Менск - гісторыя горада

Самыя раннія паселішчы на тэрыторыі сучаснага Мінска вядомыя з IX стагоддзя. Даліна ракі Свіслач была заселена дзвюма усходнеславянскімі плямёнамі крывічы і дрыгавічы. Каля 980 года тэрыторыя ўваходзіць у склад Полацкага княства. Упершыню згадваецца (Меньскъ, Менскъ, Менескъ) у «Аповесці мінулых часоў» пад 1067 годам, калі быў спалены аб'яднанымі войскамі Яраславічаў (вял.кн. кіеўскага — Ізяслава, кн. Пераяслаўскага — Святаслава, кн. Чарнігаўскага — Усевалада) у час вайны з Усяславам Полацкім. Месца і час узнікнення Менска дасюль дыскусійнае, адны даследчыкі лічаць, што Менск узнік у яшчэ даслявянскія часы на р. Менцы прытоку Пцічы, што ў 16 км да захаду ад сучаснага цэнтру горада і дзе захаваўся комплекс археалагічных помнікаў, і быў перанесены на цяперашняе месца пасля 1085, калі ў другі раз быў спалены ўжо Уладзімірам Манамахам. Іншыя даследчыкі лічаць, што дзяцінец (пазней Менскі замак) пабудаваны на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе ракі Няміга ў 2-й пал. XI ст., т.б. напярэдадні падзей 1067 года, для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства.

У кан. XI — пач. XII ст. цэнтр Менскага княства, першы менскі князь Глеб Усяславіч, потым княствам валодалі яго нашчадкі Глебавічы. У 1116 годзе Менск вытрымаў амаль 2-месячную аблогу войскаў кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха, але ў 1119 годзе горад быў захоплены і далучаны да яго ўладанняў, князь Глеб Усяславіч быў зняволены і памёр у кіеўскай турме. З сяр. XII ст. Менск зноў цэнтр незалежнага княства і адзін з буйных гарадоў Заходняй Русі, менскія князі вялі барацьбу за гегемонію ў Полацкай зямлі і неаднакратна займалі полацкі сталец.

З пач. XIV ст. у складзе Вялікага княства Літоўскага. У 1499 г. атрымаў магдэбургскае права. У каралеўскай грамаце 1444 года Менск названы ў ліку найболей развітых гарадоў ВКЛ. З 1565—1566 цэнтр ваяводства, з канца XVI ст. тут праходзілі паседжанні вышэйшага судовага органа ВКЛ — Трыбунала ВКЛ. У 1591 г. горад атрымаў герб. Архітэктуру ў XVI—XVII ст. вызначалі вуліцы, прылеглыя да Менскага замка, Верхняга горада (рынку), Ніжняму рынку і Траецкай гары, забудаваныя дамамі феадалаў, купцоў, багатых рамеснікаў. На плошчы Верхняга рынку сфарміраваўся ансамбль, мастацкі сілуэт якога стваралі групы культавых будынкаў (касцёл і манастыр бернардзінак, касцёл і манастыр бернардынцаў, царква Святога Духу і манастыр базыліянінаў, ратуша і інш.). Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад разбураны. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 Мінск у 1707 быў заняты войскам Карла XII, у 1710—1711 перажыў эпідэмію чумы.

 

З 1793 у складзе Расійскай імперыі, цэнтр губерні. Падчас вайны 1812 акупіраваны французскімі войскамі, разбураны і разрабаваны французамі і рускімі. Да сяр. XIX ст. адноўлены. У 1870-я праз Мінск пракладзеныя Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская чыгункі.

У I сусветную вайну з кастрычніка 1915 — прыфрантавы горад, у якім размяшчаліся штаб Заходняга фронту і іншыя франтавыя арганізацыі і ўстановы, шпіталі. У 1917 у Мінску праходзіў Усебеларускі з'езд, у сакавіку абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У 1918 горад акупіравалі германскія,а з пачатку 1919 — бальшавіцкія войскі. У 1919—1920 Менск у складзе Другой Рэчы Паспалітай, адміністрацыйны цэнтр Мінскай акругі Грамадзянскага Кіраўніцтва Усходніх Земляў Другой РП. З утварэння БССР Мінск — яе сталіца. У 1924—1930 цэнтр акругі, з 1934 — раёна,а з 1938 — вобласці. У Вялікую Айчынную вайну акупаваны, дзейнічала антыфашысцкае падполле. У Мінску і яго наваколлях акупацыйны рэжым стварыў 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш за 400 тыс. чалавек, горад пераўтвораны ў руіны. Адноўлены ў 1946—1950-я гг. 26 чэрвеня 1974 года Мінску прысвоена ганаровае званне горад-герой. З 1991 года Мінск з'яўляецца сталіцай суверэннай Беларусі.

© Минскъ сто гадоў таму / З.В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 304 с.