Безумоўна, найважнейшымі падзеямі ў манатонным жыцці шляхецкай сям’і быў прыезд гасцей і адзначэнне святаў. Да гэтых падзей рыхтаваліся доўга і старанна. Увага надавалася не толькі святочнаму сталу, але і забавам. З тых часоў сутнасць святочнага стала не змянілася – галоўнай “прысутнай асобай” на ім былі самыя розныя алкагольныя напоі. Іх асартымент, якасць і колькасць, канечне, залежалі ад заможнасці шляхціча, але, як правіла, сіл і сродкаў на гэта не шкадавалі.
XVII стагоддзе вызначылася ў шляхецкім асяроддзі культурай бязмежнага ўжывання алкаголю. Амаль да канца існавання Рэчы Паспалітай для шляхціча было гонарам выпіць вялікі куфаль мёду альбо гарэлкі і не зваліцца пры гэтым з ног. Па творах літаратуры мы ведаем пра знакамітыя сустрэчы шляхцічаў у корчмах, якія нярэдка заканчваліся біццём посуду, масавымі бойкамі і калечаннем адзін аднаго. Падчас прыёму гасцей у сядзібах таксама не шкадавалі гарачых напояў. Не наліць альбо адмовіцца ад багатага алкагольнага пачастунку лічылася абразай шляхецкага гонару. Звычайна пілі ледзь не да страты прытомнасці, цаніліся хуткасць напаўнення келіхаў і іх спаражнення. Гасціннасць дому вымяралася шчодрасцю гаспадарскага стала. Увайшлі ў гісторыю шыкоўныя святочныя і будзённыя бяседы “Пане Каханку” з Радзівілаў на некалькі соцень чалавек. Гаспадар Нясвіжа не шкадаваў на шматлікіх гасцей шчадротаў са сваіх надзвычай багатых вінных склепаў, для якіх рыхтаваліся самыя разнастайныя і часта экзатычныя стравы. Зразумела, празмернае ўжыванне алкаголю прыводзіла да прыгод і авантураў, нярэдка з балючымі і ўразлівымі наступствамі.
Пад канец XVIIІ стагоддзя ад гэтай “сармацкай” традыцыі пачалі адыходзіць, больш увагі надаючы смакаванню разнастайных налівак і настоек. Візіты і прыёмы гасцей робяцца больш спакойнымі і стрыманымі, але ад гэтага не страчваюць вясёлага і гуллівага тэмпераменту. Іншаземцы, праўда, ніколі не пераставалі здзіўляцца значнай колькасці выпітага на застоллях у Рэчы Паспалітай. Як і сёння, гэта разыходзілася з іх прывычнымі ўяўленнямі пра фізічныя магчымасці чалавечага арганізму. Такімі ўражаннямі, прыкладам, дзяліўся ў 70-я гады XVIIІ стагоддзя ангельскі падарожнік Уільям Кокс.
Аднак насамрэч усё большую моц набіралі новыя модныя павевы з Еўропы. Неад’емнымі элементамі свецкага вечара робіцца музычнае суправаджэнне. У заможных магнатаў былі ўласныя прафесійныя музыкі. Яны каштавалі вельмі дорага – хор з 15 чалавек мог абыходзіцца ў гадавое ўтрыманне 100 пешых жаўнераў. Звычайная шляхта нярэдка звярталася да вандроўных артыстаў альбо шукала музычныя таленты сярод сваіх падданых. У хуткім часе без музычнага афармлення цяжка было ўявіць шляхецкія вечарыны. Сучасныя еўрапейскія танцы былі менш распаўсюджаныя – гэтая культура пранікала ў Беларусь паволі.
Вельмі папулярнымі былі забавы і гульні, у якія гулялі як пры гасцях, так і ў самотныя вечары. Асабліва папулярнымі былі карты. У часы Аўгуста ІІІ гралі ў “купца”, “пікет”, “хапанку”. Гэтыя гульні былі вядомыя з ранейшых часоў. На змену ім прыходзілі новыя гульні, бо старыя былі даволі складаныя праз свае правілы. Цяпер жа гульня ў карты набывае масавы характар у шляхецкім асяродку. Яе вельмі палюбілі жанчыны, якія заседжваліся за такімі картачнымі гульнямі, як “пас” альбо “трышка”. Асаблівую вядомасць набыла гульня “фараон”, якая прыйшла да нас з Францыі. Яна, дарэчы, вядомая як настолка і сёння. Нярэдкай з’явай была гульня на грошы, што надавала вечару дадатковы азарт. “Фараон” не патрабаваў вялікага ўмення і ведання адмысловых правіл, усё залежала ад фарту, як у латарэі. Атмасфера хуткага і абавязковага выйгрышу захоплівала значную колькасць людзей. Ужо тады гульня ў “фараона” магла ўзбагаціць чалавека ці стаць прычынай разарэння. Так, Міхал Рэйтан праз сваю жарсць быў вымушаны расстацца са сваёй часткай маёнтка Беразова ў Полацкім ваяводстве. У 1779 г. ён быў вымушаны яе прадаць для пакрыцця картачнага доўгу. Аднак гуляць у карты пасля гэтага ён так і не перастаў.
На гэтым формы адпачынку шляхты не заканчваліся. Любіла яна і такія рэчы, як наведванне магнацкіх тэатраў, шпацыры па ваколіцах, паляванні і інш. Як экзотыка, якая адышла ў нябыт, успрымаецца цырымонія па сумесным распіцці кавы (звычайна гэта рабілася ў чатыры гадзіны). Цікава, што кава трактавалася як альтэрнатыва алкаголю, лічылася несумяшчальнай з ім і… вельмі карыснай для здароўя. У моду ўваходзіў агляд з гасцямі сямейных рэліквій. якія ператвараліся ў свайго роду музейныя экспанаты.
Можна яшчэ шмат казаць аб незвычайным свеце шляхецкай забавы і адпачынку ў XVII – XVIIІ ст. Пакінем гэта на будучыню, бо тут сапраўды можна зрабіць мноства цікавых адкрыццяў.
Андрэй Янушкевіч,
budzma.by