Паланізацыя ад імя рускага цара 1813-1830

Роля польскай партыі. Папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі стаў вядомы польскі патрыёт Адам Чартарыскі. Сваімі памочнікамі ён абраў адных з найлепшых людзей Польшчы. Арганізацыйнымі справамі займаўся выдатны навуковец Тадэвуш Чацкі. У якасці тэарэтыка выступаў адзін з найзнакаміцейшых людзей таго часу – былы рэктар Кракаўскага універсітэта ксёндз Гуго Калантай. Прыхільнік ідэяў Французскай рэвалюцыі, ён прымаў чынны ўдзел у выратаванні Рэчы ГІаспалітай. Пасля паражэння ў вызваленчай вайне 1794 года Калантай хаваўся ў Аўстрыі, дзе яго арыштавалі і кінулі ў турму, але на просьбу рускага ўрада вызвалілі. Гэтыя людзі вызначалі лёс школьнай рэформы ў Беларусі і Літве. Яны рабілі ўсё, каб захаваць мясцовыя асветніцкія традыцыі. Таму Віленская вучэбная акруга стала фактычна спадкаемкай педагагічных здабыткаў Адукацыйнай Камісіі былой Рэчы Паспалітай.
Адбудова Віленскага універсітэта. У 1803 г. на аснове Віленскай езуіцкай акадэміі (пазней – Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага) ствараецца універсітэт.Віленскі універсітэт 3 гэтай нагоды адбыліся ўрачыстасці. У залу пасяджэнняў паважна ўвайшлі прафесары, апранутыя ў багатыя пунсовыя тогі. Шэсце завяршаў рэктар Геранім Страйноўскі. Побач з ім ішоў яго знакаміты папярэднік, славуты астраном Марцін Пачобут. За ім неслі пасярэбраны скіпетр – сімвал улады і годнасці рэктара – даўні падарунак караля Стэфана Баторыя. Гучалі адпаведныя прамовы. А стары прафесар Пачобут зачытаў оду на лацінскай мове ў гонар Аляксандра I. Твор пераслалі імператару, і аўтар быў удастоены царскага падарунка – дыяментавага пярсцёнка. Апроч чатырох факультэтаў на расійскі ўзор (фізіка-матэматычнага, медыцынскага, юрыдычнага, філалагічнага), ён меў яшчэ і багаслоўскі. Высокія прафесарскія заробкі прываблівалі ў Вільню найлепшых навукоўцаў з Прусіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы. Тут выкладаў славуты польскі гісторык Іаахім Лялевель. У 1807 г. рэктарам універсітэта абіраецца вядомы польскі астраном, матэматык і філосаф Ян Снядэцкі. У склад прафесуры ўваходзілі ўраджэнцы Беларусі, выдатныя вучоныя: філолаг Міхаіл Баброўскі, Ігнат Даніловіч. Універсітэт у Вільні стаў агульнапрызнаным асяродкам асветы, навукі і культуры беларускіх і сучасных літоўскіх земляў, асяродкам еўрапейскай арыентацыі. Універсітэцкая рада ажыццяўляла адміністрацыйны кантроль за ўсімі навучальнымі ўстановамі Віленскай вучэбнай акругі.
Асветніцкая дзейнасць езуітаў. Універсітэцкі кантроль за дзейнасцю вучэльняў пры касцёлах выклікаў незадаволенасць манахаў-выкладчыкаў. Асабліва незгаворлівыя былі езуіты. Гэты лацінскі ордэн знаходзіўся пад апекай царскага двара і захоўваў у Расіі ўсе свае правы і маёмасць. У 1812 г. езуіты здолелі дамагчыся самастойнасці і ў асветніцкай дзейнасці. У адпаведнасці з рашэннем царскага ўрада 10 чэрвеня, незадоўга да паходу Напалеона, у Полацку была адкрытая езуіцкая акадэмія з правамі універсітэта, у тым ліку з правам кантролю за вучэльнямі ордэна ва ўсёй Расіі, да Пецярбурга і Астрахані ўключна. Беларусь займела дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы. У Полацкай акадэміі заняткі вяліся на трох факультэтах: тэалагічным, моваў і літаратур, а таксама філасофіі і свабодных навук. Дзейнічала друкарня, дзе выпускаліся, між іншым, і зборнікі духоўных песняў на беларускай мове. Існавала бібліятэка (40 тыс. тамоў), музей, карцінная галерэя. Тут можна было атрымаць выдатную адукацыю. Езуіты разгарнулі неверагодную актыўнасць, што зачароўвала і рускую арыстакратыю, якая з гэтай прычыны пасылала да іх на вучобу сваіх дзяцей і пераходзіла ў каталіцызм. Хутка інтэлектуальныя і місіянерскія здольнасці езуітаў былі як след ацэненыя і ў Рыме, і ў Пецярбурзе. Галава каталіцкай царквы ўзнавіў езуіцкі ордэн, а рускі цар забараніў яго дзейнасць у Расіі. У 1820 г. Полацкая акадэмія і ўсе падпарадкаваныя ёй навучальныя ўстановы былі зачыненыя, а кнігі, карціны і музейныя каштоўнасці перавезеныя ў Пецярбург і Маскву. Некаторыя выгнаныя з Беларусі езуіты перабраліся ў ЗША. Адзін з іх, айцец Францішак Дзеружынскі, ураджэнец Оршы, узначальваў Амерыканскую езуіцкую супольнасць.
Свецкія школы. Сярэднія і ніжэйшыя школы Віленскай навучальнай акругі будаваліся таксама на прынцыпах Адукацыйнай камісіі. Як і ва ўсёй імперыі, тут дзейнічалі губернскія гімназіі (Мінск, Віцебск, Магілёў, Слуцк, Свіслач, Гародня), павятовыя і прыходскія вучэльні. Гімназіі Віленскай акругі, у параўнанні з рускімі, мелі болей рознабаковыя праграмы навучання. На такім узроўні навучанне праводзілася толькі ў маскоўскай універсітэцкай гімназіі. Высокім прафесіяналізмам вылучаліся і мясцовыя настаўнікі. У павятовых вучэльнях курс навучання не адрозніваўся ад гімназічнага і разлічваўся на 6 гадоў. Толькі ў гімназіях было 6 настаўнікаў, якія рабілі прыём вучняў кожны год, а ў павятовых вучэльнях працавалі 3 настаўнікі, якія набіралі навучэнцаў праз год. Прыходскія школы адкрываліся коштам землеўладальнікаў, святароў і заможных га- раджанаў. Свае навучальныя ўстановы мелі не толькі каталікі, але і праваслаўныя, уніяты, іудзеі, пратэстанты, мусульмане, стараверы. Навучанне жанчын ажыццяўлялася ў прыватных пансіёнах і пры кляштарах.

Узмацненне паланізацыі. У Беларусі сфармавалася найлепшая ў Расіі сістэма адукацыі. Але ў руках віленскага акруговага кіраўніцтва яна выкарыстоўвалася для паланізацыі беларускай інтэлігенцыі, якая складалася з шляхты. Навучанне ў Віленскім універсітэце і ва ўсіх падпарадкаваных яму школах Віленскай вучэбнай акругі вялося на польскай мове. I толькі на ўсход ад Дняпра можна было сустрэць рускамоўныя вучэльні, якія ўтрымлівала дзяржава. Ужыванне рускай, яўрэйскай, беларускай і іншых моваў захоўвалася ў рэлігійных вучэльнях, якія вельмі цяжка паддаваліся ўліку і кантролю. Беларускія школкі, па некаторых дадзеных, зберагаліся пры уніяцкіх кляштарах манахаў-базыльянаў, якія паспяхова адлучалі ад справы адукацыі езуітаў. Тым не менш, валоданне польскай мовай лічылася сведчаннем культурнасці, адукаванасці, шляхетнасці. Беларуская ж заставалася мовай неафіцыйнай, хатняй, мовай штодзённага ўжытку ў асяроддзі сялянаў, дробнай шляхты і разначынцаў. А руская мова была ў становішчы замежнай. Віленскі губернатар у 1808 г. скардзіўся цару, што тут рэдка можна знайсці чалавека, які мог бы чытаць і пісаць па-руску. На вуліцах буйных беларускіх гарадоў часцей за ўсё можна было пачуць польскую мову. Але паланізацыя закранула мяшчанаў меней, чым шляхту. А большасць беларускага сялянства ўвогуле пазбегла паланізацыі, бо адукацыя была для яго практычна не дасягальная. А гэта, як ні парадаксальна, зберагала этнічную аснову для беларускага адраджэння. Пра стварэнне ж беларускай народнай школы не дбалі ні руская дзяржава, ні польскія патрыёты, ні вярхі мясцовага грамадства. Тое, што беларусы не мелі нацыянальнай школы, выбіла іх з агульнаеўрапейскага працэсу кансалідацыі нацыяў, які разгортваўся ў той час. Беларускі нацыянальны рух быў замаруджаны.

Уклад у польскае адраджэнне. У Беларусі і Літве сабраліся найлепшыя інтэлектуальныя і патрыятычныя сілы польскага народа, каб культурна замацаваць за сваёй айчынай землі былога Вялікага Княства Літоўскага. Паланізацыя праводзілася ад імя рускага цара і з дапамогай чыноўнікаў рускай адміністрацыі. Царызм намагаўся абапірацца на мясцовых абшарнікаў польскай культуры і ішоў ім насустрач. Росквіт асветы ў Вільні стаў для палякаў выратавальным у іх барацьбе за нацыянальную самабытнасць і незалежнасць. Тут рыхтавалася эпоха Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлі. Для беларускай жа культуры гэты росквіт меў трагічнае адценне. Яна губляла лепшыя таленты, якія пад уплывам усеагульнага ўздыму паланізацыі цураліся беларускасці і аддавалі свой розум і здольнаці іншай культуры.

Універсітэцкі рэгіяналізм. Аднак нельга сказаць, што польскія патрыёты знаходзілі ў Беларусі і Літве паўсюдную падтрымку. Ім доўга давялося змагацца з прафесарскай апазіцыяй Віленскага універсітэта на чале з яго першым рэктарам Геранімам Страйноўскім. Князь Чартарыскі, Гуго Калантай і Тадэвуш Чацкі дамагаліся, каб склад універсітэцкіх выкладчыкаў быў пераважна польскі. А рэктар клапаціўся найперш пра павышэнне навуковай ролі сваёй установы. Гэта дзякуючы яму універсітэт займеў навукоўцаў з еўрапейскай вядомасцю. Тым больш, што тагачасная польская навука не магла яшчэ сама забяспечваць добра падрыхтаваную прафесуру. Гуго Калантай быў незадаволены Геранімам Страйноўскім і таму, што ён стварыў пры універсітэце кафедру рускай мовы, а прыходскія школы Віленскай навучальнай акругі пакінуў у падпарадкаванні цэркваў, у тым ліку праваслаўных. У непавазе да польскай мовы абвінавачваўся нават знакаміты Пачобут, ураджэнец Гарадзеншчыны, які, мабыць, і не забываў пра сваё беларускае паходжанне. Урэшце Геранім Страйноўскі быў адхілены ад кіравання універсітэтам з добрапрыстойнай нагоды яго прызначэння на пасаду другараднага епіскапа. Спробы кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі паставіць палітычныя справы вышэй за навуковыя стваралі глебу для незадаволенасці мясцовых выкладчыкаў польскім нацыянальным эгаізмам і прымушалі задумвацца пра лёс Бацькаўшчыны. Менавіта выкладчыкі Віленскага універсітэта сталі першымі прадвеснікамі беларускага адраджэння. Міхаіл Баброўскі пачаў даследаванне спадчыны Францішка Скарыны, Ігнат Даніловіч звярнуўся да вывучэння Літоўскага Статута і ста- рабеларускіх летапісаў. Намаганні Адама Чартарыскага і яго паплечнікаў прыводзілі і да нечаканых для іх вынікаў. Польская школа не толькі паланізавала, але і давала выдатныя веды, якія сілкавалі пачуцці краёвага патрыятызму, абуджалі цікавасць да мінуўшчыны Беларусі, культуры яе народа.
Беларускі рэгіяналізм уніятаў і шляхты. Моцную апазіцыю сустрэла польская партыя ў асобе уніяцкага мітрапаліта Іраклія Лісоўскага. Ен быў адданым сынам Беларусі і не жадаў ісці па шляху паланізацыі. У руках уніяцкай царквы былі школы, у тым ліку беларускія. ГІэўная частка уніяцкіх святароў праяўляла мясцовы патрыятызм і незадаволенасць паланізацыяй. Каб абяззброіць апазіцыю, Тадэвуш Чацкі дамогся выдання царскага ўказа аб пераводзе ўсіх базыльянскіх школаў і фундушаў у падпарадкаванне Віленскай навучальнай акругі. Гэта азначала поўную паланізацыю уніяцкіх навучальных установаў. Тадэвуш Чацкі дзейнічаў патаемна. Але калі Іраклій Лісоўскі пра гэта даведаўся, ён звярнуўся непасрэдна да цара, і ўжо выдадзены ўказ быў адменены. Ды ўвогуле шляхта Беларусі і Літвы, хоць і лічыла сябе польскай, але заўсёды дадавала, што яна “з ліцвінаў” або “з русінаў”. Традыцыі незалежнасці былога Вялі- кага Княства Літоўскага яшчэ трывалі ў шляхецкім асяроддзі.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии