Паланецкі ўніверсал

Паланецкі універсал (1794), заканадаўчы акт, падпісаны Тадэвушам Касцюшкам  у лагеры каля мястэчка Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794 г. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў першай спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні.

Універсалам абвяшчалася апека ўрада над сялянамі, сяляне аб’яўляліся асабіста вольнымі, г. зн. адмянялася прыгоннае права, але без зямлі. Пайсці ад памешчыка селянін мог толькі пры ўмове выплаты даўгоў і дзяржаўных падаткаў, а таксама паставіўшы ў вядомасць камісію ўпраўлення аб тым, куды ён перасяляецца. Устанаўліваліся пэўныя ільготы ў адбыванні паншчыны. Спецыяльнымі артыкуламі «Універсала» Касцюшка папярэджваў аб тым, што парушэнне гэтых пастаноў памешчыкамі будзе карацца судом і вінаватыя будуць пакараны як за процідзеянне мэтам паўстання.

«Паланецкі ўніверсал» не адмяняў цалкам прыгоннага права і не ліквідаваў феадальнай эксплуатацыі, але дазваляў сялянам адыходзіць ад памешчыкаў, што было таксама ў інтарэсах буржуазіі, якая зараджалася. Гэты акт быў безумоўна прагрэсіўным, хоць і палавінчатым. Ён паслабляў эканамічны стан памешчыцкіх маёнткаў, абмяжоўваў паншчыну і падрываў значэнне шляхецкіх прывілей. Таму памешчыкі ўсяляк затрымлівалі апавяшчэнне «Універсала» і, баючыся сацыяльнай рэвалюцыі, часта ішлі на змову з замежнымі войскамі. Многія палажэнні Універсала не выконваліся на месцах і засталіся толькі на паперы. Супраць ажыццяўлення палажэнняў «Паланецкага ўніверсала» выступілі вярхі каталіцкага духавенства.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. рэформы, прадугледжаныя Паланецім універсалам, скасаваны новымі дзяржаўнымі ўладамі.

Паланецкі ўніверсал
Паланецкі ўніверсал, 1794. Сёння арыгінал знаходзіцца ў Archiwum Główne Akt Dawnych (Варшава)

Літаратура:

Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1992;
Akty powstania Kosciuszki. T. 1. – Krakow, 1918;
Kowecki J. Uniwersał połaniecki i sprawa jego realizacji. – Warszawa, 1957.

 

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии