Войска ВКЛ

 Войска ВКЛ складалася з вайсковых фарміраванняў усіх зямель дзяржавы. Станаўленне вайсковай арганізацыі ВКЛ адбывалася ў некалькі этапаў. Да канца 14 ст. акрамя дружын з літоўскіх і славянскіх зямель дзяржавы, шырока выкарыстоўвалася ўсеагульнае народнае апалчэнне - пагоня, якая была найбольш архаічнай формай вайсковай мабілізацыі. Як сведчыць прывілей Ягайлы 1387, у пагоні, у выпадку ўварвання непрыяцеля ў межы дзяржавы, прымала ўдзел усё мужчынскае насельніцтва, здольнае насіць зброю. Адначасова прывілей упамінае прафесійных дружыннікаў. У далейшым яны аформіліся ў саслоўе рыцарства, якое ў 15-16 ст. стала асноўнай ваеннай сілай ВКЛ. Гал. формай вайсковай мабілізацыі ў гэты час становіцца феад. апалчэнне (паспалітае рушэнне), куды землеўладальнікі выстаўлялі ўзброеных воінаў. Да 16 ст. не існавала сталай нормы выстаўляемага атрада ў залежнасці ад велічыні зямельных уладанняў і колькасці сялян. Нюансы службы агаворваліся персанальнымі дамовамі паміж сеньёрам і васалам. Да сярэдзіны 15 ст. асн. катэгорыямі ваяроў у паспалітым рушэнні былі конныя капійнікі і стральцы (лучнікі і арбалетчыкі). 3 канца 14 ст. шырока выкарыстоўваліся татары. Найдрабнейшай арганізацыйна-тактычнай адзінкай войска было «кап'ё», вядомае з 16 ст. як почат. У яго ўваходзілі (у ідэале) 1 капійнік і 2 стральцы. «Коп'і» злучаліся ў харугвы, якія арганізоўваліся паводле тэр. прынцыпу ці выводзіліся буйнейшымі феадаламі. Колькасны склад харугваў залежаў ад мабілізацыйных магчымасцей рэгіёнаў, хоць здараліся выпадкі яго ўнармавання. Так, напярэдадні грунвальдскай выправы Вітаўт загадаў выставіць з кожнай тэрытарыяльнай адзінкі ў Жамойці па 300 чал. У час бою харугвы дзейнічалі звужанымі наперад калонамі - клінамі. Наперадзе калоны размяшчаліся капійнікі, за імі - стральцы, якія стралялі навесам паверх галоў пярэдніхліній. 3 сярэдзіны 15 ст. з-за большых патрабаванняў да засцерагальнага ўзбраення з'явілася новая градацыя воінаў: даспешныя (капійнікі), панцырныя (стральцы) і шчытныя. 3 пач. 16 ст. нормы вайсковай службы рэгламентаваліся агульнадзяржаўнымі актамі (пастанова Новагародскага сойма 1502, Статуты ВКЛ 1529,1566,1588 і інш.). Адначасова ішло аблягчэнне кавалерыі за кошт змяншэння значэння цяжкаўзброеных капійнікаў. Статут ВКЛ 1529 патрабаваў выстаўляць аднаго паўнавартаснага вершніка (з панцырам, прылбіцай, кордам, павезай і кап'ём) ад 8 сял. службаў. У рэальнасці патрабавалі толькі мінімум засцерагальнага рыштунку. У залежнасці ад наступальнага ўзбраення вылучаліся гусоры, узброеныя кап'ём і шчытом,газот (лук, часам у спалучэнні з рагацінай), кашубы (рагаціна ці ошчап) і бруншвікі (агнястрэльная зброя). Паны, якія не валодалі 8 службамі, неслі службу паводле сваёй магчымасці, што прыводзіла да надзвычайнай стракатасці ўзбраення войска. Паводле пастаноў соймаў 1563 і 1567, у склад паспалітага рушэння ўводзілася пяхота - на 2 коннікаў па 1 драбу з ручніцай і мячом ці з рагацінай і сякерай. Зборам ваяводскіх і павятовых харугваў займаліся харужыя, кашталяны і маршалкі. Пасля ўліку (гл. Попісы войска) войска пераходзіла пад уладу гетманаў (вядомы з 15 ст.).

 Паспалітае рушэнне праіснавала да канца 18 ст. Аднак ужо ў канцы 15 - пач. 16 ст. яно пачало траціць свае баявыя якасці. Гэта было звязана з ростам зацікаўленасці шляхты ў вядзенні ўласнай гаспадаркі і недастатковым пакараннем за ўхіленне ад вайсковай службы. Так, у сярэдзіне 16 ст. мабілізацыйныя магчымасці дзяржавы дазвалялі выставіць 70-тысячнае войска, у рэальнасці ж яно не дасягала і 50 тыс. Паступова павялічвалася роля наёмнага войска, якое да канца 16 ст. стала асноўнай ваеннай сілай. Першапачаткова жаўнераў наймалі за мяжой, пераважна ў дзяржавах ягелонскай кааліцыі - у Польшчы, Венгрыі і Чэхіі, а ў далейшым - і з ураджэнцаў ВКЛ. Наёмнікі арганізоўваліся ў роты на чале з ротмістрамі. Конныя роты падзяляліся на почты, якія ўзначальваліся таварышамі, пешыя - на дзесяткі, якімі камандавалі дзесятнікі. Аснову пешых рот складалі стральцы, забяспечаныя арбалетамі (да пач. 16 ст.) ці агнястрэльнай зброяй. Наперадзе стральцоў размяшчаліся павезнікі з вялікімі шчытамі ці капійнікі, забяспечаныя пласцінавымі даспехамі (часам тыя і другія). Ужо ў 16 ст. наёмнікі выкарыстоўвалі разнастайныя функцыі - змагаліся ў адкрытым полі, неслі гарнізонную службу, прыкрывалі адбудову замкаў, выконвалі інжынерна-сапёрныя работы, паліцэйскія функцыі. Важнае месца займалі пушкары, якія абслугоўвалі артылерыю, вядомую ў ВКЛ з 1382, выраблялі порах, рамантавалі зброю.

 У канцы 16—1-й пал. 17 ст. праведзены вайсковыя рэформы, пачатыя ў часы Стафана Баторыя і завершаныя пры Уладзіславе IV. Яны ўводзілі дакладную рэгламентацыю асобных родаў войск і іх узбраення. Кавалерыя падзялялася на цяжкую, сярэднюю і лёгкую. Цяжкая кавалерыя (гусары, рэйтары і аркебузеры) мела засцерагальнае ўзбраенне ў выглядзе паўдаспеха або кірасы і шлема. Асноўнай наступальнай зброяй гусараў было кап'ё, рэйтараў і аркебузераў - пісталеты ці аркебуза. Сярэдняя кавалерыя (панцырныя, або пяцігорцы) мела круглыя шчыты і кальчужныя панцыры ў камплекцы з міскападобнымі шлемамі-місюркамі; наступальнае ўзбраенне складалася з шаблі і пісталетаў або ручніцы, часам рагаціны і лука. Лёгкія вершнікі (тыпу лісоўчыкаў і татараў) выкарыстоўвалі аналагічнае ўзбраенне, але не мелі засцерагальных сродкаў. Падобная структура кавалерыі захавалася да 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772), хоць у 18 ст. вершнікі ўжо пакрысе адмаўляліся ад засцерагальнага ўзбраення. Пры Стафане Баторыю на венгерскі ўзор была рэарганізавана і пяхота, якая адмовілася ад даспехаў і дрэўкавай зброі: драбы атрымалі шаблі, сякеркі, кнотавыя ручніцы з парахаўніцамі і лядункамі (гатовымі набоямі пораху), дзясятнікі - шаблі, сякеркі і кароткія коп'і' (дарды). У 1578 уведзена выбранецкая пяхота (гл. Выбранцы), вербаваная пераважна з сялян і ўзброеная, які астатнія драбы. Выкарыстоўвалася таксама замежная пяхота, пераважна нямецкая і венгерская. Уладзіслаў II арганізаваў мясцовую пяхоту нямецкага тыпу і драгунаў, якія спалучалі рысы кавалерыі і пяхоты. Значны ўплыў на рэформы ў гэты час адыграў вопыт імперскай арміі Валенштэйна перыяду Трыццацігадовай вайны. Да канца 17 ст. арганізацыя і ўзбраенне пяхоты змяніліся мала. Змены закранулі пераважна аддзелы нямецкага тыпу (адмовай у 2-й пал. 17 ст. ад даспехаў і шлемаў, скарачэнне пік, а пазней пераход да стрэльбаў з багінетамі). У 1-й пал. 17 ст. у асобны корпус вылучылася артылерыя. Да 1652 г. войска ВКЛ падзялялася на т.зв. кварцянае, прызначанае для абароны ўсх. граніц, і суплементовае, якое збіралі толькі ў выпадку вайны. У далейшым гэты падзел быў адменены і ўводзілася адзінае кампутовае войска, памеры якога вызначаліся соймам. Важнае месца належала таксама недзяржаўным, найперш магнацкім войскам, а таксама ваяводскім і павятовым фарміраванням. Абавязкі па абароне гарадскіх умацаванняў ускладаліся таксама на мяшчан. Рэформы канца 16—1-й пал. 17 ст. павысілі баяздольнасць арміі, вынікам чаго стала паспяховае завяршэнне Інфлянцкай вайны 1558-1582 гг., перамогі пад Кірхгольмам (1605), Клушынам (1610), Хацінам (1621) і інш. Аднак цяжкасці з фінансаваннем абмяжоўвалі колькасць войска, што негатыўна адбівалася на ходзе ваенных кампаній. На сойме 1717 г. колькасць войска ВКЛ увогуле была скарочана да 6100 чал. (2300 конніцы, 1500 драгунаў і 2300 пяхоты). Падаткі на ўтрыманне асобных аддзелаў войска ўскладаліся на канкрэтныя землі і ваяводствы, што прыводзіла да яшчэ больш нізкай рэальнай колькасці войска (у 1745 яно складала 4000 чал.). Абмяжоўвалася гетманская ўлада. 

 

 У час панавання дынастыі Вецінаў у пяхоце і драгунаў замацаваліся саксонскія ўплывы - адпаведнае абмундзіраванне, стрэльбы з багінетамі, арганізацыя па батальёнах. У часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага былі ўтвораны Войсковая камісія Вялікага княства Літоўскага (10.3.1765) і Вайсковы дэпартамент Пaстaяннaй Рады (6.11.1776). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) пачалася рэарганізацыя войска ВКЛ, якое падзялялася на 2 дывізіі. На аснове былых гусараў і панцырных створаны 2 брыгады нац. кавалерыі. 3 лёгкай конніцы створаны 5 палкоў пярэдняй стражы. Драгунскія рэгіменты замяняліся на пяхотныя. Рабіліся спробы стварэння корпуса артылерыі. Пры правядзенні рэформ улічваўся вопыт прускай арміі. На Чатырохгадовым сойме 1788-92 планавалася павялічыць армію ВКЛ да 33 тыс. чал. (10 650 кавалерыі, 20 330 пяхоты і 1661 артылерыйска-інжынерных войск), але з-за недахопу грошай для найму лічба войска была зменшана да 20 000 чал., уводзіўся рэкруцкі набор. У ходзе баявых дзеянняў 1792 удалося сабраць 18 500 жаўнераў. Гарадзенскі сойм 1793 прыняў рашэнне скараціць войска ВКЛ да 6500 чал. У апошні раз войска ВКЛ прымала ўдзел у баявых дзеяннях у час паўстання пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі, а пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) спыніла сваё існаванне.

© Ю.Бохан