя Рагнеда, правільней Рагнедзь. Яно таксама мае свае варыянты ў чэхаў. I ў Наўгародскім летапісе пад 1135 г. упамінаецца княгіня Рагнедзь. У карысць славянскага паходжання Рагвалода гавораць і словы Рагнеды, што яна не хоча разуць свайго жаніха. А разуванне жаніха нявестай — славянскі звычай, яго не было ў германцаў, у якіх, наадварот, жаніх абуваў нявесту ці дарыў ёй абутак. А. Насонаў не без падстаў гаварыў аб вялікай долі верагоднасці таго, што Рагвалод паходзіў з мясцовага княскага роду і што яго заморскае паходжанне было данінай пазнейшай модзе — абавязкова выводзіць род значных асоб з-за мяжы.

Але і прыход «з-за мора» не можа яшчэ сведчыць пра нарманскае паходжанне. Полацк па Заходняй Дзвіне падтрымліваў сувязі з паморскімі славянамі, якія жылі на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора. Як вядома, у пачатку XIII ст. полацкі князь Барыс быў жанаты з паморскай князёўнай Святохнай, і таму не выключана, што адтуль у свой час мог прыйсці і Рагвалод. Заморскае паходжанне, як лічыў А. Насонаў, магло быць прыпісана Рагвалоду пазней. Гісторык I. Галубоўскі выказаў меркаванне, што гэта адбылося ў XII ст., калі ўзаемная барацьба кіеўскіх і полацкіх князёў дасягнула найвышэйшага напалу. Паколькі ў гэты час склалася ўяўленне аб прызванні з-за мора Рурыка, ад якога кіеўскія князі вялі свой род, то і ў Полацку была складзена легенда аб заморскім паходжанні самастойнай княскай дынастыі, што ставіла яе па годнасці роўнай кіеўскай. Сапраўды, у адным з летапісаў сказана, што продак Рагвалода прыйшоў з варагаў разам з Рурыкам.

Мы, са свайго боку, хочам звярнуць увагу на адну акалічнасць. Нам здаецца, што даследчыкі не раскрылі належным чынам змест летапіснага паведамлення: «Бе бо Роговолод пришёл (а ў Лаўрэнцьеўскім і Іпацьеўскім «перешёл».) і — заморья, нмяше свою волость в Полотьске». 3 яго можна зрабіць вывад, што Рагвалод прыйшоў (ці перайшоў, што яшчэ больш паказальна) з-за мора ў Полацк, маючы тут сваю воласць, г. зн. сваё законнае ўладанне. Відаць, у гэты час Полацк застаўся без князя, хутчэй за ўсё з прычыны яго смерці, і яго месца як наследны ўладар і заняў Рагвалод. Хто ж мог быць перад ім у Полацку? У гэтых адносінах нашу ўвагу прыцягвае ўпомненая ў дагаворы кіеўскага князя Ігара з Візантыяй у 945 г. Прадслава, якая ў ліку іншых прадстаўнікоў вышэйшай знаці мела свайго пасла. Магчыма, што яна і княжыла ў той час у Полацку, а пасля яе смерці сын Рагвалод, які па звычаю таго часу мог княжыць і дзесьці ў замор’і, у тых жа паморскіх славянаў, вярнуўся ў Полацк як у сваю воласць. Зазначым, што імя Прадслава — адно з тых імёнаў, што шырока бытавалі ў Полаччыне. Відаць, нездарма ж дачка Рагвалода Рагнеда дала сваёй дачцэ гэта імя, магчыма, у гонар сваёй бабкі. Імя Прадслава насіла да пастрыжэння ў манашкі і вядомая Ефрасіння Полацкая. Як бачым, адзначаны ў летапісе прыход ці, магчыма, пераход, што больш верагодна, «з-за мора» Рагвалода цяжка ўкладваецца ў канцэпцыю пра яго нарманскую прыналежнасць.

