Шэсць стагоддзяў жывуць на беларускай зямлі татары, якія рознымі шляхамі прыйшлі сюды са стэпаў Паволжа і Крыму. Тут іхняя радзіма, гэтую зямлю іхнія продкі разам з беларусамі, палякамі і літоўцамі баранілі ад ворагаў. Нашчадкі ардынцаў носяць імёны татар-мусульман, хаця чатырыста гадоў таму перайшлі на польскую і беларускую мовы. Сёння іх адрознівае ад астатніх мясцовых жыхароў перадусім рэлігія. Іслам, зберажоны татарамі ў хрысціянскім асяроддзі, захоўваў іх у супольнасці і вылучаў сярод іншых народаў гэтай зямлі.
Як лічыць шэраг даследчыкаў, у тым ліку і нашых, беларускіх (прафесар А.П.Грыцкевіч), літоўскія (або беларускія) татары склаліся як народнасць у XIV—XVI стст. у перыяд існавання Залатой Арды і пасля ейнага распаду, калі адбывалася фармаванне асобных цюркскамоўных народнасцяў пад агульнай назвай — татары. Асаблівасць фармавання літоўскіх (беларускіх) татар у тым, што тэрыторыю, дзе гістарычна сканцэнтравалася гэта народнасць, займала не толькі Беларусь, але і Літва (Жамойць). Самыя старадаўнія паселішчы татар на тэрыторыі сучаснай Польшчы ўзніклі ў выніку перасялення на згаданыя землі татар з Вялікага княства Літоўскага. Таму, відавочна, неабходна захаваць агульную назву народу — літоўскія татары. Гэтым тэрмінам ужо даўно карыстаюцца гісторыкі і этнографы.
Менш ужывальныя, але таксама трапляюцца ў розных публікацыях найменні “польскія мусульмане”, “літоўскія мусульмане”, “беларускія мусульмане”, “шляхта-магаметане”. Апошнім часам у татарскім асяроддзі, мажліва, пад уплывам казанскіх татар, узнік яшчэ адзін тэрмін — “заходнія татары”, што прымаецца ў дачыненні да татар Беларусі, Літвы і Польшчы, якія карыстаюцца літоўскай, польскай і беларускай мовамі, адрозна ад крымскіх, сібірскіх, волжскіх татар, што размаўляюць на цюркскай мове. Хоць тэрмін “заходнія татары” з’яўляецца найновым вынаходствам, усё ж яго можна прызнаць за больш удалы, чым азначэнне залежна ад назваў рэспублік. Бо ён захоўвае ўяўленне пра адзінства народнасці. Літоўскія татары — адметны, самабытны народ.
Адна з характэрных прыкмет прыналежнасці да памянёнай народнасці — славянамоўнасць. Літоўскія татары, цюркі з паходжання (антрапалагічна яны дасюль маюць даволі выразныя рысы чалавека Ўсходу), мовай і побытам вельмі блізкія да славян. Але пры гэтым яны разумеюць сваю адметнасць. Нават тыя татары, што прынялі хрысціянскую веру і ўжо даўно перажаніліся з хрысціянкамі, памятаюць сваё татарскае паходжанне, прыязна ставяцца да татар, прымаюць удзел у іхніх культурна-асветных справах. З’яўленне ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве татар (далей для скарачэння назвы ўжываецца ВКЛ) стала вынікам ейных разнастайных зносін з Залатой Ардой. У 1321 г. (паводле некаторых крыніц, у 1319 г.) Гедымін з дапамогаю татарскага войска здабыў вялікую перамогу над крыжакамі.
Магутная дзяржава Гедымінавічаў не скарылася Залатой Ардзе і не плаціла даніну татарам. Задоўга да Кулікоўскай бітвы (1380 г.), калі рускія феадалы былі вернымі васаламі і слугамі Чынгізідаў, літоўская дынастыя ў саюзе з баярствам беларускіх зямель кінула смелы выклік Ардзе. Менавіта Вільня на доўгія дзесяцігоддзі стала асноўным цэнтрам аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель. Разгром Альгердам трох ордаў, што панавалі ў Паўночным Прычарнамор’і, у бітве на Сіняй Вадзе (восень 1362 г.) дазволіў пашырыць уладанні ВКЛ на поўдні да вусця Дняпра і Днястра, усталяваць уладу Гедымінавічаў над Кіеўскім і Валынскім княствамі, Падоліяй, Чарнігаўшчынай і Севершчынай. Альгерд за два дзесяцігоддзі да Кулікоўскай бітвы учыніў першую пераломную паразу Залатой Ардзе — з важкімі тактычнымі і стратэгічнымі вынікамі: Арда страціла кантроль над значнымі тэрыторыямі, што некалі складалі ядро Кіеўскай Русі. Але неправільна было б уяўляць стасункі ВКЛ з Ардою як толькі бясконцы перыяд супрацьстаяння. Не, ім здаралася нават ствараць саюзы (як у вышэй згаданым выпадку з Гедымінам) супраць агульных супернікаў. Апошняму спрыяў і той факт, што ў самой Ардзе змагаліся за ўладу розныя групоўкі, і зазвычай князі ВКЛ маглі разлічваць на саюз з тым або іншым прэтэндэнтам на трон у Сараі.
На парозе XIV—XV стагоддзяў Залатую Арду саслаблялі шматлікія дынастычныя сваркі. Гэта сталася адной з прычын з’яўлення значнай колькасці татарскіх перасяленцаў на Беларусі. Пасля смерці Мамая магутны валадар Сярэдняй Азіі Цімур прызначыў за ўладара Залатой Арды Тахтамыша. На пачатку той досыць мірна суіснаваў з Дзмітрыем Данскім, які перамог на Куліковым полі суперніка Тахтамыша — цемніка Мамая. Але канфлікт паміж Руссю і Ардой не загас, і ў 1382 годзе Тахтамыш захапіў і спаліў Маскву.
Непамернае яго ўзвышэнне абурыла Цімура, і 14 сакавіка 1395 году войскі Цімура разбілі Тахтамыша. Як піша арабскі гісторык Шэрэф ад Дзін Йедзі ў сваёй “Кнізе перамог”: “…Тахтамыш кінуў ханства, дом, усё, што меў, і, ратуючы сваё жыццё, з некалькімі людзьмі ўцёк у бок Булара (Польшчы), у лясную мясцовасць”. Войскі Цімура дайшлі да памежных зямель Русі і спустошылі ўсе ўлусы верных Тахтамышу царэвічаў і эміраў. Далей лёс Тахтамыша ўжо вядомы з заходніх, літоўскіх, польскіх ды іншых крыніц. Нягледзячы на паразу, ён не адмовіўся ад ханскага пасаду (Цімур пасадзіў на трон Цімур-Кутлуга), шукаў саюзнікаў. Зацікаўленым і надзейным паплечнікам мог стаць вялікі князь ВКЛ Вітаўт. Тахтамыш быў гасцінна прыняты Вітаўтам і паселены, разам з ягонымі прыдворнымі, у г.Лідзе. Тут ён жыў на сядзібе, якую ў народзе доўга называлі Тахтамышавым дваром. Вітаўт адразу ацаніў новыя магчымасці, узніклыя са з’яўленнем у ягонай дзяржаве былога ардынскага ўладара, які шукаў дапамогі, каб вярнуць сабе ханскі пасад. У 1397 і 1398 гадах Вітаўт зрабіў два паходы на Дон і Крым. У іх удзельнічаў і Тахтамыш з дружынай.
Магчыма, у апошняга была мэта папоўніць сваё нешматлікае войска татарамі: уплывовы ў Крыме татарскі род Шырынаў прыязна ставіўся да Тахтамыша і не падпарадкаваўся стаўленіку Цімура — Цімуру-Кутлугу. З гэтых паходаў Вітаўт вярнуўся ў Вільню са значнай колькасцю татар — з сем’ямі, жывёлай, хатнім скарбам. Пазней некаторыя гісторыкі, у тым ліку Ян Длугаш, пераселеных татар назвалі ваеннапалоннымі. У 1397 годзе, як піша Ян Длугаш: “Вітаўт рушыў супраць татар… прайшоў Дон… у ваколіцах Волгі разграміў татар з назвай Арда і многа татар з жонкамі і дзецьмі і статкамі жывёлы ўзяў у палон і прывёў у Літву. Палавіну іх ён адаслаў на гонар перамогі каралю Ўладзіславу, польскім біскупам, абатам і панам, а палавіну пакінуў сабе. У Польшчы палонных ахрысцілі, і ў выніку мяшаных шлюбаў татары сталі адным народам з палякамі. інакш было ў Літве, дзе Вітаўт пасяліў татар у вёсках, і яны сваім звычаем жывуць і захоўваюць сваю веру”. Звесткі пра пераможны паход Вітаўта на Волгу і ў Крым згадвае толькі Ян Длугаш, які нарадзіўся пасля памянёных падзеяў.
Нідзе больш пра гэта не спамінаецца. Бо насамрэч татары з Крыму прыйшлі ў Беларуска-Літоўскую дзяржаву таму, што Тахтамыша, які ўдзельнічаў у гэтым паходзе, яны ўсё яшчэ лічылі ханам Залатой Арды, чынгізідам. Вось за ім — за сваім законным уладаром — і пайшлі татары з сем’ямі і маёмасцю ў новыя месцы, дзе ім абяцалі зямлю і свабоднае вызнанне мусульманскай веры. Паводле татарскай традыцыі, літоўскія (беларускія) татары самі сябе ніколі не лічылі палоннымі Вітаўта, таму і ахвотна служылі свайму беламу хану — Вітаўту, якога называлі Ваттад — апірышчам ісламу на захадзе. Татары, якія мелі годнасць шляхты, захавалі свой статус і ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Цягам цэлага стагоддзя пасля пасялення татар на новых землях, калі ўзнікала патрэба, яны мелі мажлівасць атрымаць дакументы ад крымскіх ханаў пра сваіх продкаў.
Дакладна вядома з пісьмовых крыніц, хто і калі быў ханам у Крыме, хто военачальнікам, суддзём… А таму зусім не складана выявіць прыдумку некаторых летапісцаў пра хана Кайдана ці хана, пахаванага каля Целяхан. Паводле хронікі М.Бельскага, князь Вітаўт раздаў татарам некаторыя вёскі каля ракі Вакі, вызваліўшы іх ад усіх падаткаў. Абавязаў толькі ездзіць на вайну. “Але — паведамляе храніст — яны “…кажуць, нібы па добрай волі прыйшлі яму на дапамогу супроць Прусіі“. Пра тое ж згадваюць і іншыя аўтары хронік — Крамер, Мяхоўскі, Стрыйкоўскі. Як даводзіць апошні, самі татары лічылі, што Вітаўт не прывёў іх сілком, а запрасіў ваяваць супраць крыжакоў.
Пра добраахвотны прыход татар у Літву спамінаецца і ў адной супліцы (прашэнні) на імя Жыгімонта Аўгуста ў 1563 годзе. Ананімны аўтар “Рысале-татары-Лех” (сачыненне пра татар у Польшчы) піша: “цверджанне, што татары былі паселены як палонныя, няправільнае, бо калі б татары былі палоннымі, то даўно ўжо мусілі б стаць нявернымі, аднак жа застаюцца мусульманамі“. Сапраўды, наўрад ці ёсць падставы для сумневу, што прыведзеныя Тахтамышам і Вітаўтам групы служылых татар у 1397—1398 гадах і паселеныя, са сведчання Стрыйкоўскага і іншых храністаў, на берагах р.Вака, а таксама ў Сарака Татарах, Немежы, Лідскім, Трокскім, Ашмянскім, Наваградскім, Брэсцкім, Мінскім паветах, каля Чаркас і Канева, не былі вольнымі. На чале іх стаялі набліжаныя да Тахтамыша татарскія феадалы, якія карысталіся даверам Вітаўта. Такім чынам, пачатак татарскай супольнасці на Беларусі паклалі добраахвотныя пасяленцы.
Пасля, да пачатку XVI стагоддзя, татарская “дыяспара” папаўнялася пераважна за кошт эмігрантаў з Арды. Урэшце, добраахвотныя пасяленцы мусілі скласці пераважную большасць беларускіх татар… Вітаўт рыхтаваўся да рашучай бітвы з ханам Цімурам-Кутлугам. Сабраўшы вялікія сілы, прывабіўшы на свой бок частку польскіх і нямецкіх рыцараў і атрымаўшы падтрымку папы рымскага, які блаславіў хрысціянскае воінства на крыжовы паход супраць няверных, вялікі князь быў упэўнены ў перамозе.
Паводле рускага летапісу, перад бітвай ён казаў: “…посадим во Орде на царство его царя Тохтамыша … и то всё будет наше и царь наш, и мы не только Литовскую землю і Польскую владети имати … но и всеми вместе княжени русскими”. 12 жніўня 1399 году адбылася бітва каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра, за 350 км на паўднёвы ўсход ад Кіеву). Войска Вітаўта было ўшчэнт разбіта. Загінула шмат князёў, у тым ліку героі Кулікоўскай бітвы — Змітры Баброк, Андрэй Полацкі, Змітры Бранскі, многія іншыя Гедымінавічы і Рурыкавічы. Вітаўту пашчасціла ўцячы “в малой дружине… коней переменяючы”. Уцёк і Тахтамыш. Ён апынуўся ў Сібіры, спрабаваў самастойна завалодаць ханскім пасадам, але ўрэшце быў забіты. Пасля паразы на Ворскле кантакты Вітаўта з Ардою захоўваліся, і нашчадкі Тахтамыша па-ранейшаму бачылі ў Вялікім княстве Літоўскім магчымага саюзніка ў барацьбе за аднаўленне сваёй улады над “улусам Джучы”(як тады было прынята называць Залатую Арду).
У 1409 годзе да Вітаўта прыбыў са сваім атрадам сын Тахтамыша царэвіч Джалал эд-Дзін. Вялікі князь гасцінна прыняў яго і заключыў саюз аб сумесных дзеяннях супраць Ордэну. Татары былі часова расселены ва ўладаннях вялікага князя каля Гродна, г. зн. непадалёку ад мяжы з Ордэнам. Яны прымалі чынны ўдзел у вайне з Ордэнам у 1409—1411 гадах, асабліва ў Грунвальдскай бітве. На ўзгорках Грунвальду разам з беларусамі, палякамі і літоўцамі біліся з крыжакамі і татарскія вершнікі. Найперш гэта былі воіны Джалал эд-Дзіна, а таксама гаспадарскія татары, якія з сем’ямі жылі на землях, вылучаных Вітаўтам.
Нямецкія хронікі, каб растлумачыць прычыну паразы крыжакоў у бітве пад Грунвальдам, называюць вельмі вялікую колькасць татар на баку Вітаўта — ад 20 да 40 тысяч. Яны азначаюць, што вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген загінуў у бітве ад рукі татарскага воя Багардзіна. Польскі гісторык Ян Длугаш падае іншую лічбу — 300 чалавек — магчыма, з мэтай даказаць “рыцарскасць” палякаў, якія ў вайне з хрысціянскім Ордэнам не карысталіся дапамогай татар-мусульман. Некаторыя даследчыкі асцярожна мяркуюць, што ў гэтай бітве ўдзельнічала “некалькі тысяч татарскіх вершнікаў“. Вітаўт стрымаў сваё слова — і дапамог пасля Грунвальдскай бітвы Джалал эд-Дзіну стаць уладаром Залатой Арды. Праўда, апошні ўтрымаўся на троне нядоўга, усяго некалькі месяцаў.
Палітыку Вітаўта, мэтай якога было ўмацаванне межаў Вялікага княства Літоўскага, набываючы саюзнікаў, у тым ліку і з Залатой Арды (перш за ўсё дзеля барацьбы з маскоўскімі князямі) працягвалі ягоныя наступнікі. У XV cт. паміж ВКЛ і татарскімі ханствамі трывалі інтэнсіўныя стасункі. У гэты перыяд Літва практычна не вяла войнаў з татарамі. Але ў апошняй чвэрці XV ст. змянілася сітуацыя на паўднёвых межах ВКЛ. Пасля смерці крымскага хана Хаджы Гірэя ягоны сын Нур Даўлет спрабаваў захапіць уладу, аднак пацярпеў паразу ў барацьбе са сваім братам Менглі Гірэем і змушаны быў шукаць прыстанку, разам з другім братам — Айдарам, у Літве. Менглі Гірэй, які змагаўся з саюзнікам Літвы ханам Залатой Арды Ахметам, адмовіўся ад літоўскай арыентацыі і пайшоў на саюз з Масквой. Ужо ў 1503 і 1506 гадах войскі крымскага хана чыняць набегі на Клецак і Мінск, а ў 1508 годзе спустошваюць Валынь.
І надалей, нягледзячы на шэраг замірэнняў з ВКЛ, крымскія татары ўчыняюць напады на землі ВКЛ. Найбольш разбуральнымі былі татарскія набегі ў 1508, 1510, 1521 і 1527 гадах. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што крымскім ханам захоўваць мір з Літвой і Польшай было няпроста. Па-першае, асобныя орды не падпарадкоўваліся цэнтральнай уладзе і з уласнай ініцыятывы нападалі на ВКЛ і Польшчу. Па-другое, часта гэтыя паходы былі адказам на падобныя набегі запарожцаў, што лічыліся пад уладай польскага караля. Запарожцы, як вядома, часам даходзілі да сталіцы Атаманскай імперыі — Стамбулу, што давала падставы для безупынных канфліктаў Польшчы і Літвы, з аднаго боку, Турцыі і Крыму — з другога.
Ад гэтых набегаў у Літве і Польшчы засталіся палонныя татары, якія былі размешчаны, згодна са звычаем, як пасяленцы ў гарадах і мястэчках Беларусі, а таксама на Валыні. Не падлягае сумневу, што ў літоўска-польскіх уладаннях, улучаючы сюды Валынь і Падолле, колькасць вольных пасяленцаў-татар да гэтага часу ўжо была вельмі значная. Таму запазычаная прафесарам А.Мухлінскім з адной кнігі 1616 году лічба — 100 тысяч чалавек — не павінна здавацца залішне перабольшанай для вызначэння агульнай колькасці татар на землях Польшчы і Літвы. Непасрэдна у самой Беларусі колькасць татарскіх пасяленцаў вызначаецца 20—25 тысячамі чалавек. Уся гэта вялізная грамада адметная рухомасцю і пачуваннем незалежнасці, угрунтаваным і на законах, спрыяльных пасяленцам, і на ўменні адстаяць, калі трэба, сябе. З гэтых жа ж прычын тут зазвычай і паланёныя татары атрымлівалі асабістую свабоду і зямлю, з адным толькі абавязкам — несці каралеўскую службу.
Пасля уніі Літвы з Польшчай (1569 г.) рассяленню татар на землях Беларусі і Літвы судзеялі Казімір Ягелончык, Аляксандар і Жыгімонт І. Узаемаадносіны беларускіх татар і беларусаў амаль заўсёды былі мірнымі. Татары настолькі зжыліся з мясцовым насельніцтвам, што часта нават выступалі супраць сваіх аднаверцаў — крымскіх татар і нагайцаў, якія падчас рабаўнічых нападаў дасягалі беларускіх вёсак і гарадоў. Мае суродзічы ніколі не праяўлялі спробы заваяваць паноўнае месца ў палітычным і эканамічным становішчы краіны. Толькі ў вайсковай справе яны імкнуліся вызначыцца і атрымаць камандныя пасады. Разам з беларускімі, польскімі і літоўскімі патрыётамі татары змагаліся за вызваленне Рэчы Паспалітай ад краін захопнікаў. Генералы Чымбай Мурза Рудніцкі, Юсуф Беляк, Якуб Ясінскі, Мацей Сулькевіч, Аляксандар Мількоўскі, Юсуф Базарэвіч, палкоўнікі Гасан Канапацкі і Мустафа Якубоўскі, шмат іншых вояў-татар за свае ратныя справы заваявалі гонар і павагу ў беларускага і польскага грамадства.
Лепшыя сыны татарскага народу ўдзельнічалі і ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. Да апошніх належыць Гасан Канапацкі (1879—1953). Ён нарадзіўся ў Мінску ў татарскай дваранскай сям’і. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбурскую артылерыйскую школу імя Канстанціна (1897 г.), удзельнічаў у руска-японскай 1904—1905 і 1-й усясветнай войнах. У 1917 г. ён (палкоўнік) камандаваў 69-й артылерыйскай брыгадай Заходняга фронту. У час вайны быў атручаны газамі, лекаваўся і служыў у Мінску ў эвакуацыйным пункце (май—кастрычнік 1917 г.). 10 мая 1918 г., з расфармаваннем 69-й артылерыйскай брыгады, здаў грошы і дакументы Маскоўскаму абласному камісару вайсковых справаў — і апынуўся ў родным Мінску. На той час, пасля абвяшчэння БНР, існавала Цэнтральная вайсковая камісія, якая намагалася стварыць беларускае войска.
Нізкая палітычная свядомасць у самой Беларусі не спрыяла стварэнню дзяржаўных вайсковых фармаванняў. Перашкодай сталіся таксама нямецкая і польская акупацыі. Беларускі полк, які размяшчаўся ў Гродне, быў раззброены пасля 27 красавіка 1919 г. У жніўні 1919 г., пасля ўступлення палякаў у Мінск, на сустрэчы з беларусамі Юзаф Пілсудскі абяцаў супольнае змаганне за незалежнасць. Акупацыя Мінску з 8 жніўня 1919 г. да 11 ліпеня 1920 г. паспрыяла вылучэнню паланафільскага напростку адбудовы Беларусі. Сярод прыхільнікаў саюзу з Польшчай былі Павел Алексяюк, Аляксандар Крушынскі, Алесь Гарун, Гасан Канапацкі. Пасля перамоваў з імі Ю.Пілсудскі выдаў 22.10.1919 г. дэкрэт, якім дазваляў фармаваць беларускае войска і зацвярджаў Беларускую вайсковую камісію.
Палкоўнік Гасан Канапацкі быў прызначаны гетманам Беларускіх вайсковых аддзелаў. У дэкрэце Ю.Пілсудскага гаварылася: “Узяўшы пад увагу дэклярацыю Беларускай Рады Віленшчыны і Горадзеншчыны ў справе фармавання беларускага войска пад галоўным польскім камандаваннем, дзеля барацьбы з усходнім захватнікам, якая пададзена мне 28 ліпеня гг., а таксама падобныя да гэтага заявы Менскіх Беларускіх грамадзянскіх арганізацыяў, спаўняю гэтую просьбу і загадываю фармаванне аддзелаў на гэтакіх асновах: беларускія аддзелы фармуюцца з ахвотнікаў. Дзеля гэтага ў кожным вярбунковым бюро на абшары Беларускіх зямель будзе адзін камісар або афіцэр і адзін пісар — беларусы. Палкоўніка Г.Канапацкага, запрапанаванага мне Беларускай Вайсковай Камісіяй, назначаю камандзірам беларускага войска. Месцам фармавання беларускага войска назначаю Слонім.
Дзеля арганізацыйнай падрыхтоўчай работы назначаю Беларускую вайсковую камісію, якая ў паразуменні з камісарыятам усходніх зямель і камандаваннем Гродзенскай акругі будзе арганізоўваць беларускае войска: 1. даючы адпаведныя наказы палкоўніку Г.Канапацкаму і 2. утвараючы адпаведныя падкамісіі. У склад камісіі ўваходзяць палкоўнік Г.Канапацкі, С.Рак-Міхайлоўскі, штабс-капітан Ф.Кушаль, П.Алексяюк (старшыня), палкоўнік Д.Якубоўскі, Ю.Мурашка, А.Аўсянік, А.Прушынскі, А.Гарун, штабс-капітан А.Якубоўскі. Месцам працы Камісіі назначаю Менск. Беларускай вайсковай камісіі даручаю зорганізаваць: пэрсональную (кваліфікацыйную) і рэгуляміновую (статутную) падкамісіі”. У “Беларускім жыцці” ад 7 лістапада 1919 г. Гасан Канапацкі так падаваў канцэпцыю будавання нацыянальнага войска: “Пачаткам будаваньня арміі галоўным чынам будзе падгатоўка кадраў, як афіцэрскіх, так і падафіцэрскіх.
Для гэтага цяпер жа ўсе афіцэры арганізацый Гродзенскай і Віленскай, а таксама зарэгістраваныя ў Менску, па разглядзе іх дакументаў кваліфікацыйнай камісіяй будуць залічаны ў рэзерв і павінны праслухаць паўторныя афіцэрскія курсы і курсы беларусазнаўства, а асабліва беларускую мову і ператлумачаную камандную і вайсковую тэрміналёгію; праслухаўшы курсы, кожны з іх атрымае становішча ў формаваным войску”. Камандаванне беларускага войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваеннай адміністрацыі. Беларуская вайсковая камісія падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай Радай БНР. Сярод насельніцтва БВК распаўсюджвала адозвы з заклікамі ўступаць у нацыянальнае войска для барацьбы за “волю, свабоду, незалежнасць і непадзельнасць нашай Бацькаўшчыны — Беларусі”.
Камісія перакладала на беларускую мову польскія вайсковыя статуты, выдала зборнік “Падарунак беларускаму жаўнеру”. У ім былі змешчаны падрыхтаваныя пісьменнікам З.Бядулем (С.Я.Плаўнік) “Дзесяць прыказанняў для беларускага жаўнера”.
Каб не дапусціць у беларускія часці ненадзейных элементаў і звесці да мінімуму мажлівыя выпадкі здрады, камісія збірала падрабязныя звесткі пра палітычныя перакананні кожнага прэтэндэнта, праводзіла адбор у адпаведнасці са спецыяльнымі патрабаваннямі: абавязковая прыналежнасць да беларускай нацыі, пэўны ўзрост, веданне афіцэрамі беларускай мовы, прыхільнасць да ідэі незалежнасці Беларусі, пацверджаная рэкамендацыямі двух вядомых дзеячоў нацыянальнага руху. Паводле звестак гісторыка М.Сташкевіча, з 485 афіцэраў і вайсковых чыноўнікаў, што падалі заявы, камісія залічыла ў рэзерв 272 чалавекі.
Беларуская вайсковая камісія спрабавала падпарадкаваць свайму кантролю некаторыя партызанскія атрады на тэрыторыі Беларусі, рабіла захады па вызваленні афіцэраў-беларусаў, прызваных у Чырвоную Армію і патрапілых у польскі палон. На аснове дамоваў з польскімі вайсковымі ўладамі ў сакавіку 1920 г. адкрыліся 9-месяцавыя курсы ў Варшаве ў Школе падхарунжых і 3-месяцавыя ў Астрове (Ложмынскае ваяводства) для 100—120 беларусаў. Цэнтральным месцам фармавання Беларускага войска спачатку быў Слонім, а пасля — Баранавічы. Аднак намаганні Гасана Канапацкага і Беларускай вайсковай камісіі стварыць ува ўмовах акупацыйнага рэжыму беларускае войска не мелі сур’ёзных шанцаў на поспех. Польскія ўлады, па праўдзе, не жадалі стварэння ўзброеных адзінак, якія маглі б надаць беларускай дзяржаўнасці рэальную сілу. Таму фактычна камісія была пазбаўлена магчымасці ўплываць на фармаванне войска.
У сакавіку 1920 г. з распарады вайсковага міністэрства вярбоўка і адбор добраахвотнікаў былі вылучаны з кампетэнцыі Беларускай вайсковай камісіі і перададзены мясцовым органам акупацыйнай адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Добраахвотны прынцып набору таксама не спрыяў эфектыўнасці працы. У выніку ўдалося скамплектаваць толькі 1 беларускую пяхотную роту. У ліпені 1920 г. падчас эвакуацыі польскіх войск з Мінску з прычыны наступлення Чырвонай Арміі Беларуская вайсковая камісія фактычна распалася.
Пасля таго, як, паводле Рыскай дамовы, у 1921 г. былі падзелены беларускія землі, былы гетман Беларускага войска палкоўнік Гасан Канапацкі апынуўся ў Вільні. З гэтым перыядам звязана таксама ягоная дзейнасць у беларускім руху. Гасан Канапацкі быў намеснікам старшыні Рады старэйшых Беларускага музычна-драматычнага гуртку і сакратаром Беларускага грамадзянскага сабрання (БГС), пасля расколу ў БГС (21.09.1924 г.) — намеснікам старшыні ва ўтворанай Часовай беларускай радзе (да красавіка 1925 г.), якая супрацоўнічала з польскімі ўладамі, супрацьстаяла Беларускаму пасольскаму клубу. Тады Гасан Канапацкі хаўрусаваўся з Францішкам Аляхновічам, Арсенем Паўлюкевічам, Макарам Касцевічам (Краўцовым) і з’яўляўся сябрам таварыства “Беларуская хатка” ў Вільні.
На з’езде Заходняй Беларусі (26—28.06. 1926 г.), скліканым Часовай беларускай радай, Г.Канапацкі ўдзельнічаў як прадстаўнік таварыства “Прасвета”, а з 21 лістапада 1927 г. да 2 красавіка 1928 г. ён — кіраўнік рэдакцыі часопіса “Беларускі радны”. За гэты перыяд пад ягоным кіраваннем выйшлі 4 нумары часопіса. Спадар Канапацкі быў старшынём бацькоўскага камітэту Беларускай гімназіі ў Вільні, дзе навучаўся ягоны сын Муса, пісаў фельетоны ў “Беларускі голас” — газету, выдаваную Францішкам Аляхновічам. Супрацоўніцтва з такімі беларускімі дзеячамі, як Ф.Аляхновіч, Ф.Ярэміч, Б.Грабінскі, сведчыць, што ён быў актыўным дзеячам беларускага руху на Заходняй Беларусі. Гасан Канапацкі выступаў ад кола палітычных дзеячоў, якое лічыла, што ў польскай дзяржаве беларусы павінны мець сваё права.
У 1946 г., падчас так званай “рэпатрыяцыі”, сям’я Канапацкіх выехала ў Польшчу, дзе прыстанішчам ім стаў г.Быдгашч. Там і дагэтуль стаіць дом, у якім жылі Канапацкія. Памёр Гасан Амуратавіч Канапацкі 11 мая 1953 г. і пахаваны далёка ад роднага гораду Мінску. На могілках у Быдгашчы, на камяні выбіты паўмесяц з зорачкай і мусульманскае выслоўе. Татарскія пасяленцы на Беларусі доўгі час захоўвалі свае традыцыі, сацыяльна-племянную арганізацыю, абрады і мусульманскую веру, якое трымаюцца і цяпер. З прыкметы сацыяльна-прававога становішча большую частку беларускіх татар адносілі да служылага люду — шляхты, якая не плаціла пагалоўнга падатку, а з грамадствам разлічвалася крывёю — неадкладна ставілася пад баявыя штандары вялікага князя і караля. Гэта было пацверджана дзвюма “прывілеямі” Стэфана Батуры (1576 г.), Жыгімонта ІІІ (1608 г.), Уладзіслава ІV (1634 г.) і іншымі.
Гербы і геральдычныя знакі XVI—XIX стст. сведчаць, што на Беларусі было больш за 50 вядомых татарскіх сямействаў. Аселая татарская арыстакратыя ператварылася ў арыстакратаў — уладальнікаў маёнткаў, фальваркаў і невялікіх вёсак. Большасць пасяленцаў, аднак, былі звычайнымі земляробамі. Местачковыя і гарадскія татары займаліся возніцтвам, гародніцтвам, кушнерствам, гарбарствам, кравецкай справай, выраблялі посуд. Яны засялялі зазвычай ускраіны і прадмесці. У Мінску татарская слабада ўзнікла ў XVI стагоддзі. У 1599 г. тут была збудавана драўляная мячэць (раней мураваныя мячэці ўзводзіць забаранялася). У пачатку ХХ стагоддзя яна была заменена мураванай.
Перад Першай усясветнай вайной (1914—1918 гг.) на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расіі жыло каля 14 тысяч татар-мусульман. іслам быў адзіным апірышчам і абаронай іхняе культуры ад асіміляцыі. Татары-мусульмане, жывучы ў суседстве з прыхільнікамі іншых веравызнанняў, здолелі зберагчы сваю веру, свае звычаі, сваю культуру. Гэтаму найперш спрыялі захаванне мусульманскай абшчыны ды існаванне мячэці. Пасля Першай усясветнай вайны частка літоўскіх (беларускіх) татар засталася на тэрыторыі Расіі, куды ў 1915 годзе яны былі эвакуяваны (пераважна ў Казанскую, Уфімскую і Таўрычаскую губерні). Большая частка татар (каля 6 тысяч чалавек) апынулася ў межах адроджанай Рэчы Паспалітай, яшчэ частка (прыкладна 1,5 тыс. чалавек) — у Літве, астатнія — у Савецкай Беларусі. У 1925 годзе татары-мусульмане ў Вільні ўтварылі муфтэят, абвясцілі аўтакефалію ісламскіх джаміятаў (парафій) у Польшчы. Да гэтага ж моманту духоўным жыццём татар Беларусі, Літвы і Польшчы апекаваўся муфтэй Таўрычаскай губерні з Сімферопалю (у Крыме).
У Польшчы ў міжваенны перыяд (1918—1939 гг.) вялася вялікая праца па адраджэнні культуры татарскага народу. Было створана Мусульманскае рэлігійнае задзіночанне (1925 г.), Культурна-асветнае задзіночанне татар Польшчы (1926 г.). Выдаваліся “Татарскі штогоднік”, часопісы “Татарскае жыццё”, “ісламскі агляд”, мусульманскія календары, падручнікі для татарскіх дзяцей, асобныя суры (раздзелы) з Кур’ана на арабскай і польскай мовах. Друкаваліся шматлікія артыкулы пра татар у польскіх навуковых і навукова-папулярных выданнях. Вялікай падзеяй у жыцці татар стаў выхад у свет “Гербоўніка татарскіх сямей у Польшчы”, складзенага ў 1929 годзе Станіславам Дзедулевічам. У месцах кампактнага пражывання татар-мусульман татарскія дзеці вывучалі іслам у школах, дзеля чаго ў раскладзе агульнаадукацыйных школ былі адмыслова прадугледжаны ўрокі. Найбольш старанныя і здольныя татарскія юнакі пасылаліся на вучобу ў мусульманскія краіны (Боснію, Егіпет). Нацыянальна-культурнае адраджэнне татар у Польшчы падтрымлівалася дзяржаўнымі і навуковымі ўстановамі гэтай краіны. Штогод на патрэбы татар-мусульман польская дзяржава выдаткоўвала каля 57 тыс. злотых.
Адраджэнне мусульманскай веры і татарскай культуры ў Польшчы было перапынена Другой усясветнай вайной. Шмат татар загінула на франтах, а пасля замірэння многія з іх былі адпраўлены таталітарным рэжымам у Сібір. Татарам, якія жылі ў Савецкай Беларусі, забаранялася перапісвацца з радзінай у Польшчы ці Літве. Пераследаваліся імамы (мулы), настаўнікі мусульманскай рэлігіі, усе, хто збярог свяшчэнныя кнігі — Кур’аны, Хамаілы, аль-Кітабы. Дзеці вернікаў, асабліва імам, не маглі займаць хоць якую значную пасаду, нават калі выдатна вучыліся і мелі добрую адукацыю. Рускамоўнае насельніцтва падазрона глядзела на татар, якія на людзях размаўлялі па-беларуску — на роднай мове татар. Многія татары-мусульмане, баючыся, што іх можа спасцігнуць лёс крымскіх татар, каб не трапіць у Сібір, самі пакінулі родныя мясціны — як былыя грамадзяне Польшчы яны атрымалі магчымасць выехаць на захад, а ўжо адтуль некаторыя перасяліліся ў ЗША (там яшчэ да Першай усясветнай вайны атабарыліся беларускія татары), Аўстралію ды іншыя краіны.
Мусульманская культура татар Беларусі, Літвы і Польшчы, збераганая цягам многіх стагоддзяў, за гады Савецкай улады прыйшла ў заняпад. Закрываліся, руйнаваліся асяродкі культуры татар-мусульман — мячэці, забываліся традыцыі. Пасля Другой усясветнай вайны на тэрыторыі Польшчы зберагліся дзве мячэці — у Крушынянах і Багоніках. Нядаўна ў Гданьску на сродкі мусульман з Блізкага Усходу збудавана прыгожая мусульманская мячэць. На Літве захаваны чатыры мячэці — у вёсках Сорак Татараў, Немеж, Рэйжы. У Каўнасе з падмогай дзяржавы ў 1930 годзе збудавана прыгожая мураваная мячэць на памін татар-мусульман, што мужна баранілі сваю новую радзіму — Вялікае княства Літоўскае. З 19 мячэцяў, якія былі на тэрыторыі Беларусі перад Другой усясветнай вайной, засталася толькі адна — у г.п.Іўе Гродзенскай вобласці. Апошняй, ужо ў 60-х гадах, была зруйнавана мінская мячэць — адзіная мураваная мячэць на Беларусі, што стаяла на Татарскім канцы гораду на месцы колішняй драўлянай (XVI ст.).
Прыкладна гэтым жа часам былі знішчаны мізар (татарскі могільнік) і татарскія гароды. Зніклі і вуліцы Малая татарская і Вялікая татарская — іх перайменавалі ў Дзмітрава і Паркавую магістраль. У артыкуле “Прости, татарская мечеть” (“Знамя юности”, 1991, 27 сакавіка) журналіст Аляксандар Чуланаў пісаў: “У Тракаі, у краязнаўчым музеі, ёсць экспазіцыя, якая расказвае аб гісторыі, культуры караімаў. Лёс гэтага народа падобны да лёсу нашых татар. Караімы і сёння жывуць у Тракаі, у Вільнюсе. У нас жа пастараліся знішчыць нават намёк на іх нацыянальную адметнасць”. Гэтакі ж сумны лёс спасціг і татарскія мізары (могілкі). Цяжка сказаць, колькі іх уцалела сёння. Пра маральнасць жывых, як вядома, можна меркаваць па адносінах да памерлых. А становішча могілак у той або іншай ступені вызначае і становішча грамадства. З падлікаў С.Крычынскага, у 1938 г. толькі на тэрыторыі трох ваяводстваў — Віленскага, Наваградскага і Беластоцкага — знаходзілася 68 мізараў. “Мусульманскі каляндар” за 1939 г. падаваў лічбу 71. Найбольшая колькасць іх прыпадала на Наваградскае ваяводства — 47.
Ужо тады знікла шмат старых мізараў, і толькі сям-там ацалелыя магілы сведчаць пра іх ранейшае існаванне. Адной з прычын поўнага знішчэння была вайна. Немцы рабілі з каменных надмагілляў мураваныя ўмацаванні. Яны яшчэ і сёння захоўваюцца ў некаторых мясцовасцях (напрыклад, у Ластаі, што ля Ашмян). Пазней надмагільныя помнікі ў шэрагу раёнаў рэспублікі забіралі на будаўніцтва дарог, фундаменты калгасных жывёлагадоўчых ферм. Само святое месца займалі пад выпас жывёлы або заворвалася (Сіняўскі мізар каля Клецку). Паводле звестак сябра Беларускага згуртавання татар-мусульман “Аль-Кітаб”, настаўніка са Смаргоншчыны У.Прыхача, падчас будаўніцтва да алімпійскіх гульняў 1980 г. шашы Мінск—Вільня многія “перашкоды” на шляху былі разбураны і назаўсёды зліквідаваны як “дробязі”.
Сярод гэткіх “дробязяў” і татарскія могілкі, да прыкладу, каля вёскі Гамзічы. “Магу заўважыць і аб тым — піша У.Прыхач у рэдакцыю квартальніка “Байрам”, — што за апошнія гады ў тых мясцінах адбылося пяць дарожных аварый з ахвярамі, што парадзіла ў мясцовых жыхароў адчуванне фатальнага адказу за садзеяннае бяздумным начальствам”. Зруйнаваны мізар у Капылі. Цяпер выпівохі з недалёкай забягалаўкі прыходзяць сюды “адпачыць”. У Мінску на месцы мізара разбілі сквер, дзе цяпер выгульваюць сабак. Збераглася толькі адна магілка — Х.М.Александровіча — актыўнага ўдзельніка мінскага антыфашысцкага падполля.
Але і дзеля яе захавання нашчадкам нябожчыка давялося прыкласці шмат намаганняў. А спіс разбурэнняў і заняпаду можна доўжыць і доўжыць… Не будзе аніякага перабольшання, калі мы скажам, што таталітарнае праўленне ў СССР прывяло да заняпаду татарскай меншасці на Беларусі, паставіла яе на мяжу знікнення. За пасляваенныя гады рэзка скарацілася татарскае насельніцтва ў месцах іхняга ранейшага кампактнага пражывання. Калі, напрыклад, у г.п.Відзы Браслаўскага раёну Віцебскай вобласці ў 1938 г. жыло 760 татар, то сёння іх налічваецца менш за 50 чалавек, у г. Слоніме было 413 чалавек, цяпер — толькі 96, у г.Навагрудку адпаведна 766 і 316. У вёсцы Даўбучкі Смаргонскага раёну жыло 408 чалавек. Цяпер там застаўся толькі адзін татарын (Радкевіч Аляксандар Адамавіч).
Даўбучская мячэць, збудаваная яшчэ ў 1558 г. (адна з самых старажытных драўляных мячэцяў ува Ўсходняй Еўропе), разбурылася. У 1991 г. рэшткі мячэці былі перавезены пад Мінск у музей драўлянага дойлідства з мэтаю адбудовы. Урбанізацыя насельніцтва ў Беларусі прывяла да рэзкага скарачэння татарскай сям’і. Назіраецца агульная тэндэнцыя зніжэння натуральнага прыросту, выкліканая, з аднаго боку, паніжэннем нараджальнасці, з другога — высокай смяротнасцю сярод беларускіх татар (асабліва ў рэгіёнах, забруджаных радыянуклеідамі, — г.п.Іўе ды інш.). Усё гэта вынік палітыкі, праводжанай у папярэднія гады, якая, з прагавітай задумкі кіраўнікоў савецкай дзяржавы, мусіла прывесці да ўтварэння адзінай супольнасці — “савецкага народу”. Але час мяняецца. Беларусь сцвярджае сваю дзяржаўнасць. Прыняты шэраг законаў, у тым ліку і аб нацыянальных меншасцях, аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях, якія ўтварылі гэтак патрэбную прававую аснову нацыянальна-культурнага адраджэння беларускіх татар.
Гэты працэс пачаўся ў канцы 80-х гадоў. У 1989 г. адначасова ў Мінску і Гродне былі створаны першыя гарадскія татарскія грамадска-культурныя суполкі, якія ўлетку 1991 г. аб’ядналіся і ўтварылі Беларускае згуртаванне татар-мусульман “Аль-Кітаб”. Пазней, зімой 1994 г., была створана яшчэ адна арганізацыя — Мусульманское рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Менавіта гэтыя арганізацыі пачалі каардынаваць і накіроўваць дзейнасць 26 наноў створаных татарска-мусульманскіх абшчын на Беларусі (Мінск, Гродна, Наваградак, Іўе, Сандыкаўшчызна, Астрына, Ліда, Клецк, Слонім, Смілавічы, Ляхавічы, Мір, Віцебск, Відзы, Брэст, Магілёў, Ашмяны, Узда, Докшыцы, Скідэль, Глыбокае, Мядзел, Гомель, Баранавічы, Маладэчна, Орша). Першыя крокі на шляху адраджэння ўжо зроблены.
У 1991 г. высілкамі актывістаў Згуртавання “Аль-Кітаб” і дзякуючы дапамозе студэнтаў з мусульманскіх краін, што навучаюцца ў беларускіх ВНУ, створаны і дзейнічаюць нядзельныя школы ў некаторых гарадах і пасёлках рэспублікі. У тым жа (1991) годзе пачаўся выпуск на беларускай мове першага друкаванага выдання беларускіх татар — часопіса-квартальніка “Байрам” (выйшла 30 нумароў). На старонках “Байрама” змяшчаецца цікавая інфармацыя пра Іслам і мусульман, друкуюцца артыкулы па гісторыі беларускіх татар і аналізуюцца найважныя падзеі ў мусульманскіх краінах. З 1994 да 1996 гг. выходзіў штомесяцавы мусульманскі часопіс пад рознымі назвамі — “Аль-Джихад”, “Аль-Ислам”, “Рамазан”, “Жизнь”.
З 1997 г. пачалося выданне штомесяцавай газеты “Жизнь” (на рускай мове). Пад кіраваннем галоўнага рэдактара квартальніка “Байрам” нябожчыка Якуба Якубоўскага (памёр у 1998 г.) распачата праца над унікальным выданнем — энцыклапедычным даведнікам “Татары Беларусі, Літвы і Польшчы”. Рукапіс (каля 3 тысяч артыкулаў) плануецца падрыхтаваць на сямі мовах народаў свету. На сённяшні дзень падрыхтавана больш за 500 артыкулаў. У 1993—1998 гг. у Мінску адбыліся 4 міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя праблемам вывучэння і захавання багатай спадчыны татарскага народу ў Беларусі. У іх прынялі ўдзел больш за 150 вучоных з розных краін свету. На канферэнцыях былі прыняты рэкамендацыі па зарганізаванні і надалей навуковых даследаванняў гісторыі, культуры, мусульманскай рэлігіі татар Беларусі, Літвы і Польшчы.
Адной з найважных задач у дзейнасці Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускага згуртавання татар-мусульман “Аль-Кітаб” была і застаецца велізарная праца па аднаўленні і будаўніцтве мусульманскіх мячэцяў, культурных цэнтраў, школ, музеяў, бібліятэк і іншых установаў, жыццёва патрэбных мусульманам. Добра ўсведамляючы масштабы вызначаных планаў і цяжкасці іх ажыццяўлення, татары-мусульмане Беларусі, тым не менш, з аптымізмам глядзяць у будучыню, спадзяюцца на дапамогу Ўсявышняга Аллага, супляменнікаў і адзінаверцаў з ісламскіх краін свету. З гэтай надзеяй з’езды мусульман Беларусі, што адбываліся ў розныя гады, звярталіся з просьбай да народаў ісламскіх краін аказаць дапамогу і судзеянне мусульманам нашай краіны. І тыя заклікі, ухвала Аллагу, былі пачуты. Дзякуючы дапамозе мусульман з арабскіх краін, збудавана новая мячэць у г.п.Смілавічы каля Мінску. Грошы на будаўніцтва мячэці фундавала сястра Нурыя з Кувейту, а таксама мясцовыя мусульмане.
© Ібрагім Канапацкі, кандыдат гістарычных навук