Полацк у скандынаўскіх сагах

Як вядома, абшары Полацкай і Кіеўскай Русі вікінгі ўважалі за «Вялікую» альбо «Халодную» Швецыю. У адрозненне ад часткі сучасных шведскіх даследчыкаў якія часам ня ўзгадваюць Полацкага княства ў сваіх працах, не пазначаючы яго на мапах Вялікага Усходняга шляху, вікінгі добра ведалі першую сталіцу Беларусі.Вікінг

У сагах Полацк вядомы як Palteskia/Палтеськ’я. Назоў гэты ёсць транслітарацыяй мясцовай (старабеларускай) назвы. Дарэчы, тычыцца гэта і іншых гарадоў крывічоў. Але славянскія назвы ў старашведскай мове захоўвалі сваю фанетыку. Да прыкладу, Смаленск/Smale[n]skia. Апрача таго, нямецкі даследчык Г.Шрам давёў, што тапонім Полацк перайшоў у стараскандынаўскія мовы ды замацаваўся ў іх не пазней за сярэдзіну IX ст. Гэта значыць, да канчатковага фармавання беларускага поўнагалосся (ал>ола). Бо пазнейшае за сярэдзіну IX ст. запазычанне дало б у старашведскай мове форму Polateskia, але ніколі не Palteskia [Schramm 1982: 283-284]. Высновы мовазнаўцы вельмі важныя, бо супадаюць са звесткамі наратыўных ды археалагічных крыніц, якія датуюць прыход вікінгаў у Полацк акурат 862 годам.

Пад назваю Palteskia наша колішняе “сталічнае” места ўзгадваецца ў шэрагу сагаў ды іншых стараскадынаўскіх твораў. Найстарэйшы спіс, дзе ўзгадваецца Полацк, які захаваўся да сёння – “Нарыс зямлі I” (апошняя чвэрць XII ст.). Полацк прысутнічае таксама ў сазе “Гісторыя датчанаў” Саксона Граматыка, каралеўскай сазе “Прадзі аб Эймундзе”, “Сазе пра Хрост” ды яшчэ ў пяцёх сагах. Ува ўсіх творах назва места застаецца нязменнай: Pal[l]teskia. Толькі “Сага пра Одда Стралу” дае трохі іншы варыянт, а менавіта Pallteskiuborg (ад borg – мур, замак). Верагодна, аўтара сагі альбо ягонага інфарматара моцна ўразіла багацце Полацка ды моцныя абарончыя збудаванні з дрэва. Месты вікінгаў, як правіла, абарончых сценаў ня мелі.

Апавяданне пра Полацк захавалася ў сазе “Прадзі аб Эймундзе”. Гэтая сага, як высветлілі даследнікі, апісвае падзеі 1020- 1041 гг. [Zaiats 1992:23-24]. Важна тое, што гэтыя звесткі супадаюць з хронікай, занатаванай ува “ўнутранай” стараславянскай іфыніцы “Аповесць мінулых гадоў”. Розняцца творы тым, што ўсе галоўныя героі шведскай сагі ўважаюцца за вікінгаў, маюць скандынаўскія варыянты імёнаў, дзеюць згодна з варажскай традыцыяй. Паводле “Аповесці мінулых гадоў” усе яны ўважаюцца за тутэйшых гаспадароў і маюць славянізаваныя варыянты імёнаў.

Са звестак “Прадзі аб Эймундзе” вядома, што князь Эймунд/Eumund з дружынай ваяроў-скандынаваў перайшоў на службу да Брачыслава (які ў сазе названы Вартылавым). Падчас сутычкі паміж Брачыславам і наўгародзкім князем Яраславам (у сазе ён Jarizleifr) Эймунд нібыта спрыяў укладанню мірнай дамовы паміж князямі, згодна з якой Яраслаў-Ярызлейфр (пазней празваны Мудрым) застаўся князем у Ноўгарадзе, Эймунд атрымаў ва ўладанне Полацк, а Брачыслаў – Кіеў [НВ1:153].

Выключную ролю скандынаваў у гісторыі Полацкага княства, як падае сага, немагчыма аспрэчыць на падставе іншых крыніцаў!

Наогул колькасць сюжэтаў скандынаўскіх сагаў, якія датычацца Полацка, не саступае іншым вялікім цэнтрам варажскай каланізацыі: Старой Ладазе, Ноўгараду Вялікаму, Кіеву. Інфармацыя скандынаўскіх сагаў пра Полацк сінхронна адпавядае стараславянскім крыніцам [Dziarnovich 1998:92].

Часам скандынаўскія сагі сцвярджаюць пра выключную ролю вікінгаў у хросце ўсходніх славян. Дзіўнага ў гэтым нічога няма. Акурат вікінг Уладзімір ахрысціў Кіеўскую і Ноўгарадзкую землі. Скандынаўка Рагнеда/Ragnhild заснавала першы на абшарах Беларусі манастыр у Заслаўі. Згодна з тураўскімі паданнямі вікінг Тур/Tor хрысціў тутэйшы люд. Як заўважылі археолагі, якраз у скандынаўскіх пахаваннях Беларусі сустракаюцца першыя прадметы хрысціянскага культу [Zharnov 1991:220].

Вікінгі нашай часткі Еўропы былі носьбітамі ўсходняй версіі хрысціянства. У Канстанцінопалі амаль што ўся гвардыя часоў Позняй імперыі ІХ-ХІІ стст. складалася з варагаў, вядомых у візантыйскіх крыніцах як “варангірусь” [Stender-Petersen 1953:252]. Гэтыя скандынавы (як, напрыклад, полацкія Рагвалодавічы) узначальвалі візантыйскія палкі.

Хрост Русі ў 980-1036 гт. адбыўся сінхронна з хростам іншых скандынаўскіх уладанняў. У 912 годзе хрост прайшла Нармандыя, у 943 г. скандынаўскае княства Ёрвік у Англіі, у 965-986 гг. – Данія, у 995-1000 гг. – Нарвегія, каля 1000 году – Ісландыя, у 1008 годзе – Готланд, нарэшце паміж 1050-1100 гг. – метрапольная Швецыя.

Ня дзіва, што “Сага пра Хрост” пасля хрысціянізацыі Ісландыі паведамляе пра хрост скандынавамі Полацкага княства прыканцы Х ст.:

“У тое лета, калі было прынята хрысціянства ў Ісландыі, ад нараджэння Госпада нашага Ісуса Хрыста прайшло 1000 гадоў […] Торвальд, сын Кадрана, і Стэўнір, сын Таргіля, сустрэліся пасля (смерці) конунга Алава. Яны падарожвалі ўдвух паўсім свеце і да самага Ёрсалахейма (Ерусаліму), адтуль – да Міклагарда (Канстанцінопаля) і далей да Кёнугарда (Кіева), яшчэ далей (на ўсход) па Непры (Дняпры). Торвальд памёр у Русі недалёка ад Палтэск’і (Полацку). Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысціцеля, і называюцъ палачане яго святым. Так гаворыць Бранд Вандроўнік: “Я прыйшоў туды, дзе Торвальду, сыну Кадрана, Хрыстос дaў супакой; там ён пахаваны ў высокай гары ўверх па цячэнні Дроўны (Дрёвны) у царкве Яна. Стэўнір накіраваўся тады на поўнач у Данію”[…] так паведаміў Ары Стары” [НВ-12000:280].

Пад гідронімам “Дрёвна” ў “Сазе пра Хрост” згадваецца не Дзвіна, а невялічкая рэчка Друя. Рэч у тым, што маленькая Друя выконвала выключную ролю ў Дзвінска-Друйскім вузле Вялікага Усходняга шляху [Pritsak 1981:297]. Ананімная сага (канец XII ст.) пералічвае рэкі Ўсходняй Еўропы, якія мелі выключную вагу ва ўсходнім гандлі вікінгаў. Дык вось, з шасцёх рэчак тры – беларускія! Гэта Дзьвіна (Duna), Дняпро (Nepr) і невялікая Друя (Drofn) [Pritsak 1981:297]. Найкарацейшы водны шлях вікінгаў з Балтыкі ў Чорнае “Варажскае” мора ішоў якраз праз Дзьвіну. Таму Дзьвіна (Duna, Tuna, Dyna) успамінаецца ў надпісах рунічных камянёў Упланда. Напрыклад: “Сумір загінуў на ўсходзе ля вусця ракі Дзьвіна”.

Усе гэтыя факты сведчаць пра асаблівае эканамічнае і палітычнае становішча скандынаўскага гандлю для Полацкага княства – аднаго з трох цэнтраў Русі.

© А.Котлярчук “Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў

Подписаться
Уведомить о
guest
1 Comment
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии