Нямецкая палітыка на Беларусі пад час першай сусветнай вайны ч.4

(Працяг)

Яшчэ восенню 1918 г. Куршман прадбачыў, што беларусы калі-небудзь не без падстаў будуць з удзячнасцю ўспамінаць нямецкую акупацыю. Натуральна, ён меў на ўвазе яе палітычныя аспекты. Праз восем год яго калега з Берлінскага універсітэта, прафесар М. Фасмер адзначыў на акадэмічнай канферэнцыі ў Мінску, што на Беларусі «нямецкая акупацыя была разумней, чым акупацыя ў іншых месцах», і што для Беларусі «нямецкі народ сваёй акупацыяй зрабіў менш шкоды, чым другія народы». Гэта была згадка наконт падзелу Беларусі, зробленага ў 1920 г. паміж Польшчай і Расіяй, чаго, аднак, у публічным выступленні ў сталіцы Савецкай Беларусі Фасмер не выказаў даслоўна.

Max Vasmer
Макс Фасмер

Баланс нямецкай акупацыі на Беларусі ў час першай сусветнай вайны на справе выявіў шэраг важных актываў. Асабліва — прызнанне Германіяй, упершыню сярод дзяржаў свету, нацыянальнага адрознення беларусаў і раўнапраўя іх мовы, стварэнне беларускага школьніцтва і фактычная падтрымка ў 1918 г. незалежніцкіх імкненняў. Здавалася б, што такія актывы былі дастатковыя для выпрацоўкі ў беларускай палітычнай свядомасці міжваеннага перыяду пэўных германафільскіх традыцый. У сапраўднасці яны не атрымалі значнага развіцця не толькі ў Савецкай Беларусі, але і ў заходняй частцы краю, якая, паводле Рыжскага трактата, апынулася ў межах польскай дзяржавы. У свядомасці народных мае нямецкая акупацыя перш за ўсё была звязана з бязлітаснай эканамічнай эксплуатацыяй і затрымкай працэсу рэвалюцыйных пераўтварэнняў, у колах нацыянальных дзеячаў яе ацэньвалі не толькі праз прызму актываў, але з пункту гледжання ўсяго балансу нямецкай палітыкі, які ў рэшце рэшт аказаўся адмоўным. У гэтых ацэнках асабліва выдзялялася адмова нямецкага ўрада ад прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, што ўжо ў час акупацыі выклікала вострыя палітычныя крызісы ў Радзе БНР і народным сакратарыяце, а пасля вайны стварала перакананне сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў у незацікаўленасці Германіі справай беларускай дзяржаўнасці. Інцыдэнт ад 25.2.1918 г. са штандарам і касай вырас да памераў сімвала і засланіў сабой станоўчыя ўчынкі Фалькенгайна. У параўнанні з гэтымі негатыўнымі пачуццямі не такім значным выглядаў характар нацыянальнай палітыкі на абшары старой акупацыі, якая займала адносна невялікую частку беларускіх земляў і эфект якой у дужай ступені аслаблялі вынікі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый. Беларускія пасляваенныя ацэнкі вынікаў нямецкай акупацыі рашуча адыходзілі ад прагнозаў Куршмана і не супадалі з поглядамі Фасмера.

Значна ўплывалі на гэта і пасляваенныя рэаліі. Створаная пасля паражэння Рэйха Германская Веймарская Рэспубліка на працягу 14-гадовага існавання не стварыла нагоды для супрацоўніцтва з беларускімі нацыянальнымі згуртаваннямі, якія на той час засяроджваліся ў Вільні і на эміграцыі. Праўда, у Берліне дзейнічала група відных дзеячаў БНР (1919—1925 г.), аднак гэта не абудзіла ў немцаў зацікаўлення беларускім пытаннем. Сказвалася пацяпленне ў савецка-германскіх адносінах. Пасля падпісання 5.11.1922 г. дагавора паміж Германіяй і РСФСР аб пашырэнні ўмоў Рапальскага трактата на іншыя савецкія рэспублікі ў Берліне быў акрэдытаваны пасол Беларускай ССР. Працаваў ён, аднак, толькі пару тыдняў, бо пасля ўтварэння СССР (30.12.1922 г.) яго функцыі пачало выконваць агульнасаюзнае пасольства. Адначасова былі цэнтралізаваны прадугледжаныя ў гэтай умове беларуска-германскія гаспадарчыя кантакты. Затое ў 1926 г. пачалі завязвацца непасрэдныя навуковыя сувязі, у рамках якіх Германію наведаў шэраг беларускіх навукоўцаў. Першым нямецкім вучоным, які ў лістападзе 1926 г. прыехаў у Мінск, быў ужо прыгаданы Фасмер. Кантакты гэтыя, аднак, працягваліся вельмі нядоўга і не паспелі аказаць уплыву на павелічэнне германскага зацікаўлення Беларуссю. Пасля першых сціплых, хоць і даволі цікавых спроб навуковага супрацоўніцтва ў час нямецкай акупацыі, у пасляваенныя гады ў гэтай галіне наступіў амаль поўны застой. Бадай што адзіным выключэннем была кніжка Я. Карскага «Geschichte der weissrussischen Volksdichtung und Literatur» (Берлін, 1925), выдадзеная з ініцыятывы Фасмера ў перакладзе з рускай на нямецкую мову.

Яскравай ілюстрацыяй стану нямецкага зацікаўлення беларускай праблематыкай у дагітлераўскі перыяд можа паслужыць дзейнасць Брэслаўскага iнстытута Усходняй Еўропы. Аж па 1927 г. уключна ў выдаваных гэтым Інстытутам «Jahrbucher fur Kultur und Geschichte der Slaven» не з’явілася літаральна аніводнай распрацоўкі, нават бібліяграфічнай нататкі, што датычылася б Беларусi. У 1928—1935 гг., г. зн. да канца выдання «Jahrbucher…», апублікавана ў ix 3 артыкулы, 4 інфармацыі і каля 40 рэцэнзій, прысвечаных пытанням беларускай гісторыі, літаратуры, культуры і эканомікі. Апрача дзвюх нататак-рэцэнзій нямецкай аўтаркі Эмы Гертэль, усе астатнія матэрыялы былі апрацаваны беларусамі, галоўным чынам Уладзімірам Самойлам і Антонам Луцкевічам.

Беларускае пытанне не набыло ў Германіі большага значэння таксама і пасля прыходу да ўлады ў 1933 г. нацыянал-сацыялістаў. Нягледзячы на тое, што адной з найважнейшых мэт палітыкі Трэцяга Рэйха стаў антыкамунізм і знішчэнне Савецкай дзяржавы, да 1940 г. у Германіі не было распрацавана аніякіх праграм расчлянення СССР. Праўда, беларускім і ўкраінскім пытаннем у Польшчы цікавіліся некаторыя партыйныя інстанцыі, дзяржаўныя органы і вайсковая разведка, але іх погляды на гэту справу розніліся паміж сабой і не адлюстроўвалі палітыкі, напрамкі якой вызначаў Адольф Гітлер. Пра гэта сведчыць і адкінуты праект, прадстаўлены ў чэрвені 1938 г. Альфрэдам Розэнбергам, аб стварэнні партыйна-дзяржаўнага органа для адзінай, суцэльнай апрацоўкі і ацэнкі праблем Усходу, звязаных з бальшавізмам, і забеспячэння ў гэтай галіне планавай палітычнай лініі.

У гэтым адыграла сваю ролю канкрэтная геапалітычная сітуацыя. Агрэсіўныя намеры гітлераўскай Германіі адносна СССР не маглі ажыццявіцца без супрацоўніцтва з Польшчай або без папярэдняга вываду яе з гульні як дзяржавы дзеля здабыцця непасрэднага кантакту з СССР. Пачынаючы з 1935 г., Гітлер не раз спрабаваў схіліць польскі ўрад да сумеснага паходу на СССР, мэтай якога было б, між іншым, заняцце Украіны і Беларусі Пры такім варыянце абрысоўвалася даволі спецыфічная канцэпцыя паводзін ва ўкраінска-беларускім пытанні, пэўную ролю ў якой павінна была адыграць Польшча. Апошні раз гэтая прапанова ўзнаўлялася Гітлерам у студзені 1939 г. у час спаткання з міністрам замежных спраў Юзафам Бэкам, аднак польскі ўрад на яе не пагадзіўся. У гэтай сітуацыі праблема Украіны і Беларусі на пэўны час знікла з палітычнага далягляду Германіі. Гэта выявілася ў падпісанні савецка-германскага пакта ад 23.8.1939 г., у якім акрэсліваліся інтарэсы абедзвюх дзяржаў у Польшчы: усе заходнебеларускія, заходне-ўкраінскія і нават некаторыя этнічна-польскія землі былі пакінуты ў зоне інтарэсаў СССР.

Пакт Молатава-Рыбентропа
Пакт Молатава-Рыбентропа

 

Умоўныя знакі
СССР
Сфера савецкіх інтарэсаў згодна пакту Молатава-Рыбентропа
Германія
Сфера германскіх інтарэсаў згодна пакту Молатава-Рыбентропа

 

« назад

© Юры Туронак “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”
© Пераклад. В.Ждановіч

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии