Сярэднедняпроўская культура (2-я пал. III – 1-я пал. II тыс. да н. э.) – археалагiчная культура, якая у часы позняга неаліту займала тэрыторыю Сярэдняга, а з ранняга бронзавага веку – і Верхняе Падняпроў’е. Сфарміравалася пад уплывам культур шнуравой керамікі. Па іншай версіі фарміраванне культуры адбылося на мясцовай аснове пры актыўным ўдзеле ўсходніх груп культуры шарападобных амфар. Вылучаюць ранні (26-24 стст. да н.э.), сярэдні (23-18 стст. да н.э.) і позні (18-15 стст. да н.э.) перыяды. На тэрыторыі Беларусі распаўсюдзілася на сярэднім і познім этапах. Адметная асаблiвасць культуры – вялікі пласкадонны посуд з адагнутымі прамымі гарлавінамі, танкасценнае начынне з прамымі і лейкападобнымі венцамі слоіка-, звонападобнай і біканічнай формы, гаршчкі з патаўшчэннямі пад краем венца, чашы з плоскімі або круглымі донцамі; багатая арнаментацыя посуду радамі пракрэсленых трохкутнікаў, ліній, насечак, адбіткамі шнура. Найбольш распаўсюджаны спосаб пахавання памерлых – бескурганныя могільнікі, з якіх найбольш буйнымі з’яўляюцца пахаванні ля в. Рудня Шлягіна, Сябровічы, Ходасавічы1.
На раннім этапе існавання (26-24 стст. да н.э.) сярэднедняпроўская культура пачала фарміравацца на невялікай тэрыторыі правабярэжжа Сярэдняга Падняпроўя. На сярэднім этапе (23-18 стст. да н.э.) плямёны сярэднедняпроўскай культуры рассяліліся на левабярэжжы Сярэдняга Дняпра, на ўзбярэжжах Дзясны, Прыпяці і на Верхнім Падняпроўі. Адначасова адбываўся працэс асіміляцыі мясцовага насельніцтва, які выразна праявіўся на познім этапе існавання культуры (18-15 стст. да н.э.). На сярэднім і познім этапах носьбіты культуры рассяляліся на тэрыторыі Беларусі: па Верхнім Падняпроўі, у Прыпяцкім Палессі, верагодна, пашыраючы свой уплыў на рэгіёны Верхняга Панямоння і Пінскага Загароддзя.
Насельніцтва звычайна сялілася на пясчаных пагорках сярод рачных і азёрных паплавоў і на краях рачных тэрас, будуючы наземнае жытло слупавой канструкцыі з агнішчамі ў ямах, часам абкладзеных камянямі. Побач знаходзіліся гаспадарчыя ямы. Прыкладам такога рода паселішчаў з’яўляюцца парэшткі стаянак ля в. Ксяндзова Гара (Быхаўскі р-н), Завалле (Рагачоўскі р-н), Лоша-1 (Кармянскі р-н), Азярное-1 (Любанскі р-н). Пабудовы мелі двухсхільныя дахі, сцены, верагодна, былі сплеценыя з галля, якое абмазвалася глінай. Глінай пакрывалася і падлога. Побач з жыллём знаходзіліся ямы, якія, відавочна, ужываліся як сметніцы.
Сярод медных і бронзавых вырабаў найбольшую частку складалі упрыгожанні – пярсцёнкі, падвескі-каралі, бранзалеты, дыядэмы. Значна менш было ў карыстанні металічных прылад працы – сякеры з адтулінай для рукаятак, вастрыі коп’яў, нажы, шылы. Большасць металічных рэчаў або сыравіна для іх вырабу паступала праз пасрэднікаў з Балкана-Карпацкага і Каўказскага металургічных цэнтраў. З упрыгожанняў сустракаюцца таксама аздобы з прыбалтыйскага бурштыну, шкляныя і фаянсавыя пацеркі з Усходняга Міжземнамор’я2.
Прылады працы ў асноўным вырабляліся з камяню, як напрыклад крамнёвыя скрабкі, нажы, наканечнікі стрэл і коп’яў, каменныя свідраваныя сякеры, зярняцёркі, адбойнікі. Галоўным тыпам наканечнікаў стрэл быў трохвугольны з выемкай у аснове або з прамой асновай, з двухбаковай апрацоўкай паверхні3. Выкарыстоўваліся таксама вырабы з косці.
Асартымент керамічнага посуду на раннім этапе складалі гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шарападобным і яйкападобным тулавам, слоікападобныя і S-падобныя пасудзіны з плоскім ці патоўшчаным дном, прамым і адагнутым венчыкам, а таксама вялікі пласкадонны посуд з выпуклым тулавам і прамой адагнутай вонкі шыйкай. Пазней вырабляліся гаршкі з высокай і кароткай адагнутай шыйкай, выпуклым тулавам, часам з патаўшчэннем пад краем венчыка. У глінянае цеста дамешваўся пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна упрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчатага штампа, наразнымі лініямі і іншымі элементамі, якія ўтваралі гарызантальныя і дыяганальныя рады арнаментаў і трохкутныя кампазіцыі. На больш старажытных гліняных вырабах арнаменты ўтваралі адну-дзве зоны. Пазней распаўсюдзілася больш ускладнёнае шматзоннае аздабленне.
Памерлых хавалі ў курганных і безкурганных могільніках. У першым выпадку на месцы пахавання распальвалі вогнішча, відавочна, з мэтай ачышчэння месца магічнай сілай агню. Затым выкопвалі ямы рознай арыентацыі, дно якіх пасыпалі вуголлем або попелам. Дно ямы пакрывалі падсцілкай, на якую клалі нябожчыка ў скручаным стане. У некаторых выпадках у ямы змяшчалі спаленыя рэшткі памерлага. Пахавальныя ямы перакрываліся драўлянымі плашчакамі, зрэдку яны мелі павеці або агароджы. Затым над магіламі насыпалі курганы, якія абкопваліся раўкамі і часам абносіліся агароджай.
Пахаванне ў бескурганных могільніках, якое было найбольш распаўсюджаным, адбывалася як па абрадзе трупаспалення-крэмацыі, так і трупапалажэння-інгумацыі. Памерлага клалі бокам ў скручаным стане, зрэдку на спіне, галавой на захад у авальную або прамавугольную яму, дно якой пасыпалася попелам і вохрай. Некаторыя могілы або іх групы мелі драўляныя агароджы, часам аддзяляліся раўкамі. Памерлым клалі разнастайны гліняны посуд, каменныя і металічныя вырабы, упрыгожанні і іншыя рэчы з косці, бурштыну, фаянсу. Посуд, які клаўся ў магілы, звычайна адрозніваўся ад кухоннага і сталовага некаторымі тэхналагічнымі, арнаментальныымі і марфалагічнымі асаблівасцямі. Найчасцей гэта былі гаршкі, амфары і кубкі. Акрамя керамікі разнастайную крэмневую зброю і прылады працы. У некаторых выпадках на целе і вопратцы нябожчыкаў меліся розныя ўпрыгожанні. У выпадку, калі памерлы пры жыцці займаў высокае сацыяльнае становішча, у пахаванне клалі медныя і бронзавыя прылады працы і зброю. Вельмі распаўсюджаным быў звычай змяшчаць у пахаванні ахвярных жывёлін або іх часткі. Пахаванні жанчыны, мужчыны і дзіцяці адрозніваліся між сабою наборам пахавальных падарункаў і выбарам месца для магілы.
Сярод вераванняў шырокая распаўсюджанне мелі культы агню і сонца, аб чым сведчаць пахавальныя абрады крэмацыі. Вялікае значэнне надавалася культу продкаў. Магчыма, культавае значэнне мелі каменныя свідраваныя сякеры, якія часта сустракаюцца ў мужчынскіх пахаваннях. У пашане былі некаторыя татэмныя жывёлы.
На познім этапе развіцця сярэднедняпроўскай культуры праявіліся вынікі асіміляцыі імі мясцовага неалітычнага насельніцтва. У складзе культуры выявілася прысутнасць кампанентаў культуры шарападобных амфар і катакомбнай культуры, а таксама вылучаецца прыпяцкі варыянт сярэднедняпроўскай культуры.
- В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
- Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003
- Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 1993