Вялікі князь Вітаўт

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

Женский трикотаж в Иваново от производителя, оптовые цены, заказ от 3 тыс.

Бунт супроць Ягайлы

Вітаўту выпаў цяжкі і драматычны шлях на вяршыню дзяржаўнай улады. Ягоны бацька Кейстут загінуў ад рук забойцаў падасланых Ягайлам. Вітаўт таксама быў зняволены ў Крэўскім замку, але здолеў вырвацца на волю. Ён не мог скарыцца з роляю Ягайлавага васала і не адпомсціць за бацькаву смерць. Шукаючы хаўруснікаў, Вітаўт Вітаўт спачатку накіраваўся да крыжакоў. 3 дапамогай Ордэна ён авалодау Коўнай і Трокамі, дайшоў да прадмесцяў Вільні, але ўрэшце мусіў пагадзіцца на мір з Ягайлам і атрымаў ад яго Горадню і Берасце.

Неўзабаве пасля падпісання Крэўскай вуніі Вітаўт упэўніўся ў яе небяспецы для будучыні дзяржавы. Гэтыя погляды падзялялі паны і баярства Вялікага Княства, якія хацелі бачыць на чале гаспадарства не Ягайлавага намесніка, а паўнапраўнага манарха з незалежнай нутраной і замежнай палітыкай.

У 1389 г. Вітаўт узначаліў незадаволеных і ўзняў іх на бунт супроць Ягайлы, свайго стрыечнага брата. Не здабыўшы Вільні, якую абараняў моцны польскі гарнізон, сын Кейстута зноў папрасіў падтрымкі ў крыжакоў якім перадаў ва ўладанне Жамойць. Каб забяспечыць сабе спакой на ўсходзе, Вітаўт выдаў дачку Соф'ю замуж за маскоўскага князя Васіля I. Разумеючы палітычную вагу свайго цесця, крамлёўскі ўладар пазней, перад смерцю, даручыў жонку і непаўналетняга сына-спадкаемда апецы князя Вітаўта.

Пасля жорсткай і ўпартай барацьбы з Ягайлам шалі вагаў схіліліся на бок Вітаўта. У 1391 г. ён заняў Гарадзенскі замак, а праз год увайшоў у Новагародак. Ягайла змушаны быў пайсці на таемныя перамовы. Разарваўшы васальныя стасункі з Тэўтонскім ордэнам, Вітаўт спаліў тры рыцарскія замкі і вярнуўся на радзіму. У жніўні 1392 г. браты сустрэліся ў Востраве пад Лідай. Паводле падпісанага там пагаднення ўлада ў Вялікім Княстве пажыццёва перадавалася Вітаўту.

Умацаванне дзяржавы

Атрымаўшы тытул «вялікага князя Літвы і Русі», Вітаўт узяўся актыўна умацоўваць Вялікае Княства. Ён быў шчодра адораны якасцямі, неабходнымі выдатнаму дзяржаўнаму дзеячу таго часу: палітычнай мудрасцю і дыпламатычнымі здольнасцямі, ваяўнічасцю і вайсковым талентам, уладарнасцю і прастатой у побыце. Галоўнай апораю Вітаўта сталі баяры, якіх ён надзяляў зямлёю і сялянамі.

За Вітаўтам нашая дзяржава пачала біць уласную манету. Ідэя незалежнасці ў Вялікім Княстве мела велізарную папулярнасць. Аднаго разу жонка Ягайлы каралева Ядзьвіга выказала незадаволенасць палітыкай Вітаўта і нагадала яму пра васальнае становішча. У адказ гаспадар звярнуўся наўпрост да сваіх паноў і баяраў. Сойм у Вільні прыняў аднагалосную пастанову: «Мы не падданыя Польшчы, і заўсёды былі вольньм. Продкі ніколі не плацілі даніны палякам, і мы не будзем плаціць, а застанемся назаўсёды пры сваіх вольнасцях».

Калі князі Свідрыгайла, Дзімітр Северскі і Фёдар Падольскі паўсталі супраць Вітаўта, ён пазбавіў іх удзельных княстваў, што спрыяла цэнтралізацыі дзяржаўнай улады.

Справе ўмацавання дзяржавы паслужыла і ўтварэнне Вітаўтам незалежнай ад Масквы праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку. У 1415 г. сабор беларускіх епіскапаў абраў першым мітрапалітам Вялікага Княства вядомага вучонага, кніжніка і прапаведніка Рыгора Цамблака. Дзеля кансалідацыі дзяржавы, дзе жылі паслядоўнікі розных веравызнанняў Вітаўт выношваў ідэю вуніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.

Далучэнне новых абшараў

Гаспадар Вітаўт настойліва і паспяхова працягваў Альгердаву палітыку пашырэння дзяржавы найперш за кошт славянскіх земляў. У 1404 г. да Вялікага Княства канчаткова далучылася Смаленская зямля з старажытным крывіцкім Смаленскам. Пад пратэктарат вялікага князя трапілі Ноўгарад Вялікі і Пскоў.

Пасля трох паходаў Вітаўта на Маскву з маскоўскім князем Васілём I было дасягнутае пагадненне, паводле якога межы паміж нашай краінай і Масковіяй праходзілі па рацэ Угры - прытоцы Акі. Па смерці маскоўскага князя Вітаўт падпарадкаваў Цвярское і Разанскае княствы, а таксама землі ў вышнявіне Акі. У тым часе ўдава Васіля Соф'я Вітаўтаўна стала рэгенткаю пры малалетнім сыне Васілі II і прызнала бацькаў пратэктарат. Такім чынам, Маскоўскае княства зрабілася васалам Вітаўта. На поўдні ён авалодаў нізавінай Дняпра, дзе нашая дзяржава атрымала выйсце да Чорнага мора.

Гаспадар запрасіў у Вялікае Княства хана Тахтамыша, якога ў Залатой Ардзе пазбавілі ўлады. Хан меў сваю рэзідэнцыю ў Лідзе. Ад таго часу на беларускіх землях і з'явіліся мірныя татары, што знайшлі тут другую радзіму. Шмат іх перасялілася да нас пасля супольных паходаў Вітаўта і Тахтамыша пад Азоў і ў Крым у 1397-1398 гг. Татары атрымалі землі паблізу Вільні, у Лідскім, Ашмянскім, Новагародскім, Берасцейскім паветах і былі прыраўнаваныя ў правах да мясцовага насельніцтва. Тахтамышаў сын Джалалад-Дзін у складзе нашага войска браў удзел у Грунвальдскай бітве.

Галоўная роля ў дзяржаве належала беларускім землям. Нашыя продкі займалі бальшыню найвышэйшых пасадаў, у тым ліку ў Жамойці ды на іншых населеных балтамі абшарах (у Коўне кіраваў баярын Іван Фёдаравіч, а войскам жамойтаў камандаваў князь Юрай). Беларусы-ліцьвіны складалі і бліжэйшае акружэнне Вітаўта. Захаваліся дакументы пра сустрэчу вялікага князя з крыжацкім пасольствам у 1397 г. Тады Вітаўта суправаджалі князі Юрай Пінскі, Міхайла Заслаўскі, Аляксандр Старадубскі, Іван Альшанскі і Іван Друцкі. Пасол Тэўтонскага ордэна паведамляў, што сам гаспадар і яго двор гаварылі па-беларуску, на старабеларускай мове вялося і дзяржаўнае справаводства.

Крыжакі пасля паразы пад Грунвальдам адмовіліся ад прэтэнзіяў на Жамойць, што яшчэ больш умацавала пазіцыі Вялікага Княства ў Еўропе. Жамойць ды астатнія землі з балцкім жыхарствам займалі менш за 1 /15 тэрыторыі Вялікага Княства, якое за Вітаўтам стала найбуйнейшай краінай Еўропы. Дзяржаўнае жыццё ў Княстве праходзіла ў беларускіх нацыянальных формах.

Еўрапейскае прызнанне

Прызнаннем вагі Вялікага Княства ў тагачаснай геапалітыцы сталася запрашэнне Вітаўта на чэшскі трон. Вялікі князь атрымаў яго ў час нацыянальна-вызвольнага і рэфармацыйнага руху чэхаў вядомага як гусіцкія войны. Каб не канфліктаваць з каталіцкім светам, наш гаспадар адказаў на прапанову тым, што накіраваў на дапамогу гусітам 5-тысячнае беларускае войска. На чале яго стаяў Вітаўтаў пляменнік Жыгімонт Карыбутавіч, здольны палкаводзец, які праславіўся ў Грунвальдскай бітве. У траўні 1422 г. Жыгімонт увайшоў у Прагу, дзе пазней быў выбраны чэшскім каралём. Ліцьвіны, многія з якіх прынялі гусіцкую веру, ваявалі поплеч з чэхамі болей за дзесяць гадоў. За Вітаўтам нашая дзяржава мела дыпламатычныя зносіны з усімі значнымі заходнееўрапейскімі краінамі, а таксама з Асманскай (Турэцкай) імперыяй і Маскоўшчынай.

Тады сама Вітаўту прапанавалі каралеўскую карону імператар Святой Рымскай імперыі германскай нацыі Сігізмунд I і рымскі папа Марцін V, якія спадзяваліся, што наш гаспадар дапаможа задушыць гусіцкі рух. Гэтая прапанова таксама была сведчаннем міжнароднага аўтарытэту нашай дзяржавы.

Вітаўт даў згоду на каранацыю, якая была прызначаная на восень 1430 г. На ўрачыстую цырымонію ў сталіцу Княства з'ехаліся чужаземныя манархі ды іншыя высокія госці. Усе цярпліва чакалі, калі будучы кароль адужае хваробу і ўстане з ложка. Аднак 27 кастрычніка ў Троках сэрца Вітаўта спынілася.

Існуе версія, што гэтаму паспрыялі інтрыгі польскіх магнатаў. Занепакоеныя далейшым узмацненнем Вялікага Княства, палякі, паводле легендарных звестак, напалі на імператарскіх паслоў, што везлі ў Вільню каралеўскую карону, і скралі яе. Пасля сябе гаспадар Вітаўт пакінуў самую буйную ў Еўропе дзяржаву, якая ў гады ягонага княжання дасягнула найвышэйшай магутнасці. Менавіта ў часы Вітаўта Вялікае Княства стала вялікім не толькі паводле наймення і тэрыторыі, якая складала болей за 900 тысяч квадратных кіламетраў (дзеля параўнання: тэрыторыя Рэспублікі Беларусь - 207,6 тысячы квадратных кіламетраў), але і паводле сваёй палітычнай ролі ў Еўропе.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    1350-1430 гг. Жьццё і дзейнасць князя Вітаўта Вялікага.
    1382 г. Уцёкі Вітаўта з палону ў Крэўскім замку.
    1392 г. Востраўскае пагадненне аб перадачы ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім Вітаўту.
    1392-1430 гг. Княжанне вялікага князя Вітаўта.
    1404 г. Уваходжанне Смаленекага княства ў склад Вялікага Княства Літоўскага.
    1413 г. Гарадзельская вунія Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства.
    1422 г. Далучэнне да нашай дзяржавы Жамойці (Жмудзі). Пасланае Вітаўтам на дапамогу гусітам 5-тысячнае беларускае войска ўступіла ў Прагу.
    1425 г. Маскоўскае княства становіцца васалам Вітаўта.


© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012