Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1406—1408

Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1406—1408 была выклікана бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання вялікім князем Вітаўтам у 1404 г. Смаленскага княства. У лютым 1406 г. Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала ў маі беспаспяховы паход вялікага князя маскоўскага Васіля І на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, ваяваў у ваколіцах Мажайска, захапіў Варатынск і Казельск, дзе пасадзіў намеснікаў. На яго баку ваявалі жамойты на чале з крыжацкім галавой Жамойці, атрады комтура Рагнеты і палякаў (жамойты, немцы і палякі былі ў войску Вітаўта і ў наступныя гады). У гэты час пскоўскія ўладанні ваявалі саюзнікі Вітаўта — лівонскія рыцары. У верасні 1406 маскоўскае войска з дапамогай татараў і вялікага князя цвярскога Івана Міхайлавіча рушыла да межаў ВКЛ і выйшла да войска Вітаўта на р. Ака каля р. Плава.

Вайна 1406—1408

Не пачынаючы бітвы, бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. Ужо 20.5.1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэрыторыі Навасільскага княства, у маскоўскіх землях. Васіль І у жніўні 1407 г. рушыў з войскам на ўладанні Вітаўта, спаліў г. Дзмітравец і падышоў пад Вязьму, дзе зноў без бою заключана перамір’е да 29.6.1408. У ліпені 1408 у Маскву збег князь Свідрыгайла з вялікай групай менш значных князёў і баяраў. Увосень 1408 г. праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». У летапісах адзначана, што мір быў заключаны «по давному», г.зн. захавалася старая мяжа паміж Маскоўскім вялікім княствам і смаленскімі ўладаннямі ВКЛ, у т.л. па р. Угра, аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.

Угрскі дагавор 1408 г. канчаткова ўсталяваў мяжу паміж ВКЛ і ВКМ у вярхоўях р. Ака па рэках Угра, Роса і Брыня. Васіль I абавязаўся спыніць падтрымку Свідрыгайлы і прызнаваў прыналежнасць да ВКЛ Смаленскай зямлі і Вярхоўскіх княстваў. У склад ВКМ увайшла невялікая, раней спрэчная, тэрыторыя ў басейне р. Жыздра (з г. Перамышль, Казельск, Любуцк). Угрскі дагавор 1408 г. зацвердзіў дамінуючае становішча ВКЛ ва Усходняй Еўропе, дазволіў Вітаўту ўзмацніць сваю ўладу над Псковам і Ноўгарадам, палегчыў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам на захадзе. Жонка Васіля I — Соф’я Вітаўтаўна, часта і падоўгу бывала ў ВКЛ, гасцявала ў свайго бацькі. Пасля смерці Васіля I (1425) Вітаўт істотна ўплываў на ўнутраныя справы ВКМ. Па заключаным у Смаленску дагаворы, паміж Соф’яй Вітаўтаўнай і Вітаўтам, ВКМ фактычна стала васалам ВКЛ, а Вітаўт апякуном дзевяцігадовага Васіля II. Мірныя адносіны паміж ВКЛ і ВКМ захоўваліся да 1492 г.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии