Культавая архітэктура Полацка IX-XIІ ст.

Галоўныя рысы Полацкай архітэктурнай школы пачалі фарміравацца на аснове і пад уплывам візантыйска-кіеўскіх традыцый. Але ўжо ў 1-й палове XII ст. мураванае будаўніцтва ў княстве пайшло па іншым, чым у Кіеве, шляху. 3 аднаго боку, яму характэрна захаванне архітэктурных форм, ад якіх ужо ў пачатку XII ст. адмовіліся ў Кіеве (выкарыстанне муроўкі «са схавным радам», каменных блокаў, плоскіх лапатак, абхадных галерэй), з другога – рашучы перагляд крыжова-купальнай сістэмы храма. Будаўнікі, не адмаўляючыся ад яе канструкцыйнай асновы, за кошт пераразмеркавання мас акцэнтуюць увагу на вежападобнасці сілуэта царквы. Яснасць архітэктурнай кампазіцыі, сіметрычная ўпарадкаванасць форм, аб’ядноўваючых прастору, падкрэсліваюць панаванне вертыкальнай дамінанты. Але найбольш красамоўным сведчаннем новаўвядзенняў полацкіх дойлідаў з’яўляецца перанос падкупальнай прасторы ад усходу і размяшчэнне яе над заходнімі парамі слупоў. У спалучэнні з пазакамарным перакрыццем, выкарыстаннем какошнікаў, вертыкаляў плоскіх лапатак такі будаўнічы прыём надаваў храмам вежападобны выгляд, ствараў выразныя сілуэты знешніх аб’ёмаў. Атрымліваюць распаўсюджанне бесслуповыя цэрквы з адной апсідай і прытворам на захадзе, трохнефавыя чатырох- ці шасціслуповыя храмы, у якіх сваімі памерамі пераважае галоўны неф, а два бакавыя робяцца вузейшымі за яго. У гэтым выпадку знадворку вылучаліся тры апсіды або толькі адна, тая, што завяршала галоўны неф. Тады апсіды ў канцах бакавых нефаў мелі выгляд ніш і змяшчаліся ў тоўшчы ўсходняй сцяны 1 (ст.41-42).

Полацкая Сафія
Выгляд Полацкай Сафіі ў XII ст. Малюнак В. Сташчанюка.

Сафійскі сабор у Полацку. Першым старажытным каменна-цагляным храмам на тэрыторыі Беларусі быў Сафійскі сабор у Полацку, які пабудавалі на тэрыторыі дзядзінца замка ў сярэдзіне XI ст. у гады княжання Усяслава Брачыславіча. Аб часе яго ўзвядзення ёсць некалькі меркаванняў: па адных – у 1044-1066 гг., па другіх – у 1050—1055 гг. Існуе меркаванне (Л.В. Алексеев), што будаўніцтва сабора распачалося пасля 1060 г. і завершана да 1066 г.

Акрамя таго, што полацкая Сафія не мела галерэй (у адрозненне ад кіеўскай і наўгародскай), цэнтральная яе частка ў агульных прапорцыях таксама іншая. Полацкая Сафія вылучаецца падоўжанай алтарнай часткай, яе ўсходнія падкупальныя слупы знаходзяцца ў асноўнай прасторы храма, алтарная перагародка перамешчана на адзін неф на усход. Полацкая Сафія мае 5 папярэчных нефаў, а не 4, што набліжае яе да чарнігаўскага Спаса. Некаторая “базілікальнасць” плана дала выцягнутыя нефы, а паколькі падкупальны квадрат знаходзіўся ў сярэдзіне пабудовы, то яе ўсходняя частка, атрымаўшы дадаткавы папярэчны неф, “заглыбіла” абсіды. Гэта вымусіла перамясціць адзін неф на ўсход, чаго ў іншых храмах няма. У адрозненне ад іншых Сафійскіх храмаў, полацкі храм – сіметрычны па абодвух восях. А гэта сведчыць аб некаторай выцягнутасці прапорцый полачкай Сафіі, у адрозненне ад кіеўскай і наўгародскай, увышыню, што адлюстравана і на гравюрах XVI ст. 2 (ст.76-77)

Сафійскія саборы
Планы і макеты Кіеўскага, Наўгародскага і Полацкага Сафійскіх сабораў XI ст.

У плане полацкі Сафійскі сабор уяўляў сабой чатырохвугольнік з пяццю нефамі і трыма апсідамі гранёнай формы. Тры сярэднія нефы вылучаліся, што стварала ўражанне выцягнутасці яго ўнутранай прасторы. Памеры Полацкай Сафіі з поўначы на поўдзень складалі 26,2 м, з захаду на ўсход – 25,5 м і набліжаліся да квадрата. Сабор меў пяць купалаў (па летапісных крыніцах канца XVI ст. — сем; два дадатковыя маглі знаходзіцца ў яго заходняй частцы), з якіх вылучаўся галоўны. Ён узвышаўся ў цэнтры будынка і праз барабан і падпружныя аркі абапіраўся на чатыры масіўныя слупы. Утвораная прастора была падобная да крыжа, а ўвесь храм адпавядаў крыжова-купальнаму тыпу культавага збудавання, канструкцыйныя асаблівасці якога склаліся ў Візантыі і былі запазычаны ўсходнімі славянамі разам з іншымі хрысціянскімі формамі.

Сцены храма выкладзены з цэглы (плінфы) у тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам». Аснову яе складала чаргаванне радоў цэглы – адзін супадаў знадворку з плоскасцю сцяны, другі ўтопліваўся на невялікую глыбіню адносна верхняга і ніжняга. Ніша, якая ўтваралася, запаўнялася вапнавым растворам з цагляным крошывам (цамянкай). Акрамя гэтага ў асобных месцах таўшчыня швоў была такой жа ці нават большай, чым таўшчыня цэглы. Такі спосаб кладкі надаваў будынку жывапісны выгляд: на фасадах адна над адной ішлі чырвоныя і ружаватыя палосы. У некаторых месцах сістэмная кладка «са схаваным радам» чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў.

Княжацкі храм у Полацку
Княжацкі храм, пач. XII ст. Рэканструкцыя Г.В. Штыхава

Княжацкі храм на дзядзінцы. Да нашых дзён не дайшоў яшчэ адзін храм, як мяркуюць, княжацкі, падмурак і сцены якога былі выяўлены непадалёку ад Сафійскага сабора на тэрыторыі княжацкага двара. Мураваны шасціслуповы будынак памерам 24х16 м меў тры нефы, з якіх галоўны завяршаўся апсідай, а бакавыя — нішамі, утопленымі ў тоўшчу ўсходняй сцяны. Падкупальная прастора, як і ў іншых полацкіх храмах, верагодна, таксама была ссунута на захад, а да асноўнага аб’ёму з трох бакоў прымыкалі прытворы, паўднёвы і паўночны з якіх завяршаліся апсідамі. Выразны вежападобны сілуэт царкве надавалі выкарыстаныя закамарнае перакрыцце і какошнікі, складанага профілю лапаткі, манументальнае, накшталт партала, вырашэнне галоўнага ўвахода на заходнім фасадзе.

Манастырскія комплексы ў Полацку. Важныя канфесійныя, грамадска-палітычныя, прадстаўнічыя, а таксама абарончыя ролі ў жыцці Полацкага княства адводзіліся манастырам – Барысаглебскаму (Бельчыцкаму) і Спаса-Праабражэнскаму. Іх комплексы паўсталі паблізу ад горада ў канцы XI — ХІІ ст. Яны ўключалі па некалькі храмаў, тут меліся таксама жылыя і гаспадарчыя збудаванні. Усе работы па іх узвядзенню, верагодна, былі выкананы мясцовымі майстрамі, паколькі многія выкарыстаныя тут архітэктурныя рашэнні і прыёмы адрозніваюцца ад тых, што існавалі ў суседніх княствах, перш за ўсё Кіеўскім і Наўгародскім.

Манастыр Барыса і Глеба (Бельчыцкі) быў заснаваны як рэзідэнцыя полацкіх князёў на левым беразе Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе р. Бяльчанкі. У розныя часы XII ст. тут было ўзведзена некалькі храмаў. Але дакладна вядома пра чатыры: Вялікі сабор, Пятніцкую, Барысаглебскую цэрквы, храм-трыконх.

Месца Бельчыцкага манастыра на плане Полацка 2008 г.; схема археалагiчных даследаванняў на тэрыторыi Бельчыцкага манастыра і планы храмаў Бельчыцкага манастыра (1 – Барысаглебская царква, 2 – Пятніцкая царква, 3 – Вялікі сабор; памятны знак на месцы Бельчыцкага манастыра.

Вялікі (Успенскі?) сабор (яго сапраўдная назва невядома, Л.В. Аляксееў называе яго Успенскім саборам, пабудаваны ў 1120-1130-я гг.) сярод астатніх вылучаўся значнымі памерамі, якія мала саступалі Полацкай Сафіі і складалі ў даўжыю 22,5 м, а ў шырыню – 16,5 м. Верагодна, гэта быў галоўны храм манастыра. Яго разбурылі ўжо ў XVI ст., і ў пачатку XX ст., калі пачалося вывучэнне Бельчыцкага манастырскага комплексу, меліся толькі падмуркі былой святыні ды сціплыя яе апісанні ў літаратурных крыніцах. Таму рэканструкцыя першапачатковага выгляду Вялікага сабора, яго архітэктурнай пластыкі дастаткова прыблізна. Разам з тым супастаўленне выяўленых матэрыялаў – памераў і канструкцыі падмуркаў, кавалкаў кладкі, элементаў дэкору – дазваляюць канстатаваць, што гэта быў шасціслуповы, трохнефавы сабор з трыма апсідамі. Да яго паўднёвага, паўночнага і заходняга фасадаў прымыкалі амаль квадратныя ў плане прытворы, надаючы царкве крыжовасць.

Сцены Вялікага сабора выкладзены таксама ў тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам» з устаўкамі вялікіх апрацаваных камянёў. Але ў адрозненне ад Полацкай Сафіі Бельчыцкі храм упрыгожвалі знадворку і ўнутры плоскія лапаткі. Іх памеры і размяшчэнне адпавядалі ўнутранаму чляненню царквы шасцю крыжовымі ў плане слупамі. Новым у будынку было таксама месца размяшчэнне купала. Ён абапіраўся не на ўсходнія, а на заходнія пары слупоў і, такім чынам, быў крыху ссунуты ад цэнтра да ўвахода. Наяўнасць у Бельчыцкім саборы прытвораў, ніжэйшых за асноўны аб’ём, ссунутасць купала ў заходні бок надавалі яго знешняму выгляду выцягнутыя ўверх прапорцыі. Гэта адметнасць стане ў далейшым характэрнай рысай большасці храмаў Полацкага княства. Вялікі сабор у Бельчыцкім манастыры быў упрыгожаны фрэскавымі роспісамі, а яго падлога ў алтары выкладзена ўзорамі з паліваных керамічных плітак.

Пятніцкая царква – яшчэ адна царква Барысаглебскага манастыра (ХІІ ст., разбурана пасля 1920г.), аўтарства якой звязваюць з імем полацкага дойліда Іаана, уяўляла сабой бесслуповы аднанефавы будынак невялікіх памераў з бакамі плана ў 5,1 – 5,8 м. Яна мела адну прамавугольную ў плане апсіду, прытвор з захаду, а таксама склеп, які размяшчаўся пад усім будынкам, акрамя алтарнай часткі, і быў, верагодна, усыпальніцай князя Барыса Усяславіча. Аб характары перакрыццяў і завяршэння царквы існуе некалькі меркаванняў. Па адных, зыходзячы з планіроўкі і адсутнасці апсід, храм меў корабавыя скляпенні і быў бяскупальным, па другіх — яго вянчаў купал на барабане. Сістэма кладкі сцен царквы з чырвонай плінфы на ружовым растворы цамянкі засноўвалася на чаргаванні ўтопленых і выступаючых радоў, што было традыцыйным для культавых будынкаў таго часу ў Полацкім княстве. Нават пры невялікіх знешніх памерах храм меў манументальны выгляд, ясна выказаную слуповасць сілуэта, якую яму надавалі ніжэйшыя за асноўны аб’ём апсіда і прытвор, падкрэслівалі плоскія вонкавыя лапаткі, вертыкалі аконных праёмаў, размешчаных у два ярусы.

Царква Барыса і Глеба
Царква Барыса і Глеба на гравюры XIX ст.

Царква Барыса і Глеба (Барысаглебская) з’яўлялася трэцім значным будынкам Бельчыцкага манастьтрскага комплексу, узведзеная ў сяр. XII ст. Аднакупальны храм меў тры паўкруглыя апсіды, яго ўнутраная прастора падзялялася на тры нефы шасцю слупамі, што ішлі ў два рады, прычым цэнтральны неф вылучаўся большымі памерамі за бакавыя. У заходняй частцы будынка слупы злучаліся прасценкамі з паўднёвай і паўночнай сценамі, утвараючы аб’ём прытвора з корабавымі скляпеннямі. На ім знаходзіліся хоры. Па бакавых фасадах ішлі плоскія пілястры, паміж якімі ў два рады размяшчаліся вокны – большыя па вышыні зверху і меншыя – знізу. Сцены царквы выкладзены з плінфы на вапнавай рошчыне з цамянкай у тэхніцы «са схаваным радам» – традыцыйны спосаб муроўкі полацкіх будынкаў. Але ў адрозненне ад іншых храмаў у гэтым маляўнічы выгляд быў узмоцнены дадатковай афарбоўкай радоў цэглы ў чырвоны колер і спецыяльнай апрацоўкай светлых палос кладкі, якая, за кошт выкарыстаных спецыяльных штампаў, імітавала мур з пясчаніка.

Архітэктарам Барысаглебскага храма, як і Пятніцкай царквы, лічышда майстар Іаан. Такое меркаванне засноўваецца на тым, што ў названых будынках выкарыстаны шэраг прыёмаў, якія знайшлі потым найбольш поўнае і завершанае ўвасабленне ў Спаса-Праабражэнскім саборы, аўтарам якога, што пацверджана летапіснымі крыніцамі, быў Іаан.

Храм-трыконх. Чацвёртую з вядомых цэркваў Бельчыцкага манастыра, так званы храм-трыконх, узвялі, верагодна, у 1-й палове ці сяр. XII ст. Звестак аб ім таксама захавалася вельмі мала, паколькі будынак быў разбураны яшчэ задоўга да адкрыцця яго падмуркаў падчас земляных работ у канцы XVIII ст. Аб гэтым сведчыць складзеныя ў той час невядомым аўтарам запіска і план. Адпаведна ім можна меркаваць, што храм быў чатырохслуповы, меў адну апсіду з усходу і па адной з паўночнага і паўднёвага бакоў, тры ўваходы і крыпту. Такім чынам, не толькі ўнутраны аб’ём царквы меў крыжападобнае чляненне, яно прачытвалася і ў знешніх формах. Аналагічны тып культавага будынка, вядомы як храм-трыконх, рэдкі для старажытнабеларускіх земляў і больш вядомы ў архітэктуры Балгарыі, Сербіі, Грэцыі (Афонскі манастыр), можа разглядацца і як архітэктурнае запазычанне, і як прыклад культурных, канфесійных сувязей Полацкага княства з іншымі праваслаўнымі краінамі Еўропы.

Спаса-Праабражэнскі (Ефрасіннеўскі) манастыр быў другім значным комплексам Полацка, які быў узведзены у XII ст. за 2,5 км ад Полацкага дзядзінца. У яго ансамбль уваходзіла два храмы – Спаса-Праабражэнскі сабор (будаўніцтва вялося ў 1152-1161 гг.) і безыменная царква-пахавальня (яе сапраўдная назва невядома, а звесткі аб пабудове даюць толькі матэрыялы археалагічных раскопак). Архітэктарам Спаса-Праабражэнскай царквы быў дойлід Іаан, магчыма, манах аднаго з тагачасных манастыроў, кіраўнік будаўнічых арцеляў, што маглі выконваць значныя работы як у самім Полацку, так і ў сумежных землях, якія ўваходзілі ў склад Полацкай епархіі.

Спаса-Праабражэнскі сабор (Спаса-Ефрасіннеўская царква) – практычна адзіны будынак, які захаваўся ў амаль непашкоджаным стане, уяўляе сабой невялікі па памерах трохнефавы шасціслуповы аднаглавы храм. Даўжыня яго бакавых сцен складае 9,8 і 14,4 м. Галоўны неф завяршае паўкруглая апсіда, болыш вузкія бакавыя – дзве паўкруглыя нішы, схаваныя ў тоўшчы ўсходняй сцяны. На хоры, якія займаюць прастору не толькі над прытворам, але і над заходнімі вуглавымі часткамі будынка, вядуць дзве лесвіцы, што праходзяць у заходняй сцяне. Паабапал хораў узведзены дзве невялікія цэркаўкі, якія, як мяркуецца, былі малельнямі заснавальніцы храма Еўфрасінні і яе сястры.

Спаса-Праабражэнская царква (Полацк)
Рэканструкцыя пачатковага выгляду царквы і сучасны выгляд

Як і ў будынках Барысаглебскага манастыра, падкупальная прастора Спаса-Праабражэнскага сабора ссунута ад цэнтра на захад, а яго сцены выкладзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам». Праведзеныя ў другой палове XX ст. даследаванні храма дазволілі прыйсці да высновы, што ён меў не двухсхільны дах, які з’явіўся ў выніку перабудоў XIX ст., а пазакамарнае перакрыцце асноўнага аб’ёму і больш нізкага прытвора з захаду. Акрамя гэтага, архітэктарам былі выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, якія забяспечвалі паступовы пераход да кубічнага пастамента-асновы для барабана і купала. Такое канструкцыйнае і кампазіцыйнае вырашэнне надавала ўсяму будынку вежападобнасць, дынамічнае нарастанне мас.

Храм-пахавальня, рэшткі якога былі выяўлены падчас раскопак на тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага манастыра, з’яўляўся шасціслуповым, трохнефавым крыжова-купальным будынкам з адной апсідай, хорамі на захадзе, Верагодна, ён быў узведзены ў пачатку  XII ст. 3 паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў храм абкружала шырокая галерэя, аб’ёмы якой мелі выгляд прытвораў. Пад яе падлогай знойдзены старажытныя пахаванні ў цагляных скляпах, магчыма, полацкіх епіскапаў. Сцены будынка былі выкладзены з плінфы ў тэхніцы «са схаваным радам», у яго аздобе шырока выкарыстоўваліся роспісы, у пакрыцці падлогі — дэкаратыўныя керамічныя пліткі і мазаікі.

  1. Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, “Беларусь”, 2007
  2. Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 2. Москва: “Наука”, 2006.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии