Друцк (летапісны Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютск) старажытны горад Полацкай зямлі каля в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл., на высокім правым беразе р. Друць. Паводле запісу ў Друцкім евангеллі 14 ст. існаваў ужо ў канцы 10 ст. 3 1130-х г. цэнтр Друцкага ўдзельнага княства. Горад меў дзяцінец (пл. каля 1 га), умацаваны валам (выш. 10 м) і ровам (глыб. 12 м на поўдні і 6 м на захадзе). 3 поўначы да дзяцінца прымыкаў вакольны горад (пл. 1,3 га), умацаваны валам вышынёй 7 м і глыбокім ровам. На абодвух валах знаходзіліся вежы і сцены-гародні. Унутры ўмацаваных частак горада жылі князь і яго дружына, а таксама царкоўныя служыцелі, магчыма, прадстаўнікі баярства. Да ўмацаванага горада прымыкаў неўмацаваны пасад, па плошчы большы за дзяцінец і вакольны горад у некалькі разоў, дзе жылі гараджане, у тым ліку рамеснікі і гандляры. У 1116 г. Друцк разбураны войскамі паўднёва-рускіх князёў. Забудову дзяцінца 12-13 ст. утваралі малыя сядзібы, агароджаныя парканамі, якія складаліся з жытла і 1-2 гаспадарчых пабудоў і шчыльна прымыкалі адна да другой па перыметры пляцоўкі. Драўляныя жытлы пл. каля 16 м2 былі зрублены «ў абло», ацяпляліся глінабітнымі печкамі-каменкамі. Вузкія вуліцы, мошчаныя бярвеннем, знойдзены ў цэнтральнай частцы гарадзішча. Як сведчаць знаходкі гасп. інвентару, насельніцтва займалася прадзівам, ткацтвам, кравецтвам, шавецтвам, ювелірнай, кастарэзнай, цяслярнай, слясарна-кавальскай справай. Найбольшы росквіт Друцка прыпадае на 1130—40-я гг. 3 XIII ст. Друцк разам з іншымі гарадамі Полаччыны ў складзе ВКЛ. 3 14 ст. тут існаваў Друцкі замак1.
Друцк і Друцкае княства. Старажытны летапісны горад Друцк быў заснаваны крывічамі на верхняй Друці, пасля таго як туды прасунулася з поўначы адно з крывіцкіх плямёнаў. Мяркуючы па курганах з крэмацыяй ў ганчарных скрынях, размешчаным вакол, можна думаць, што гэта адбылося на мяжы Х-ХІ стст., або ў самым пачатку XI ст.
Друцкае княства было адным з найбольш старажытных і магутных феадальных уладанняў, а яго князі прадстаўлялі найбольш разгалінаваны і ўплывовы род на тэрыторыі Беларусі. Княства ўзнікла ў працэсе драблення Полацкай зямлі — вотчыны славутага Усяслава Чарадзея, што памер у 1101 г. Магчыма, яшчэ пры яго жыцці Друцк быў вылучаны ва ўдзел аднаму з яго сыноў, верагодна Барысу, аднак непасрэдных звестак пра гэта ў летапісах не захавалася. У 1116 г. Друцк уваходзіў у Менскае княства і належаў сыну Усяслава Глебу, супраць якога ваяваў кіеўскі князь Уладзімір Манамах. Тады, а таксама ў 1128 г. Друцк быў захоплены кіеўскімі войскамі, але ў далейшым застаўся ў складзе Полацкай зямлі.
Пра існаванне асобнага Друцкага княства можна ўпэўнена гаварыць з 2-й паловы 12 ст. У далейшым у старажытнарускіх летапісах у якасці друцкіх князёў прыгадваюцца Глеб (у 1180 г.), Усяслаў (у 1186 г.) і Барыс (у 1195 г. і ў 1198 г.). Напэўна, яны былі нашчадкамі Рагвалода Барысавіча, але непасрэдных звестак пра іх паходжанне ў крыніцах няма.
У XIII – пач. XIV ст. ў Друцкім княстве, верагодна, правіла мясцовая дынастыя, якая ў 1-й палове XIV ст. трапіла ў васальную залежнасць ад Гедзіміна ці яго сына Альгерда2.
Даследванні. Першае даволі падрабязнае апісанне помнікаў Друцка знаходзім у спісе археалагічных помнікаў, складзеным у 1873 г. У 1930 г. помнікі Друцка вывучаў беларускі археолаг А.Дз. Каваленя. Ён зняў план дзядзінца і вакольнага горада, зрабіў невялікія раскопкі. Каваленя даследаваў курганы ў наваколлі гарадзішча і адзначыў, што раней іх было значна больш. Зніклі 20 курганоў паблізу пасёлка Дубава, 15 насыпаў каля вёскі Ганчароўка. Да таго часу яшчэ захаваліся 11 курганоў насупраць гарадзішча на левым беразе Друці і ў іншых месцах. Гістарычную тапаграфію Друцка коратка закрануў Ю.А. Ягораў, грунтуючыся на матэрыялах, якія апублікаваў Кавапеня. Даследчыкі адносілі Друцк да ліку гарадоў са складанай сістэмай абароны. Форма яго дзядзінцаў адпавядае прыроднай канфігурацыі ўзвышшаў, дзе яны ўзводзіліся.
Першыя сістэмныя археалагічныя раскопкі ў Друцку праводзіў маскоўскі археолаг Л.В. Аляксееў у 1956—1962, 1965, 1967 гг., у ходзе якіх атрыманы вялікі матэрыял, што дазваляе асвятліць страчаныя старонкі гісторыі горада. Як сярэднявечны цэнтр воласці Друцк размяшчаўся ў вярхоўях ракі Друць, правага прытоку Дняпра, Пляцоўка яго дзядзінца ў форме няправільнага чатырохвугольніка (80 х 140 м) складае прыкладна 1 га і знаходзіцца на вышыні 22 м над узроўнем ракі. Участак з амаль гарызантальнай паверхняй быў абнесены валам, вышыня якога месцамі дасягае 10 м. Глыбіня рова вакол дзядзінца цяпер складае на захадзе 6 м, на поўдні — значна большая. 3 поўначы да яго прьгмыкае вакольны горад, які адрэзаны ад плато дугападобным ровам і валам вышыней да 7 м. Плошча вакольнага горада больш за 1,3 га (170 х 100 м) мае значны нахіл у накірунку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Уезды на дзядзінец маюцца з паўночнага напрамку (з вакольнага горада) і з усходняга боку, дзе знаходзіцца спуск да ракі. Дугападобны вал вакольнага горада разарваны ўездамі ў двух месцах.
Даследванні Л.В. Аляксеева
Дзяцінец (Гарадзішча)
Пляцоўка дзяцінца (гарадзішча) памерамі 140х80 м знаходзіцца на вышыні 22 м над узроўнем ракі, мае форму няправільнай трапецыі, па перыметры абкружана валам, які на захадзе дасягае вышыні 10 м. 3 боку ракі вал перарываецца глыбокай прамывінай, што ўтварылася на месцы абуранага падземнага спуску да вады. Уезд на гарадзішча размешчаны з боку вакольнага горада. У паўднёвай частцы пляцоўкі гарадзішча ёсць варонкападобная яма (магчыма, ад калодзежа), а ў паўночна-ўсходняй — невялікае курганападобнае ўзвышша (калектыўнае пахаванне). Л.В. Аляксееў даследаваў дзяцінец плошчай каля 1800 м у 1956—62, 1965 і 1967. У заходняй частцы пляцоўкі выяўлены 2 вялікія пабудовы, якія археолаг лічыць княжацкім домам. Тут знойдзены пярсцёнак і шыфернае прасліца з выявамі княжацкага знака, на другім баку зроблены надпіс «княжинъ», фрагмент сярэбранага састаўнога бранзалета і інш. У 1999 г. тэрыторыю дзяцінца (100 м.кв) даследавала В.М. Ляуко. Магутнасць культурных напластаванняў 1,5—2,2 м. Выяўлены гаспадарчыя пабудовы княжацкага двара з рэшткамі зерня, жаронамі, а таксама прыбіральня з дубовым сядзеннем. Тутжа зафіксаваны сметнік з глазураванай пліткай падлогі, сярэбраныя нашыўкі на адзенне з выявамі грыфонаў, фрагмент залатога пярсцёнка з устаўкай. Ад княжацкага двара ішла вуліца да цэнтра пляцоўкі, дзе была размешчана плошча з храмам. Знойдзены фрагменты званоў, крыжы і глазураваная плітка падлогі драўлянай царквы Прасвятой Багародзіцы. Усходнюю частку пляцоўкі ўздоўж ракі займалі дамы чэлядзі і княжацкіх майстроў. Тут знойдзены розныя вырабы 12—13 ст. Частка рэчаў з дзяцінца датуецца канцом Х-ХІ ст.
Друцкі дзядзінец — складаны, шматпластавы помнік. Пра культурныя адкладанні, звязаныя з дзейнасцю людзей, можна меркаваць па напластаваннях у 11-м раскопе (1967 г.), якія характэрны для ўсяго дзядзінца. Верхнія адкладанні перыяда ВКЛ змяшчаюць рэшткі пажараў. Другі пласт адкладанняў без выразных слядоў драўляных пабудоў параўнаўча тонкі. Трэці пласт таўшчынёй да 70—80 см у верхнім гарызонце мае торфападобны драўляны тлен, а ў ніжнім — трэскі і гной. Блізка да прыроднага грунту (мацерыка) выяўлены сляды вогнішча, якое добра прасочваецца паўсюдна. Паміж вогнішчам і грунтам-мацерыком маецца тонкі культурны пласт.
Культурныя адкладанні старажытнейшага паселішча амаль не захаваліся. Яны, верагодна, знішчаны пазней, калі развіваўся горад. Але некаторыя сляды гэтага паселішча ўсё ж выяўлены. На прыродным фунце (мацерыку) знойдзена так званая арбалетная фібула IV—V ст. На ўзвышанай частцы паселішча жыццё працягвалася і пазней, што пацвярджаюць асобныя знаходкі ляпной керамікі VI—VIII стст.
Амаль на мацерыку захавалася нязначная колькасць рэшткаў пабудоў, у размяшчэнні якіх не было пэўнага парадку. Іх перакрываў пласт узгаданага вогнішча. Бліжэй да прыроднага грунту знойдзены пацеркі-“лімонкі”, ключы ад найбольш ранніх навясных жалезных замкоў. Гэты гарызонт Аляксееў датуе IX ст., а пажарышча, якое перакрывае яго, дапушчальна 1116 г., калі горад быў знішчаны войскамі пераяслаўскага князя Яраполка Уладзіміравіча. Але гэта толькі дапушчэнне, пацвердзіць якое маглі б дэндрахраналагічныя даследаванні дрэва з вышэйляжачага трэцяга адкладання.
Паўднёвыя раскопы дзядзінца. Найбольш цікавы трэці пласт, насычаны драўлянымі рэшткамі. Каля паўднёвага вала назіраецца найбольшая шчыльнасць старажытнага насельніцтва. Па баках двух вузкіх крывых вуліц з драўлянымі насціламі — маленькія двары, абнесеныя частаколамі, вымашчаныя бярвёнамі і, напэўна, некаторыя былі крытыя. У дварах размяшчаліся жытлы і адна-дзве гаспадарчыя пабудовы. Жытлы плошчай 16 м.кв рублены “ў чашку” (просты вугал, у абло), і дашчатая падлога пакладзена на лагі. Печы глінабітныя, або каменкі, як звычайна, паліліся “па-чорнаму”.
Першы пасляпажарны гарызонт трэцяга пласта (раскопы I-III, VIII) мае рэдкую забудову, арыентаваную па баках света. Першыя пабудовы пасля пажару былі пакладзены непасрэдна на зямлю вышэй пажарышча 1116 г. на 5-10 см. Падобная ж карціна адкрылася і на раскопе XI, дзе ў гэтак жа арыентаваным зрубе выявіліся рэшткі жердкавай падлогі з насцеленай вышэй дашчанай падлогай (свіран).
Другі пасляпажарны гарызонт трэцяга пласта насцілаюць першы, але забудаваны быў інакш. Збудаванняў не так шмат, усе яны падпарадкоўваліся цяпер кірунку вала. Верагодна, менавіта ў гэты час кардынальнай перабудовы дзяцінца і быў выкапаны на захад ад паўднёвых раскопаў I і II найглыбейшы калодзеж, неабходны пры аблозе. Гэта, несумненна, быў досвед папярэдняй аблогі, калі ў 1116 г. жыхары дзяцінца апынуліся, мабыць, без вады. Яго варонка чатырохметровай глыбіні выразна бачная і зараз. Да калодзежа была пракладзеная вуліца (№ 17), неўзабаве замошчаная бярвеннямі на двух лагах. Пачаўшыся ў калодзежы, вуліца 17 перасякала паўднёва-заходні вугал раскопа I, праходзіла па дыяганалі ў паўночнай частцы раскопа ІІІ, дзе і злучалася з замошчаннем 23, рух па якому ішоў з поўдня на поўнач усходняга боку раскопаў VIII і III. Калі вуліца 17 злучала горад з калодзежам, то маставая 23 (захавала бярвенчатае замошчанне таксама на двух лагах) выводзіла на цэнтральную частку дзяцінца і далей да выезду з яго3.
Тут выяўлены адзнакі заняткаў рамёствамі: шавецкім (абрэзкі скур, шылы), ювелірным (тры каменныя ліцейныя формы і тыглі), кузнечным, плотніцкім, касцярэзным (у адным месцы выяўлена шмат вырабаў з косці і нарыхтовак). Знойдзена бронзавая засцежка ад кнігі. Яна, напэўна, апынулася тут у выніку рамонту скуранога пераплёту. Тут жа былі выяўлены зламаныя арнаментальныя касцяныя пласціны ад калчана. Па ўсяму бачна, што каля паўднёвага вала дзядзінца жылі рамеснікі, якія абслугоўвалі вышэйшую знаць.
Цэнтральныя раскопы і ўезд. Для датавання напластаванняў важнае значэнне мае месцазнаходжанне шкляных бранзалетаў на пластах (таўшчыня пласта 20 см). Так, у 11-м раскопе ў ніжняй частцы трэцяга пласта выяўлены 82 фрагменты бранзалетаў, што складае большую палову ўсіх знойдзеных такіх вырабаў. Звычайна пры раскопках усходнеславянскіх гарадоў найбольшая колькасць шкляных бранзалетаў прыпадае на напластаванні 1230-х гадоў, як гэта зафіскавана ў Ноўгарадзе і Полацку.
Да цэнтральных раскопаў ад ўезду вяла бярвенчатая маставая (раскоп XXII). Магутнасць пласта тут даходзіць да 3 м, знаходак мала, будынкаў няма. На глыбіні 123-126 см ад умоўнага рэпера расчышчаны рэшткі двух бярвенчатых маставых, якія змянілі адна другую. Рух па іх ажыццяўлялася ад ўезду на паўночны ўсход. Абедзве маставыя згарэлі ў розных, верагодна, пажарах, ніжні з якіх датуецца 1116 г. Верхняя маставая выяўлена па слядах абгарэлых бярвенняў, пакладзеных не на лагі, а ў спецыяльныя падоўжныя паглыблення ў зямлі з невялікім прамежкам паміж імі. Канструкцыя вельмі арыгінальная: падоўжныя пазы ў зямлі дазвалялі бярвенням ляжаць нерухома пры праездзе па маставой. Шырыня маставой ў раскопе XXII была каля 6 м. З бакоў маставую абгароджвалі адкосы валаў, у падножжы якіх з двух бакоў маставой быў пастаўлены густы пляцень, які агароджваў яе ад размыву вала пад час дажджу. Другая па часе маставая залягала вышэй, чым першая на 60 см, але была ўжо 4 м. Абедзве маставыя моцна згарэлі, як і платы, што агароджвалі іх. Уезд у дзяцінец патрабуе спецыяльнага даследавання. Верагодна, на дзядзінец траплялі праз уязны “тунэль” з варотамі з двух бакоў. Верх ўезду, верагодна, уяўляў сабой невялікую вежу, якая яго абараняла.
У цэнтральнай частцы дзядзінца таўшчыня адкладанняў намнога меньшая. Слядоў драўляных пабудоў тут не выяўлена. Побач са шклянымі бранзалетамі і пацеркамі знойдзены некалькі страмёнаў і зламаных шпор коннікаў. Плошча дзядзінца не мела драўляных насцілаў. Верагодна, тут князь і яго дружына збіраліся ў паходы.
Заходнія раскопы. Своеасаблівай аказалася забудова заходняй часткі дзядзінца, дзе адсутнічаюць адзнакі вуліц, малых жытлаў і гаспадарчых пабудоў. Выяўлены рэшткі толькі двух вялікіх розначасовых пабудоў з печамі-каменкамі і глінабітнымі падлогамі. Не зусім звычайныя і знойдзеныя тут рэчы, сярод якіх пераважаюць упрыгожанні: шырокі сярэбраны бранзалет (наруч) з філіфанню (тонкага кручанага дроту), сярэбраныя нашыўныя бляшкі, дзве залатыя пацеркі, бронзавы віты бранзалет, сярэбраны пярсцёнак з выявай княжацкага знака-двухзубца. Княжацкі знак-трызубец прачэрчаны і на сланцавым праселку для верацяна, а на другім праселку ёсць графіці “къняжинъ“. Рэдкая знаходка — музычны інструмент “варган”, які нагадвае камертон. Гэта тэрыторыя, найбольш верагодна, была часткай княжацкага двара, які размяшчаўся ў заходняй частцы дзядзінца, добра ўмацаванай высокім валам.
Першапачатковая планіроўка пабудоў дзядзінца насіла бессістэмны характар, але пасля вялікага пажару яна істотна змянілася. Утварыліся дзве вуліцы, якія пры раскопках праследжваліся спачатку толькі па напрамку парканаў-двароў, а потым і па рэштках вымашчаных бярвеннем насцілаў. Больш шырокая вуліца вяла да гарадской плошчы і ад яе накіроўвалася да ўезда. Другая вуліца ішла ўздоўж паўднёвага вала. Яе напрамак быў перпендыкулярны да першай вуліцы. Вуліцы былі звілістыя, як звычайна ў сярэдневяковым горадзе.
Можна прыкладна ўявіць сацыяльную тапаграфію дзядзінца. У добра ўмацаванай заходняй частцы знаходзіўся княжацкі двор, той, які ўпамянуты ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 г. Каля паўднёвага вала жылі рамеснікі. Іх двары напачатку размяжоўваліся плятнём, а потым больш моцным парканам-частаколам. Бліжэй да цэнтра была плошча і, напэўна, царква Багародзіцы. Тут збіраліся гараджане на вечавыя сходы. Пры выездзе з дзядзінца стаяла шмат гадоў кузня, якая служыла патрэбам княжацкай дружыны. У час раскопак тут выяўлена яма для кузнечных шлакаў, некалькі вялікіх гліняных трубак-соплаў ад горна і інш.
Археалагічныя матэрыялы
Вырабы з жалеза. Апрацоўка чорнага металу, можна меркаваць, была галоўнай галіной рамеснай вытворчасці ў Друцку. На дзядзінцы ў другіх месцах выяўлены кавальскі малаток і невялікая накавальня, кавальскія клешчы, зубілы, вымяральны інструмент. Металафафічныя аналізы рэжучых вырабаў паказалі, што друцкія кавалі, як і ў Полацку, Мінску і іншых гарадах, свабодна валодалі кавальскай зваркай жалеза і сталі, апрацоўвалі сталь тэрмічным спосабам.
Шэраг вырабаў з жалеза, знойдзеных на дзядзінцы, з’яўляюцца прадметамі ваеннага рыштунку і, можна меркаваць, выраблены мясцовамі майстрамі. 35 жалезных наканечнікаў стрэл прадстаўлены рознымі тыпамі — ад ранніх двухшыпных утульчатых 11—12 стагоддзяў да больш позніх бранябойных і арбалетных 13—15 стагоддзяў. Наступальная зброя бліжняга бою прадстаўлена нешматлікімі знаходкамі: наканечнікам дзіды (кап’я), навершам мяча і інш. Болын знаходак, якія характарызуюць рыштунак конніка, — шпоры, страмёны, цуглі, спражкі.
Сярод знойдзеных даспехаў ёсць фрагменты кальчугі і пласціны панцыра. Значную цікавасць уяўляюць своеасаблівыя пласціны ад металічнага засцерагальнага адзення, упрыгожаныя мастацкім арнаментам. Усе пласцінкавыя даспехі з Друцка датуюцца 13—14 стагоддзямі.
Паўсядзённы побыт насельніцтва характарызуюць выяўленыя тут крэсівы, замкі, ключы, нажы. 3 жалеза рабіліся рамесныя інструменты для апрацоўкі косці, дрэва і іншых матэрыялаў. Знойдзены напільнік, якім апрацоўваліся косць і скура, — рашпіль. Падобны рашпіль 14 ст. вядомы і ў Ноўгарадзе. Параўнаўча рэдкая знаходка — абломак палатна пілы-нажоўкі. Яе даўжыня да 13 см, палатно каля ручкі больш шырокае і паступова звужаецца да процілеглага канца. Найбольшая яго шырыня да 3 см. Пілка служыла для апрацоўкі дрэва, магчыма, і косці.
Вырабы з косці. Косць — важная сыравіна, якая шырока выкарыстоўвалася ў рамеснай вытворчасці сярэднявечча. 3 яе рабілі грабяні, ручкі нажоў, усялякія накладкі і нават порхліцы для ручных жорнаў. У Друцку, у пласце 12 ст., знойдзена тонка апрацаваная накладка калчана з характэрнымі славяна-раманскімі рысамі.
Сапраўдным археалагічным багаццем з’яўляюцца пяць шахматных фігур, знойдзеных на дзядзінцы. Адна з іх, несумненна, вытачана на такарным станку і з’яўляецца «каралём». Гэтая фігурка знойдзена ў верхнім пласце і датуецца 13—14 ста-годдзямі. Аналагічныя шахматныя фігуры знойдзены ў Ноўгарадзе, Полацку і іншых гарадах.
Кераміка. Як і ў многіх іншых сярэднявечных гарадах, у старым Друцку асабліва шмат бытавой керамікі. На мацерыку дзе-нідзе сустракаліся адзінкавыя фрагменты грубых ляпных пасудзін, якія нагадваюць славянскую, раменскую і боршаўскую кераміку 9—10 стагоддзяў. Але амаль уся знойдзеная кераміка выраблена на ганчарным крузе. Пераважаюць пячныя гаршкі сярэдніх памераў, нярэдка на іх плечуках ёсць хвалісты або лінейны арнамент. На некаторых пасудзінах арнамент так званы нагцявы (зроблены пазногцем). У Друцку выяўлены і тып пячных гаршкоў з высокай шышкай, якія ў 12—13-стагоддзях былі вельмі пашыраны ў Полацку і іншых гарадах Полацкай зямлі. Некаторыя пасудзіны з Друцка маюць на днішчах нескладаныя рэльефныя клеймы, відаць, майстроў, якія іх выраблялі.
Значна менш, чым гаршкоў, выяўлена сталовага глінянага посуду. У Друцку быў ва ўжытку невялікі гліняны посуд тыпу місак і сподкаў. Дыяметр місак 12—13 см, вышыня 6 см. Ёсць невялікія нізкія плоскія пасудзіны тыпу сподкаў, вырабленых на ганчарным крузе. Іх сценкі крыху нахілены. Сталовы посуд з Друцка таксама блізкі формаю глінянаму посуду сярэднявечнага Полацка.
Знойдзены, напрыклад, цэльны збан з ручкай — гліняны так званы карчажац, ці амфара кіеўскага тыпу, — невялікая пасудзіна з вузкім горлам і двума вушкамі, размешчанымі сіметрычна з бакоў. У такім посудзе звычайна ставілі на стол віно. Карчажцы вядомы з раскопак Кіева і іншых помнікаў на тэрыторыі Украіны. Тры карчажцы, знойдзеныя ў Копысі, крыху вузейшыя, чым карчажац з Друцка.
Прадметы гандлю. Раскопкі ў Друцку папоўнілі новымі звесткамі нашы веды пра стан гандлёвых сувязей гарадоў зямлі. Напрыклад, там знойдзены чатыры гіркі-разнавагі для ўзважвання каштоўных металаў і вызначэння колькасці грашова-вагавых адзінак у манетах, сярэбраных злітках і ўпрыгожаннях. Форма двух гірак бочкападобная. На малой гІрцы выбіта 6 кропак для вызначэння колькасці вагавых адзінак. Дзве чашкі ад вагаў добра выгнуты і маюць дыяметр 6—7 см. У 1965 г. на дзядзінцы ў верхнім пласце знойдзена сярэбраная плацёжная грыўна, якая важыла 98,4 г. Формаю гэты злітак палачкападобны і нагадвае наўгародскія грыўны. У Друцку знойдзена таксама свінцовая пломба. Шырока бытуе меркаванне, што пломбы прывешваліся да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. На думку некаторых даследчыкаў, у той час усходнія славяне выкарыстоўвалі «футравыя» грошы, а пломба, што прывешвалася да вязкі футраў, надавала ім значэнне грошаў.
Маскоўская даследчыца ЮЛ.Шчапава зрабіла спробу разгледзець шкляныя бранзалеты як рэчавую крыніцу для вывучэння гандлёвых сувязей. Яна правяла спектральны аналіз знаходак з многіх усходнеславянскіх гарадоў, у тым ліку даследавала 161 бранзалет з Друцка, і выказала меркаванне, што сюды бранзалеты прывозіліся з Кіева, Полацка, Смаленска. Згодна з папярэднім вызначэннем, сярод шкляных бранзалетаў Старога Друцка былі 72 кіеўскія бранзалеты (15 карычневых, 5 фіялетавых, 23 сініх, 17 зялёных, 9 бірузовых і 3 жоўтых); 18 бранзалетаў з Полацка (8 карычневых, 8 зялёных і 2 жоўтыя); адзін зялёны са Смаленска: паходжанне васьмі іншых бранзалетаў не ўстаноўлена. Аднак пытанне пра месца вытворчасці шкляных бранзалетаў і шляхах іх паступлення ў розныя гарады ў 12—13 ст. яшчэ далёкае ад вырашэння.
Даследванні В.М. Ляўко
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7.12.1998 г. “Пра святкаванне 1000-годдзя Друцка” з 1999 г. былі адноўлены археалагічныя даследаванні на тэрыторыі старажытнага Друцка. Даследаванні ажыццяўляліся Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам В.М. Ляўко.
Пасад
Пасад прымыкаў да ўмацаванага старажытнага Друцка, па плошчы быў большы, чым Друцкі дзяцінец і вакольны горад. У 1999—2000 і 2008—09 даследавала В.М. Ляўко. Выяўлена пасяленне з рэшткамі кузні, каменных ачагоў і мноствам прадметаў матэрыяльнай культуры XI-XII ст. (манеты, кулі, бытавая кераміка і інш.). Знойдзены 2 кляймы ў выглядзе трохзубца кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча к. 10 ст., амфаркі кіеўскага тыпу, белагліняная паліваная кераміка, усх. карчагі і амфары з Крыму, золата- і сярэбрашкляныя пацеркі, камень-устаўка з горнага крышталю, лірападобная арнаментаваная спражка, упрыгажэнні з каляровых металаў. Выяўлены пабудовы XIV—XVII ст., якія сведчаць аб існаванні на тэрыторыі старажытнага пасада мястэчка, што прымыкала да замка, утворанага на месцы дзяцінца (гарадзішча) і вакольнага горада. Некаторыя рэчы (металічны каганец, керамічныя вырабы) указваюць на магчымую прысутнасць на пасадзе некаторы час татараў ці калмыкаў4.
Раскоп №1. Участак старажытнага пасада з перспектыўным для даследавання культурным пластом магутнасцю больш за 1 м быў вывучаны на свабоднай ад забудовы тэрыторыі вёскі насупраць уезду ў вакольны горад за ровам. Плошча раскопу №1 склала 96 м.кв. На гэтым участку зроблены шурф для вызначэння месца раскопу. Зніжэнне мацерыка і адначасова павышэнне сучаснай дзённай паверхні прасочаны ў раскопе з усходу на захад. Таму ў яго ўсходняй частцы магутнасць напластаванняў меншая, чым у заходняй.
Стратыграфічна вылучаны 3 асноўныя пласты. Верхні пласт мае шэрую афарбоўку з украпінамі цагельнага бою, часам вугалёў. Ён размешчаны адразу пад дзірваном. Структурна і па афарбоўцы ён адрозніваецца ад ніжэйразмешчанага пласта. У заходняй частцы раскопу ён аддзелены ад яго праслойкай пяску таўшчынёй да 5 см. Асобныя плямы пяску сустракаліся на гэтым узроўні і ў іншых месцах. Сярэдні слой цёмнага колеру, насычаны вугалямі, дапоўненымі бітай цэглай, вапнай з пяском, праслойкамі чырвонай і жоўтай гліны. Ад ніжэйразмешчанага пласта ён аддзяляецца праслойкай вугалёў, адрозніваецца ад яго структурна і афарбоўкай і прадстаўлены 2-м і 3-м пластамі па ўсім раскопе. У паўднева-заходнюю частку ён заходзіць у 4-ы пласт. Ніжні пласт светла-шэрай афарбоўкі з уключэннямі вугалёў і пяску, прадстаўлены 3-м—5-м пластамі на розных участках раскопу і большай часткай запаўненняў ям у мацерыку. На асобных участках раскопу ў ім прысутнічаюць праслойкі гліны чырвонага колеру і попелу.
Вылучаны 2 будаўнічыя гарызонты, якія суадносяцца з сярэднім і ніжнім культурнымі напластаваннямі. Першы з іх прадстаўлены плямамі з вялікай колькасцю вугалёў, цагельнага бою, пяску і вапны ва ўсходняй і цэнтральнай частках раскопу. У паўночна-ўсходнім вугле раскопу зафіксаваны ачаг, складзены з дробных і сярэдніх камянёў памерам 0,8 х 1,2 м. Пры яго расчыстцы сабрана кераміка XIII ст. Другі будаўнічы гарызант на ўзроўні 3-га пласта. Ва ўсходняй частцы раскопу расчышчана цёмная попельна-вугальная пляма з уключэннем жалезных шлакаў памерам 4,2 х 3,2 м. Побач выяўлена вялікая колькасць камянёў буйных і сярэдніх памераў з жалезнымі шлакамі і вугалем. Напэўна, гэта развал печкі вытворчага прызначэння, звязанай у адзіны комплекс як паводле наяўнасці шлакаў, так і паводле ўзроўню залягання ў пласце керамікі (2-я палавіна 12 ст.). У гэтым комплексе сабрана вялікая колькасць жалезных шлакаў, абрэзкаў металу, металічныя прадметы і прылады працы, што дазваляе меркаваць пра наяўнасць тут кавальскай майстэрні. Пад вытворчым комплексам выяўлены 2 звязаныя з ім ямы. У заходняй частцы зафіксаваны другі ачаг. На падушцы з абпаленай гліны памерам 2,2 х 1,8 м і таўшчынёй 0,15 м размяшчалася невялікая колькасць абпаленых камянёў. Пры яго расчыстцы выяўлены вугалле і кераміка 2-й палавіны XII ст. 3 паўднёвага ўсходу да ачага прылягала падпечная яма з вугаллем. Праслойка вугалёў прасочана і пад глінянай падушкай ачага. На астатняй плошчы раскопу сустракаліся асобныя камяні і іх невялікія групы.
Пры зачыстцы мацерыка ў раскопе раскрыта колькасць розначасовых ям. Частка з іх гаспадарчыя або будаўнічыя ямы. Яны вылучаюцца большымі памерамі, глыбінёй і запаўненнем. Пераважная большасць ям у мацерыку мае слупавую канструкцыю і адрозніваецца паміж сабой толькі запаўненнем пласта. Некаторыя маюць вугальнае запаўненне.
Найбольш масавай у раскопе з’яўляецца кераміка XI—XVII ст., сярод якой вылучаюцца імпартная белагліняная паліваная кераміка, фрагменты ўсходніх карчаг і амфар XII—XIII ст., амфарка кіеўскага тыпу (XI ст.). Да ювелірных вырабаў адносяцца: золата- і сярэбрашкляныя пацеркі, камень-устаўка з горнага хрусталю, канёк-падвеска, лірападобная спражка з арнаментам (X—XI ст.), фрагмент арнаментаванага пласціністага бранзалета і пярсцёнкі (кругладротавы з заходзячымі канцамі і рубчасты 11 ст.) з каляровага металу (бронза?). Выяўлены прадметы побыту і прылады працы: шыферныя прасліцы, замкі, ключы, нажы, фрагменты пілы, касы, сякера, наральнік і інш. У раскопе знойдзены таксама фрагмент цугляў, падкова, спражкі, наканечнікі кап’я і стралы. Асартымент прадметаў характарызуе паселішча як частку гарадской тэрыторыі XI—XVIII ст. Каменная сякера і плоскі канёк-падвеска (X—XI ст.) выкарыстоўваліся ў якасці амулетаў (абярэгаў), што сведчыць пра пэўную ўстойлівасць язычніцкіх рэліктаў у асяродку гараджан у раннім сярэднявеччы. На днішчах шэрагу керамічных пасудзін маюцца клеймы рознай формы, якія, верагодна, з’яўляюцца знакамі майстроў-вытворцаў. Некаторыя даследчыкі схільны надаваць ганчарным клеймам магічны характар. На іх думку, посуд з такімі знакамі павінен быў засцерагаць яго ўладальніка ад уздзеяння звышнатуральных сіл (Тышкевіч К.П. 2 (ст. 166)). У цэлым знаходкі з раскопу на пасадзе паказваюць, што ён узнік неўзабаве пасля таго, як з’явіўся “град”, вядомы як дзядзінец раннесярэднявечнага Друцка. Выяўленыя прадметы дазваляюць вызначьшь рамесны характар паселішча (наяўнасць майстэрні па апрацоўцы металу) і ў той жа час сведчаць пра заможнасць і плацежаздольнасць гарадскога насельніцтва. Пра гэта сведчыць і прывазны керамічны посуд, ювелірныя вырабы імпартнага паходжання. Гэтыя знаходкі паказваюць развіццё гандлёвых сувязей горада з паўднёвымі землямі, адкуль яны паходзяць.
Раскоп №2. Паміж валамі гарадзішча і вакольнага горада з заходняга боку была закладзена траншэя шырынёй 2 м і даўжынёй 24 м, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход уздоўж паўночнага вонкавага краю вала гарадзішча. Прарэзка ажыццёўлена з мэтай прасачыць размяшчэнне напластаванняў на ўчастку, які непасрэдна прылягае да вала гарадзішча з яго вонкавага боку. Плошча гэтага раскопу склала 48 м.кв.2
У ім выяўлены 4 пласты, якія адрозніваюцца структурай, колерам і зместам матэрыялаў. Верхні пласт — перамяшаны, аддзелены ад змешчанага ніжэй пахаваным дзірваном. У гэтым пласце сучасныя прадметы размешчаны побач са старажытнай керамікай. Паводле звестак мясцовых жыхароў насып быў узведзены каля 10 гадоў назад для абгароджвання лесапільні, якая цяпер размешчана на тэрыторыі вакольнага горада.
Пад верхнім пластом знаходзяцца культурныя адклады, што ўтварыліся ў працэсе ўзвядзення вала гарадзішча, падсыпак і далейшай забудовы аж да XIV—XVI ст. Гэтыя напластаванні адпавядаюць матэрыялам, выяўленым у раскопе №1. Але паміж 2-м і 3-м пластамі, якія датуюцца знаходкамі XII—XVI стст., маецца праслойка пяску са жвірам, попелам і ўключэннямі гліны, якая дасягае магутнасці 1—1,2 м. У ёй прачытваюцца і сляды згарэлых драўляных збудаванняў паміж валамі. У верхняй частцы знойдзены цуглі, якія могуць датавацца XII—XIV ст.
Ніжні пласт адпавядае ніжняму пласту раскопу №1, але ў адрозненне ад 2-га і 3-га пластоў ён выяўлены толькі на асобных участках раскопу. Часам ён змяшаны з жоўтай і блакітнай глінай. Мацярык у раскопе ўздымаецца з усходу на захад на 1,2 м. Максімальны ўздым сучаснай і пахаванай дзённай паверхні прасочаны ў гэтым напрамку да 1,45 м.
Паколькі прарэзка паміж валамі закранула толькі ніжні вонкавы край вала гарадзішча, то выяўленыя ў ёй пласты, звязаныя з насыпам вала і наступнымі падсыпкамі, даюць самае агульнае ўяўленне пра характар насыпу вала і час яго ўзвядзення. Паўднёвы профіль фіксуе магчымыя ўнутрывапьныя канструкцыі, а на паўночным маюцца сляды драўляных наземных збудаванняў паміж валамі ў розныя перыяды іх функцыянавання.
У падножжы насыпу вала ў паўднёвым профілі фіксуецца вялікая колькасць буйных і сярэдніх валуноў, якая дасягае ў вышыню 0,6—0,8 м. Яна перакрыта магутным слоем (да 1 м) цвёрдай гліны блакітнага колеру. Частка камянёў знаходзіцца ў пласце гліны, якой, магчыма, ушчыльнялася прастора паміж імі. Меншыя групы камянёў фіксуюцца і на іншых участках прарэзкі. 1х таксама перакрывае праслойка блакітнай гліны невялікай магутнасці. Ці можна ўсе выяўленыя камяні звязваць з узвядзеннем вала? Гэтае пытанне не цалкам зразумелае. Мяркуецца, што тая частка камянёў, якая выяўлена на заходнім участку раскопу, можа ў комплексе з глінай суадносіцца з ядром вала гарадзішча. Сляды пажару, што перакрываюць гэтае ядро, могуць быць слядамі ўнутрывальных драўляных канструкцый пачатковага этапу функцыянавання вала. Усе наступныя падсыпкі пяску, гліны і праслойкі вугалёў з попелам фіксуюць неаднаразовае разбурэнне драўляных канструкцый на вале і ўмацаванне самога насыпу вала. Пласт, які адклаўся над верхняй пясчанай праслойкай, адпавядае апошняму этапу ўтварэння культурных адкладаў, калі не адбывалася ніякай грунтоўнай перабудовы абарончых збудаванняў.
Невялікую колькасць прадметаў, выяўленых у раскопе, можна звязаць з блізкасцю вала. На розных участках знойдзены нажы, фрагменты наканечніка стралы, мяча, шклянога бранзалета, пярсцёнка з каляровага металу, касцяной накладкі і інш., а таксама бытавая кераміка. Усе гэтыя прадметы ў сукупнасці з керамікай дазваляюць у цэлым датаваць час узвядзення і функцыянавання абарончага вала гарадзішча XI—XVI ст.
Вакольны горад
Вакольны горад знаходзіцца на поўнач ад дзяцінца. Яго пляцоўка мела памеры 170 х 100 м і была абнесена дугападобным валам, які на 3 дасягаў вышыні 7 м. Паверхня пляцоўкі з паўночнагазахаду на паўдневы усход паніжалася да 10 м. Верхняя кропка 25 м, ніжняя – 15 м над узроўнем ракі. Даследавала ў 1999 г. В.М. Ляўко. Магутнасць культ. напластаванняў 1,8-2,5 м. Знойдзены ляпная кераміка з паяском пад вянком 3-й чв. 1-га тыс., ляпны посуд 1-й пал. 1-га тыс., глінянае біканічнае прасліца з вял. адтулінай, матэрыялы 10 ст. (ключы ранніх форм, бронзавы пінцэт, керамічны посуд з карнізікам). Выяўлены рэшткі пабудовы з глазураванымі пліткамі падлогі 12—13 ст., а таксама ямы ад пабудоў з клецямі 15—16 ст. Тут знойдзены сірыйскае шкло, распісанае эмалямі і золатам, устаўкі ў пярсцёнкі, мноства шкляных бранзалетаў, у тым ліку ўсходняга паходжання, белагліняны посуд, фрагменты амфар і інш. Познія пабудовы, а таксама знаходкі паміж умацаванымі аб’ектамі (цуглі з псаліямі, зброя, посуд) сведчаць аб тым, што да канца 16 ст. два ўмацаваныя паселішчы выкарыстоўваліся ў якасці абарончага замка5.
Раскоп №3. На тэрыторыі вакольнага горада раскоп закладзены непадалёку ад увахода з заходняга боку і ў непасрэднай блізкасці да вала. Ён выцягнуты з захаду на ўсход. Агульная плошча гэтага раскопу 132 м.кв. Магутнасць культурных адкладаў у раскопе з улікам мацерыковых ям дасягае 1,8—2,5 м.
У раскопе прасочаны 4 пласты. Верхні пласт адпавядае верхняму пласту раскопу №1. У шэрагу месцаў верхні слой аддзелены ад размешчанага ніжэй тонкай праслойкай светлага пяску з глінай. У ім выяўлены фрагменты абгарэлых паліваных плітак. Верагодна, гэта праслойка фіксуе разбурэнне нейкай пабудовы (свецкай або культавай), падлога якой была выкладзена такімі пліткамі. 2-і пласт мае цёмную афарбоўку, насычаны вугалямі. У ім прысутнічаюць праслойкі напаленай чырвонай гліны, на якіх выяўлены таксама фрагменты паліваных плітак. У цэлым 2-і пласт паводле структуры і саставу рэчавага матэрыялу адпавядае сярэдняму слою раскопу №1. У раскопе №3 ён займае 3—6 пласты на розных участках. Яго падсцілае 3-і слой светла-шэрага колеру, які адпавядае ніжняму слою раскопу №1. Магутнасць яго нязначная (0,1—0,3 м) і сустракаецца ён на розных участках у пластах 5—8. У гэтым слоі вялікая колькасць вугалёў і найбольш раннія гарадскія матэрыялы. 4-ы пласт перадмацерыковы, вельмі светлы, з вялікім уключэннем пяску, прасочаны амаль на ўсёй плошчы раскопу. Мае невялікую (да 0,2 м) магутнасць і ўтрымлівае ляпную кераміку. У слоі адсутнічаюць сляды пажару. У асобных месцах назіраецца інфільтрацыя вугалёў з размешчанага вышэй слоя. У культурных напластаваннях раскопу №3 маюцца толькі сляды асобных пабудоў, якія не даюць цэласнай карціны. Фрагменты збудаванняў, выяўленыя ў ходзе работ, адносяцца да трох верхніх слаёў: кавалкі гарэлага дрэва, плямы напаленай гліны з вугалямі і фрагментамі паліваных плітак у цэнтральнай частцы раскопу, драўляны слуп і спарахнелае бервяно. На ўзроўні перадмацерыка прасочваюцца цёмныя запаўненні ям, якія ўкліняюцца ў мацярык.
Важным з’яўляецца той факт, што ў раскопе №3 выяўлена наяўнасць культурных напластаванняў дагарадскога (дадзяржаўнага) перыяду, якія ўтрымліваюць ляпную кераміку VII—IX ст. і, магчыма, пачатку X ст. Гэтыя напластаванні можна звязваць з тым перыядам, калі паселішча на тэрыторыі будучага горада магло выконваць функцыі племяннога цэнтра. Адзін фрагмент вялікай пасудзіны мае наляпны валік пад венчыкам, характэрны для Аршанскага Падняпроўя VI—VIII ст. Такі тып керамікі звязваецца са старажытнасцямі калочынскай культуры і ўплывам панькоўскай культуры. Апрача ляпной керамікі ў раскопе таксама знойдзены гліняная прасліца з вялікай адтулінай, якая адносіцца да 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. і бронзавы арнаментаваны пінцэт, ніжняя мяжа распаўсюджання якіх вызначаецца IV—V ст. н.э. Знойдзеныя фрагменты тыгелька, кроплепадобны каляровы метал могуць указваць, як і пінцэт, на наяўнасць тут бронзаліцейнага рамяства. Шэраг прадметаў, выяўленых у ніжніх напластаваннях раскопу на тэрыторыі вакольнага горада, датуеіша X ст. Да іх адносяцца плоскія ключы ў выглядзе квадратнай лапаткі, якія выкарыстоўваліся з кубічнымі замкамі, што мелі бакавыя Т-падобныя проразі (найбольш ранні тып замка), пружынныя нажніцы, пласціністыя арнаментаваныя бронзавыя пярсцёнкі і бранзалеты, званочкі з прораззю.
Размешчаныя вышэй пласты прадстаўлены шырокім асартыментам вырабаў, якія звычайна звязваюць з умацаванымі часткамі старажытных гарадоў. Тут, як ужо адзначалася, выяўлены сляды згарэлай драўлянай пабудовы, у якой падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, што датуюцца XII ст. Пліткі мелі памеры 10х10 см пры таўшчыні 1,3—1,5 см і былі пакрыты палівай зялёнага і жоўтага колераў або паверх аднаго з іх нанесены другі. Асобныя фрагменты плітак чырванавата-карычневатыя. На іх адсутнічаюць сляды раствору. Аднак выяўленыя ў раскопе плямы напаленай чырвона-жоўтай гліны з вугалямі, пры расчыстцы якіх сабрана частка плітак, што пабывалі ў агні, дазваляюць выказаць меркаванне, што пліткі выкладаліся без раствору на гліняную аснову падлогі ў драўляных будынках.
У гэтым раскопе выяўлена таксама імпартная белагліняная паліваная кераміка, фрагменты амфар і карчаг. Сярод в’ырабаў са шкла пераважаюць бранзалеты рознай тэхнікі выканання, частка з якіх прывазныя (Візантыя). Адзін бранзалет кіеўскага паходжання (XIII ст.) адносіцца да вельмі рэдкіх: фіялетавы, пакрыты светла-фіялетавымі і чырвонымі ніцямі перавіцця, дробнакручаны. Знойдзены таксама сіняя ўстаўка для пярсцёнка, золаташкляная пацерка, фрагменты празрыстага шкла, распісанага золатам, сіняй і чырвонай эмалямі.
Бытавыя і гаспадарчыя вырабы з жалеза прадстаўлены ключамі, замкамі, нажніцамі, нажамі, свердзелам, прасліцамі, тачыльнымі брускамі. Выяўлены таксама разнастайныя наканечнікі стрэл, фрагменты даспехаў і накладкі з каляровых металаў. Уся сукупнасць атрыманых з тэрыторыі вакольнага горада матэрыялаў сведчыць пра бесперапыннае развіццё паселішча на дадзеным участку з племяннога часу да канца XVI ст. У адрозненне ад пасада тут адсутнічае кераміка позняга часу (паліваная канца XVII ст.), што можа сведчыць пра спыненне функцыянавання насельніцтва на тэрыторыі вакольнага горада да гэтага часу.
(Гарадзішча)
Раскоп №4. На гарадзішчы (дзядзінцы) раскоп №4 быў прырэзаны да раскопу Л.В. Аляксеева ў заходняй частцы пляцоўкі побач з валам. Плошча гэтага раскопу 100 м2. Магутнасць культурных напластаванняў раскопу з улікам мацерыковых ям дасягала 1,5—2,2 м.
У раскопе вылучаны 3 стратыграфічныя пласты. Верхні пласт, як і ў папярэдніх раскопах, мае шэрую афарбоўку з уключэннем цагельнага бою. Тут таксама выяўлена вялікая колькасць чырвонай абпаленай гліны, вугалёў. Пясок белаватага колеру на асобных участках аддзяляе верхні слой ад размешчанага ніжэй. Магутнасць верхняга пласта дастаткова значная. Сярэдні пласт (0,6—0,7 м.) цёмнай афарбоўкі, насычаны вугалем і, у адрозненне ад папярэдніх раскопаў, у ім утрымліваюцца драўляныя канструкцыі дрэннай захаванасці. Ніжні слой прадстаўлены светла-шэрымі напластаваннямі невялікай магутнасці і прасочваецца не на ўсёй плошчы раскопу. На паўднёва-заходнім участку раскопу гэты слой мае магутнасць 0,2—0,3 м, насычаны вугалямі і прасочваецца ў многіх запаўненнях мацерыковых ям. Гэты раскоп мае павышаную вільготнасць, што спрыяе захаванню рэшткаў драўляных канструкцый.
У раскопе выяўлена 5 будаўнічых гарызонтаў. 1-ы, прадстаўлены чырвонай глінай з вугалямі, фрагментамі абгарэлага дрэва, адзінкавымі камянямі ў верхнім слоі. Да сярэдняга цёмнага слоя адносяцца будаўнічыя гарызонты, якія блізка падыходзяць адзін да аднаго і не заўсёды іх магчыма раздзяліць. У 2-м гарызонце выяўлены 3 ачагі, складзеныя з дробных і сярэдніх камянёў. Каля аднаго ачага вялікая колькасць камянёў, каля паўднёвага краю раскопу знойдзены жорны, а ў двух іншых месцах побач з рэшткамі драўляных канструкцый выяўлена абгарэлае зерне. На паўднёва-ўсходнім участку раскопу прасочаны фрагменты вымасткі з колатых плах і вугал зруба. У паўночна-ўсходнім вугле раскопу зафіксавана вялікая пляма, якая ўключае вугалі, пясок і гліну, украпленні вапны. Пры яе расчыстцы знойдзены абгарэлыя маёлікавыя пліткі, а таксама камень, апрацаваны ў выглядзе прамавугольнай пліткі таўшчынёй 2,5 см, даўжыня адной яго грані 14 см. Такая самая каменная плітка выяўлена і пад драўлянай вымасткай на паўднёва-ўсходнім участку раскопу.
Канструкцыі 3-га і 4-га гарызонтаў падсцілаюцца белым пяском. У паўднёвай частцы раскопу размяшчаюцца фрагменты пабудоў. Пад вуглы пабудовы 1 пакладзены камяні. У паўночнай частцы раскопу на пясчанай падсыпцы размяшчаюцца рэшткі гаспадарчай пабудовы (згарэлае зерне, ачаг, жарон). Уздоўж усходняй сцяны раскопу ўскрыты 2 фрагменты драўлянага частакола, а каля паўднёвага яго краю побач з пабудовай, якая адносіцца да 4-га гарызонта, знойдзены ачаг.
Матэрыялы раскопа №4 у сукупнасці з рэшткамі забудовы дазваляюць зрабіць выснову, што на гэтым участку размяшчаўся гаспадарчы комплекс княжацкага падвор’я. Пра непасрэдную блізкасць гаспадарчых збудаванняў да княжацкага дома сведчаць як знаходкі, так і фрагмент развалу пабудовы з маёлікавымі падлогавымі пліткамі, якая выходзіць за межы раскопу ў паўночна-ўсходнім напрамку.
Паводле звестак, апублікаваных Л.В.Аляксеевым, на заходнім участку дзядзінца (гарадзішча), дзе размешчаны і раскоп 1999 г., выяўлены рэшткі дзвюх вялікіх пабудоў і рэчавы матэрыял, якія дазволілі даследчыкам выказаць думку, што тут знаходзілася княжацкая рэзідэнцыя. У раскопе №4 выяўлены таксама матэрыялы, якія могуць пацвердзіць гэтае меркаванне. Выяўлены ажурныя квадратныя металічныя бляшкі-нашыўкі на вопратку (арнамент — грыфоны), якія звычайна датуюцца 2-й палавінай 12 — пачаткам 13 стагоддзя. Такія бляшкі, прымаючы пад увагу метал (серабро?) і арнаментыку, маглі аздабляць княжацкае адзенне або галаўны ўбор. Выяўлены таксама пярсцёнак з металу жоўтага колеру (золата?) з устаўкай. Апрача гэтых аздабленняў у раскопе сабрана вялікая колькасць шкляных бранзалетаў, выкананых у рознай тэхніцы (многія з іх паходзілі з Візантыі, Кіева), пацеркі (таксама з Візантыі, Пярэдняй Азіі). Да імпарту належаць і фрагменты шкляных кубкаў. Асаблівую цікавасць выклікаюць загатоўкі — шкляныя палачкі, празрыстыя або крыху матавыя, са слядамі апрацоўкі. Яны выяўлены ў верхніх пластах, і, магчыма, выкарыстоўваліся для мясцовага вырабу шкляных упрыгожанняў пасля таго, як спыніліся паступленні з паўднёвых земляў. У раскопе выяўлены пасудзіны з гліны з разнастайнымі клеймамі на днішчах. Тут знойдзена таксама значная колькасць нажоў, шыферных прасліц, ключоў і інш. прадметаў вотчыннай гаспадаркі. Сярод прадметаў побыту і гаспадаркі сустрэліся каменныя сякеры (абярэгі) і амулет у выглядзе бронзавага ключыка.
У цэлым матэрыялы і стратыграфія гэтага раскопу пацвярджаюць храналогію дзядзінца і яго сацыяльную сутнасць у дзяржаўны перыяд існавання, вызначаныя Л.В.Аляксеевым. Аднак, па словах В.М. Ляўко, нельга пагадзіцца з гэтым даследчыкам па двух пытаннях.
Па-першае, быць бясспрэчным прэтэндэнтам на ролю племяннога цэнтра, як лічыць Л.В.Аляксееў, дзядзінец (гарадзішча) не можа ў святле новых даследаванняў. Раскопкі на тэрыторыі вакольнага горада паказалі наяўнасць тут культурных напластаванняў племянной пары. I цяпер трэба будзе высветліць, на якім жа з двух узвышшаў сапраўднасці ў дагарадскі перыяд размяшчаўся племянны цэнтр. Бясспрэчна толькі тое, што на тэрыторыі дзядзінца (гарадзішча) выяўлены арбалетная фібула, датаваная IV—V стст. і некалькі фрагментаў ляпной керамікі канца 1-га тысячагоддзя н.э. Наяўнасць гэтых знаходак на дзядзінцы ўказвае на заселенасць участка ў племянную эпоху. Аднак слой гэтага часу стратыграфічна не вылучаны ў ніводным са шматлікіх раскопаў на дзядзінцы і, верагодна, у адрозненне ад участка на вакольным горадзе засяленне тэрыторыі дзядзінца ў племянны перыяд было нязначным і нядоўгачасовым. Таму больш пераканаўчым выглядае размяшчэнне племяннога цэнтра на тэрыторыі вакольнага горада. 3 уключэннем Друцка з акругай у склад Полацкай зямлі новы, ужо дзяржаўны ваенна-адміністрацыйны цэнтр “град” ствараецца на тэрыторыі, дзе пазней была размешчана княжацкая рэзідэнцыя дзядзінца, а ў XIV—XVI стст. — Верхні замак. На карысць такога меркавання, апрача археалагічных дадзеных, ускосна сведчыць дакумент 1544 г., дзе былы вакольны горад названы “Ніжнім гарадзішчам”. Магчыма, назву “гарадзішча” больш правільна выкарыстоўваць у дачыненні да гэтага ўзвышша.
Па-другое, на падставе знаходак паліваных плітак падлогі ў двух месцах на тэрыторыі дзядзінца і на вакольным горадзе Л.В. Аляксееў робіць выснову пра наяўнасць трох храмаў. Даследчык адзначае, што ўсе пліткі паходзяць “амаль з аднаго ўзроўню верхніх слаёў дзядзінца і вакольнага горада”.
Між тым, паліваныя пліткі, знойдзеныя пры раскопках 1999 г. на тэрыторыі вакольнага горада і дзядзінца, паходзяць з сярэдняга слоя 2-й паловы XII ст. і толькі час разбурэння збудаванняў фіксуецца верхнім слоем з керамікай XIII—XIV ст. Прасочаную Л.В. Аляксеевым у адной з вялікіх пабудоў княжацкай рэзідэнцыі ў заходняй частцы дзядзінца глінабітную падлогу можна суаднесці з такім самым гліняным фундаментам падлогі на вакольным горадзе, пры расчыстцы якой у 1999 г. былі знойдзены паліваныя пліткі. Цалкам магчыма, што маёлікавыя пліткі маглі пакрываць падлогі не толькі храмаў, але і свецкіх пабудоў. Гэта пацвярджаецца знаходкамі плітак у заходняй («княжацкай») частцы дзядзінца. Адзінкавыя знаходкі прадметаў, звязаных з наяўнасцю сакральнай пабудовы (фрагменты хораса) на тэрыторыі дзядзінца, і найбольшая колькасць паліваных плітак у яго паўднёва-ўсходняй частцы непадалёк “рамеснага” квартала могуць указваць прыблізнае месцазнаходжанне аднаго храма. Ім, верагодна, з’яўлялася царква Св. Багародзіцы, пра якую ідзе размова ва ўкладным запісе Друцкага евангелля XIV ст. Зыходзячы з таго, што гэты храм “въ граде во Дрютьсце” быў пабудаваны ў 1001 г., ён з’яўляўся галоўным на працягу шэрагу стагоддзяў і мог аднаўляцца пасля пажару 1116 г., які, мяркуючы па стратыграфіі раскопаў, дашчэнту знішчыў не толькі дзядзінец, але і іншыя часткі горада.
Як адзначае Л.В. Аляксееў, забудова дзядзінца аднаўлялася адначасова ў розных яго частках, але і ў 1127 г. горад зноў гарэў. Таму ўяўляецца дастаткова лагічным, што асноўнае будаўніцтва на тэрыторыі дзядзінца і вакольнага горада пачало ажыццяўляцца пасля вяртання сыноў Барыса Усяславіча з візантыйскай ссылкі, г.зн. пасля 1140 г., калі знешнепалітычнае становішча адносна стабілізавалася. Менавіта з 2-й паловы XII ст. паводле складу знаходак прасочваецца росквіт гарадскога жыцця як ва ўмацаванай частцы, так і на пасадзе. Да гэтага ж часу адносяцца і драўляныя збудаванні, падлогі якіх былі выкладзены маёлікавай пліткай. Адсутнасць прадметаў хрысціянскага культу ў раскопе на вакольным горадзе не дазваляе атаясаміць пабудову, у якой падлога была вымашчана маёлікавымі пліткамі, з храмам. Хаця такое меркаванне магчыма. У 2-й палове 12 ст. вакольны горад з’яўляўся месцам жыхарства багатай часткі насельніцтва горада, пра што сведчаць знаходкі ў раскопе № 3, таму не выключаецца, што выяўленая пабудова мела свецкае прызначэнне6.
Селішчы
Селішчы знаходзяцца ў раёне гарадзішча і вакольнага горада. Выяўлены ў 2008—09 гг. В.М. Ляўко і П.М. Кенькам. Знойдзены ляпная кераміка 2-й паловы 1-га тысячагоддзя, вырабы з каляровага металу (бранзалет з пашыранымі канцамі, накладка на адзенне, фрагмент шыйнай грыўні і інш.), сляды бронзаліцейнага рамяства. Паводле Л.Д. Побаля, вядома аб 2-х селішчах. Адно з іх лакалізуецца на левым беразе Друці прыкладна на адлегласці 0,1 км ад паўднёвай ускраіны вёскі, ва ўрочышчы Выган. Утрымлівае матэрыялы III—VIII ст. Другое было размешчана на поўнач ад вёскі і ўтрымлівала матэрыялы 3-й чв. 1-га тысячагоддзя і эпохі Кіеўскай Русі. Дадзеныя па другім селішчы пацвярджаюцца знаходкамі падчас даследавання, праведзенага ў 2009 В.М. Ляўко. Гэтыя селішчы звязаны таксама з фарміраваннем на месцы будучых дзяцінца і вакольнага горада племяннога цэнтра ў 1-м тысячагоддзі. Раскопкамі В.М.Ляўко ў 1999 г. на тэрыторыі вакольнага горада выяўлены культурны пласт пасялення племянной эпохі. Магутнасць слоя, які ўтрымліваў матэрыялы VII—IX і пач. X ст., складала ўсяго 0,2 м, але ён быў прасочаны на ўсей плошчы раскопу (132м.кв). На тэрыторыі гарадзішча падчас раскопак Л.В. Аляксеевым 1960-х г. выяўлены арбалетная фібула, датуемая IV—V ст., і фрагменты ляпной керамікі7.
- В.М. Ляўко. Друцк. (Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах, том 1. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2009. ст. 316-317)
- В.Л. Насевіч. Друцкае княства і князі друцкія. (Друцк старажытны. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя”, 2000. ст. 49-76)
- Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: “Наука”, 2006
- В.М. Ляўко. Друцкі пасад. (Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах, том 1. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2009. ст. 317)
- В.М. Ляўко. Друцкія дзяцінец і вакольны горад. (Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах, том 1. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2009. ст. 317-318)
- В.М. Ляўко. Новыя археалагічныя даследаванні Друцка і яго акругі. (Друцк старажытны. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя”, 2000. ст. 87-113)
- В.М. Ляўко. Друцкія могільнікі. (Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах, том 1. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2009. ст. 318-319)