Хутчэй за ўсё ён паходзіў з мясцовага княскага роду. Аднак, зрэшты, не паходжанне самае важнае. Важней тое, што Рагвалод выступае як гістарычны дзеяч, поўнасцю аддадзены інтарэсам Полацка.
Калі ж ён з’явіўся у Полацку? На гэтае пытанне дае адказ Маскоўскі летапісны звод канца XV ст.: «…во дни Святослава Игоревича». Апошні быў вялікім кіеўскім князем з 945 па 972 гг. Ён амаль усё жыццё правёў у ваенных паходах, што адцягвала яго ўвагу ад унутраных спраў дзяржавы. Ен нават меў намер перанесці сталіцу з Кіева на Дунай. Менавіта аслабленне цэнтральнай улады ў гэты час і выкарыстаў Рагвалод у мэтах вызвалення Полацка з-пад улады Кіева. Але як канкрэтна адбылося адасабленне Полацкай зямлі, мы не ведаем, летапіс пра гэта маўчыць. Паколькі момант Рагвалодам быў выбраны ўдала, то не выключана, што ўсё адбылося без крыві.
Як адзначалася ў літаратуры, Полаччына раней за іншыя землі пачала пашыраць сваю абласную тэрыторыю. Відаць, першым крокам Рагвалода ў гэтым напрамку і было аднаўленне адзінства Полацкай і Дрыгавіцкай земляў. Летапіс на гэта дае толькі намёк, паставіўшы побач з Рагвалодам тураўскага князя Тура. Больш дэталёва гэта раскрыта ў паданні, запісаным у 70-х гадах XIX ст. Паводле яго, Рагвалод накіраваўся на поўдзень па цячэнні Дняпра і, прыйшоўшы да вусця Прыпяці, выслаў уверх па гэтай рацэ адну з сваіх дружын на чале з Турам, і апошні, выбраўшы выгаднае месца, пасяліўся на ім і збудаваў пасля горад. У нас няма падстаў адмаўляць гістарычную праўдзівасць гэтага падання. Рагвалод мог ісці толькі ўздоўж Дняпра, тады іншых дарог, як па рэках і паўз іх, не было. Спыніцца ён мог толькі пры ўпадзенні Прыпяці ў Дняпро, каб гэтым самым, загарадзіўшы дарогу кіеўскаму войску, якое магло толькі тут ісці, даць магчымасць Туру замацавацца ў Дрыгавіцкай зямлі. Падначаліўшы яе і гэтым самым намнога ўмацаваўшыся, Рагвалод перавёў свой позірк на поўнач.

Мы ўжо ведаем летапісную легенду аб прычыне нападу Ўладзіміра на Полацк. Сапраўдная ж прычына гэтага раскрыта ў Іаакімаўскім летапісе, у якім сказана, што Рагвалод напаў на наўгародскія воласці . Гэта гаворыць пра тое, што ўжо ў 70-х гадах X ст. інтарэсы Полацка прыйшлі ў супярэчнасць з інтарэсамі Ноўгарада. На жаль, Іаакімаўскі летапіс не ўказвае, на якія менавіта наўгародскія воласці напаў Рагвалод, і пра гэта мы можам толькі здагадвацца. Наўрад ці правільна, што ўсе валокі ў міжрэччы Дняпра і Дзвіны ў той час належалі Полацку. Гэта, як мы ўбачым, абвяргаюць падзеі 1021 г. Але яшчэ задоўга да гэтага разбагацелыя полацкія купцы імкнуліся выйсці да Дняпра і гэтым самым мець у сваіх руках ключавыя пазіцыі на водным шляху «з варагаў у грэкі», які ў канцы X ст. набывае асабліва вялікае значэнне. А яны былі ў руках Ноўгарада, і таму Рагвалод і напаў хутчэй за ўсё на ўладанне апошняга. Гэта супрацьпастаўленне інтарэсаў Полацка і Ноўгарада асабліва добра выяўлена ў Лаўрэнцьеўскім летапісе: «Рогволоду держашю и владеюпцо и княжаіцю Полотьскую землю, а Володимиру сушю в Новегороде».

Аб вялікай сіле Полацка ў гэты час сведчыць тое, што Ўладзімір для паходу супроць яго збірае «вои многи» з варагаў, славенаў, чудзі, крывічоў (відаць, ізборскіх і смаленскіх). Фактычна супроць Полацка былі кінуты ўсе сілы Паўночнай Русі. Рагвалод выйшаў насустрач небяспецы, але, пацярпеўшы паражэнне, адступіў у Полацк, за сценамі якога мужна абараняўся са сваім войскам. Узяты ў палон, ён быў забіты разам з жонкай і двума сынамі. У апошнім учынку нельга не бачыць імкненне Уладзіміра знішчыць дынастыю полацкіх князёў, якая, магчыма, ішла яшчэ з роду племянных старэйшын. Сляды пажарышча, якое археолагі датуюць канцом X ст., сведчаць аб разбурэнні Уладзімірам Полацка.

Такім чынам, першая спроба Полацка вырвацца па Заходняй Дзвіне да Дняпра аказалася беспаспяховай і трагічнай як для Рагвалода, так і для ўсёй зямлі. Аднак гэта не закрэслівае значэння Рагвалода ў нашай гісторыі. Ён першы ўбачыў і пасапраўднаму ацаніў вялікія магчымасці Полацкай зямлі як асобнай дзяржавы са сваімі мэтамі і інтарэсамі, супрацьлеглымі мэтам і інтарэсам Кіева, і аднавіў яе самастойнасць. Пачаўшы барацьбу за ўз’яднанне дзвінскіх і дняпроўскіх крывічоў і канчатковае аб’яднанне Полацкай і Дрыгавіцкай земляў, ён аднавіў таксама наступальны характар Полаччыны, часова страчаны ёю ў перыяд залежнасці. Усё гэта выяўляе ў асобе Рагвалода выдатнага гістарычнага дзеяча. Невыпадкова таму, што менавіта ён і быў першы з полацкіх князёў, занесеных у аналы сусветнай гісторыі.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии